Перайсьці да зьместу

Лейтэнант

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Падпаручнік»)
Пагон лейтэнанта міліцыі або ўнутраных войскаў Беларусі (2016 г.)

Лейтэна́нт (падпаручнік; франц. lieutenant — намесьнік) — воінскае званьне малодшага афіцэрскага складу ў войсках большасьці дзяржаваў.

Узьнікла ў 15-м стагодзьдзі ў Францыі для найменьня афіцэра, які быў намесьнікам начальніка. У 2-й палове 17-га стагодзьдзя пашырылася на іншыя дзяржавы Эўропы ў якасьці чына ў войску і на флёце. У войску Вялікага Княства Літоўскага адпавядала званьню падпаручніка. У 1935 годзе ў СССР увялі званьні лейтэнанта і старшага лейтэнанта. У 1937 годзе дадалі званьне малодшага лейтэнанта. Ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь існуюць усе 3 званьні[1].

Паводле 29-га артыкула Закона «Аб усеагульным воінскім абавязку i вайсковай службе», «Грамадзянам, якія прайшлі поўны курс навучаньня па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў запасу і здалі дзяржаўныя выпускныя экзамэны, прысвойваецца воінскае званьне «лейтэнант запасу». Згодна з 54-м артыкулам Закону воінскае званьне лейтэнант ёсьць як вайсковым, гэтак і карабельным[2].

25 красавіка 2005 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 186 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку праходжаньня вайсковай службы». Паводле 72-га артыкула Палажэньня, пасьля атэставаньня «Першае воінскае званьне афіцэрскага складу «лейтэнант» прысвойваецца: 1) курсанту, які скончыў вайсковую навучальную ўстанову, навучальная праграма ў якой разьлічаная на 10 сэмэстраў улучна, і здаў усталяваныя праграмай навучаньня экзамэны, — па сканчэньні навучаньня»; 2) «курсанту, які праходзіць навучаньне ў вайсковай навучальнай установе, навучальная праграма ў якой разьлічаная на 11 сэмэстраў і больш, і які здаў усталяваныя праграмай навучаньня экзамэны, — па сканчэньні 5-га курсу»; 3) «курсанту, які мае вышэйшую адукацыю, праходзіць навучаньне ў дзяржаўнай установе адукацыі «Інстытут нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» і здаў усталяваныя праграмай навучаньня экзамэны, — па сканчэньні 1-га курсу»; 4) «вайскоўцу, які праходзіць вайсковую службу па кантракце, мае вышэйшую адукацыю і прызначаны на пасаду, што падлягае замяшчэньню афіцэрскім складам, — па сканчэньні ня менш як 1-го году пасьля прызначэньня на пасаду, што падлягае замяшчэньню афіцэрскім складам, з улікам сканчэньня курсаў падрыхтоўкі малодшых афіцэраў, здачы ўсталяваных праграмай падрыхтоўкі экзамэнаў». Паводле 78-га артыкула Палажэньня, тэрмін выслугі ў воінскім званьні «малодшы лейтэнант» для далейшага атрыманьня званьня «лейтэнант» складаў 1 год. Тэрмін выслугі ў званьні лейтэнант для атрыманьня наступнага званьня «старшы лейтэнант» (або капітан на флёце) складаў 2 гады. Пагатоў тэрмін выслугі ў званьні лейтэнант для афіцэраў лётнага і інжынэрна-тэхнічнага складу авіяцыі, якія выконваюць палёты ў складзе экіпажаў, і вайскоўцаў, якія скончылі ў вочнай форме вайсковыя ВНУ, складаў 1 год[3].

Згодна са 104-м артыкулам Палажэньня першае воінскае званьне афіцэрскага складу запасу «лейтэнант запасу» прысвойваецца пасьля атэставаньня: 1) курсанту вайсковага ВНУ, які прайшоў выніковае атэставаньне, — «пры звальненьні з вайсковай службы па хваробе або ... пры скарачэньні колькасьці воінскага фармаваньня»; 2) грамадзяніну, які прайшоў поўны курс вайсковай падрыхтоўкі па праграме афіцэраў запасу на вайсковай катэдры або факультэце ВНУ і здаў усталяваныя праграмай экзамэны, — «па сканчэньні навучальнай установы або не пазьней як праз 3 гады пасьля яе сканчэньня». Вайсковаабавязанаму ва ўзросьце да 30 гадоў могуць прысвоіць званьне «лейтэнант запасу» пасьля атэставаньня, калі той: 1) «мае вышэйшую адукацыю, прайшоў навучаньне па праграме падрыхтоўкі малодшых камандзіраў на вайсковай катэдры або факультэце ВНУ і здаў усталяваныя праграмай экзамэны, а таксама прайшоў тэрміновую вайсковую службу або службу ў рэзэрве»; 2) «прайшоў тэрміновую вайсковую службу або службу ў рэзэрве і мае вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці, роднаснай да адпаведнай вайскова-ўліковай спэцыяльнасьці»; 3) жаночай плоці і мае вышэйшую адукацыю па спэцыяльнасьці, роднаснай да адпаведнай вайскова-ўліковай спэцыяльнасьці». Паводле 107-га артыкула Палажэньня, тэрмін выслугі вайсковаабавязанага ў званьні «малодшы лейтэнант запасу» для атрыманьня званьня «лейтэнант запасу» складае 2 гады. У сваю чаргу выслуга малодшага лейтэнанта запасу мае скласьці 3 гады, каб атрымаць наступнае званьне «старшы лейтэнант запасу» (або капітан запасу на флёце)[3].

Пры канцы чэрвеня 2013 году звыш 700 з 900 выпускнікоў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь і вайсковых факультэтаў ва ўнівэрсытэтах Беларусі атрымалі званьне лейтэнанта[4].

Сухапутныя войскі суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў:

Паветраныя войскі суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў:

Марскія войскі суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў:

  1. ^ Лейтэнант // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 192. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
  2. ^ Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 1992 году «Аб усеагульным воінскім абавязку і вайсковай службе» // Пётар Рагойша, 15 сакавіка 2005 г. Праверана 8 траўня 2018 г.
  3. ^ а б А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 красавіка 2005 г. № 186 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку праходжаньня вайсковай службы» (рас.) // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, 1 лістапада 2011 г. Праверана 8 траўня 2018 г.
  4. ^ Вераніка Канюта. Атрымалі лейтэнанцкія пагоны // Зьвязда : газэта. — 4 ліпеня 2013. — № 121 (27486). — С. 4. — ISSN 1990-763x.