Гісторыя Маладэчна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Краявіды старога места, 1877 год

Маладэчнаместа гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар трынітарыяў, помнік архітэктуры барока, які ў 1950-я часткова зруйнавалі савецкія ўлады.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Маладэчна зьмяшчаецца ў прысяжным лісьце князя ноўгарад-северскага Дзьмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу і датуецца 16 сьнежня 1388[1].

Жикгимонт, Божою милостью король и великий князь чиним знаменито сим листом, хто на него посмотрит, або чтути вслышит, нынешним и потом будучим, кому будет потреба того ведати. Бил нам чолом князь Михайло Иванович Мстиславский о том, што брат наш, щастное памяти Александр, король и великий князь его милость, дал ему держати двор свой, на имя Молодечно, а потом вжо мы дали тот двор наш Молодечно держати, до живота его, в держанье; и на то лист брата нашего Александра короля его милости, и теж наш лист перед нами вказывал, и тыми разы бил нам чолом князь Михайло, абыхмо тот двор наш Молодечно дали ему у вотчину.

У 1413 Маладэчна ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва. У ХV ст. ля сутокаў Маладачанкі і Вушы збудавалі драўляны замак, які неднаразова цярпеў ад пажараў (1519 — двойчы, а таксама ў 1533) і быў зруйнаваны ў XVIII ст.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Маладэчна ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1567 тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоваў Люблінскай уніі[1]. У канцы ХVI ст. Маладэчна ўваходзіла ў шэрагі 20 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі[1]. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Заслаўскіх, Мсьціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і інш.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 Маладэчна зруйнавалі маскоўскія захопнікі. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 Маладэчна пэўны час займалі швэдзкія войскі. У 1757 кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на таргі. У 1758 уладальнік паселішча Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якім з 1762 дзейнічаў кляштар трынітарыяў (ліквідаваны расейскімі ўладамі ў 1831)[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква. Д. Струкаў, 1864

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітае (1793) Маладэчна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1847 Віленскай губэрні. Паўстаньне, што ўзьнікла ў выніку супраціву падзелам краіны, разгарнулася ў тым ліку на паўночным захадзе сучаснай Беларусі, закрануўшы мястэчка. У вайну 1812 году 4 сьнежня каля Маладэчна расейскія войскі разьбілі ар’ергард францускай арміі маршала Віктора.

14 красавіка 1831 за часамі вызвольнага паўстаньня аддзел Міхала Ходзькі вызваліў Маладэчна з-пад расейскага панаваньня. Местачкоўцы падтрымалі паўстанцаў, многія, у тым ліку навучэнцы павятовай вучэльні, далучыліся да яго шэрагаў. Навучэнцы ўтварылі паўстанцкія аддзелы пад кіраўніцтвам І. Гіцэвіча і А. Валадковіча. Грашовую дапамогу паўстанцам надаў плябан маладэчанскай вучэльні Дульскі. Аднак ужо 22 красавіка 1831 расейскія карнікі занялі места, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. Маладэчанскую вучэльню зачынілі, настаўнікаў арыштавалі і адправілі ў Менскую турму.

Асноўны артыкул: Паўстаньне 1830—1831 гадоў на Маладэчаншчыне

Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1863—1864 гадоў. На Маладэчаншчыне дзейнічалі паўстанцкія аддзелы Юліяна Бакшанскага і Вінцэнта Козел-Паклеўскага. На тэрыторыі Маладэчанскага раёну ў 1944, у 105-гадовым веку, памёр апошні ўдзельнік гэтага паўстаньня, Ігнат Абрамовіч, пахаваны ў мястэчку Краснае пад Маладэчнам[3]. У 1864 расейскія ўлады на чале з Мураўёвым-вешальнікам жорстка здушылі паўстаньне, па чым разгарнулася актыўная палітыка русіфікацыі краю.

Асноўны артыкул: Паўстаньне 1863 году на Маладэчаншчыне

У 1864 у Маладэчне адкрылася настаўніцкая сэмінарыя, першая ў Расеі. Адкрыцьцё сэмінарыі было часткай палітыкі русіфікацыі краю: выкладаньне ў ёй вялося на расейскай мове і пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. Сэмінарыю называлі цэнтрам гэтак званай «заходнярускай» народнай адукацыі. Пры сэмінарыі знаходзіліся мэтэаралягічная станцыя, бібліятэка, тэатар, музэй. Студэнты займаліся зборам фальклёрных матэрыялаў. Сэмінарыя праіснавала каля паўстагодзьдзя, да Першай Сусьветнай вайны. Будынак былой сэмінарыі (колішні кляштар трынітарыяў) захаваўся на тэрыторыі Станкабудаўнічага заводу.

У 1873 будаваньне Лібава-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэньню Мададэчна ў чыгуначны вузел. 1 верасьня 1915 да мястэчка падышлі нямецкія войскі. Расейскія ўлады распачалі эвакуацыю насельніцтва ў глыб Расеі. 15—16 верасьня у час Сьвянцянскага прарыву немцаў адкінулі ад Маладэчна. 3 ліпеня 1916 адсюль пачынаецца наступленьне расейскіх войскаў, гл. Скробава-Гарадзішчанская апэрацыя. 18 лютага 1918 Маладэчна занялі нямецкія войскі. 3 сакавіка 1918 згодна зь Берасьцейскім мірам мястэчка ўвайшло ў склад Германскай імпэрыі.

Асноўны артыкул: Маладэчна пад кантролем Германскай імпэрыі

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква-мураўёўка, 1896 год

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Маладэчна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Нямецкая ўлада займалася ў асноўным ваеннымі пытаньнямі, у той час як прамысловасьць, гандаль, асьвета, адукацыя, культурнае жыцьцё і грамадзянская апека былі пад кантролем Народнага сакратарыяту БНР[4], дзякуючы гэтаму ў Маладэчна некаторы час разьвівалася нацыянальная культура.

1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Маладэчна ўвайшло ў склад Беларускай ССР. 18 сьнежня 1919 году з адступленьнем нямецкіх войск мястэчка занялі бальшавікі, а 4 ліпеня 1919 году — польскія войскі, 12 ліпеня 1920 году — зноў бальшавікі. 12 кастрычніка 1920 году польскія войскі ў час контранаступленьня вярнулі Маладэчна.

Міжваенная Польская Рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Маладэчна ў складзе Польшчы

Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Маладэчна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала самастойнай гмінай у Вялейскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1921—1924 гадах у мястэчку знаходзіўся штаб вядомага змагара за незалежнасьць Беларусі, кіраўніка паўстанцкіх аддзелаў «Зялёнага дубу» на Барысаўшчыне і памежных зь ёй раёнаў Юркі Моніча. У 1925 годзе паселішча атрымала статус асобнага павету, а ў 1929 годзе — зноў статус места, адначасна да яго далучылі населеныя пункты з аднайменнай гміны — вёску і фальварак Бухаўшчына Новая, фальварак Маладэчна, фальварак і засьценак Гелянова, калёнію Завань і засьценак Цывідоўка[5]. У 1922—1939 гадах на тэрыторыі фальварку Гелянова разьмяшчаўся [6] гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

БССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1939 Маладэчна ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 стала цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1944—1960 цэнтар асобнай вобласьці). На 1940 тут адкрылася пэдагагічная вучэльня, працавалі 2 клюбы, бібліятэка, лякарня, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй; гітлераўцы стварылі ў месьце канцэнтрацыйны лягер («Шталяг 342» у паўночна-ўсходняй частцы гораду), на тэрыторыі якога зьнішчылі больш за 33 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў. 5 ліпеня 1944 Маладэчна занялі салдаты 3-га Беларускага фронта пад камандаю генэрала Івана Чарняхоўскага. За час вайны места засталося практычна цэлым.

У 1944 Маладэчна стала цэнтрам вобласьці, з 1960 у Менскай вобласьці. У пач. 1990-х местам кіравалі дэмакратычны гарсавет і Генадзь Карпенка, што спрыяла разьвіцьцю нацыянальнай культуры. Вуліцам вярнулі гістарычныя і надалі нацыянальныя назвы, адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі. 18 сакавіка 1997 у Маладэчне адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касьцёла Сьвятога Язэпа.[7]. 1 лютага 2004 у месьце асьвяцілі капліцу Сьвятога Казімера.[8]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і кляштар трынітарыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Покрыва Багародзіцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначная станцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гелянова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Каханоўскі Г. Маладзечна // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 263.
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 215.
  3. ^ Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя. — Martin, 2003.
  4. ^ Туронак Ю. Непажаданая рэспубліка // Кантакт. 1989. N9 2; 1990. N9 1(3)
  5. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 kwietnia 1929 r. o zaliczeniu osady (miasteczka) Mołodeczno w powiecie mołodeczańskim, województwie wileńskiem w poczet miast i włączeniu do nowoutworzonego miasta niektórych osiedli, Dz. U. Nr 33, poz. 308(пол.)
  6. ^ Садоўскі Ў. Гарнізон у Гелянове: горад у горадзе // «Рэгіянальная газета», 2 кастрычніка 2010.
  7. ^ 10-годзьдзе кансэкрацыі касьцёла св. Юзафа ў Маладзечне, Catholic.by, 20 сакавіка 2007
  8. ^ Новая капліца ў Маладзечне, Catholic.by, 11 лютага 2004

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Гісторыя Маладэчнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў