Гарнізон у Гелянове

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гарнізон у Гелянове — гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які месьціўся на тэрыторыі фальварку Гелянова (з 1929 году ў складзе гораду Маладэчна) з 1922 па 1939 гады.

Гісторыя гарнізону і 86-га пяхотнага палка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя гарнізону ў Гелянове пачалася ў 1922 годзе, калі 86-ы пяхотны полк Войска Польскага быў пераведзены сюды зь Вільні. Полк быў набраны з жыхароў Менску і Меншчыны падчас савецка-польскай вайны ў 1919 годзе і ўваходзіў у склад так званых сілаў «Самаабароны Літвы і Беларусі» пад назвай «Менскі стралковы полк». Ён адзначыўся ўдзелам у Варшаўскай бітве.

У кастрычніку 1920 году полк прыняў удзел у паходзе на Вільню генэрала Жалігоўскага, у выніку якога паўстала новая дзяржава — Сярэдняя Літва са сталіцай у Вільні. Тут полк знаходзіўся да сакавіка 1922 году, калі паводле сумеснага акту сеймаў у Варшаве і Вільні Віленскі край быў прыняты ў склад Польшчы, а Войска Сярэдняй Літвы была ўключана ў Войска Польскае. Тады «Менскі стралковы полк» стаў 86-м пяхотным палком Войска Польскага і быў пераведзены ў фальварак Гелянова, дзе месьціліся асноўныя сілы палка. Штаб палка спачатку знаходзіўся на вуліцы Замкавай у Маладэчна, трэці батальён — у вёсцы Краснае, а батальён запасу застаўся каля Вільні — у Новавялейцы.

У 1924 годзе ў фальварку Гелянова пачалося грунтоўнае будаўніцтва. Былі ўзьведзеныя цагляныя казармы для шарагоўцаў, закладзеныя афіцэрскія дамы і іншыя пабудовы вайсковай інфраструктуры гарнізону. Напрыканцы 20-х гадоў ваенны гарадок ужо займаў вялікую плошчу, абмежаваную, калі глядзець на сучасны плян Маладэчна, вуліцамі Драздовіча, Ясінскага, Чайкоўскага і Б. Хмяльніцкага. Тут пражывала 68 афіцэраў зь сем’ямі і 2200 падафіцэраў і жаўнераў рэгулярных войскаў.

У 1929 годзе фальварак Гелянова ўвайшоў у склад гораду Маладэчна. У тым жа годзе на паўночным уезьдзе ў гарнізон была ўзьведзеная трыюмфальная арка ў гонар кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудзкага. Адкрыцьцё аркі адбылося падчас урачыстасьцяў, прысьвечаных сьвяткаваньню дзесяцігодзьдзя 86-га пяхотнага палка.

У верасьні 1939 году полк у складзе 19-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага прымаў удзел у абароне Пётркава-Трыбунальскага ў цэнтральнай Польшчы, дзе змагаўся супраць сіл 10-й арміі Нямеччыны. У ходзе адступленьня полк займаў пазыцыі паблізу Горадні, але 17 верасьня, калі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, быў вымушаны скласьці зброю. З таго часу гарнізон у Гелянове прыпыніў сваё існаваньне, як вайсковае паселішча.

Гарнізон у Гелянове сёньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі сучаснага Гелянова захавалася шмат пабудоваў, што калісьці ўваходзілі ў склад ваеннага гарадку.

Будынак вайсковых казармаў, які пасьля вайны выкарыстоўваўся па-рознаму. У пэўныя часы тут знаходзіўся інтэрнат Маладэчанскага ўлікова-плянавага тэхнікуму і навучальныя аўдыторыі Маладэчанскай мэдыцынскай вучэльні. У адным з крылаў гэтага будынка знаходзіўся Маладэчанскі абласны камітэт камсамолу, першым сакратаром якога быў Пётар Машэраў. Пасьля капітальнага рамонту 2010—2012 гадоў тут разьмясьціўся навучальны корпус Маладэчанскага політэхнічнага каледжу.

Добра захаваліся два трохпавярховыя дамы для сем’яў польскіх афіцэраў, што стаяць на вуліцы Машэрава. Да пачатку 1960-х паміж гэтымі будынкамі знаходзілася трыюмфальная арка. Дамы пабудаваны ў стылі характэрным для ведамственнага жытла міжваеннай Польшчы. На сьценах будынкаў можна заўважыць сьляды ад куль і снарадаў.

Будынак, дзе цяпер знаходзіцца Менскі абласны драматычны тэатар, у часы 86-га палка быў культурна-забаўляльным цэнтрам гарнізону. Тут знаходзіўся клюб афіцэраў, казіно і афіцэрская сталовая. Насупраць тэатру, праз вуліцу Машэрава, знаходзіцца двухпавярховы жылы дом. Гэты дом быў адной зь першых цагляных пабудоваў гарнізону. Ён прызначаўся для сем’яў падафіцэраў Войска Польскага. Пасьля вайны ў гэтым будынку разьмяшчаўся Маладэчанскі абласны вузел сувязі.

Корпус, у якім цяпер месьцяцца ўралягічнае і хірургічнае аддзяленьні першай гарадзкой бальніцы, раней зьяўляўся штабам палка. Да нашага часу ў ім захаваліся радыятары старой сыстэмы ацяпленьня і частка вокнаў нетыповай падоўжанай формы.

Па вуліцы Буйло месьціцца былы дом камэнданта гарнізону. Цяпер гэта дзіцячы цэнтар культуры «Расток».

Сучасны Маладэчанскі гарадзкі стадыён зроблены на месцы вайсковага пляцу, на якім таксама праводзіліся конныя вучэньні. На заходняй частцы гарнізону, уздоўж цяперашняй вуліцы Язэпа Драздовіча, былі пабудаваныя вялікія стайні. Пасьля вайны на месцы гэтых канюшняў разьмясьціліся цахі Маладэчанскай мэблевай фабрыкі. Добра захавалася вадацяжная вежа, якая забясьпечвала вадой паілкі для коней.

Таксама ў Гелянове захавалася шмат тыповых двухпавярховых дамкоў адметнай даваеннай архітэктуры. Гэтыя будынкі ўзьведзеныя для цывільнай абслугі гарнізону і для сем’яў ніжэйшых камандных чыноў.

Трыюмфальная арка і палкавы звон[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трыюмфальная арка ў Гелянове

Трыюмфальная арка, узьведзеная ў 1929 годзе, абазначала сабой парадны ўезд на тэрыторыю гарнізона з боку Маладэчанскага чыгуначнага вакзала. Яна была ўпрыгожана шматлікімі барэльефамі, статуямі рыцараў і львоў. Наверсе аркі знаходзілася невялікая капліца, адкуль палкавы капелан бласлаўляў жаўнераў падчас вайсковых урачыстасьцяў.

У арцы былі тры праёмы, адзін для транспарту і два для пешаходаў. Сярэдні праезд быў занадта вузкім, у ім немагчыма было разьехацца двум аўтамабілям. Таму на пачатку 1960-х гадоў у сувязі з павелічэньнем аўтамабільнага руху ў Маладэчне гарадзкія ўлады вырашылі разбурыць арку. Цікавы факт: пасьля рэканструкцыі прыпынку «Драмтэатар» на яго даху зьявілася эмблема са спрошчанай выявай аркі і надпісам «Гелянова».

На даху будынка №16 на праспэкце Незалежнасьці ў Менску доўгі час знаходзіцца звон выраблены ў 1929 годзе на тэрыторыі Польскай Рэспублікі ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы.

На зване зьмешчаны надпісы і два барэльефы.

Першы надпіс:

Звон выраблены за сродкі Менскага стралковага палка ў гонар асілкаў палеглых пры абароне Менскай зямлі
Р. П.1929
па-польску:
Dzwon ufundowany staraniem Mińskiego pułku strzelców ko czci poległych bohaterów w obronie ziemi Mińskiej
R.P.1929

Другі надпіс:

Імя маё — Ірэна
Зроблены ў ліцейні братоў Фельчынскіх у Калушы
Мастак Аляксандр Бароўскі
па-польску:
Imię moje — Irena
Wykonane w odlewni bracia Fielczyńskich w Kałuszy
Artysta Aleksander Borawski

Надпіс па акружнасьці звана:

У гонар палеглых. Жывым у памяць. У славу Польшчы.
па-польску:
Poleglym ku czci. Žyjącym ku pamięci. Polsce ku większej chwale

На адным з барэльефаў выяўлены забіты на вайсковых умацаваньнях жаўнер. Побач зь ім ляжыць стрэльба, а над ім — Маці Божая. На другім барэльефе — Маці Божая Вострабрамская, а пад ёй фігуры людзей.

Ёсьць меркаваньне, што гэты звон быў адліты для капліцы 86-га пяхотнага палка Войска Польскага, які да 1922 году і меў назву «Менскі стралковы полк». Капліца хутчэй за ўсё месьцілася ў трыюмфальнай арцы Геляноўскага гарнізона.

Камандаваньне 86-га палка пяхоты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]