Перайсьці да зьместу

Маладэчна пад кантролем Нямецкай імпэрыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нямецкая ўлада на ўсходзе занятых Нямецкай імпэрыяй тэрыторыяў

Тэрыторыя Маладэчна знаходзілася пад кантролем Нямецкай імпэрыі з 18 лютага 1918 року па 18 сьнежня 1919 року. Пасьля сюды ўвайшла Чырвоная армія, за імі — польскае войска, на непрацяглы час ізноў бальшавікі. 12 кастрычніка 1920 року польскія войскі вярнулі Маладэчна, ужо 18 сакавіка 1921 року падпісаная Рыская мірная дамова, паводле якой Маладэчна заставалася ў складзе Польшчы.

7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] 1917 ў выніку ўзброенага перавароту ў Расеі быў зрынуты Часовы ўрад. 8 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] Другі ўсерасейскі зьезд Саветаў прыняў Дэкрэт пра мір, у якім прапанаваў усім дзяржавам-удзельніцам Першай сусьветнай вайны неадкладна заключыць замірэньне і пачаць перамовы пра мірнае пагадненьне. У гэты час у Маладэчне разьмяшчалася 10-ая расейская армія. Бальшавікі (партыйная ячэйка якіх дзейнічала ў гарнізоннай пякарні з 1916 року), разумеючы, што пасьля зьвяржэньня Часавага ўрада Расеі пазыцыя войска вельмі важная, таму пачалі актыўна рыхтаваць III зьезд 10-й арміі. Зьезд РСДРП, які адбыўся ў лістападзе, пасьля разьлютаваных дыскусій прыняў бальшавіцкую рэзалюцыю: усю ўладу на месцах і ў цэнтры перадаць Саветам. Тыднем пазьней зьезд чыгуначнікаў гэта рашэньне цалкам падтрымаў.

Тым часам, 18 студзеня [ст. ст. 5] 1918 генэрал Гофман прад’явіў умовы Цэнтральных дзяржаваў на перамір’е з бальшавікамі — яны ўяўлялі сабою мапу былой Расейскай імпэрыі, на якой на карысьць Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны адыходзілі Польшча, Летува, частка Беларусі (у тым ліку й Маладэчна) й Украіны, Эстоніі й Латвіі, Маанзундзкія астравы й Рыская затока. Гэта дазваляла Нямеччыне кантраляваць марскія шляхі да Фінскай і Батніцкай затокаў, а таксама разьвіваць наступ на Петраград. Прапанаваная граніца была скрайне нявыгадная для Расеі, савецкая дэлегацыя запатрабавала дзесяцідзённага перапынку дзеля азнаямленьня з новымі патрабаваньнямі свайго ўраду. Пасьля гарачае ўнутрыпартыйнае барацьбы Ленін загадаў Троцкаму ўсемагчыма зацягваць перамовы, аднак у выпадку прад’яўленьня ўльтыматуму мір падпісаць.

Троцкі, парушыўшы прыказаньні Леніна, адрынуў нямецкія ўмовы, вылучыўшы лёзунг «Ні міру, ні вайны: мір не падпісваем, вайну спыняем, а войска дэмабілізуем». Нямецкі бок у адказ абвясьціў, што непадпісаньне Расеяй мірнай дамовы аўтаматычна спрычыньвае спыненьне замірэньня. Пасьля гэтага савецкая дэлегацыя дэманстрацыйна пакінула перамовы. У той самы дзень Троцкі аддаў загад вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Крыленку неадкладна аддаць загад пра спыненьне стану вайны зь Нямеччынай і ўсеагульную мабілізацыю. Гэты загад быў скасаваны Леніным ужо праз 6 гадзінаў, аднак яго атрымалі ўсе франты.

13 лютага [ст. ст. 31 студзеня] 1918 на нарадзе з удзелам Вільгельма II, імпэрскага канцлера Гертлінга, кіраўніка нямецкага ведамства замежных справаў фон Кюльмана, Гіндэнбурга, Людэндорфа, начальніка марскога штабу і віцэ-канцлера было прынятае рашэньне аднавіць наступ на Ўсходнім фронце. Плянавалася заняць усю Прыбалтыку ўсутыч да Нарвы і аказаць узброеную падтрымку Фінляндыі.

Плян да апошняга моманту трымаўся ў сакрэце, і толькі 16 лютага ўвечары пра гэта было паведамлена савецкаму прадстаўніку, які заставаўся ў Берасьці-Літоўскім. Ужо 18 лютага ўдзень немцы пачалі наступ і адным зь першых быў узяты Маладэчна[1], а да вечара немцы ўзялі ўжо Дзьвінск, дзе на той час знаходзіўся штаб расейскай 5-й арміі Паўночнага фронту. Бальшавіцкія часткі не аказалі па ўсім фронце сур’ёзнага супраціву[2].

Пал кантролем Нямецкай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 сакавіка 1918 року згодна зь Берасьцейскім мірам Маладэчна трапіла пад кантроль Нямецкай імпэрыі. Органам вайсковай улады Нямецкай імпэрыі на акупаваных тэрыторыях быў Ober Ost (скарачэньне ад ням. Oberbefehlshaber der gesamten Deutschen Streitkräfte im Osten. Створаны Обэр-Ост быў у 1914 року. Першым на чале структуры стаў Паўль фон Гіндэнбург — вайсковы герой Прусіі і будучы прэзыдэнт Ваймарскае рэспублікі. Існавала й другая пасада — начальнік штабу, якую першым заняў Эрых фон Фалькенгайн.

Адміністрацыйная ўлада

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нямецкая ўлада займалася ў асноўным ваеннымі пытаньнямі. Прамысловасьць, гандаль, асьвета, адукацыя, культурнае жыцьцё й грамадзянская апека былі аддадзеныя пад кантроль Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі[3], абвешчанай 25 сакавіка 1918 року. Нямецкае кіраўніцтва пасьлядоўна аддавала ўсё большыя паўнамоцтвы Народнаму сакратарыяту БНР.

Адносіны зь мясцовымі жыхарамі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыя Обэр-Осту мела складанасьці ў зносінах зь мясцовымі жыхарамі. З прадстаўнікамі вышэйшых клясаў мясцовых жыхароў нямецкія жаўнеры маглі кантактаваць з дапамогай нямецкай або францускай моваў, габрэйскае насельніцтва ў мястэчках магло размаўляць па-нямецку або на ідышы (апошні належыць да германскіх моваў і мае падабенствы зь нямецкай, праз што немцы былі ў стане крыху разумець ідыш)[4], аднак у сельскай мясцовасьці жаўнерам даводзілася разьлічваць на наяўнасьць людзей, якія маглі б перакладаць нямецкую на адну зь мясцовых моваў[4]. Падсумоўваючы, гісторыкі робяць выснову, што дадзеныя моўныя праблемы значна ўскладнялі працу нямецкай адміністрацыі[4]. Часам для распаўсюджваньня пастановаў Обэр-Осту прыцягвалася духавенства як эфэктыўны пасярэднік для людзей, якія размаўлялі на іншай мове[4]. Галоўным фактарам сувязі зь нямецкай уладай у Маладэчне й Маладэчаншыне былі, як і ў іншых мястэчках беларусі, габрэі, а таксама невялікая колькасьць беларускіх немцаў.

Адміністрацыйнае ўладкаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адміністрацыйна-тэрытарыяльным пляне занятыя тэрыторыі былі падзеленыя на тры рэгіёны (па-нямецку: Verwaltungsgebiete): Курляндыю (займаў паўднёвы захад Латвіі, назва адпавядала гістарычнай назьве гэтае часткі Латвіі), Летуву (сучасная тэрыторыя Летувы бяз Клайпеды, а таксама вызначаныя паўночна-заходнія часткі Беларусі і паўночна-ўсходнія часткі Польшчы) і Беластоцка-Гарадзенскі рэгіён (займаў, адпаведна, навакольлі Беластоку й Горадні). Маладэчна адносілася да рэгіёна Летува, што ў будучым прывядзе да тэрытарыяльных прэтэнзіяў да БНР з боку Летува ў дачыненьні да Маладэчна.

Серад вайсковых падразьдзяленьняў на тэрыторыі Обэр-Осту былі разьмешчаныя 10-я армія са штабам у Горадні і армейская групоўка Кіеву.

Генэрал атрадаў самаабароны на Віленшчыне Ўладзіслаў Вейтка
Станіслаў Шаптыцкі, войскі якога 4 ліпеня 1919 року ўвайшлі ў Маладэчна

Канец нямецкай улады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 лістапада 1918 року ў Нямеччыне пачалася Лістападаўская рэвалюцыя, 9 лістапада Нямеччына была абвешчана рэспублікай, а ўжо 11 лістапада Нямеччына падпісала Камп’енскае замірэньне, у гэты ж дзень абвешчана незалежнасьць Польшчы, якая заявіла прэтэнзіі на тэрыторыі Беларусі. Нямецкія войскі пачынаюць пакідаць тэрыторыю Беларусі, а 13 лістапада бальшавікамі скасаваны Берасьцейскі мір. 17 лістапада Чырвоная армія пачынае займаць пакінутыя немцамі тэрыторыі Беларусі[5]. На Маладэчаншчыне, як і на тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі, пачынаюць арганізоўвацца польска-беларускія атрады самаабароны Літвы і Беларусі, якія ўзбройвалі немцы, якія на той момант ужо адыходзілі з тэрыторыі Беларусі. Абарона Маладэчаншчыны, як тэрыторыі на якую прэтэндавала Летува, была даручана былой 10-й арміі генэрала Эрыка фон Фалькенгайна, але нямецкія жаўнеры былі дэмаралізаваны і намагаліся адпраўкі дамоў [6]. Тады ўладамі Летувы была спроба наняць наймітаў у Саксоніі[7]. Рада абвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі, між іншым, прэтэндавала на тэрыторыі каля Маладэчна, але ня здолела ажыцьцявіць працяглага кантролю над рэгіёнам[a].

18 сьнежня 1919 року нямецкія войскі пакідаюць і Маладэчна, якое адразу займаюць чырвонаармейцы, беларускія й польскія атрады вымушаныя перайсьці да партызанскай барацьбы. Немцы пакідалі горад добраахвотна, чырвонаармейцы нават і не спрабавалі атакаваць іх. Маладэчнам пачынае кіраваць валасны рэвалюцыйны камітэт[b].які ўзначальваў валрэўкам мясцовы выхадзец, выпускнік настаўніцкай сэмінарыі Іван Міхалёнак.

  1. ^ БНР ня здолела абараніць незалежнасьць, але дала вялізны штуршок для разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху на Маладэчаншчыне.
  2. ^ Пра яго дзейнасьць сьведчыць усталяваная ў 1967 року мэмарыяльная дошка
  1. ^ Анатолий Грицкевич. Западный фронт РСФСР 1918-1920, Минск 2010, ISBN 978-985-16-6650-4;  (рас.)
  2. ^ Волков С. В. Праздник государственной измены? // Новая газэта : газэта. — 2012-02-12. — № 19.
  3. ^ Юры Туронак. Нежаданая рэспубліка. // Кантакт. 1990. № 1.
  4. ^ а б в г Vagts, Alfred. 7 // A memoir of Military Occupation. — Military Affairs. — Т. 1. — С. 16-24.
  5. ^ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917-1945 гг. (А. Вабішчэвіч і інш.); рэдкал. М. Касьцюк (гал. рэдактар і інш. - Мн.: Экапэрспэктыва, 2006. 613 с; іл.)
  6. ^ Станіслаў Ліс-Блонскі; [пераклад, прадмова, камэнтарыі Андрэя Вашкевіча, Андрэя Чарнякевіча, Юрася Юркевіча] Дзейнасьць Беларускай Вайсковай камісіі ў 1919-1921 гг. // Балахоўцы: Сьведчаньні, дакумэнты, дасьледаваньні. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 44. — 470 с. — ISBN 978-5-9904531-9-7
  7. ^ Станіслаў Ліс-Блонскі; [пераклад, прадмова, камэнтарыі Андрэя Вашкевіча, Андрэя Чарнякевіча, Юрася Юркевіча] Дзейнасьць Беларускай Вайсковай камісіі ў 1919-1921 гг. // Балахоўцы: Сьведчаньні, дакумэнты, дасьледаваньні. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 45. — 470 с. — ISBN 978-5-9904531-9-7