Станіслаў Шаптыцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Станіслаў Шаптыцкі
Stanisław Maria Jan Teofil Szeptycki
3 лістапада 18679 кастрычніка 1950
Stanisław Szeptycki - Komendant Legionów Polskich.jpeg
Месца нараджэньня в. Прылбычы, каля Яварава
Месца сьмерці в. Карчына, Падкарпацкае ваяводзтва
Прыналежнасьць Аўстра-Вугоршчына,
Польшча
Род войскаў кавалерыя, артылерыя, пяхота
Гады службы 1885—1926, 1944—1946
Званьне генэрал броні
Камандаваў III Брыгада польскіх легіёнаў
Польскія легіёны
Генэральны штаб
Літоўска-беларуская дывізія
Фронт Літоўска-беларускі
4 Армія
Фронт ген. Шаптыцкага
Фронт паўночна-усходні
Інспэктар 4 Арміі
Міністэрства вайсковых справаў
Бітвы/войны Расейска-японская вайна
Першая сусьветная вайна
Савецка-польская вайна
Станіслаў Шаптыцкі ў Вікісховішчы
Польскае войска на чале з ген. Шаптыцкага вяртаецца ў Катавіцы, 22 чэрвеня 1922 г.
Памятная табліца ген. Станіслава Шаптыцкага (1867—1950) на Пляцы Пілсудзкага ў Варшаве

Станісла́ў Шапты́цкі (па-польску: Stanisław Szeptycki, 3 лістапада 1867, в. Прылбычы, каля Яварава — 9 кастрычніка 1950, в. Карчына, Падкарпацкае ваяводзтва) — польскі вайсковец, граф, генэрал Аўстра-вугорскай арміі, генэрал броні Войска Польскага.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сям’я і маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Быў сынам графа Яна Канты Шаптыцкага (1836—1912) і Соф’і Шаптыцкай (1837—1904). 7 чэрвеня 1906 ажаніўся з княжной Марыяй Языфінай Сапегай (1884—1917). Другі раз ажаніўся 4 студзеня 1925 са Станіславай Алізар (1899—1977)[1]. У 1885 годзе скончыў з адзнакай Гімназію імя Яна ІІІ Сабескага ў Кракаве.

Служба ў аўстра-вугорскай арміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1885 годзе пачаў вучыцца ў аддзеле артылерыі Тэхнічнай вайсковай акадэміі ў Мёдлінгу. Скончыў Акадэмію ў 1888 годзе ў званьні падпаручніка. Распачаў службу ў 3-й дывізіі палявой артылерыі ў Ярославе. У 1890 годзе быў накіраваны ў Вышэйшую конную школу (Reitlehren institut) у Вене, па заканчэньні якой у 1892 годзе як выкладчык коннай язды быў накіраваны ў 10-ю брыгаду палявой артылерыі ў Прэмысьлі ў званьні паручніка. Служыў там да 1894, калі паступіў у Акадэмію Генэральнага штабу. Скончыў яе ў 1896 годзе і стаў ад’ютантам 53-й брыгады пяхоты ў Кошыцах.

У 1897 накіраваны ў 27-ю дывізію пяхоты ў Кошыцах. У 1898 атрымаў званьне капітана артылерыі і накіраваны ў 18 полк палявой артылерыі на пасаду камандзіра батарэі. У 1900 годзе атрымаў званьне капітана Генэральнага штабу і накіраваны ў 12-ю дывізію пяхоты ў Кракаве. у 1903 годзе пераведзены ў 1-ю дывізію кавалерыі ў Кракаве. У 1904—1905 вайсковы аташэ ў расейскім штабе ў Маньчжурыі. На расейска-японскай вайне быў 20 месяцаў. Пасьля вяртаньня здаў іспыт на званьне маёра генэральнага штабу і прызначаны камандзірам штаба 3-й дывізіі кавалерыі ў Вене. З 1909 камандаваў дывізіёнам у 1-м палку палявой артылерыі ў Кракаве. 1 траўня 1911 году стаў падпалкоўнікам генэральнага штабу. У 1911—1914 служыў вайсковым аташэ ў Рыме. 1 траўня 1914 стаў палкоўнікам генэральнага штабу.

Першая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку служыў у Апэрацыйным аддзеле Галоўнага камандаваньня, а з 24 верасьня 1914 да лістапада 1915 на пасадзе шэфа штабу II Корпусу аўстрыйскага на расейскім фронце. Тады сутыкаецца з Польскімі легіёнамі, якія ўваходзілі ў склад II Корпусу. Зь лістапада 1915 камандаваў XXX Брагадай палявой артылерыі, а ў чэрвені 1916 па ўласнай просьбе пераведзены ў Польскі Легіён. Зь ліпеня 1916 да кастрычніка 1916 камандуючы III Брагады Польскіх легіянэраў, пасьля да красавіка 1917 камэндант усіх Легіёнаў на чале якіх 1 сьнежня 1916 году ўвайшоў у Варшаву. Зьняты з пасады ў красавіку 1917 году з-за падтрымкі прапольскай пазыцыі, якая была прызнаная шкоднай для Цэнтральных дзяржаваў. Да лютага 1918 году любленскі генэральны губэрнатар (выступіў супраць адданьня Хэльмшчны Ўкраіне згодна Берасьцейскай дамовы). З чэрвеня а кастрычніка 1918, на італьянскім фронце, кіраваў 85 Брыгадай пяхоты ландвэру. З кастрычніка 1918 году кіраваў падначаленымі немцам Польскімі ўзброенымі сіламі. 5 лістапада 1918 звольнены з аўстрыйскай арміі.

Служба ў польскім войску[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Польскае войска ўступіў 1 лістапада 1918 году. 4 лістапада 1918 прызначаны генэралам дывізіі і генэральным збройным інспэктарам. Таксама яму перадалі камандаваньне ўсімі аддзеламі Войска Польскага на абшарах былой Аўстра-Вугоршчыны, а таксама той часткі Галіччыны, якая знаходзілася пад польскай уладай[2].

16 лістапада 1918 году Юзаф Пілсудзкі прызначыў яго кіраўніком Генэральнага штабу. Выконваў гэтыя функцыі да 13 сакавіка 1919 году, калі на яго ўласную просьбу ўзначаліў Літоўска-Беларускую дывізію. 28 красавіка 1919 году стаў камандуючым Літоўска-Беларускага фронту.

Згодна з загадам Пілсудзкага ад 7 сакавіка 1920 году збройныя сілы на ўсходзе былі падзеленыя на пяць арміяў. Генэрал Шаптыцкі перастаў быць камандуючым Літоўска-беларускага фронту, а ўзначаліў 4 армію, якая змагалася на ўчастку Палесься і Бярэзіны.

21 красавіка 1920 году Пілсудзкі зацьвердзіў яго ў званьні генэрала броні[3].

Падчас вайны 1920 г. камандаваў 4 Арімяй. з 17 траўня 1920 году абавязкі камандуючага арміяй сумяшчаў з функцыяй камандуючага «Фронту ген. Шаптыцкага» ў склад якога ўваходзілі тры арміі (1, 4 і 7). 5 ліпеня 1920 году стаў камандуючым Паўночна-усходняга фронту, а абавязкі камандуючага 4 Арміі перадаў генэралу Леанарду Скерскаму. На гэтай пасадзе кіраваў баямі да 30 ліпеня 1020 году. 1 жніўня вымушаны быў пакінуць пасаду з-за цяжкай хваробы (крываўка) ды непаразуменьня зь Пілсудзкім.

Пасьля замірэньня атрымаў пасаду Інспэктара 4 арміі ў Кракаве. У 1922 годзе Камандываў аддзеламі Войска Польскага, якія займалі частку Сылезіі, што была прызнаная за Польшчай.

31 траўня 1922 году ў Кракаве дэлегацыя віленскай гарадской Рады на чале з бурмістрам Вітольдам Банкоўскім надаў генэралу ганаровае грамадзянства гораду Вільня «з прызнаньня яго заслугаў, падчас вызваленьня г. Вільня ад бальшавіцкай навалы»[4].

13 чэрвеня 1923 году прэзыдэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі прызначыў яго Міністрам вайсковых справаў[5]. 4 жніўня 1923 году загадам № 126 прызначыў Сьвята польскага жаўнера.

15 сьнежня 1923 году прэзыдэнт Польшчы Станіслаў Вайцехоўскі, «прыслухоўваючыся да паданай яму просьбы аб адстаўцы, звольніў» Шаптыцкага з пасады кіраўніка Міністэрства вайсковых справаў і «адначасова паручыў далей выконваць ранейшыя функцыі ажно да часу прызначэньня наступніка». Гэта адбылося 19 сьнежня 1923 году, калі пасаду міністра заняў генэрал броні Казімер Сасноўскі[6]. Пасьля звальненьня Шаптыцкі вярнаўся на пасаду інспэктара 4 Арміі ў Кракаве. З 24 лістапада 1922 быў чальцом Капітулы ордэну Virtuti Militari. Падчас травеньскага перавароту названы прэзыдэнтам Вайцехоўскім камандуючым войскмі вернымі ўраду па-за сталіцай. 10 чэрвеня 1926 году Прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі, «беручы пад увагу просьбу» генэрала, звольніў яго са становішча інспэктара 4 Арміі ў Кракаве[7]. Ад 30 чэрвеня 1926 пайшоў у адстаўку[8].

Па заканчэньні другой сусьветнай вайны ва ўзросьце 78 гадоў быў прыняты на службу ў Войска Польскае, пасьля адпраўлены ў адстаўку і прызначаны на пасаду старшыні Галоўнае ўправы Польскага Чырвонага крыжа. Займаў гэтую пасаду ў 1946—1950 гг.

Пахаваны на могілках у вёсцы Карчына каля Кросна, якой быў апошнім ўласьнікам.

Выдаў працу: Літоўска-беларускі фронт 10.3.1919-30.7.1920 (1925).

Званьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шаптыцкі і беларускі рух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заняцьця Менску польскім войскам у 1919 годзе ад імя Шаптыцкага па-беларуску і па-польску была выдадзеная адозва на насельніцтва[9].

У 1920 годзе Станіслаў Шаптыцкі выратаваў жыцьцё беларускаму палітыку Тамашу Грыбу, калі яго хацелі расстраляць на загад дэфэнзывы. Шаптыцкі пазваніў Люцыяну Красуцкаму, шэфу дэфэнзывы ІІ аддзелу Галоўнага камандаваньня, і сказаў, што за галаву Грыба той адказвае сваёй галавою. Красуцкі адказаў, што няхай заўтра расстраляюць яго, але сёньня ўночы ён расстраляе Грыба. Пасьля чаго быў зьняты з пасады загадам Шаптыцкага[10].

Янка Купала ў сваёй паэме «Барысаў» гэдак згадваў польскага генэрала:

« Генерал Шаптыцкі,

Праклятае славы –
Выпраўляў жалезам
Свой банкет крывавы.
Але да сканання
Яму не ўдалося
Спапяліць ідэю,
Як наша калоссе.
Генерал Шаптыцкі,
Найяснейшы пане!
Ўжо твой бот жандарскі
Болей тут не стане.

»

—Янка Купала, паэма «Барысаў»

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У міжваенны час галоўная вуліца ў Баранавічах была названая ў гонар Шаптыцкага (цяпер Савецкая), які двойчы адбіваў горад ад бальшавікоў. У пінскай флятыліі адзін з караблёў меў назву «Генэрал Шаптыцкі»[11]

Крынціы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Станіслаў Лаза «Czy wiesz kto to jest?», Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, Варшава, 1938, с. 720
  2. ^ Dziennik Rozporządzeń Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 3 z 04.11.1918 r.
  3. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 16 z 3 maja 1920 roku, poz. 476.
  4. ^ Gen. Szeptycki honorowym obywatelem Wilna, «Polska Zbrojna» Nr 144 ад 31 траўян 1922, с. 1.
  5. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 39 ад 20 чэрвеня 1923 году, s. 397.
  6. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 1 ад 10 студзеня 1924 году, с. 707—708.
  7. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 24 ад 23 чэрвеня 1926, ст. 187.
  8. ^ Dziennik Personalny Ministerstwa Spraw Wojskowych Nr 26 ад 6 ліпеня 1926, ст. 207.
  9. ^ Кароткі нарыс беларускага пытаньня, Менск, 2009, с.81
  10. ^ Паўліна Мядзёлка «Сьцежкамі жыцьця», Полымя, 1993 №5, с.194-195
  11. ^ Трагедыя пінскіх маракоў, Ігар Мельнікаў