Бітва пад Маладэчнам (1433)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Маладэчнам
Дата: ліпень 1433
Месца: в. Капачы пад Маладэчнам
Вынік: Перамога Сьвідрыгайлы. Жыгімонт Кейстутавіч зьбег зь Вільні
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Сьвідрыгайла часова захапіў Маладэчанскую і Менскую зямлю ў Жыгімонта
Супернікі
Усходняе Вялікае Княства Літоўскае (Полацак, Віцебск, Смаленск, Кіеў, Валынь)
Тэўтонскі ордэн
Лівонскі ордэн
Залатая Арда
Заходняе Вялікае Княства Літоўскае (Жамойцкае староства, Троцкае ваяводзтва, Віленскае ваяводзтва, Падляшша)
Польскае каралеўства
гусіты
Камандуючыя
Міхаіл Гальшанскі Пётар Мангірдовіч

Бітва пад Маладэчнам, Бітва пад Капачамі — сутыкненьне войск Сьвідрыгайлы з войскам Жыгімонта Кейстутавіча ў часе грамадзянскай вайны ў ВКЛ 1432-1438 гадоў.

Бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна выбухнула ў абставінах агульнай палітычнай напружанасьці ў ВКЛ ў 1-й чвэрці XV стагодзьдзя, а непасрэдным повадам стаў палітычны крызіс пасьля сьмерці вялікага князя Вітаўта і ўзброены канфлікт з-за кантролю над Падольлем. Вітаўт памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Ягоная адзіная дачка Соф’я выйшла замуж за маскоўскага князя Васіля I, ад якога мела толькі аднаго ацалелага сына Васіля II. Аднак ён быў праваслаўным і ня мог узначаліць нядаўна ахрышчаную Літву[1].

Прадметам вайны стала палітычнае ўладкаваньне ВКЛ ва ўмовах крызісу палітычнай сыстэмы, утворанай Востраўскім пагадненьнем (1392) і Гарадзельскім актам (1413).

Сьвідрыгайла, карыстаючыся пераважна падтрымкай праваслаўных фэўдалаў, стаўся вялікім князем. Гэта супярэчыла ўмовам Гарадзельскае вуніі 1413 року, паводле якой літоўцы не маглі абіраць князя бяз згоды польскае дзяржавы[1].

Канфлікт набыў характар грамадзянскай вайны ў 1432 годзе, калі пры дапамозе палякаў другі кандыдат на літоўскі пасад — Жыгімонт Кейстутавіч — зьдзейсьніў замах на Сьвідрыгайлу, абвясьціў яго мёртвым і быў абраны вялікім князем літоўскім. У якасьці вялікага князя Жыгімонт быў прызнаны пераважны на заходніх землях дзяржавы, якія ўключалі землі, што некалі належылі яго бацьку, і прылеглыя землі захаду і цэнтру сучаснай Беларусі, якія ў сукупнасьці падтрымалі Жыгімонта з прычыны таго, што ў гэтых землях пераважала дробнае баярства; у той час як Сьвідрыгайла, якому ўдалося пазьбегнуць сьмерці, асталяваўся ва ўсходніх землях Вялікага Княства Літоўскага, дзе мясцовая арыстакратыя (прадстаўленая ў асноўным буйнаўласьніцкімі княскімі галінамі) працягвала прызнаваць вялікім князем менавіта яго.

У ліпені 1433 году Сьвідрыгайла, сабраўшы шматлікае войска, распачаў чарговы спусташальны паход на землі, якія прызнавалі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча. Вялікі князь Барыс Аляксандравіч цьвярскі (14261461) другасна даслаў на дапамогу Сьвідрыгайлу Альгердавічу вялікае цьвярское войска пад правадырствам свайго малодшага брата, князя Яраслава гарадзенскага. Магістр Лівонскага ордэна Франк фон Кірскорф (14331435) са сваім войскам паабяцаў злучыцца з рацьцю Сьвідрыгайлы для сумеснага паходу ў землі Жыгімонта. Хутка войска Сьвідрыгайлы, спусташаючы і руйнуючы навакольныя воласьці і сёлы, у жніўні падступілі да Вільні і разьмясьціліся лягерам у сяле Рудаміна. Ад Вільні Сьвідрыгайла з войскам рушыў на Старыя Трокі і ўзяў гэту крэпасьць у аблогу. Пасьля чатырохдзённай аблогі Старыя Трокі былі ўзяты прыступам і спалены. Затым Сьвідрыгайла ўзяў у аблогу і захапіў штурмам Коўна, перабіўшы літоўска-польскі гарнізон[2]. Адтуль войскі Сьвідрыгайлы рушылі на замак Крэва, каб знайсьці вялікага князя літоўскага Жыгімонта і яго войска. Насельніцтва Жамойтыі не жадала падтрымліваць Сьвідрыгайлу. Таму Сьвідрыгайла з рацьцю і велізарным палонам павярнуў назад. Узяты замак Коўна Сьвідрыгайла Альгердавіч саступіў сваім саюзьнікам, лівонскім рыцарам. У мястэчку Эйшышкі, пад Трокамі, Сьвідрыгайла знаходзіўся чатыры дні, пасьля чаго адправіўся на Крэва і ўзяў у аблогу замак. Пасьля двухдзённай аблогі Крэва было ўзята штурмам і выпалена, а шматлікія жыхары былі перабіты і захоплены ў палон[2]. Пасьля гэтага Сьвідрыгайла накіраваўся ў Маладэчна.

Бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Маладэчне Сьвідрыгайла атрымаў паведамленьне пра набліжэньне літоўскага апалчэньня. Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч, пазнаўшы пра адступленьне Сьвідрыгайлы з Крэва ў Маладэчна, адправіў з Вільні за ім у пагоню войска пад камандаваньнем літоўскага ваяводы Пятра Мангірдовіча. Сьвідрыгайла неадкладна адправіў супраць войска Жыгімонта вялікае войска пад кіраўніцтвам кіеўскага ваяводы, князя Міхаіла Сямёнавіча Гальшанскага. Сам жа напалоханы вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч зьбег са сваёй сталіцы і атуліўся ў лясах.

У бітве каля вёскі Капачы, пад Маладэчнам, войска Сьвідрыгайлы пад камандваньнем Міхаіла Гальшанскага нанесла адчувальную паразу войску Жыгімонта пад камандваньнем Пятра Мангірдовіча[3]. Войскі Сьвідрыгайлы скарысталіся нявопытнасьцю супернікаў і разграмілі апалчэньне Жыгімонта. У бітве загінулі і былі ўзяты ў палон шматлікія вяльможы і паны ВКЛ.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З Маладэчна Сьвідрыгайла разам з войскамі рушыў на Менскую зямлю, якая прызнавала ўладу вялікага князя літоўскага Жыгімонта. Спачатку Сьвідрыгайла ўзяў у аблогу Заслаўль, які належаў Андрэю Заслаўскаму, які калісьці падтрымліваў Сьвідрыгайлу, але перайшоў на бок Жыгімонта. Пазнаўшы пра здраду заслаўскага князя, Сьвідрыгайла прыняў рашэньне пакараць яго і спаліць Заслаўль. Горад быў узяты штурмам, спустошаны і спалены, а жыхары захоплены ў палон. Адтуль Сьвідрыгайла рушыў на Менск і абсадзіў гэты горад. Менск быў узяты прыступам і спалены войскам Сьвідрыгайлы[2], пасьля чаго Сьвідрыгайла рушыў на ўсход ВКЛ.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius. The History of Lithuania Before 1795. — English. — Vilnius: Lithuanian Institute of History, 2000. — С. 205–211. — ISBN 9986-810-13-2
  2. ^ а б в Тарас А.Е. Войны Московской Руси с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой в 14-17 вв.. — Москва: АСТ, 2006. — С. 118. — ISBN 5170353502
  3. ^ Турчинович И.В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен. — Санкт-Пецербург: 1857. — С. 105.