Паўстаньне 1794 году на Маладэчаншчыне
Паўстаньне 1794 року на Маладэчаншчыне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Юзэф Хэлмоньскі. «Малітва перад боем», 1906 | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Польскія і беларускія паўстанцы | Расейская імпэрыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Якуб Ясінскі Міхал Клеафас Агінскі Стэфан Грабоўскі | Кацярына II Мікалай Рэпнін Іван Няплюеў | ||||||||
Паўста́ньне 1794 году на Маладэ́чаншчыне — вайсковыя дзеяньні ў часе Касьцюшкаўскага паўстаньня на тэрыторыі тагачаснага Вялейскага павету Менскай губэрні.
Мэты паўстаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэакцыйныя дзеяньні таргавічанаў і захопніцкая палітыка замежных дзяржаваў выклікалі вострае незадавальненьне значнай часткі гарадзкіх жыхароў і прагрэсіўна настроенай шляхты. Прыклад Францускай рэвалюцыі ўказваў на адзіна магчымы шлях вызваленьня краіны ад замежнага дыктату й канфэдэрацыяў, што аказвалі супраціў усталяваньню рэформаў у краіне. Жыхары Маладэчна, уключанага ў выніку II падзела Рэчы Паспалітай у склад Расейскай імпэрыі былі незадаволены палітыкай акупацыйных уладаў і былі гатовы ў любы момант падтрымаць паўстаньне.
Паўстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак паўстаньня ў Літве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 22 красавіка на 23 красавіка паўстанцы вызвалілі Вільню й 24 красавіка ўтварылі Найвышэйшую Раду Вялікага Княства Літоўскага на чале зь ліцьвінам Якубам Ясінскім. Хутка ўсё Вялікае Княства было ахопленае полымем паўстаньня. Паўстанцы ўзялі ўладу ў Горадні, Берасьці, Наваградку, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Кобрыні, Ашмяне (на захадзе ад Маладэчна), Лідзе, Браславе. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ахопленай паўстаньнем, былі створаныя 23 павятовыя парадкавыя камісіі (органы самакіраваньня касьцюшкаўскіх паўстанцаў), зь іх 19 дзейнічалі ўласна на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Спробы вызваліць Маладэчна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўстанцы добра разумелі, што не разьвіваючы паўстаньне на астатнія беларускія тэрыторыі, яно будзе асуджана на правал. З гэтай мэты паўстанцы, пачынаючы з чэрвеня 1794 году, спрабуюць прайсьці на тэрыторыю Менск-Радашкавічы-Маладэчна-Вялейка-Мядзел-Дзьвінск і па магчымасьці — далей на ўсход. Расейскія ўлады добра разумелі, што паўстанцы карыстаюцца вялізнай падтрымкай у насельніцтва гэтых гарадоў і пранікненьне іх сюды можа прывесьці да сур’ёзных для расейцаў наступстваў, таму расейскія ўлады на чале з губэрнатарам Іванам Няплюевым падцягваюць сюды вялізны вайсковы кантынгент, усталёўваецца палітыка тэрору мясцовага насельніцтва.
У чэрвені 1794 Міхал Клеафас Агінскі двойчы з атрадам стралкоў і 200 коньнікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводзтва, вызваліць Маладэчна (дзе, дарэчы, знаходзіўся маёнтак Агінскіх). Захады, прадпрынятыя расейскімі ўладамі, не дазволілі разгарнуць паўстаньне Агінскаму, але да яго змаглі прабіцца некаторыя мясцовыя паўстанцы.
У канцы жніўня 1794 Стэфан Грабоўскі узначаліў рэйд 2-тысячнага аддзелу паўстанцаў на Меншчыну і Магілёўшчыну (Араны — Койданаў — Пухавічы — Бабруйск — Любань). У дарозе да яго далучалася дробная шляхта і сяляне[1]. Аднак па Любанскім боі (4 верасьня 1794) мусіў капітуляваць.
Падаўленьне паўстаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кацярына II накіравала на барацьбу з паўстанцамі сваіх лепшых военачальнікаў разам з А. Суворавым. Пасьля ваеннага выступленьня Прусіі стратэгічнае становішча паўстаньня стала безнадзейным. У кастрычніку — лістападзе 1794 войскі паўстанцаў пацярпелі шэраг паражэньняў. У бітве пад Мацаёвічамі, што ля Варшавы, узброеныя сілы пад кіраўніцтвам Касьцюшкі панесьлі паразу ад расейцаў, а сам правадыр трапіў у палон. Лёс Рэчы Паспалітай быў фактычна вырашаны. Якуб Ясінскі змагаўся да канца і гераічна памёр пры штурме Прагі.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У гонар Якуба Ясінскага ў Маладэчне названа вуліца, якая зьяўляецца адзінай вуліцай Ясінскага на тэрыторыі Беларусі.
- У гонар Міхала Клефаса Агінскага ў Маладэчне ўсталяваны помнік.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Уладзімір Емяльянчык. Грабоўскі Стафан // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 550.