Паўстаньне 1863 году на Маладэчаншчыне і Вялейшчыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўстаньне 1863 року на Маладэчаншчыне
Артур Гротгер. «Бітва паўстанцаў» (1863)
Дата: сакавік — травень 1863
Месца: Вялейскі павет, Расейская імпэрыя
Вынік: перамога расейцаў
Супернікі
Польскія і беларускія паўстанцыСьцяг Расеі Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Сьцяг Вялікага Княства Літоўскага Вінцэнт Козел-Паклеўскі
Сьцяг Вялікага Княства Літоўскага Юльян Бакшанскі
Сьцяг Расеі Аляксандар II
Сьцяг Расеі Міхаіл Мураўёў

Паўстаньне 1863 року на Маладэчаншчыне — вайсковыя дзеяньні паўстанцкіх аддзелаў Вінцэнта Козел-Паклеўскага й Юльяна Бакшанскага на тэрыторыі Вялейскага павета Віленскай губэрні.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1861 року становішча ў Вялейскім павеце Віленскай губрэрні паступова напальвалася. Палітыкай расейскіх улад былі незадаволены шляхта, сялянаў незадавальнялі ўмовы адмены прыгонага права. У гэтых умовах, штабс-капітан расейскай арміі, мясцовы ўраджэнец і патрыёт Вінцэнт Козел-Паклеўскі вяртаецца на радзіму, на пачатку 1861 року ён па даручэньню кіраўніка віленскіх «чырвонымі» Людвіка Зьвяждоўскага едзе ў Познань, каб наладзіць стасункі з тамтэйшымі патрыётамі. А ў сакавіку 1861 року Вінцэнт вяртаецца ў родныя мясьціны, дзе стварае рэвалюцыйную арганізацыю[1]. Арганізацыя Козел-Паклеўскага пачынае рупліваю працу па падрыхтоўцы да паўстаньня. За мяжой, пераважна ў Бэльгіі, заказвалі стрэльбы, па ўсёй мясцовасьці зьбіралі ўсемагчымыя віды зброі: ад паляўнічай стрэльбы да тапароў, кос, штыкоў і інш.

Артур Гротгер. «Каваньне кос» (1863)

Пачатак паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маніфэст Часовага нацыянальнага ўраду

21 студзеня [ст. ст. 10 студзеня] 1863 Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве выдаў маніфэст з заклікам да паўстаньня. У адмысловай адозьве да насельніцтва Літвы і Беларусі Цэнтральны камітэт ад імя Часовага нацыянальнага ўраду заклікаў падтрымаць паўстаньне, якое пачалося ў Польшчы ў ноч на 23 студзеня.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі паўстаньне рыхтаваў Літоўскі правінцыйны камітэт, які стварыў гарадзенскую, менскую, наваградзкую, беластоцкую, вялейскую й іншыя рэвалюцыйныя арганізацыі. Ваенным кіраўніком Вялейскае арганізацыі ў студзені 1863 року быў прызначаны Вінцэнт Козел-Паклеўскі. Вінцэнт адразу ўзяўся за працу, была наладжана шырокая прапаганда сярод насельніцтва праграмных дакумэнтаў паўстаньня. Паводле ўспамінаў удзельніка тых падзей на Меншчыне В. Кошчыца, паўстанцкая арганізацыя ў Вялейскім павеце дзякуючы Козелу стаяла на самым высокім узроўні, прынамсі праца тут была наладжана лепш, чым у большасьці паветаў Менскай губэрні[1].

Тым часам на радзіму вярнуўся вядомы публіцыст і рэвалюцыянэр Юльян Бакшанскі, які адразу пачаў працу па стварэньні аддзелу.

Вінцэнт Козел Паклеўскі і Юльян Бакшанскі, як і Кастусь Каліноўскі, належалі да шэрагу найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад лібэралаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэньне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня толькі аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 року. У сваёй дзейнасьці Вінцэнт Козел-Паклеўскі і Юльян Бакшанскі абапіраліся ў першую чаргу на сялянаў, таксама іх падтрымлівала сярэдняя й дробная шляхта, гараджане, інтэлігенцыя, у тым ліку студэнты, настаўнікі і г. д. Насельніцтва Маладэчна падтрымала паўстанцаў, шматлікія зь іх уступілі ў аддзел Бакшанскага.

Хада паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя ўласныя аддзелы ў Вялейскім павеце пачалі стварацца ў сакавіку — красавіку 1863 року. Першымі і найбольш боездольнымі атрадамі былі адьдзелы Козел-Паклеўскага й Бакшанскага, астатнія былі вельмі дробнымі і хутка былі зьнішчаны.

Атрад Бакшанскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атрад Бакшанскага, складзены з маладэчанцаў і жыхароў Маладэчаншчыны, дзейнічаў пераважна ў ваколіцах Маладэчна. У канцы красавіку атрад дзейнічаў на шляху Менск-Маладэчна. Расейскія ўлады на чале з Мураўёвым кінулі нямалыя сілы на вынішчэньне атрада Бакшанскага. Даволі доўгі час Бакшанскаму атрымоўвалася адводзіць атрад ад прамых сутыкненьняў з карнымі войскамі, спрыяла гэтаму й падтрымка з боку мясцовага насельніцтва, але 4 траўня 1863 року атрад трапіў у засаду да расейцаў, у выніку чаго ў бітве каля вёсак Сьвечкі й Плябань (цяпер Маладэчанскі раён) падчас раптоўнага ар’ергарднага бою з царскімі казакамі загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку кіраўнік атраду Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі й 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі. На месцы гераічнай сьмерці паўстанцаў, у наш час каля вёскі Плябань устаноўлены крыж і помнік[2].

Атрад Козел-Паклеўскага[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскія ўлады жорста выпростваліся з паўстанцамі й прыкладна ў траўні 1863 року паўстаньне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне й Заходняй Меншчыне працягвалася барацьба. Добра падрыхтаваны атрад Вінцэнта Козел-Паклеўскага працягваў змагацца. Карнікі працягвалі перасьледаваць атрад Козела-Паклеўскага й 28 траўня 1863 року адбыўся бой паўстанцаў з царскімі войскамі каля вёскі Ўладыкі. Падчас жорстага бою з праўзыходнымі сіламі ворага гераічна загіную Вінцэнт Козел-Паклеўскі, разам зь ім палегла й большая частка яго атраду[1]. Паўстанцкая публіцыстыка ставіла Вінцэнта Козела ў адзін шэраг з кіраўніком лідзкіх паўстанцаў Людвікам Нарбутам і называла яго «Літоўскім Леанідам» (па аналёгіі са спартанскім царом Леанідам, знакамітым героем Тэрмапіл)[1]. Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Ўладыкі, разам зь іншымі загінуўшымі ў тым баі паўстанцамі[1]. Але існуюць зьвесткі аб тым, што яго бацька Ян Напалеон Козел-Паклеўскі, уладальнік Сэрвачы, употай перапахаваў цела Вінцэнта й яго малодшага брата Міхала, таксама загінуўшага пад Уладыкамі, ў родным Сэрвачы, пад касьцёлам, каб не знайшлі расейскія ўлады. Касьцёл той у пачатку 1950-х разабралі і перавезьлі ў вёску Давыдкі, пад клюб[3]. Цяпер на месцы колішняга касьцёлу ў Сэрвачы знаходзіцца невялічкі пагорак, а на ім мэталічны крыж[4]. Гэта й ёсьць месца пахаваньня камандзіра вялейскіх паўстанцаў[1]. Ён загінуў, але да гэтага часу з пакаленьня ў пакаленьне перадаюцца яго апошнія словы:

« Ня мы, дык нашыя косьці здабудуць вольнасьць.[1] »

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля задушэньня паўстанцкага супраціву распачалася палітычная рэакцыя й татальная русіфікацыя, усталяваўся рэжым выключных законаў. Баючыся ўплыву на мясцовае насельніцтва польскіх чыноўнікаў, урад забараніў апошнім набываць зямлю ў Беларусі і Літве, браць пазыкі ў банках; у навучальных установах дазвалялася толькі расейская мова. Расейскія ўлады зачынялі касьцёлы і кляштары ці гвалтоўна перараблівалі іх на царкву. На Маладэчаншчыне разгарнулася актыўная будоўля цэркваў ў «псэўдарускім» архітэктурным стылі, якіх яшчэ называюць «мураўёўкамі», ў гонар Мураўёва‑вешальніка.

Дарэчы, менавіта на Маладэчаншчыне, у 1944 року, у 105-гадовым веку, памёр апошні ўдзельнік гэтага паўстаньня, Ігнат Абрамовіч, які пахаваны ў мястэчку Краснае пад Маладэчнам[5]. Калі выбухнула паўстаньне, Ігнату было 24 (калі пагадзіцца з датай нараджэньня на помніку) ці 26 гадоў. Маёмасьць яго сям’і падчас баявых дзеяньняў была канфіскавана, а будынак радавой сядзібы царскія войскі спалілі разам зь целамі забітых сваякоў. За ўдзел у паўстаньні Абрамовіч адбыў 12 год на катарзе ў Сыбіры. Ужо пасьля вызваленьня Ігнат Абрамовіч пераехаў на Маладэчаншчыну[6].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]