Перайсьці да зьместу

Міхал Баброўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міхаіл Баброўскі»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Баброўскі.
Міхал Баброўскі

лац. Michał Babroŭski
Дата нараджэньня 8 (19) лістапада 1784
Месца нараджэньня вёска Волька Выганоўская, Бельскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польскае каралеўства, Рэч Паспалітая
Дата сьмерці 21 верасьня (3 кастрычніка) 1848 (63 гады)
Месца сьмерці мястэчка Шарашоў, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Прычына сьмерці халера
Месца пахаваньня
Месца вучобы Віленскі ўнівэрсытэт
Занятак навуковец
Навуковая сфэра палеаграфія, багаслоўе
Месца працы Віленскі ўнівэрсытэт
Вядомы як знаходнік Супрасьлеўскага рукапісу
Навуковая ступень доктар багаслоўя[d] (1823)

Міхаі́л Бабро́ўскі (8 (19) лістапада 1784, в. Волька Выганоўская, цяпер Бельскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча — 21 верасьня (3 кастрычніка) 1848; мястэчка Шарашоў, цяпер Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь) — беларускі[1] славіст і арыенталіст, дасьледнік старажытных славянскіх рукапісаў і кірылічных старадрукаў. Доктар тэалёгіі (1823), канонік Берасьцейскага капітула (1817). Чалец Археалягічнай акадэміі ў Рыме, парыскага і лёнданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасьцяў расейскіх пры Маскоўскім унівэрсытэце.

Міхаіл Баброўскі разам з Ігнатам Даніловічам лічыцца адным зь першых творцаў «беларускага нацыянальнага адраджэньня»[1] альбо «беларускай нацыянальнай ідэі»[2].

Міхал Баброўскі — адзін са знакамітых прадстаўнікоў беларускага[1] шляхецкага роду Баброўскіх, нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага сьвятара на Берасьцейшчыне. Бацька — Кірыла Баброўскі — быў высьвечаны на ўніяцкага сьвятара берасьцейскім грэка-каталіцкім біскупам Сымяонам Млоцкім у 1779 годзе, яго маці — Ганна з роду Крупскіх. У сям’і было пяцёра сыноў, аднак у жывых засталіся толькі старэйшы Язэп і малодшы Міхал[3].

Навучаўся ў Кляшчэляўскай царкоўнай школе і Дарагічынскай піярскай вучэльні, якую скончыў 8 красавіка 1803 году з адзнакай за маральнасьць[3]. У 1806 годзе з срэбным мэдалём і рэкамэндацыяй, падпісанай дырэктарам Мацееўскім і двума выкладчыкамі скончыў нямецкую Беластоцкую гімназію, у 1809—1812 гадох вучыўся ў Галоўнай духоўнай сэмінарыі пры Віленскім унівэрсытэце. У 1811 годзе атрымаў ступень магістра філялёгіі, у 1812 годзе стаў магістрам багаслоўя, у 1814 — магістрам філязофіі[3].

У 1815 годзе быў высьвячаны на сьвятара і стаў прафэсарам Сьвятога Пісаньня, у 1816 — дацэнтам Галоўнай Віленскай духоўнай сэмінарыі. 3 1817 быў берасьцейскім канонікам. У 1817—1822 накіраваўся за мяжу ад Віленскага ўнівэрсытэту, дзе вывучаў мовазнаўства, біблеістыку і эклезіялёгію. Наведаў Вену, Прагу, Вэнэцыю, Падую, Балёньню, Рым, Парыж, Дальмацыю і паўночную Нямеччыну[4]. У 1822—1824 прафэсар экзэгетыкі і гермэнэўтыкі Віленскага ўнівэрсытэту, у 1824 празь зьвінавачваньне ў падтрымцы таемнага Таварыства філяматаў расейскія ўлады выслалі М. Баброўскага ў базылянскі манастыр у Жыровічах. Дзякуючы заступніцтву мэцэната М. П. Румянцава ў 1826 годзе Баброўскаму атрымаў магчымасьць вярнуцца ва ўнівэрсытэт[5]. Напачатку 1826 году Баброўскаму была вернутая катэдра Сьвятога Пісаньня з ускладаньнем на яго выкладаньня славянскіх моваў. Аднак пры гэтым яму было забаронена прамаўляць казаньні. У красавіку 1827 г. было адмененае і гэта абмежаваньне. Баброўскага ўвялі ў склад рады Галоўнай духоўнай сэмінарыі, уніяцкай мітрапалічай духоўнай кансысторыі і цэнзурнага камітэту. У 1828 г. Баброўскі быў прызначаны парахам уніяцкай царквы сьв. Мікалая ў Вільні, дзе ён служыў набажэнствы, зь вялікай дакладнасьцю захоўваючы старажытны грэцкі (бізантыйскі) абрад. У тым жа годзе быў абраны віленскім дэканам (протапрасьвітарам). У 1829, з захаваньнем ранейшых пасадаў, яго прызначылі саборным протаярэем Жыровіцкага катэдральнага сабору.

Не прыняў паўстаньня 1830—1831 гадоў, назваўшы яго «нікчэмнаю здарадай», асьцерагаючыся ўзмацненьня палітыкі палянізацыі і лацінізацыі уніі[4]. Пасьля закрыцьця Віленскага ўнівэрсытэту пэўны час працаваў у сэмінарыі, але пазьней быў вымушаны падаць у адстаўку. 3 1833 жыў у мястэчку Шарашоў (куды яго таксама фактычна выслалі[6]), дзе атрымаў парафію і вёску Абруб у пажыцьцёвае карыстаньне. Займаўся навукай і выхаваньнем пляменьніка Паўла, бацька якога заўчасна памёр.

Сваё стаўленьне да дзейнасьці Ёсіфа Сямашкі па ліквідацыі Ўніяцкай Царквы Міхал Баброўскі выказаў наступным чынам:

« «Те только перед Господом Богом пусть дадут ответ, которые увещанием и обещаниями должностей или имений склоняют к этому жадных к ним или простецов, попирая совесть миллиона простых людей, вызывая среди них смуту, а представляя правительству вынужденные подписки, обманывают само правительство, будто добровольно переходят из одной веры в другую».[7] »

Паколькі ўніяцтва пасьля 1839 было забароненае, Міхал Баброўскі прыняў праваслаўе і стаў пружанскім благачынным, правіў набажэнствы ў Прачысьценскай царкве (не захавалася). Свае казані і навуку да вернікаў прамаўляў на мясцовай гаворцы. Цікава, што паводле беларускіх аўтараў, ён прамаўляў казані па-беларуску, а паводле ўкраінскіх — па-ўкраінску. Таму і тыя, і тыя гісторыкі лічаць Баброўскага правадыром свайго нацыянальнага адраджэньня[8].

Памёр ад халеры. Пахаваны на могілках за ўніяцкай Петрапаўлаўскай царквой[9]. Наказаў Прачысьценскай царкве напрастольны крыж, створаны на ягоную замову ў Чэхіі ў 1819.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Магіла Міхаіла Баброўскага ля Петрапаўлаўскае царквы

Вывучаў старажытныя славянскія рукапісы і старадрукі ў цэрквах і манастырах. Цікавіўся архівам і бібліятэкай Супрасьлеўскага манастыра, дзе ў 1822 адкрыў Супрасьлеўскі рукапіс, які складаўся з трох летапісных зборнікаў. З гэтай нагоды граф Мікалай Румянцаў пісаў Аляксандру Вастокаву:

« Я чрезвычайно вам благодарен, что так скоро дали мне знать о двух самых древних памятниках славянской письменности, открытых ксендзом Бобровским. Сделайте мне одолжение, поручите г.Кеппену или кому иному, не теряя ни мало времени, наведаться у г. Бобровского, не могу ли я куплею приобрести обе сии древние рукописи за какую цену[3]. »

Спрыяў узьнікненьню асобнага кірунку ў гуманітарных навуках — беларусазнаўства, абуджэньню сярод эўрапейскіх навукоўцаў цікавасьці да гісторыі беларусаў. Зьвяртаючыся да сэмінарыстаў, на ўрачыстым адкрыцьці заняткаў па славяназнаўстве ў Галоўнай духоўнай сэмінарыі ў Вільні ў 1826 годзе, ён сказаў:

« Калісьці ў Літве гаспадарыла беларуская мова[a], на ёй друкаваліся кніжкі, павучэньні, катэхізісы і іншыя духоўныя творы, на гэтую мову Скарына пераклаў Сьв. Пісаньне, потым, калі Польшча перамагла Літву, пачалася перавага польскае мовы…[4] »

Сваё навуковае падарожжа па Эўропе Міхал Баброўскі распачаў 17 верасьня 1817 г. Выехаўшы зь Вільні, ён перш за ўсё накіраваўся ў Вену, дзе пазнаёміўся з пачынальнікам славістыкі славенскім лінгвістам Ернэем Капітарам, а празь яго і зь іншымі славістамі. З рэкамэндацыяй Капітара Баброўскі адправіўся ў Прагу да выдатнага чэскага філёляга і гісторыка Ёзафа Добраўскага, які пазнаёміў яго з скарбамі праскай бібліятэкі і выпрацаваў для яго праграму далейшых заняткаў славістыкай. Да гэтага ж часу адносіцца знаёмства Баброўскага зь іншымі пачынальнікамі чэскага нацыянальнага адраджэньня філёлягамі Вацлавам Ганкай і Ёзафам Юнгманам.

Пасьля Прагі і Веляграду Баброўскі вярнуўся зноў у Вену, а ў ліпені 1819 г. накіраваўся ў Рым праз Штырыю, Крайну і Харватыю. Па дарозе ён пазнаёміўся ў Балёньні зь вялікім паліглётам італійскім кардыналам Мэцафанці (1774—1849), а ў Флярэнцыі працаваў у бібліятэцы сьв. Лаўрына, самай багатай па колькасьці рукапісаў. Пасяліўшыся ў Рыме, Баброўскі наведваў багаслоўскія лекцыі, музэй, Ватыканскую і Барбэрынскую бібліятэкі і рабіў падарожжы па Італіі і паўднёва-славянскіх землях, адшукваючы і вывучаючы старажытныя славянскія рукапісы і старадрукаваныя кнігі. Ён наведаў Вэнэцыю, Трыест, Равіга, Мілан, Турын, Балёньню, Фэрару, Равэну, а ў Нэапаль ён зьезьдзіў з графам Остэрманам-Талстым. Пры спрыяньні ілірыйскіх філёлягаў Баброўскі грунтоўна вывучыў харвацкую мову і зрабіў працяглае падарожжа па Ілірыі, знаёмячыся з народнымі звычаямі і літаратурай. У харвацкім Задары ў кастрычніку 1820 г. удзельнічаў у зьезьдзе славістаў. У Вэнэцыі Баброўскі сышоўся з сэрбскім пісьменьнікам і навукоўцам Паўлам Соларычам (1779—1821) і, пры яго спрыяньні, адмаўляючы сабе ў самым неабходным, пачаў ствараць там для сябе дзьве вялікія бібліятэкі па тэалёгіі і славістыцы. У Вэнэцыі Баброўскі здолеў набыць асабліва шмат стараславянскіх кніг кірылічнага і глагалічнага пісьма.

Вярнуўшыся ў Рым, Баброўскі асабліва зблізіўся са знакамітым лінгвістам і дасьледчыкам старажытных рукапісаў, будучым кардыналам і бібліятэкарам Ватыканскай бібліятэкі Анджэла Маі (1782—1854). Там Баброўскі склаў навуковы каталёг старажытных славянскіх рукапісаў і старадрукаў Ватыканскай бібліятэкі («Codices Slavici») і аддаў яго Анджэла Маі для разьмяшчэньня ў яго зборніку «Nova collectio veterum» 1830 г.

Падчас сваіх падарожжаў Баброўскі пазнаёміўся таксама і з графам Мікалаем Румянцавым. Увосень 1821 г. Баброўскі прыехаў у Парыж, наведваў там багаслоўскія студыі ў Сарбоне, шукаў у Каралеўскай бібліятэцы славянскія рукапісы, вывучаў арабскую мову, а ў траўні 1822 г., вяртаючыся на радзіму, пазнаёміўся ў Баўцэне і Гёрліцы з станам сэрбска-лужыцкай літаратуры.

На працягу ўсяго падарожжа Баброўскі, акрамя дзёньніка, вёў цікавыя філялягічныя і бібліяграфічныя нататкі, далучаў да іх факсыміле з рукапісаў, вартых асаблівай увагі. Пра найважнейшыя свае адкрыцьці пры вывучэньні славянскіх рукапісаў ён паведамляў Добраўскаму, Капітару і Ганку, а таксама графу Румянцаву, для якога нярэдка служыў пасярэднікам пры здыманьні копіяў і перасылцы ў Расею набытых рукапісаў і старадрукаваных кніг для калекцыі графа.

Частку сваіх падарожных нататак Баброўскі надрукаваў у віленскіх пэрыядычных выданьнях за 1820-я гады: у «Дзеях дабрачыннасьці» («Dzieje Dobroczynności») і «Дзёньніку Віленскім» («Dzieńnik wileński») (урывак з падарожжа па Далмацыі і «нататкі з вандраваньняў па Лузацыі»). Яго выпісы з сшыткаў, якія датычаць вывучэньня глагалічных кніг у Празе, Вэнэцыі і Рыме, уласнаручна перапісаныя ім для Пятра Кёпэна, захоўваліся ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Акадэміі навук; урыўкі з запісной кніжкі Баброўскага, невядома кім перапісаныя, знаходзіліся ў Віленскай публічнай бібліятэцы.

Міхал Баброўскі пераклаў з італійскай кнігу Совіча «О незнании славянского литературного языка в Далмации», склаў у 1828 г. «Запіскі па славянскай бібліяграфіі» і «Запіскі па гэрмэнэўтыцы», надрукаваў перакладзеную ім зь нямецкай на лацінскую мову «Archaeologia Biblica» Ёгана Яна (Вильна, т. I, 1829 г.; т. II, 1836 г.). У 1835 у Вільні быў надрукаваны падрыхтаваны Міхалам Баброўскім кароткі катэхізіс для простых вяскоўцаў-каталікоў, большая частка якога напісана на беларускай мове. У 1836 быў надрукаваны вялікі каталіцкі катэхізм для навучаньня каталіцкай моладзі, значная частка якога была падрыхтавана праф. М. Баброўскім.

Пры жыцьці М. Баброўскага атрымалася надрукаваць толькі нязначную частку ягоных працаў. Частка рукапіснай спадчыны зьнікла адразу па ягонай сьмерці, частка трапіла да бібліяфіла Ўладзіслава Трамбіцкага, а потым разышлася ў розныя сховішчы, большасьць зь якіх загінула ў Другую сусьветную вайну. Ацалелі толькі асобныя лісты, нататкі і матэрыялы, прызначаныя іншым асобам. Сярод іншых рукапісаў Трамбіцкаму перайшоў Кіеўскі Псалтыр зь бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту.

Зьбіраў матэрыялы пра дзейнасьць Швайпольта Фіёля, Францішка Скарыны, Івана Фёдарава і Пятра Мсьціслаўца. Стаў адным з пачынальнікаў скарыназнаўства. Склаў навуковае апісаньне старажытных кірылічных і глагалічных помнікаў славеснасьці, якія захоўваюцца ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры.

Сваімі лекцыямі па славістыцы ў Віленскім ўнівэрсытэце прафэсар Міхал Баброўскі выхаваў цэлую школу вучняў.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя М. Баброўскага носіць Лябараторыя вывучэньня духоўнай культуры Падляшша (Масква).

Ягоным імем названая вуліца ў Шарашове.

  1. ^ Беларускай моваю як для Міхала Баброўскага, так і для Ігната Даніловіча была вельмі архаічная падляская гаворка без «аканьня», «дзеканьня», «цеканьня», зь мяккім «дь» і «ть» ды поўнымі канчаткамі інфінітываў тыпу «ходіті»
  1. ^ а б в Ю. А. Лабынцаў. Баброўскі Міхаіл Кірылавіч // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 248.
  2. ^ Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. — Мінск: Полымя, 1992. — № 1. — С. 14.
  3. ^ а б в г Алесь Марціновіч. Як дрэва з белавежскай пушчы // Наша Вера : часопіс. — 2000. — № 1.
  4. ^ а б в Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. — Менск: Полымя, 1992. — № 1. — С. 12—13.
  5. ^ Баброўскі Міхаіл Кірылавіч. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 22 жніўня 2011 г.
  6. ^ БАБРОЎСКІ Міхал Кірылавіч(недаступная спасылка) // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  7. ^ Христианское чтение, 1907, № 12, с. 774.
  8. ^ Ірына Сядова. (13 лютага 2012) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства » Улица вторая. Красноармейская (рас.) Генеалогический форум ВГД Праверана 13 лютага 2012 г.
  9. ^ Юры Жыгамонт, «Падарожжы дылетанта». Вёска Шарашова (Белавеская пушча) // Сталічнае тэлебачаньне, 22 ліпеня 2011 г. Праверана 29 студзеня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]