Перайсьці да зьместу

Койданаўская вуліца (Менск)

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вуліца Койданаўская (Менск)»)
Койданаўская
лац. Kojdanaŭskaja
вуліца

Койданаўская вуліца ў бок плошчы Свабоды
Агульная інфармацыя
Раён гораду
Былыя назвы
  • Койданаўская
  • Фэрдынанда Лясаля
  • Кірхэнштрасэ
Даўжыня ~450 м
Бліжэйшыя станцыі мэтро Няміга
На мапе
Google · Яндекс
Вуліца Койданаўская ў Вікісховішчы

Вуліца Ко́йданаўская (з 1922 году — Рэвалюцы́йная[a]) — вуліца ў цэнтральнай частцы Менску, якая зьвязвае Высокі Рынак з Гарадзкім Валам. Існуе з XVI стагодзьдзя.

Дамінантамі вуліцы былі комплексы кляштараў бэнэдыктынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і рохітаў з касьцёлам Сьвятой Вэранікі, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама вежа-званіца калегіюму езуітаў, зруйнаваная савецкімі ўладамі. Да нашага часу захавалася мураваная забудова сярэдзіны XVIII — пачатку XX стагодзьдзяў[1]. Паралельна вуліцы, непадалёк знаходзяцца такія славутасьці Менску, як архікатэдральны касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі і сядзіба Пшазьдзецкіх.

Назва Койданаўскай вуліцы ўтварылася ад мястэчка Койданава, кірунак на якое яна паказвае. Цяперашняя афіцыйная назва ўжываецца з савецкіх часоў, калі вуліцу перайменавалі, відаць, у гонар кастрычніцкага перавароту.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца ўзьнікла ў XVI ст., злучаючы пляц Нізкага Рынку і браму ў абарончым вале, ад якога зьлівалася з Койданаўскім трактам[2].

У пачатку XVII ст. магнаты пашырылі свае ўладаньні ў Менску. Пляцы на Койданаўскай сталі прэстыжнымі. Так, двума пляцамі каля брамы валодаў фэадал Лукаш Богуш-Шышка. У тэстамэнце ён перадаў іх шпіталю для немаёмных. З часам на гэтым месцы зьявілася дабрачынная ўстанова й невялікі касьцёл[2].

У 1650 годзе, у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, у Менску аселі езуіты паводле фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Ўладзіслава Сангушкі, які набыў для іх рэзыдэнцыі ў мешчаніна Ягора Гегера абнесеную каменнай агароджай мураваную рэнэсансную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і пляцу Высокага Рынку[3]. Комплекс паступова разрастаўся: тут зьявіліся будынкі школы (канец XVII ст.), касьцёл (пачатак XVIII ст., захаваўся да сёньня, Касьцёл імя Найсьвяцейшай Панны Марыі), калегіюм (сярэдзіна XVIII ст.). У глыбіні кварталу месьціліся гаспадарчыя будынкі. Двухпавярховы калегіюм знаходзіўся там, дзе цяпер стаіць жылы дом (плошча Свабоды, 11). Будынак меў чатырохпавярховую вежу з гадзіньнікам. Пазьней (у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў) тут працавала казённая палата. У 1951 годзе гэты будынак быў зьнесены, а на ягоныя месцы ўзьведзены іншы[2].

У глыбіні Койданаўскай, на скрыжаваньні зь Няміскім завулкам (сучасная вуліца Камсамольская) знаходзіўся кляштар бэнэдыктынаў. Пляц пад будынкі яны купілі ў пачатку XVIII ст. У 1773 годзе тут збудавалі драўляны касьцёл сьвятога Міхаіла Арханёла, які выходзіў паўночным фасадам на Койданаўскую. Побач зь ім месьціліся двухпавярховы дом ксяндза й фруктовы сад, абнесены плотам.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў у 1833 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а ягоную маёмасьць канфіскавалі. Будынак касьцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сяр. XIX ст. усе будынкі кляштару разбурылі, а колішнюю ягоную тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі[2].

У XIX ст. будынкамі на гэтай вуліцы валодалі заможныя службоўцы, купцы, мяшчане. У сярэдзіне 30-х гадоў XIX ст. вуліца ўпарадкавалі і забрукавалі. У гэты ж час на Койданаўскай заставаліся і драўляныя будынкі, але 21 чэрвеня 1881 году вялікі пажар зьнішчыў іх[2].

У 1919 годзе савецкія ўлады перайменавалі Койданаўскую вуліцу ў гонар Фэрдынанда Лясаля, нямецкага сацыяліста й філёзафа. У час польскай акупацыі 1919—1920 гадоў вуліцы вярнулі гістарычную назву, аднак у 1922 годзе бальшавікі зноў перайменавалі Койданаўскую, на гэты раз у вуліцу Рэвалюцыйную[4].

У 1941—1944 гадах, у часы нямецкай акупацыі, вуліца насіла назву Кірхэнштрасэ (Царкоўная вуліца)[4], пры гэтым у беларускіх колах яна насіла назву вуліца Рагнеды[5]. У паваенны час істотных зьмяненьняў, зьвязаных з вуліцаю, не адбылося.

У сакавіку 2010 году Камісія па найменаваньні і перайменаваньні вуліцаў пры Менгарвыканкаме пастанавіла вярнуць вуліцы Рэвалюцыйнай назву Койданаўская, але гэтую пастанову на зацьвердзілі дэпутаты Менгарсавету[6].

Праходзіць у Цэнтральным раёне Менску ад плошчы Свабоды да вуліцы Гарадзкі Вал, перасякае вуліцу Камсамольскую. Нумарацыя дамоў — ад плошчы Свабоды.

Рух транспарту на працягу ўсёй вуліцы аднабаковы, маршруты грамадзкага транспарту на ёй адсутнічаюць, непадалёк месьціцца станцыя мэтро «Няміга».

Ляжыць паміж вуліцамі Няміга й Інтэрнацыянальнай.

Вуліца Койданаўская і суседнія вуліцы Мапа Openstreetmap.org[7], ліпень 2014 году Каардынаты пачатку вуліцы: 53°54′05″ пн. ш. 27°32′58″ у. д. / 53.9014846° пн. ш. 27.5493632° у. д. / 53.9014846; 27.5493632 Каардынаты канца вуліцы: 53°54′14″ пн. ш. 27°33′17″ у. д. / 53.9039729° пн. ш. 27.5547652° у. д. / 53.9039729; 27.5547652
Вуліца Койданаўская і суседнія вуліцы
Мапа Openstreetmap.org[7], ліпень 2014 году
Каардынаты пачатку вуліцы: 53°54′05″ пн. ш. 27°32′58″ у. д. / 53.9014846° пн. ш. 27.5493632° у. д. / 53.9014846; 27.5493632
Каардынаты канца вуліцы: 53°54′14″ пн. ш. 27°33′17″ у. д. / 53.9039729° пн. ш. 27.5547652° у. д. / 53.9039729; 27.5547652

Вылучаюцца 3 ансамблі: першы — ад плошчы Свабоды да перакрыжаваньня з вуліцай Камсамольскай (дамы № 2—16); другі — ад Камсамольскай да вуліцы Гарадзкі Вал (№ 22—32); трэці — на гэтым жа ўчастку (№ 11—17); дом № 3 не ўваходзіць ні ў адзін з гэтых ансамбляў[1].

Дамы № 3, 4, 6, 6а, 6б, 6в, 8, 8а, 9, 10, 12, 13, 14, 15, 15а, 17, 22, 24, 24а, 24б, 26, 26а, 28, 32 уваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасьці 1-й катэгорыі «Гістарычны цэнтар г. Менску»[8].

Дом № 2/13
Койданаўская, 4
Койданаўская, 6
Койданаўская, 8
Койданаўская, 10
Койданаўская, 14, 12
Койданаўская, 22
Койданаўская, 24
Койданаўская, 26, 28
Койданаўская, 32
  • № 2/13 — на рагу вул. Койданаўскай і пл. Свабоды. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы. Першапачаткова Г-падобны ў пляне, двухпавярховы з цокальным паверхам, быў паўднёвым флігелем гарадзкой сядзібы Пшазьдзецкіх. У канцы XIX стагодзьдзя рэканструяваны: стаў П-падобным ў пляне, у тарцовых частках надбудаваны 3-і паверх. У XIX — пачатку XX ст. у будынку быў інтэрнат мужчынскай духоўнай вучэльні. Пасьля кастрычніцкага перавароту месьціўся Наркамат асьветы БССР, у 1922—1925 гадах першая шматгаліновая навукова-дасьледчая ўстанова ў рэспубліцы, папярэднік Акадэміі Навук БССР — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1956 годзе тут месьціўся кінатэатар «Навіны дня», які быў разьлічаны на 200 месцаў і служыў для паказу паўторных фільмаў[9]. Цяпер у будынку месьцяцца дзяржаўныя ўстановы[1].
  • № 4 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прастакутная ў пляне пабудова накрытая двухсхільным дахам. За савецкім часам у будынку месьцілася рамонтна-будаўнічая кантора Ленінскага раёну[10]. Цяпер у ім месьцяцца грамадзкія ўстановы[1].
  • № 6 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы прастакутны ў пляне будынак на глухім высокім цокалі. Ранейшы адрас — Койданаўская, 6, дом Грушкіна. У пачатку XX ст. тут месьцілася Прыватная лячэбніца па хваробах зроку С. Д. Камінскага. Адчыненая ў студзені 1903 году, была разьлічаная на 6 ложкаў, вёўся амбуляторны прыём[11]. За савецкім часам у будынку месьціўся трэст паказальных рэстаранаў Міністэрства гандлю БССР[10]. Цяпер у ім месьцяцца грамадзкія ўстановы[1].
  • № 8 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Чатырохпавярховы ў пляне будынак з прастакутным арачным праездам у левай частцы. Чацьверты паверх надбудаваны ў пачатку XX ст[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 8, дом Аскельрода. Тут месьцілася банкірская кантора Г. А. Ліфшыц, вядомая таксама як гандлёвы дом «Г. А. Лішфыц». Заснаваны ў 1895 годзе, меў аддзяленьне ў Лібаве, карыстаўся замежнымі сувязямі. Разам з гандлем галава фірмы вяла ўлік вэксальных абавязацельстваў. У 1903 годзе грашовыя абароты дасягалі 1 мільёна рублёў[11]. За савецкім часам у будынку месьцілася рамонтна-будаўнічая кантора Варашылаўскага (цяпер Савецкі) раёну і трэст № 21 беларускага філіялу дзяржаўнага інстытуту па праектаваньні й электрыфікацыі сельскай гаспадаркі[10].
  • № 8а — пабудаваны ў XIX ст. як жылы. Двухпавярховы будынак мае плян складанай формы, шчыльна прымыкае ў двары да дому № 10[1]. Ад 21 ліпеня 1995 году па 31 жніўня 1996 тут месьцілася рэдакцыя першай недзяржаўнай бесцэнзурнай беларускамоўнай радыёстанцыі 101,2[12].
  • № 10 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова чатырохвугольная ў пляне, асноўны аб’ём падоўжаны ў глыбіню двара й накрыты двухсхільным дахам[1]. Цяпер у будынку месьціцца Музэй гісторыі гораду Менску.
  • № 12 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова са складанай выцягнутай у глыбіню двара формай пляну, накрытая вальмавым дахам[1]. У наш час будынак рэканструяваны да непазнавальнасьці. Ранейшы адрас — Койданаўская, 12. У пачатку XX ст. у будынку месьцілася Электратэхнічнае бюро й склад электратэхнічных прыладаў інжынэра Ф. Я. Левіна[11]. За савецкім часам у будынку месьцілася тыпаграфія «Чырвоны друкар» і граверная майстэрня пры тыпаграфіі[10]. Цяпер у будынку месьцяцца крамы.
  • № 14 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Шчыльна прымыкае да дому № 12. Двухпавярховы прастакутны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сымэтрычную кампазыцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прастакутны арачны праезд, над якім навісае балькон, што аб’ядноўвае 2 дзьвярныя праёмы, абрамленыя паўкалёнкамі[1]. Цяпер у будынку месьцяцца грамадзкія ўстановы.
  • № 22 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прастакутная ў пляне пабудова накрытая двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сымэтрычную кампазыцыю. Ранейшы адрас — Койданаўская, 20, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца «Лівадзія» Б. М. Футэра (11 нумароў)[11].
  • № 24 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы будынак складанай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыі, П-падобны ў пляне[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 22, дом Залкінда. 21 чэрвеня 1910 году ў гэтым доме была заснаваная Аляксееўская прыватная васьміклясная з правамі ўрадавай жаночая гімназія Е. Д. Рэйман. У 1913 годзе пераведзеная ў іншы будынак. Пасьля ў гэты будынак пераехала Другая вышэйшая пачатковая вучэльня, у якой у 1913 годзе налічвалася 207 вучняў[11]. Цяпер у будынку месьцяцца грамадзкія ўстановы.
  • № 24а — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Будынак складаецца з двух самастойных аб’ёмаў, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго. Адзін з аб’ёмаў двухпавярховы, прастакутны ў пляне, другі аб’ём трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах[1].
  • № 24б — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў пляне будынак зь неатынкаваным 2-м паверхам пакрыты двухсхільным дахам[1].
  • № 26 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў пляне з вуглавой прыбудовай у дваровай частцы будынак пакрыты двухсхільным дахам[1].
  • № 28 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы П-падобны ў пляне падоўжаны ў глыбіню кварталу будынак накрыты вальмавым дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 26, дом Ельскіх. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца «Купецкая» А. Я. Ельскага (10 нумароў)[11].
  • № 32 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы Т-падобны ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам на дзьве часткі[1].
Койданаўская, 15
Койданаўская, 3
Койданаўская, 15а
Койданаўская, 9
  • № 3 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы будынак з трохпавярховай цэнтральнай часткай, якая завершаная ў выглядзе трохвугольнага шчыта[1]. Будынак быў рэзыдэнцыяй віцэ-губэрнатара гораду[10]. За савецкім часам у будынку месьцілася выдавецтва «Полымя»[13].
  • № 9 — ранейшы адрас — Койданаўская, 7. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца Крукоўскага (13 нумароў)[11].
  • № 11 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы ў пляне будынак накрыты двухсхільным дахам, які ўтварае ў тарцы трохвугольны шчыт[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 9, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут месьцілася гасьцініца «Нова-Варшаўская» Ш. Махцея (10 нумароў)[11]. За савецкім часам у будынку месьціўся Беларускі прамысловы мэблевы саюз і арцель «Чалюскінец», атэлье мод арцелі «Чырвоны Кастрычнік». Тут жа месьціўся цэх арцелі імя Кірава, які вырабляў шыльды, кватэрныя нумары, афішы, рэкляму[10]. На цяперашні час будынак займае адно з аддзяленьняў Інстытуту бізнэсу й мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ[14].
  • № 13 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховая пабудова прымыкае да дому № 15, мае складаную замкнёную аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю, накрытая двухсхільным дахам[1].
  • № 15 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы Г-падобны ў пляне будынак пад двухсхільным дахам[1]. Стары адрас — Койданаўская, 19, дом Варгафціка. У пачатку XX ст. тут месьцілася прыватная хірургічная лячэбніца М. Н. Шапіры, якая была заснаваная ў 1912 годзе й была разьлічаная на 6 ложкаў. У 1922—1928 гадах дом займаў Інбелкульт, з 1929 году — Акадэмія навук[11]. У 1930 г. тут знаходзіўся інтэрнат студэнтаў і кватэры навуковых, тэхнічных работнікаў БДУ, а ў аднапавярховым каменным будынку па тым жа адрасе студэнцкая пральня. У 1933 г. у будынку месціўся інтэрнат Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, а ў 1935 г. — ваенная кафедра інстытута. У 1991—2004 гадах тут месьціўся Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны. Заходні бок пабудовы на цяперашні час займае амбасада Швэцыі ў Менску[15].
  • № 15а — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы.
  • № 17 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы строга прастакутны ў пляне кампактны будынак пакрыты двухсхільным дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 21, дом Бакштанскага. У пачатку XX ст. у гэтым будынку месьцілася бясплатная вячэрняя аднаклясная школа для навучаньня жыдоўскіх хлопчыкаў Т. А. Шабад. Таксама тут была Бібліятэка Таварыства прадстаўленьня бедным жыдам Менску сродкаў для навучаньня рамёствам[11].

На доме № 2/13 — на рагу вул. Койданаўскай і пл. Свабоды, дзе ў 1922—1925 гадах месьціўся Інбелкульт, знаходзіцца помнік Максіму Гарэцкаму. Максім Гарэцкі — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, правадзейны сябра Інбелкульту, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спэцыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытуту навуковай мовы Інбелкульту.

У наш час па вуліцы арганізаваны аднабаковы аўтамабільны рух. Грамадзкі транспарт па вуліцы ня ходзіць, аднак паблізу праходзіць шэраг маршрутаў аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама месьціцца станцыя мэтро Няміга.

  1. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапаніміі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф
  2. ^ а б в г д Рэвалюцыйная вуліца. mensk.by. Праверана 5 чэрвеня 2014 г.
  3. ^ Улица Революционная
  4. ^ а б Вуліца Рэвалюцыйная. oldmensk.net. Праверана 6 чэрвеня 2014 г.
  5. ^ Сацукевіч, Іван Мемарыялізацыя Кастуся Каліноўскага ва ўрбананіміцы Беларусі Сьвіслацкія аркушы. kalinouski.arkushy.by. Праверана 27 жніўня 2014 г.
  6. ^ Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» адкладаецца
  7. ^ Openstreetmap.org  (рас.)
  8. ^ Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  9. ^ Минск. Справочник-путеводитель, 1956 (рас.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014 г.
  10. ^ а б в г д е Улица Революционная (рас.) Мінск стары і новы. minsk-old-new.com. Праверана 28 ліпеня 2014 г.
  11. ^ а б в г д е ё ж з і Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-01-0729-9
  12. ^ Менск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 8а Праграмы / 100 адрасоў Свабоды. Радыё СвабодаПраверана 23 лістапада 2009 г.
  13. ^ Минск. Краткая адресно-справочная книга. 1974 (рас.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014 г.
  14. ^ Институт бизнеса и менеджмента технологий БГУ. Контакты (рас.). Партал Інстытуту бізнэсу й мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ. Праверана 4 жніўня 2014 г.
  15. ^ Minsk (бел.). Партал амбасады Швэцыі ў Менску. Праверана 4 жніўня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Е000001

Каардынаты: 53°54′05.5″ пн. ш. 27°32′57.5″ у. д. / 53.901528° пн. ш. 27.549306° у. д. / 53.901528; 27.549306