Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў на Маладэчаншчыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэвалюцыя 1905-1907 гадоў ў Маладэчне
Станіслаў Маслоўскі. «Вясна 1905 року»
Дата: кастрычнік 1905 — чэрвень 1907
Месца: Маладэчна
Прычына: Зямельны голад; шматлікія парушэньні правоў працоўных; нездаволенасьць наяўным узроўнем грамадзянскіх свабод; дзейнасьць лібэральных і сацыялістычных партый; Абсалютная ўлада імпэратара, адсутнасьць агульнанацыянальнага прадстаўнічага органа і канстытуцыі.
Вынік: Установа парлямэнту; Трэцячэрвеньскі пераварот, рэакцыйная палітыка ўлад; правядзеньне рэформ; захаваньне праблем зямельнага, працоўнага і нацыянальнага пытаньняў.
Супернікі
Эсэры, Польская сацыялістычная партыя, Бунд і Беларуская сацыялістычная грамадаСьцяг Расеі Вайсковыя часткі; прыхільнікі імпэратара Мікалая II, розныя чарнасотныя арганізацыі.

Рэвалю́цыя 1905-1907 гадоў ў Маладэ́чнерэвалюцыя на тэрыторыі Маладэчна. Рэвалюцыя была выклікана рэзкім абвастрэньнем эканамічнага і сацыяльна-палітычнага становішча ў сувязі з расейска-японскай вайной (1904—05). Штуршком да пачатку масавых выступаў пад палітычнымі лёзунгамі стала «Крывавая нядзеля». У гэты пэрыяд стачачны рух прыняў асабліва шырокі размах, у арміі і на флёце адбыліся хваляваньні і паўстаньні, што вылілася ў масавыя выступы супраць манархіі.

Выступленьні салідарнасьці з працоўнымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студзені— сакавіку 1905 баставалі 810 тыс. прамысловых працоўных. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненьнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далой вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасьць левых партый (РСДРП, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.).

На працягу 1905 рэвалюцыя разьвівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясеньне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Крыху пазьней пачаў разгортвацца сялянскі рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жніўні 1905 у Расеі ўзьнікла першая масавая арганізацыя сялян — Усерасейскі сялянскі хаўрус, які выступаў за мірныя мэтады барацьбы (перамовы, пэтыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывідуальнага тэрору. Летам 1905 толькі ў Эўрапейскай Расеі адбылося больш за 900 сялянскіх выступленьняў.

У выніку гэтых падзей цар падпісаў Маніфэст 17 кастрычніка (30.10.1905 па новым стылі) «Аб удасканаленьні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзеньне дэмакратычных свабод і скліканьне Дзяржаўнай думы з заканадаўчымі функцыямі. Але Маніфэст 17 кастрычніка не спыніў напалу рэвалюцыйнай барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у лістападзе Сялянскі саюз абвясьціў аб далучэньні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі разьдзелу памешчыцкай зямлі.

Асноўнай рухаючай сілай рэвалюцыі ў Маладэчне сталі эсэры, Польская сацыялістычная партыя, Бунд і Беларуская сацыялістычная грамада, што ў цэлым адлюстроўвала нацыянальны склад горада. Першымі, хто ўзьняў полымя рэвалюцыі ў Маладэчне былі працоўныя чыгуначнага дэпо. У кастрычніку 1905 году падчас Кастрычніцкай усерасейскай палітычнай стачкі яны абвясьцілі страйк, у гэтым жа году на рынкавым пляцы (цяпер пляц Свабоды) прайшлі маніфэстацыі гараджан. У мясцовым дэпо дзейнічала група РСДРП, цесна злучаная са смаргоньскай арганізацыяй РСДРП, якая вяла рэвалюцыйна-прапагандысцкую працу ў Маладэчне, Смаргоні, Радашкавічах, Вялейцы.[1]

Пасьля пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі працоўных, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленьняў узьнімаліся даволі высока. За рэвалюцыяй рушыла ўсьлед рэакцыя. Былі зьменены правілы выбараў у Дзяржаўную думу для павелічэньня колькасьці лаяльных да манархіі дэпутатаў; улады на месцах не выконвалі дэкляраваныя ў Маніфэсьце 17 кастрычніка 1905 году свабоды; найбольш істотнае для большасьці насельніцтва краіны аграрнае пытаньне не было вырашана.

Такім чынам, сацыяльнае напружаньне, якое выклікала рэвалюцыю, не было цалкам вырашана, што вызначыла перадумовы для наступнага рэвалюцыйнага выступу 1917 году.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]