Перайсьці да зьместу

Маладэчна ў складзе Польшчы

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа Маладэчна ў складзе Польшчы

Маладэ́чна (па-польску: Mołodeczno) — сталіца Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Мястэчка было занятае польскімі войскамі 4 ліпеня 1919 року. З 12 ліпеня 1919 па 12 кастрычніка 1920 пад бальшавіцкай уладай, пасьля — зноў занятае польскімі войскамі. 18 сакавіка 1921 року згодна з умовамі Рыскай дамовы Маладэчна ўключанае ў склад незалежнай польскай дзяржавы. Маладэчна стала цэнтрам гміны ў Вялейскім павеце Наваградзкага ваяводзтва. З 1 красавіка 1927 року — цэнтар новаўтворанага аднайменнага павету Віленскага ваяводзтва. У 1929 року мястэчку прысвоены статус гораду. 17 верасьня 1939 року Маладэчна было занятае Чырвонай арміяй і ў хуткім часе ўключанае ў склад БССР.

Падчас польска-савецкай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нямецкая ўлада на ўсходзе занятых Нямецкай імпэрыяй тэрыторыяў

3 сакавіка 1918 року згодна зь Берасьцейскім мірам Маладэчна трапіла пад кантроль Германскай імпэрыі. Нямецкая ўлада займалася ў асноўным ваеннымі пытаньнямі. Прамысловасьць, гандаль, асьвета, адукацыя, культурнае жыцьцё й грамадзянская апека былі аддадзеныя пад кантроль Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі[1], абвешчанай 25 сакавіка 1918 року. Нямецкае кіраўніцтва пасьлядоўна аддавала ўсё большыя паўнамоцтвы Народнаму сакратарыяту БНР. 4 лістапада 1918 року ў Нямеччыне пачалася Лістападаўская рэвалюцыя, 9 лістапада Нямеччына была абвешчана рэспублікай, а ўжо 11 лістапада Нямеччына падпісала Камп’енскае замірэньне, у гэты ж дзень абвешчана незалежнасьць Польшчы, якая заявіла прэтэнзіі на тэрыторыі Беларусі. Нямецкія войскі пачынаюць пакідаць тэрыторыю Беларусі, а 13 лістапада бальшавікамі скасаваны Берасьцейскі мір. 17 лістапада Чырвоная армія пачынае займаць пакінутыя немцамі тэрыторыі Беларусі[2]. На Маладэчаншчыне, як і на тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі, пачынаюць арганізоўвацца польска-беларускія атрады самаабароны Літвы і Беларусі, якія ўзбройвалі немцы, якія на той момант ужо адыходзілі з тэрыторыі Беларусі. Абарона Маладэчаншчыны, як тэрыторыі на якую прэтэндавала Летува, была даручана былой 10-й арміі генэрала Эрыка фон Фалькенгайна, але нямецкія жаўнеры былі дэмаралізаваны і намагаліся адпраўкі дамоў[3]. Рада абвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі, між іншым, прэтэндавала на тэрыторыі каля Маладэчна, але ня здолела ажыцьцявіць працяглага кантролю над рэгіёнам[a].

Генэрал атрадаў самаабароны на Віленшчыне Ўладзіслаў Вейтка
Станіслаў Шаптыцкі, войскі якога 4 ліпеня 1919 року ўвайшлі ў Маладэчна

18 сьнежня 1918 року нямецкія войскі пакідаюць і Маладэчна, якое адразу займаюць чырвонаармейцы, беларускія й польскія атрады вымушаныя перайсьці да партызанскай барацьбы. Маладэчнам пачынае кіраваць валасны рэвалюцыйны камітэт[b]. Валрэўкам пачынае прымусова мабілізаваць моладзь у Чырвоную армію, у рамках харчразьвёрсткі адбіраць хлеб у сялянаў. Узначальваў валрэўкам мясцовы выхадзец, выпускнік настаўніцкай сэмінарыі Іван Міхалёнак (1891—1967).

Карыкатура на Рыскі мір

14 студзеня 1919 року польскія войскі пачынаюць поўнамаштабнае наступленьне. Мясцовыя атрады самаабароны падтрымліваюць польскае наступленьне, далучаюцца да 1-й беларуска-літоўскай дывізіі. У канцы чэрвеня 1919 року, польскія войскі спыняюцца на лініі Вялейка — Маладэчна — Менск. Камандуючы польскай арміі Станіслаў Шаптыцкі, які аддае загад пачаць наступленьне 1 ліпеня; асноўны ўдар быў накіраваны ў напрамку Маладэчна-Менск, з мэтай заняць Маладэчна й узяць пад свой кантроль чыгунку Маладэчна-Менск[4]. 4 ліпеня 1919 року польская армія Станіслава Шаптыцкага займае Маладэчна[5]. Пасьля гэтага камандуючы літоўска-беларускім фронтам Шаптыцкі спыніў наступ, каб перагрупаваць і папоўніць вайсковыя сілы. Гэтым скарысталіся бальшавікі, зрабіўшы спробу вярнуць Маладэчна. 17 ліпеня атаку распачалі 52-я і 5-я стралковыя савецкія дывізіі. Польскія войскі адбілі суперніка і сіламі 41-га і 42-га палкоў пяхоты і часткі 2-га палка пяхоты легіянэраў распачалі контраатаку і выйшлі на лінію Заслаўе — Паперня — Беларучча. Мноства маладэчанцаў служылі ў складзе беларуска-літоўскіх дывізіяў, шмат зь іх былі ўзнагароджаны ордэнам Virtuti Militari. У той жа час, са студзеня 1920 року, у ваколіцах Маладэчна дзейнічае партызанскі атрад БКА, які змагаецца супраць польскай улады[c][6]. 14 траўня Чырвоная армія зноў распачала наступ на Маладэчна й Менск, які быў спынены ў канцы траўня, але параза польскіх войскаў ва Ўкраіне кардынальна зьмяніла сытуацыю на Беларусі, польскія войскі пачалі адступаць і 11 ліпеня пакінулі Маладэчна[7], а ўжо 12 ліпеня[d] 1920 року падчас контранаступу Тухачэўскага Маладэчна зноў было занятае 15-й Чырвонай арміяй. У гэты ж дзень, 12 ліпеня 1920 року, у Маскве падпісана мірная дамова паміж Летувой і Расейскай СФСР, згодна зь якой быў юрыдычна ліквідаваны ЛітБел, а ўрад Савецкай Расеі аддаваў Летуве значную частку этнічных беларускіх земляў, пры гэтым назаўсёды адмаўляючыся ад прэтэнзіяў на яе тэрыторыю і насельніцтва[9]. Летува атрымала значную частку беларускіх земляў, у тым ліку Горадню, прэтэнзіі летувісаў на Маладэчна не былі задаволеныя: мястэчка засталося на савецкім баку, прычым мяжа ішла па ўскраінных вуліцах населенага пункту.

25 жніўня 1920 року войскі Тухачэўскага былі разгромленыя ў бітве пад Варшавай, пасьля чаго пачынаецца польскае контранаступленьне, 5 кастрычніка Чырвоная армія адышла да Маладэчна[10], а ўжо 12 кастрычніка 1920 року польскія войскі вярнулі Маладэчна[11]. Пасьля чаго ў Маладэчне былі сканцэнтраваныя найбольш моцныя 1-я пяхотная дывізія, 2-я й 4-я кавалерыйскія брыгады, якія мелі мэтай наступленьне на Полацак[12].

У кастрычніку — сьнежні 1920 року, маладэчанцы ў складзе 1-й і 2-й беларуска-літоўскіх дывізіяў бяруць удзел у паходзе Люцыяна Жалігоўскага на Віленшчыну й утварэньні дзяржавы Сярэдняя Літва. Гэтыя падзеі прымусілі ўрад Летувы пераглядзець сваю палітыку ў адносінах да ўладаў БНР. 11 лістапада 1920 року была падпісаная дамова паміж беларусамі і летувісамі, у якой між іншага было закранутае тэрытарыяльнае пытаньне, бо як Летува, так і БНР прэтэндавалі на тэрыторыю Віленшчыны, Гарадзеншчыны й Маладэчаншчыны. Наконт межаў было вырашана, што гранічнае пытаньне паміж абедзьвюма дзяржавамі павіннае быць вырашана мірным чынам пасьля скліканьня Правамочнага Прадстаўнічага Збору Беларускае Народнае Рэспублікі[13]. 18 сакавіка 1921 року падпісаная Рыская мірная дамова, паводле якой Маладэчна заставалася ў складзе Польшчы.

У складзе Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Маладэчна ў складзе Наваградзкага ваяводзтва ў 1921—1922 року
Маладэчанскі павет у складзе Віленскага ваяводзтва

Палажэньнем ад 4 лютага 1921 року было ўтворанае Наваградзкае ваяводзтва[14], у склад якога ў якасьці самастойнай гміны Вялейскага павету ўвайшло Маладэчна[15].

13 красавіка 1922 року выйшла пастанова пра далучэньне Сярэдняй Літвы да Польшчы на правах аўтаноміі, у выніку чаго ў адміністрацыйнам падзеле Польшчы адбыліся зьмены: з Наваградзкага ваяводзтва быў вылучаны Вялейскі павет з Маладэчнам і далучаны да Зямлі Віленскай[16] (назва Сярэдняй Літвы ў складзе Польшчы да ўтварэньня Віленскага ваяводзтва 26 студзеня 1926 року).

1 красавіка 1927 року ўступіла ў моц распараджэньне Рады Міністраў аб утварэньні Маладэчанскага павету з цэнтрам у Маладэчне[17]. У склад Маладэчанскага павету ўвайшлі Маладэчанская гміна, Красьненская гміна, Радашкавіцкая гміна, Лебедзеўская гміна, Гарадоцкая гміна зь Вялейскага павету, Беніцкая гміна з Ашмянскага павету, Палачанская гміна з Валожынскага павету й Ракаваўская гміна са Стаўпецкага павету.

Паводле сьпісу мястэчак Польшчы 1927 року, Маладэчна было таксама цэнтрам вясковай гміны з войтам І. Ганем на чале[15], з 1929 року гміна Маладэчна(pl) становіцца гарадзкой[18].

21 траўня 1929 року набыло моц распараджэньне Рады Міністраў ад 26 красавіка 1929 року пра наданьне мястэчку Маладэчна статуса гораду, адначасова да Маладэчна далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — вёску й фальварак Бухоўшчызна Новая[e], фальварак Маладэчна, фальварак[f] і засьценак Гелянова[g], калёнію Завань[h] , засьценак Цывідоўка[i][19].

Касьцёл і кляштар трынітарыяў, паштоўка 20-ых рокаў XX ст.

Грамадзкае й культурнае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пошта, тэлеграф, тэлефон разьмяшчаліся па вуліцы Замкавай. Старостам быў Ежы Сухорскі, пасьля яго — Ян-Януш Пекутоўскі. У 3-х павярховым будынку староства, які разьмяшчаўся на вуліцы Лібава-Роменскай[j], знаходзілася канцылярыя, школьны інспэктарат, земскі суд, кабінэт павятовых і вэтэрынарных лекараў, ваенны аддзел, архіў, а таксама адміністрацыйны, турэмны, культурны, асьветны і земскі камісарыяты.

Грамадзкае жыцьцё было сканцэнтраванае галоўным чынам вакол плошчы 3 траўня — на Старым Месьце ў Рынку (цяпер гэтае месца знаходзіцца ў раёне плошчы Старое Места). Вакол плошчы разьмяшчаліся каталіцкая парафія Сьвятога Казімера (парах — Лонгін Іваньчык), праваслаўная царква (бацюшка — Язэп Марозаў[20][k]) і сынагога (рабін — Мойша Абрамовіч), а таксама аптэкі і тыпаграфічная друкарня. На вуліцы Замкавай знаходзіўся штаб 86-га пяхотнага палка, кабінэты акушэрак (Ганны Паўлоўскай і Гіты Капэловіч), дантыста (Фаня Гуран), натарыюса (Станіслаў Хшастоўскі), а таксама бібліятэка й народны дом. На вуліцы Гміннай знаходзіўся шпіталь.

У 1929 року на паўночным уезьдзе ў гарнізон Гелянова была ўзьведзеная трыюмфальная арка ў гонар кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудзкага, які, як вядома, наведваў Маладэчна. Адкрыцьцё аркі адбылося падчас урачыстасьцяў, прысьвечаных сьвяткаваньню дзесяцігодзьдзя 86-га пяхотнага палка. У савецкі час арка была зьнесена, у астатнім польская архітэктура Маладэчна амаль захавалася да нашага часу[23].

Па стане на 1938 рок у Маладэчне была плошча 3 Траўня й вуліцы: імя Стэфана Баторыя, Барты, Тадэвуша Касьцюшка, Адама Міцкевіча, Юзэфа Пілсудзкага, Яраслава Дамброўскага, Юліюша Славацкага, а таксама Ягелонская, Лётная, Замковая, Хрыста, Старасьцінская[24].

У Маладэчне разьмяшчаўся павятовы камітэт партыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, гурткі Таварыства беларускай школы, а таксама падпольныя райкам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (з 1925 року[25]) і суполка Камуністычнага саюзу моладзі Заходняй Беларусі[26]. У 1929 року ў Маладэчне быў адкрыты сакратарыят клюбу "Змаганьне", які ажыцьцяўляў сваю працу на ўсю тэрыторыю Маладэчанскага павету[2]. У 1925, 1935 і 1936 роках у Маладэчне адбыліся забастоўкі працоўных[26]. А ў студзені-красавіку 1927 року ў Маладэчне адбылася шматлюдная дэманстрацыя, арганізаваная таксама ў Вільне, Вялейцы, Ашмянах, Скідалі і інш. гарадах Заходняй Беларусі[2]. У Маладэчне таксама дзейнічаў «Беларускі сялянскі пасольскі клюб», які меў мэтай прасунуць у польскі сейм як мага больш беларускіх прадстаўнікоў, якія б маглі абараняць інтарэсы сялянаў Заходняй Беларусі. Павятовым сакратаром у Маладэчне зьўляўся Таўпека, які быў арыштаваны польскімі ўладамі ў жніўні 1929 року[27]. Але ў цэлым камуністычны рух у Віленскім ваяводзтве, у тым ліку і ў Маладэчне, быў вельмі слабым[25].

Існавала гімназія імя Тамаша Зана, дзейнічала суполка «Таварыства беларускай школы». У Маладэчне быў распаўсюджаны шэраг беларускіх газэт, у тым ліку «Наша справа», «Родны край» (якая выходзіла для Маладэчанскага павету накладам 100 экзэмпляраў), «25 сакавіка», «Беларуская доля», «Студэнская думка», «Іскра», «Наш Голас», «Новы Шлях», «Беларуская справа», «Сын беларуса», «Народны Звон», «Беларускі кліч», «Царква й народ», «Беларуская думка», «Беларуская борць», «Беларускі фронт», «Беларуская ніва» і многія іншыя, а таксама часопісы «Калосьсе» й «25 сакавіка»[28]. З польскамоўных часопісаў шырока асьвятляў падзеі ў Маладэчне часопіс «Słowo», які выходзіў у Вільне й ва ўсіх буйных гарадах Заходняй Беларусі, рэдактарам часопісу зьяўляўся Станіслаў Мацкевіч[29].

Адукацыя й асьвета

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вуліцы Замкавай разьмяшчалася гімназія імя Тамаша Зана. Яе дырэктарам быў Тадэвуш Яцуньскі. У ёй выкладалі гісторыю й геаграфію, матэматыку й фізыку, лацінскую й польскую мовы, францускую мову, плястыку, сьпеў, гімнастыку[l], асновы праваслаўя й каталіцтва[30]. Акрамя гімназіі Тамаша Зана існавалі 2 агульнаадукацыйныя 7-клясныя школы, гуманітарная гімназія і дзяржаўная рамесьна-прамысловая школа. Загадчыкам першай маладэчанскай школы зьяўляўся Браніслаў Залескі[31]. Існаваў маладэчанскі школьны інспэктарат, сакратаром якога зьяўляўся Язэп Аганоўскі[32], а інспэктарам быў Валер'ян Вянглеўскі[33]. Пасьля захопу Маладэчна савецкімі войскамі ў 1939 року, амаль усе дзяячы адукацыі Маладэчна, у тым ліку выкладчыкі і навучэнцы, былі арыштаваны.

Юзэф Пілсудзкі ў Маладэчне
Юзэф Пілсудзкі (у першым радзе трэці з права) са штабам ў ваколіцах Маладэчна
Юзэф Пілсудзкі (у першым радзе трэці з права), Эдвард Рыдз-Сьміглы (у першым радзе пяты зьлева) і маёр Станіслаў Бургарт-Букацкі ў ваколіцах Маладэчна

Існавала ў Маладэчне й беларуская кнігарня, якая разьмяшчалася[m] амаль насупраць Сьвята-Пакроўскай царквы[34]. Да 1939 року кнігарня ў Маладэчне заставалася адным зь нямногіх апірышчаў нацыянальнай культуры, дзе легальна можна было набыць беларускія кнігі, газэты, часопісы, падручнікі, пакарыстацца фондам вялікай і багатай беларускай бібліятэкі, якая спрэс складалася з выданьняў былой Заходняй Беларусі[34]. Гаспадаром маладэчанскай кнігарні быў Міхась Станкевіч — беларускі асьветнік, кнігар, настаўнік, патрыёт[34].

Кнігарня ў Маладэчне была адкрыта 20 лютага 1926 року Міхасём Станкевічам пры дапамозе Янкі Станкевіча[34]. Спачатку яна існавала як філія Віленскай беларускай кнігарні Станіслава Станкевіча[35], і толькі потым як зусім самастойны суб’ект гаспадараньня й гандлю[34]. У пэрыядычных выданьнях, якія выходзілі пад рэдакцыяй Янкі Станкевіча, заўсёды знаходзілася добрае слова пра маладэчанскую кнігарню й яе кнігара[34]. Так у «Беларускім народна-гаспадарскім календары на 1935 рок» на апошняй старонцы была зьмешчана інфармацыя наступнага зьместу: «Беларуская кнігарня ў Маладэчне. Замковая вул. № 23[34]. Прадае беларускія кніжкі, календары, газэты, часапісы, беларускія й польскія школьныя падручнікі. Багаты выбар паперы, сшыткоў, пісьменных снадзіваў (прыладаў). Выпісуе й прадае часткі да самакотаў (ровэраў) і інш. Пры кнігарні ё беларуская бібліятэка»[34].

Падчас працы кнігарні Міхасю Станкевічу неаднойчы перашкаджала мясцовая адміністрацыя, якая чаплялася да кожнай дробязі, вышуквала розныя парушэньні, іншым разам рабіла вобыскі, накладала штрафы, сачыла за сталымі наведвальнікамі.[34] Тым ня менш, дзякуючы працавітасьці, кемлівасьці, перашкоды былі пераадолены[34]. У хуткім часе кнігарня разраслася, зьявіліся новыя тавары й пакупнікі. Беларускія кнігі і газэты актыўна раскупляліся маладэчанцамі, у кнігарню зьяджаліся госьці з ўсёй Заходняй Беларусі.

Пры кнігарні існавала й беларуская бібліятэка, якая карысталася посьпехам у чытачоў. Біблятэка складалася са шматлікіх беларускіх і польскіх выданьняў[34]. Неаднойчы яе наведвалі вучні Маладэчанскай гімназіі імя Т. Зана, якая разьмяшчалася побач, бо вучыліся там у асноўным беларускія дзеці, для якіх беларуская кніга была блізкай і роднай[34]. Бібліятэкаркай працавала маладэчанка Паўліна Крук. Яна выконвала ня толькі свае непасрэдныя прафэсійныя абавязкі, але й дапамагала Міхасю Станкевічу ладзіць шмат беларускіх імпрэз, сустрэч, прэзэнтацыяў, угодкаў[36].

На другі дзень пасьля захопу Маладэчна савецкімі войскамі ў 1939 року, 18 верасьня, кнігарня й уся маёмасьць была канфіскавана, а сям’я Міхася Станкевіча арыштавана й выслана за межы Беларусі[34].

Паводле перапісу 1931 року насельніцтва Маладэчанскага павету склада 91 300 чалавек, у самім жа Маладэчне ў 1921 року пражывала 1997 чалавек[26], у 1928 — амаль 6000 чалавек, а ў 1939 — 6,6 тыс. чалавек[37], павелічэньне насельніцтва было зьвязана з тым, што польскія ўлады, умацоўваючы свае заходнія межы, пабудавалі ў Маладэчне 2 вайсковыя мястэчкі ў раёне Замкавай вуліцы і ў былым маёнтку Гелянова. Гэтае будаўніцтва абумовіла прыток працоўнай сілы і садзейнічала росту насельніцтва. Пастановай Польскага сойму Маладэчна ў 1929 року атрымала статус гораду. Зьявілася каля двух дзясяткаў новых вуліцаў[38]. У параўнаньні з 1921 рокам у тры разы павялічылася колькасьць насельніцтва. У асноўным у Маладэчне пражывалі беларусы, палякі[n] й габрэі. Паводле статыстычных зьвестак за ліпень 1928 року, характар занятасьці насельніцтва наступны: 30% — адміністрацыя й чыгуначныя працоўныя, 13% — рамесьнікі, 11% — купцы і гандляры.

Гелянова
Гелянова, 1927 рок
Краявіды фальварка Гелянова, 1927 рок

Разьвіцьцё спорту ў Заходняй Беларусі нічым не саступала БССР, ужо ў верасьні 1918 року быў створаны агульнапольскі хаўрус, які павінны быў займацца разьвіцьцём спорту ў адроджанай Польшчы. Калі ў 1921 року ў Другой Рэчы Паспалітай было каля 70 тыс. спартоўцаў, то праз тры гады іх было ўжо 115 тыс[39]. Яшчэ падчас савецка-польскай вайны ў Заходняй Беларусі пачалі арганізоўвацца першыя спартовыя клюбы. Найбольш папулярным відам спорту ў міжваеннай Польшчы стаў футбол. Польшча ўдзельнічала ў сыстэме тагачасных міжнародных сусьветных і эўрапейскіх турніраў. Нягледзячы на даволі дарагі кошт білетаў, трыбуны на футболе ў Польшчы й Заходняй Беларусі былі запоўненыя заўсёды. З 1920 па 1939 гады ў Заходняй Беларусі былі створаныя дзясяткі футбольных клюбаў.

Асноўным футбольным клюбам міжваеннага Маладэчна быў «W.K.S Mołodeczno» (па-беларуску: Вайсковы спартовы клюб Маладэчна), у той час у Польшчы найбольшую папулярнасьць мелі назвы W.K.S (што азначала, што гэты клюб вайсковы) ці «Макабі» (што азначала, што гэты клюб габрэйскі). Маладэчанцы ўдзельнічалі ў розыгрышы клясы B Віленскай акругі (трэці дывізіён чэмпіянату Польшчы) і клясы А Віленскай акругі (другі дывізіён чэмпіянату Польшчы).

Трапіць у эліту можна было праз рэгіянальныя спаборніцтвы, якія праводзіліся ў рэгіянальных футбольных акругах. Па сутнасьці, кляса А, у якой якраз і разыгрывалася званьне чэмпіёна, была другой лігай польскага чэмпіянату. Пераможца гульняў у акрузе восеньню пачынаў змагацца за выхад у вышэйшую лігу. На першым этапе ў групе зьбіраліся суседзі, таму з року ў рок пераможцы палескай, беластоцкай і віленскай акруг разыгрывалі паміж сабой адзіны білет у экстралігу[39].

Ніякіх асаблівых посьпехаў клюб не дасягнуў, у эліту не выходзіў. У 1922 року часопіс «Słowo» зазначыў, што «ВКС Маладэчна» ў матчы з фаварытам зь Вільні прадстаў арганізаваным і дужа амбіцыёзным клюбам[40]. Матчы клюб праводзіў на вайсковым стадыёне, які мяркавана[o] знаходзіўся ў вёске Насілава, каля Маладэчна й Гелянова.

У 1921—1922 у Маладэчне таксама існаваў футбольны клюб «WKS 22 pp» (Wojskowy Klub Sportowy 22 pp) — спартовы клюб арміі, што прадстаўляў 22-і пяхотны полк з Маладэчна. Клюб удзельнічаў у 1921 року ў розыгрышы клясы B Віленскай акругі, заняўшы ў лідзкай падакрузе другое месца, саступіўшы толькі камандзе «Drużyna Sztabowa 9 DP». Гулялі ў розыгрышы лідзкай падакругі клясы B Віленскай акругі і ў наступным сэзоне. 6 жніўня 1922 року, нягледзячы на стомленасьць пасьля паездкі ў Ліду, была разгромлена каманда «WKS 5 pp Leg Lida» зь лікам 3:0. Чэмпіянат яшчэ быў незакончаны, калі ў жніўні 1922 року полк быў пераведзены на Падляшша. Каманда «WKS 22 pp» пераехала ў Седльцэ, дзе была вядома пад назвай «WKS 22 pp Siedlce». Пераемнікам гэтай каманды стала сучасная каманда «Погань Седльцэ» (Pogoń Siedlce)[41].

Магчыма ў Маладэчне існавалі яшчэ футбольныя клюбы, але дакладная гісторыя футболу ў Маладэчне ў 1922—1939 невядомая.

Ужо пасьля 1939 року, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе БССР, клюбы Заходняй Беларусі стабільна заваёўвалі прызавыя месцы, так «Дынама Маладэчна» ў 1949 року ўзяло трэцяе месца ў Чэмпіянаце БССР[42].

Праз горад ішлі дзьве чыгуначныя лініі: ВільняАлёхнавічы і ЛідаКаралеўшчына.

Наданьне статусу горада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маладэчна хутка рос і разьвіваўся, з 1 красавіка 1927 року Маладэчна стаў павятовы цэнтрам, паўстала пытаньне пра наданьне мястэчку статусу гораду. Гэтай ідэяй займаўся ваявода Віленскага ваяводзкага кіраваньня Уладзіслаў Рачкевіч. 27 ліпеня 1928 року ён прыводзіў наступныя аргумэнты міністру ўнутраных справаў у Варшаве на карысьць утварэньня гораду Маладэчна:

На 1928 рок агульная колькасьць сельскай гміны Маладэчна складае 11,5 тыс. чалавек; н.п. Маладэчна, Старая Бухоўшчызна, Новая Бухоўшчызна, Завань, 2 фальваркі пад назвай «Гелянова» — амаль 6 тыс. чалавек; у згаданых населеных пунктах разьмяшчаюцца кіраваньні староства, гуманітарная гімназія, 2 агульнаадукацыйныя 7-клясныя школы, хуткім часам плянуецца стварыць дзяржаўную рамесна-прамысловую школу. У гміне кватаруецца значная колькасьць вайскоўцаў ва ўласных жаўнернях, разьмяшчаецца станцыя Маладэчна, у якую ўваходзяць вузлавая станцыя, дэпо, майстэрні, аддзяленьне чыгуначнай адміністрацыі. Акрамя таго, вышэйпаказаныя н.п. даюць 60% падатковага прыбытку ўсёй гміны з 71 населенага пункту. Паводле статыстычных дадзеных за ліпень 1928 року, характар занятасьці насельніцтва наступны: 30% — адміністрацыя й чыгуначныя працоўныя, 13% — рамесьнікі, 11% — купцы і гандляры, характар занятасьці мае хутчэй гарадзкое, а ня сельскае аблічча. Усё гэта надае вышэйадзначаным населеным пунктам рысы гораду. У сувязі з магчымым усталяваньнем у будучыні гандлёвых адносінаў з Расеяй Маладэчна, несумненна, стане адным з галоўных транзытных пунктаў, а ўпэўненае й хуткае разьвіцьцё гэтага населенага пункта без наданьня яму статусу гораду моцна замарудзіцца і ўскладніцца….[43]

Аргумэнты аказаліся пераканаўчымі і 26 красавіка 1929 року выйшаў указ Рады Міністраў Польскай Рэспублікі «Пра залічэньне мястэчка Маладэчна ў павеце Маладэчанскім Віленскага ваяводзтва ў лік гарадоў і далучэньні да новаўтворанага гораду прылеглых населеных пунктаў»:

На падставе артыкулаў 1 і 2 Палажэньня ад 20 лютага 1920 року пра залічэньне сельскіх паселішчаў у лік гарадоў, а таксама пра зьмену меж гарадоў на тэрыторыі, якая раней належала Расеі, пастанаўляем:

  • §1. Мястэчка Маладэчна, якое ўваходзіць у склад сельскай гміны Маладэчна Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва, выключыць са складу сельскіх селішчаў і залічыць у лік гарадоў.
  • §2. Населеныя пункты: вёска Бухоўшчызна, фальварак Маладэчна, фальварак і засьценак Гелянова, калёнія Завань, а таксама засьценак Цывідоўка, якія ўваходзяць у склад сельскай гміны Маладэчна, выключаюцца зь яе складу і ўключаюцца ў склад ізноў утваранай гарадзкой гміны Маладэчна.
  • §3. На зноў утвараную Маладэчанскую гарадзкую гміну распаўсюджваецца дзеяньне Распараджэньня Генэральнага Камісара Ўсходніх земляў ад 25 чэрвеня 1919 року пра выбары ў мясцовае кіраваньне (пра часовае гарадзкое самакіраваньне).
  • §4. Выкананьне дадзенага Распараджэньня ўскладаецца на Міністэрства ўнутраных справаў.
  • §5. Дадзены Ўказ набывае моц зь дня апублікаваньня.[19]

Подпісы пад дакумэнтам паставілі: Старшыня Рады Міністраў — Сьвітальскі, Міністар унутраных справаў — Складкоўскі.

21 траўня 1929 року распараджэньне набыло моц, Маладэчна стала горадам, быў створаны гарадзкі магістрат[26], адначасова да Маладэчна далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — вёску і фальварак Бухоўшчызна Новая, фальварак Маладэчна, фальварак і засьценак Гелянова, калёнію Завань ды засьценак Цывідоўка. Усяго пад горад адводзілася каля 2350 га зямлі[44].

1 злоты, Салдацкі Каапэратыў 86 пяхотнага палку

Зь сакавіка 1922[45] па верасень 1939 року ў Маладэчне й Гелянове[46] (якое з 1929 року стала часткай Маладэчна) зьмяшчаўся «86-ы пяхотны полк» і II дывізіён «19-га палка лёгкай артылерыі». Шторок 86-ы пяхотны полк атрымліваў каля 1010 навабранцаў, большая частка зь якіх былі выхадцамі з Маладэчна й навакольля. Па штаце ў палку было 68 афіцэраў, а таксама 2200 падафіцэраў і жаўнераў[47]. У Польскай кампаніі Вэрмахту полк удзельнічаў у складзе 19 дывізіі пяхоты Войска Польскага.

Антыбальшавіцкі супраціў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1921 па 1924 гады ў Маладэчне знаходзіўся штаб барацьбіта за незалежнасьць Беларусі, кіраўніка паўстанцкіх атрадаў «Зялёнага дубу» на Барысаўшчыне й памежных зь ёй раёнаў, Юркі Моніча, а таксама штаб самой партыі «Зялёны дуб» і апэратыўны штаб «савінкоўцаў» [48]. Юрка Моніч ажыцьцяўляў тэрарыстычныя напады на чыгуначныя станцыі, цягнікі, заводы, валвыканкамы, зьдзяйсьняў забойствы камуністаў і савецкіх рабочых, займаўся вяртаньнем сялянам забранага ў іх праз харчразьвёрстку харчу. Атрад сыходзіў ад перасьледу бяз стратаў, пасьля чаго на зімоўку пераходзіў у Польшчу [49], меркавана ў Маладэчна, дзе знаходзіўся яго штаб. У Ракаве пад Маладэчнам знаходзіўся штаб Сяргея Пясэцкага, таксама актыўнага ўдзельніка беларускага антысавецкага руху «Зялёны Дуб», які пасьля вайны працаваў агентам польскай выведкі, а пасьля стаў вядомым пісьменьнікам. Акрамя таго Маладэчна неаднойчы наведваў вядомы беларускі вайсковы і грамадзка-палітычны дзяяч Цімафей Хведашчэня.

Менавіта ў Маладэчне, у 1921 року кіраўнікамі «Зялёнага дубу» распрацоўваўся плян усеагульнага антыбальшавіцкага паўстаньня ў Беларусі [50].

Да таго ж трэба адзначыць, што са сьнежня 1921 року польскія ўлады распачалі зачыстку 150 км паласы ўздоўж новай мяжы й шукалі падставы для высылкі белых афіцэраў, балахоўцаў і зялёнадубцаў. Пераходы на савецкі бок былі дазволены толькі праз тры пункты: уласна Маладэчна, а таксама Турмонт і Лунінец [51].

Падчас Другой сусьветнай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Савецкія войскі на тэрыторыі Польшчы

17 верасьня 1939 року згодна з фактычным падзелам Польшчы паміж СССР і Нямеччынай у адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам да Дамовы аб ненападзе паміж Нямеччынай і СССР, па якім да СССР далучаліся тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі (на той момант Усходняй Польшчы) да адпаведных рэспублік СССР, Маладэчна было занята Чырвонай арміяй. Польшча была ня ў стане бараніць усходнюю мяжу, амаль усе войскі былі задзейнічаныя на вайне зь Нямеччынай, пэўны адпор аказалі толькі памежныя войскі.

Савецкія войскі на мяжы з Польшчай

Арыштаваныя польскія жандары

У абароне Маладэчна прымаў удзел 5 лётны полк Войска Польскага. Адразу пасьля захопу, Савецкімі ўладамі ў Маладэчне была ўчынена масавая разьня жаўнераў і афіцэраў Войска Польскага, польскіх і беларускіх грамадзянскіх асобаў, не літавалі нават жанчын і дзяцей[52][53], усяго ў Заходняй Беларусі падчас уварваньня савецкімі войскамі было забіта каля 2500 вайскоўцаў і некалькі сотняў грамадзянскіх асобаў[54].

У хуткім часе спадзяваньні жыхароў Маладэчаншчыны на паляпшэньні ўмоваў жыцьця пры камуністах ня спраўдзіліся: сялянаў пачалі прымусова заганяць у калгасы, закрываліся крамы і прыватныя прадпрыемствы, НКУСам пачалася «зачыстка» гораду ад «непатрэбнага элемэнту» (уся інтэлігенцыя: настаўнікі, лекары, юрысты, студэнты і інш.; паліцыянты, вайскоўцы, багатыя й сярэднія пласты насельніцтва, а таксама члены іх сем’яў).

Савецкія войскі на падыходзе да Маладэчна, 17 верасьня 1939 року

Некаторыя прозьвішчы людзей, зьвязаных з Маладэчнам, можна знайсьці на сьпісах ахвяраў катынскага масавага забойства. І так, быў забіты падпаручнік Стэфан Чэпурно, лекар 12 дывізіёну 19 палка ў Маладэчне[55], падпаручнік запасу Тадэвуш Ставіньскі, чыноўнік падатковага ведамства ў Маладэчне[56], паручнік пяхоты Антоні Дэрвіньскі, які нарадзіўся ў Маладэчне[57], паручнік Вацлаў Лужынскі, выпускнік мясцовай гімназіі[58]. Загінулі таксама вайскоўцы ды паліцыянты, якія ў розныя часы служылі ў Маладэчне, напрыклад капітан пяхоты Чэслаў Жэшатарскі[59].

Іншыя, не чакаючы арышту, сыходзілі ў лес, у будучым яны сталі асновай для стварэньня Арміі Краёвай на Маладэчаншчыне. У цэлым, на Маладэчаншчыне не было моцных прасавецкіх настрояў, як, напрыклад, на заходнім-поўдні тэрыторыі Беларусі ў складзе Польшчы; справа ў тым, што мяжа знаходзілася даволі недалёка, некаторым удавалася перабегчы сюды з БССР, некаторым у БССР і зваротна. Так ці інакш, але чуткі пра сапраўднае жыцьцё пры камунізму даносіліся да насельніцтва. Па ўспамінах сучасьнікаў тых падзеяў, пры Польшчы шмат працавалі, але заўсёды хапала ежы, людзі былі ў стане набыць прадметы раскошы, тыя ж, каму патрэбна была зямля, звычайна ад’яжджалі ў Амэрыку на заработкі[p].

Армія Краёва ў Маладэчне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Маладэчанскі абвод АК у Віленскай акрузе АК

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на Маладэчаншчыне актыўна дзейнічала Армія Краёва, якая ставіла сваей мэтай аднаўленьня Польшчы ў даваенных межах 1939 року[q]. У Маладэчне быў створаны Маладэчанскі абвод АК, які ўваходзіў у Віленскую акругу АК, а таксама ў Ашмянскі інспэктарат «Ф», які падпарадкоўваўся Віленскаму штабу й складаўся з трох паветаў: Ашмяна, Вялейка і ўласна Маладэчна. Кожны павет у арганізацыйнай структуры супадаў з абводам.[60] У 1944 року была створана 13 Маладэчанская Брыгада АК(pl), якая вызначылася ў апэрацыі «Вострая Брама». Брыгаду ўзначальваў Адам Вальчак(pl), у ліпені 1944 року налічвала каля 450 партызанаў[61].

Але плянам Арміі Краёвай не наканавана было спраўдзіцца: Заходняя Беларусь засталася ў складзе БССР, а ў самой Польшчы ўсталяваўся камуністычны рэжым. Органы НКУС прымянялі ў дачыненьні да былых сябраў АК рэпрэсіўныя меры. З тэрыторыі Беластоцкага, Віленскага й Наваградзкага ваяводзтваў было дэпартавана, паводле падлікаў польскіх навукоўцаў, каля 80 тыс. акаўцаў разам зь іх сем’ямі.

Частка былых сябраў АК перайшла да ўзброенай барацьбы супраць савецкай улады. У 1944—1945 роках у Заходняй Беларусі, у тым ліку на Маладэчаншчыне, адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў і савецкіх актывістаў, барацьба працягвалася аж да пачатку 1950-х[r].

Савецкая ўлада сьведчыла, што барацьба зь беларускімі і польскімі атрадамі ў Маладэчанскай вобласьці дае мала вынікаў, бо яны маюць вялікую падтрымку ў мясцовага насельніцтва[62].

Акрамя таго заходнебеларускія сяляне са зброяй у руках змагаліся супраць правядзеньня калектывізацыі. Савецкія справаздачы гаварылі пра 800 ліквідаваных «узброеных бандаў», якія забівалі чальцоў і актывістаў партыйных, дзяржаўных і камсамольскіх арганізацыяў[63].

Ураджэнцы Маладэчна (1918—1939)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ БНР ня здолела абараніць незалежнасьць, але дала вялізны штуршок для разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху на Маладэчаншчыне.
  2. ^ Пра яго дзейнасьць сьведчыць усталяваная ў 1967 року мэмарыяльная дошка
  3. ^ БКА — Беларуская камуністычная арганізацыя, якая ў красавіку 1920 року, пасьля разгрому польскай контравыведкай Менскага паўстанцкага камітэту, далучылася да эсэраўскага Беларускага паўстанцкага камітэту.
  4. ^ Паводле іншых зьвестак, 11 ліпеня[8].
  5. ^ Знаходзілася паміж Зьдземелевам і Маладэчнам.
  6. ^ Фальварак Гелянова разьмяшчаўся на месцы цяперашняга 4-га мікрараёна, да таго ж існаваў фальварак Новае Гелянова, які разьмяшчаўся на ўскрайку цяперашняга 4-га мікрараёна, на шляху да вёскі Мысьлевічы.
  7. ^ Разьмяшчаўся ў раёне цяперашняга Парка Перамогі, гарадзкога стадыёна, у той час там знаходзіўся вайсковы гарнізон (гл. Гарнізон у Гелянове).
  8. ^ Недалёка ад чыгункі.
  9. ^ Назва захавалася да гэтых пор, разьмяшчаўся ў раёне цяперашняй вуліцы Лясной, на поўнач ад вакзала.
  10. ^ Цяпер — будынак падатковай інспэкцыі.
  11. ^ Акрамя таго нейкі час служыў у Маладэчне вядомы беларускі праваслаўны дзяяч Уладзімер Голасаў[21][22].
  12. ^ Выкладчык гісторыі Антоні Анцэвіч, геаграфіі і лацінскай мовы — Зоф'я Зыкоўская, матэматыкі і фізыкі — Вацлаў Віткевіч, польскай мовы — Юльян Швэд, францускай мовы — Тэафілія Рымша-Баразьдзічава, плястыкі — Яўгенія Аляксандровіч, сьпеваў — Тамаш Радзішэўскі, гімнастыкі — Ян Калішэк.
  13. ^ Будынак кнігарні не захаваўся, цяпер на тым месцы стаіць будынак былой крамы «Садавіна й гародніна».
  14. ^ У перапісах насельніцтва польскія ўлады часьцяком упісвалі да польскай нацыянальнасьці ўсіх каталікоў-беларусаў, а таксама праваслаўных беларусаў сярэдняга й высокага ўзроўню жыцьця.
  15. ^ Па сведчаньнях сучасьнікаў.
  16. ^ У той жа час пры польскай уладзе было забаронена вырошчваць тытунь і займацца самагонаварэньнем, што выклікала незадаволенасьць пэўнай часткі насельніцтва.
  17. ^ У Армію Краёву ўступала і пэўная частка мясцовага беларускага насельніцтва.
  18. ^ Рэшткі беларускіх і польскіх антысавецкіх атрадаў на Маладэчаншчыне працягвалі сваё існаваньне ажно да 1957-1959 рокаў.
  1. ^ Юры Туронак. Нежаданая рэспубліка. // Кантакт. 1990. № 1.
  2. ^ а б в Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. (А. Вабішчэвіч і інш.); рэдкал. М. Касцюк (гал. рэдактар і інш. - Мн.: Экаперспектыва, 2006. 613 с; іл.)
  3. ^ Станіслаў Ліс-Блонскі; [пераклад, прадмова, каментарыі Андрэя Вашкевіча, Андрэя Чарнякевіча, Юрася Юркевіча] Дзейнасьць Беларускай Вайсковай камісіі ў 1919-1921 гг. // Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 44. — 470 с. — ISBN 978-5-9904531-9-7
  4. ^ Анатолий Грицкевич Западный фронт РСФСР 1918—1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4; с. 141  (рас.)
  5. ^ Анатолий Грицкевич Западный фронт РСФСР 1918-1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4; с. 141—142  (рас.)
  6. ^ Алег Латышонак Дзейнасьць Беларускай Вайсковай камісіі ў 1919-1921 гг. // Жаўнеры БНР. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 116. — 373 с. — ISBN 978-5-00076-003-1
  7. ^ А.В. Тихомиров. Проблемы определения восточной границы Польши в 1920 — начале 1921 г. // Белорусский журнал международного права и международных отношений 2004 — № 2  (рас.)
  8. ^ Анатолий Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918—1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4; с. 237  (рас.).
  9. ^ Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999, ISBN 9986-892-34-1. — S. 82.  (пол.)
  10. ^ Анатолий Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918—1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4; с. 359  (рас.)
  11. ^ Анатолий Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918—1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4; с. 362-363  (рас.)
  12. ^ Анатолий Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918—1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4; с. 367  (рас.)
  13. ^ Эдмунтас Гімжаўскас Беларускі фактар пры фарміраванні літоўскай дзяржавы ў 1915―1923 гг.. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2013. — С. 166. — 216 с. — ISBN 978-5-9904531-4-2
  14. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5.
  15. ^ а б Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej - Tom VII - Część II - Ziemia Wileńska – Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923  (пол.)
  16. ^ Ustawa z dnia 6 kwietnia 1922 r. o objęciu władzy państwowej nad Ziemią Wileńską (Dz. U. Nr 26, poz. 213)).  (пол.)
  17. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 czerwca 1925 r. o zmianie granic powiatów na obszarze okręgu administracyjnego wileńskiego (Dz. U. Nr 67, poz. 472), zm. Dz. U. Nr 26, poz. 158, zm. Dz. U. z 1927 r. Nr 8, poz. 62}}  (пол.)
  18. ^ Główny Urząd Statystyczny w Warszawie: Województwa centralne i wschodnie Rzeczypospolitej Polskiej - podział na gminy według stanu z dnia 1.IV 1933 roku, Książnica-Atlas, Lwów 1933  (пол.)
  19. ^ а б Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 kwietnia 1929 r. o zaliczeniu osady (miasteczka) Mołodeczno w powiecie mołodeczańskim, województwie wileńskiem w poczet miast i włączeniu do nowoutworzonego miasta niektórych osiedli, Dz. U. Nr 33, poz. 308(недаступная спасылка)  (пол.)
  20. ^ МАРОЗАЎ (МОРОЗОВ) Іосіф Мікалаевіч
  21. ^ Гарбінскі БРД; За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, 1960.
  22. ^ ГОЛАСАЎ Уладзімір Сяргеевіч
  23. ^ Архитектура Молодечно в межвоенный период.  (рас.)
  24. ^ Powiat Mołodecki. Spis wyborców do sejmu, 1938 rok - Зональный государственный архив г. Молодечно.  (пол.)
  25. ^ а б Вашкевіч Андрэй, Пашкевіч Алесь, Чарнякевіч Андрэй Кароткі нарыс беларускага пытаньня. — 1-е выд. — Менск: І. П. Логвінаў, 2008. — 396 с. — ISBN 978-985-6901-22-8
  26. ^ а б в г «Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах» Т.8, кн. 3. Мінская вобласць. Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9.
  27. ^ Польша-Беларусь (1921-1953). Сборник документов и материалов. Документ №35, с.107. (рас.)
  28. ^  Адамковіч., Аляксандр Беларусы ў Літве: учора і сёньня. Кніга І — Вільня. — 2010. — P. 19-40. — (Беларусы ў Літве: учора і сёньня). — ISBN 978-9955-578-14-7
  29. ^ Jagiellonian Digital Library. Słowo.  (пол.)
  30. ^ Наши находки, у: Зональный государственный архив г. Молодечно (рас.)
  31. ^ ЗАЛЕСКІ Браніслаў Мартынавіч
  32. ^ АГАНОЎСКІ Іосіф Антонавіч
  33. ^ ВЯНГЛЕЎСКІ Валер’ян Антонавіч
  34. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Куфэрак Віленшчыны. Міхась Казлоўскі. Беларускі кнігар
  35. ^ Юры Туронак Мадэрная гісторыя Беларусі. — 2-е выд. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 303. — 904 с. — ISBN 978-80-86961-13-2
  36. ^ Міхась Казлоўскі. Кнігарня Міхася Станкевіча(недаступная спасылка)
  37. ^ Молодечно // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978. (рас.)
  38. ^ Революционное прошлое (рас.)
  39. ^ а б Ігар Мельнікаў. Футбол на «крэсах»
  40. ^ Słowo. 1922, nr 20.  (пол.)
  41. ^ HISTORIA. Pogoń Siedlce.  (пол.)
  42. ^ История ФК «Маладзечна-2013».(недаступная спасылка).  (рас.)
  43. ^ ЗГА в г. Молодечно, Ф.439.Оп.1.Д.7562.
  44. ^ История Молодечно в новой книге: уникальные документы, фото, факты и события..  (рас.)
  45. ^ Таинственный колокол..  (рас.)
  46. ^ Гарнізон у Гелянове: горад у горадзе // «Рэгіянальная газета»
  47. ^ Zdzisław Jagiełło. Piechota Wojska Polskiego 1918-1939 // Bellona, Warszawa, s. 65. ISBN 978-83-11-10206-4
  48. ^ Ніна Стужынская «ЗЯЛЁНЫ ДУБ» // Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг.. — 2-е выд. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 200. — 384 с.
  49. ^ Под ред. А.Береловича, В. Данилова Том 2. 34, Монич Егор Адамович // СОВЕТСКАЯ ДЕРЕВНЯ ГЛАЗАМИ ВЧК-ОГПУ-НКВД 1918-1939 Документы и материалы, том II (1923-1929). — 1-е выд. — Москва: «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), 2000. — 1168 с. — ISBN 5-86004-184-5
  50. ^ Ніна Стужынская «ЗЯЛЁНЫ ДУБ» // Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг.. — 2-е выд. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 261. — 384 с.
  51. ^ Ніна Стужынская «ЗЯЛЁНЫ ДУБ» // Беларусь мяцежная. З гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 1920-я гг.. — 2-е выд. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 178. — 384 с.
  52. ^ Władysław Pobóg-Malinowski: Najnowsza historia polityczna Polski. 1939-1945. Kraków: Wydawnictwo Platan, 2004, s. 106-110 (tom 3). ISBN 83-89711-10-9.  (пол.)
  53. ^ Wojciech Roszkowski: „Najnowsza historia Polski 1914–1945”, Świat Książki, Warszawa 2003, ISBN 83-7311-991-4, s. 410 – autor wymienia „dramatyczne sceny maltretowania jeńców polskich”, które „rozegrały się w Grodnie, Wołkowysku, Oszmianie, Mołodecznie, Nowogródku, Sarnach, Kosowie Poleskim i Tarnopolu”.  (пол.)
  54. ^ Andrzej Friszke: Polska. Losy państwa i narodu 1939–1989. Warszawa: Wydawnictwo Iskry, 2003, s. 25. ISBN 83-207-1711-6.  (пол.)
  55. ^ Katyń. Księga Cmentarna Polskiego Cmentarza Wojennego, Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa, Warszawa 2000, s. 92  (пол.)
  56. ^ Katyń. Księga Cmentarna Polskiego Cmentarza Wojennego, Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa, Warszawa 2000, s. 595  (пол.)
  57. ^ Charków. Księga Cmentarna Polskiego Cmentarza Wojennego, Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa, Warszawa 2003, s. 90  (пол.)
  58. ^ Katyń. Księga Cmentarna Polskiego Cmentarza Wojennego, Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa, Warszawa 2000, s. 366  (пол.)
  59. ^ Charków. Księga Cmentarna Polskiego Cmentarza Wojennego, Rada Ochrony Pamięci Walk i Męczeństwa, Warszawa 2003, s. 466  (пол.)
  60. ^ Яўген Сямашка Армія Краёва на Беларусі. — Мінск: Беларускае выдавецкае Таварыства «Хата», 1994. — С. 133. — 416 с. — ISBN 985-6007-09-7
  61. ^ Z. Boradyn, A. Chnielarz, H. Piskunowicz Z dziejów Armii Krajowej na Nowogródczyźnie i Wileńszczyźnie. — Radom: Ośrodek Kształcenia i Doskonalenia Kadr, 1997. — С. 53. — 470 с. — ISBN 8390716803 (пол.)
  62. ^ Ян Шумскі; [пераклад з польскай мовы: Н. Давыдоўская] Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944―1953 г.). Прапаганда і адукацыя на службе ідэалёгіі. — 2-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 60. — 326 с. — ISBN 978-5-00076-001-7
  63. ^ Марк Бартушка; [навуковы рэдактар А. Пашкевіч; прадмова А. Смалянчука] Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941―1944 гг. : [пераклад зь нямецкай мовы]. — 2-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 175. — 194 с. — ISBN 978-5-9904531-8-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]