Павал Растаргуеў
Павал Растаргуеў | |
Дата нараджэньня | 30 чэрвеня 1881 або 1881[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | Старадуб, Чарнігаўская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 21 сакавіка 1959 або 1959[1] |
Месца сьмерці | Навазыбкаў, РСФСР, СССР |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Маскоўскі ўнівэрсытэт |
Занятак | мовазнавец, філёляг, дыялектоляг, пэдагог, лексыкограф, прафэсар унівэрсытэту |
Навуковая сфэра | філялёгія, дыялекталёгія |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва[d] |
Навуковая ступень | доктар філялягічных навук[d] (1941) |
Па́вал Андрэ́евіч Растаргу́еў (па-расейску: Павел Андреевич Расторгуев; 30 чэрвеня 1881, Старадуб, цяпер Расея — 21 сакавіка 1959, Навазыбкаў, цяпер Расея) — беларускі й расейскі мовазнаўца й пэдагог. Правадзейны сябра Інбелкульту (1924), доктар філялягічных навук (1941), прафэсар (1923)[2].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Старадубе ў 1881 г. Бацька працаваў бугальтарам казначэйства. Акрамя Паўла ў сям’і было яшчэ сямёра дзяцей. Нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча, у доме была вялікая бібліятэка з старажытнарускай літаратурай, якой зь дзяцінства зацікавіўся Павал. Вучыўся ў Старадубскай дзьвюхкляснай вучэльні, дзе добра праявіў свае здольнасьці. Пасьля вучыўся ў Глухаўскім настаўніцкім інстытуце. У 1903 г. становіцца студэнтам гісторыка-філялягічнага факультэту Маскоўскага ўнівэрсытэту, які пасьпяхова заканчвае ў 1908 г[3]. Здае экзамэны на магістра расейскае мовы й славеснасьці.
Працаваў у Маскоўскім ўнівэрсытэце ў 1917—1923 гг. У 1918 г. чытаў курс лекцыяў па беларускай мове ў Беларускім народным унівэрсытэце ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» ў кнізе «Курс беларусазнаўства», 1918—1920). У 1932 г. рэпрэсаваны, высланы ў Караганду. У 1936 годзе яму дазволілі выехаць з Караганды, але сяліцца ў Маскве было забаронена, таму 2 гады ён пражыў у сястры ў Клінцах. У 1938—1951 гг. загаднік катэдры расейскае мовы Навазыбкаўскага пэдагагічнага інстытуту, адначасова ў 1947—1948 гг. у Інстытуце мовы, літаратуры й мастацтва АН Беларусі[2].
Памёр у 1959 г. у Навазыбкаве, дзе й пахаваны[3].
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Склаў праект «Праграмы па вывучэньні беларускіх гаворак і зьбіраньні зьвестак для складаньня Дыялекталягічнага атлясу беларускае мовы». Вывучаў беларускія гаворкі ў іхным гістарычным і сучасным стане, гаворкі расейска-беларуска-ўкраінскага памежжа ў іхным узаемадзеяньні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскае губэрні ў іх сучасным стане», «Северска беларуская гаворка. Дасьледаваньне ў галіне дыялекталёгіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты мэдаль Расейскага геаграфічнага таварыства; абедзьве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Дасьледаваў праблемы беларускае літаратурнае мовы: артыкулы «Беларуская мова ў сьвятле яе навуковага пазнаньня» (1922), «Да пытаньня аб ляскіх рысах у беларускай фанэтыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930)[2].
На Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г. прапаноўваў афрыкаты дз і дж перадаваць літарамі сэрбскага альфабэту — ђ (ђед), ћ (хаћу), а літару й замяніць літарай j і выкарыстоўваць яе ў тых выпадках, як там жа прапанаваў Язэп Лёсік (замест літары й увесьці літару j і спалучэньне зычнага гуку j з галоснымі гукамі э, о, у, а абазначаць літарай j з адпаведнай галоснай — jэхаць, jолка, jунак, мaja, a літары е, ё, ю, я пакінуць для абазначэньня адпаведнага галоснага гуку й мяккасьці папярэдняга зычнага — лес, нёс, людзі, мяса)[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Identifiants et Référentiels (фр.) — ABES, 2011.
- ^ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2001 Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 362.
- ^ а б Р. Подкоха (16 кастрычніка 1993) Наш земляк – Павел Расторгуев (рас.) Беларуская Смаленшчына. «Стародубский вестник» №83. Праверана 2 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 2 чэрвеня 2015 г.
- ^ І. К. Германовіч. Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 20
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 30 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1881 годзе
- Памерлі 21 сакавіка
- Памерлі ў 1959 годзе
- Выкладчыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Супрацоўнікі Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАНБ
- Дактары філялягічных навук
- Беларускія мовазнаўцы
- Беларускія пэдагогі
- Расейскія мовазнаўцы
- Расейскія пэдагогі
- Рэпрэсаваныя ў РСФСР