Яраслаў Дамброўскі
Jarosław Dąbrowski | |
Радван | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 лістапада 1836 Жытомір, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 23 траўня 1871 Парыж, Францыя |
Пахаваны | |
Род | Дамброўскія |
Рэлігія | рыма-каталік |
Дзейнасьць | камунар, вайсковец |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дамброўскі.
Ярасла́ў Дамбро́ўскі, псэўданім — «Лакетак» (па-польску: Jarosław Dąbrowski, «Łokietek»; 13 лістапада 1836, Жытомір — 23 траўня 1871, Парыж) — польскі, расейскі ды францускі рэвалюцыянэр, царскі афіцэр, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Польшчы, Беларусі й Жамойці, а таксама генэрал Парыскае камуны.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расейскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яраслаў Дамброўскі нарадзіўся ў Жытоміры ў зьбяднелай шляхецкай сям’і гербу Радван. З 1845 па 1853 год праходзіў навучаньне ў Берасьцейскім кадэцкім корпусе, затым быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбурскі Дваранскі полк. У 1855 годзе Дамброўскі, які пасьпяхова скончыў навучаньне, атрымаў званьне прапаршчыка і быў прызначаны ў 19-ю палявую артылерыйскую брыгаду, чатыры гады служыў на Каўказе і быў узнагароджаны. З 1859 па 1861 год Дамброўскі навучаецца ў Акадэміі генэральнага штабу, па сканчэньні якой атрымлівае званьне капітана. У Пецярбургу Дамброўскі ўступае ў гурток апазыцыйна настроеных афіцэраў, затым становіцца адным зь ягоных кіраўнікоў.
Паўстаньне 1863—1864 гадоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь сьнежня 1860 году Дамброўскі пачынае ўсталёўваць сувязі з польскімі кансьпіратарамі. 6 лютага 1862 году прыязджае ў Варшаву і пачынае падпольную працу ў якасьці кансьпіратыўнага начальніка гораду. Фактычна Дамброўскі быў арганізатарам Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэту (ЦНК). У чэрвені прымаецца распрацаваны Дамброўскім плян паўстаньня. 14 жніўня Дамброўскі быў арыштаваны і кінуты ў Варшаўскую цытадэль. Знаходзячыся ў зьняволеньні, кіруе паўстаньнем. Пасьля правалу паўстаньня быў прысуджаны да 15 гадоў катаржных прац у Сыбіры, але ў сьнежні 1864 году здолеў зьдзейсьніць уцёкі з маскоўскай перасыльнай турмы.
Эміграцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У чэрвені Дамброўскі з жонкай эмігруюць у Эўропу. У Швэцыі, Нямеччыне, Бэльгіі, Швайцарыі Дамброўскі ўсталёўвае кантакты з рэвалюцыйнай эміграцыяй і шукае працу. Увосень 1865 году прыязджае ў Парыж. У 1866 годзе ўзьнікае Аб’яднаньне польскай эміграцыі (пазьней — Аб’яднаньне польскай дэмакратыі).
Дамброўскі становіцца актыўным сябрам гэтай арганізацыі, выступае зь вельмі левых пазыцыяў. У 1868 годзе выйшла кніга «Крытычны нарыс вайны 1866 году ў Нямеччыне й Італіі», у якой Дамброўскі выявіў сябе выдатным вайсковым тэарэтыкам. У 1869 годзе быў арыштаваны францускай паліцыяй па ілжывым абвінавачваньні, аднак суд апраўдаў Дамброўскага.
У 1870 годзе Дамброўскі заклікае стварыць польскія атрады для ўдзелу ў Франка-прускай вайне, але ўрад нацыянальнай абароны адмаўляе ў гэтым. У кастрычніку таго ж году на просьбу Гарыбальдзі Дамброўскі выяжджае ў Ліён для камандаваньня польскім легіёнам, але гэты плян праваліўся, таму ў сакавіку Дамброўскі вяртаецца ў Парыж. Актыўна ўдзельнічае ў дзеяньнях Парыскае камуны: кіруе XI легіёнам, затым прызначаецца кашталянам Парыскага ўмацаванага раёну і камандуючым войскамі заходняга сэктару абароны Парыжа. Дамброўскаму было прысвоена званьне генэрала. У красавіку і траўні актыўна ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях Камуны. 23 траўня 1871 году атрымаў цяжкае кулявое раненьне ў баі і сканаў праз 2 гадзіны ў парыскай лякарні.
Памяць ў Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Горадні імем Яраслава Дамброўскага названа вуліца.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 13 лістапада
- Нарадзіліся ў 1836 годзе
- Памерлі 23 траўня
- Памерлі ў 1871 годзе
- Пахаваныя на могілках Пэр-Ляшэз
- Пахаваныя ў Францыі
- Нарадзіліся ў Жытоміры
- Польскія вайскоўцы
- Паўстанцы 1863—1864 гадоў
- Рэпрэсаваныя ў Расейскай імпэрыі
- Вязьні Варшаўскай цытадэлі
- Удзельнікі Парыскае камуны
- Памерлі ў Парыжы
- Загінулі ў баі