Маладэчанская настаўніцкая сэмінарыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Будынак Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі напачатку ΧΧ ст.

Маладэ́чанская наста́ўніцкая сэміна́рыя — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ. Існавала настаўніцкая сэмінарыя ў 1864—1920 р., першая ў Расеі. Адкрыцьцё сэмінарыі было часткай палітыкі русіфікацыі краю: выкладаньне ў ёй вялося выключна на расейскай мове й пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. Сэмінарыю называлі цэнтрам заходнярускай народнай адукацыі. Пры сэмінарыі знаходзіліся мэтэаралягічная станцыя, бібліятэка, тэатар, музэй. Студэнты займаліся зборам фальклёрных матэрыялаў. Сэмінарыя праіснавала каля паўстагодзьдзя, да Першай Сусьветнай вайны, у 1915 р. пераведзена ў Смаленск. Будынак былой сэмінарыі захаваўся на тэрыторыі Станкабудаўнічага заводу. Нягледзячы на русіфікатарскую адукацыю, сэмінарыі выпусьціла шмат беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Гісторыя сэмінарыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваная на базе Маладэчанскай прагімназіі. Тэрмін навучаньня 2 рокі, з 1870 р. — 3 рокі, а з 1907 р. — 4 рокі. Сэмінарыя рыхтавала настаўнікаў для пачатковых школаў. У ёй маглі вучыцца юнакі з 17 рокаў, выхадцы з розных саслоўяў, але перавага аддавалася дзецям сялянаў

Выкладаліся Закон Божы, гісторыя праваслаўнай царквы, заалёгія, батаніка, арытмэтыка, геамэтрыя, царкоўнаславянская й расейская мова і літаратура, гісторыя й геаграфія Расеі, мэтодыка выкладаньня, асновы пэдагогікі ды інш. Сэмінарыя мела бібліятэку з 3500 тамоў, музэй, тэатар, хор, мэтэаралягічную станцыю. Сэмінарысты займаліся зборам і вывучэньнем фальклёру, частка якога была выдадзеная П. А. Гільтабрантам у 1866 р. Пры сэмінарыі існавала ўзорная вучэльня, дзе сэмінарысты праходзілі практыку. У сэмінарыі выкладалі этнографы і фальклярысты Мікалай Нікіфароўскі, Юльян Крачкоўскі. За 50 гадоў сэмінарыю скончылі 2 тысячы чалавек.

У 1914 р. у Вільні выйшла кніга дырэктара сэмінарыі А. Ярушэвіча «Маладэчна і яго навучальныя ўстановы. Да пяцідзесяцігодзьдзя Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі. 1864—1914» — крыніца зьвестак па гісторыі Маладэчна і гісторыі народнай адукацыі Беларусі XIX ст. у цэлым.

Маладэчанская настаўніцкая сэмінарыя па ўспамінах Івана Міхалёнка:

«Маладэчанская настаўніцкая сэмінарыя — старэйшая навучальная ўстанова Заходняга края — была адчыненая, згодна з загадам віленскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва, у 1864 року, пасьля падаўленьня польскага выступленьня 1863 роек замест зачыненай у Маладэчне польскай дваранскай пяцікляснай прагімназіі. Разьмяшчалася яна там, дзе цяпер чыгунна-ліцейны завод (былая Замкавая вуліца).

Прызначэньнем сэмінарыі была падрыхтоўка кадраў народных настаўнікаў для Віленскай губэрні. Я там вучыўся з 1906 па 1910 рок. У сэмінарыю прымалі тады па конкурсным экзамене хлопчыкаў-падлеткаў, якія скончылі 2-клясную ці звычайную пачатковую вучэльню й мелі 15 рокаў. Асноўны кантынгент сэмінарыстаў складаўся з мужыцкіх дзяцей Віленскай і Менскай губэрняў, хоць былі выпадкі, калі прыяжджалі вучыцца ў сэмінарыю й з больш далёкіх мясьцін.

Сэмінарыя складалася з 4 клясаў і падрыхтоўчага (мужыцкага рабфака), першага, другога й трэцяга. Усяго ў 4 клясах сэмінарыі вучыліся адначасова каля 120 вучняў. Прыкладна 1/10 частка найменш пасьпяваючых былі „сваекоштнымі“, інакш кажучы, навучаліся за свой кошт і жылі на прыватных кватэрах. Гэта былі ў асноўным выхаванцы падрыхтоўчага й першага клясаў.

Астатнія сэмінарысты карысталіся стыпэндыяй ад 80 да 110 рублёў у рок і жылі ў інтэрнаце пры сэмінарыі, дзе вялі сваю гаспадарку на арцельных пачатках і самаабслугоўваньні, пад кіраўніцтвам аднаго з настаўнікаў. Кожны, хто атрымліваў стыпэндыю, па заканчэнні навучаньня павінен быў абавязкова адпрацаваць у пачатковай школе ня менш за 2 рока. У выпадку невыкананьня гэтай умовы і пераходу на іншую работу зь яго ўтрымлівалася сума стыпэндыі. Народныя настаўнікі вызваляліся ад ваеннай службы да 1914 року.

Навучальны корпус уяўляў зь сябе цагляны будынак на 2 паверхі ў выглядзе літары „П“ з дамавой царквой. Гэта быў да польскай прагімназіі мужчынскі каталічны манастыр ордэна трынітарыяў. Тры вялікія аднапавярховыя драўляныя корпусы адводзіліся пад інтэрнат сэмінарыстаў. Некалькі драўляных будынкаў меншага памеру былі адведзеныя пад кватэры для выкладчыкаў, дапаможныя службы і майстэрню. Асобна стаяў вялікі драўляны будынак пачатковай школы. Увесь гэты комплекс будынкаў быў абнесены з вуліцы цаглянай сьцяной. З тылу да сэмінарскіх будынкаў падыходзіў стары парк зь векавымі дрэвамі: ліпамі, дубамі, клёнамі, язьмінамі і таполямі. Пасярэдзіне парку быў сад, побач з паркам — агарод. За паркам і агародам раскінуўся сэмінарскі луг на дне чатырохкутнай катлавіны (былая манастырская сажалка), якую перасякала рэчка Маладачанка, прыток ракі Ўша. Гэтая рэчка ўвосень запруджвалася, і на лузе атрымлівалася добрая коўзанка. За сэмінарскай сядзбай, якая займала каля 10 гектараў, абсаджанай з адваротнага боку арэшнікам, цягнуліся з аднаго боку сялянскія палі, потым — габрэйскі магільнік, з другога боку — забалочаная пойма рэчкі Ўша.

Сэмінарысты насілі форму: чорныя кашулі з рамянём і штаны навыпуск, чорны шынель з жоўтымі мэталічнымі гузікамі, чорныя чаравікі. На чорнай фуражцы замацоўвалася жоўтая мэталічная стужачка з раздвоенымі канцамі і трыма мэталічнымі літарамі „МУС“ пасярэдзіне. На бронзавай спражцы былі такія ж самыя літары.

Распарадак сэмінарыстаў быў наступны. Пад’ём а 7-й гадзіне, агульная малітва з прысутнасьцю папа й дзяжурнага настаўніка, сьняданак у сталоўцы да 8 гадзін, вучэбныя заняткі з 8 да 12 гадзін. А 12-й гадзіне — паўгадзіны перапынку з другім сьняданкам і зноў заняткі да 16 гадзін. Пасьля гэтага — абед. Пасьля — практычныя заняткі ў садзе і гародзе, у сталярнай майстэрні, у клясах сьпеваў і музыкі па прызначэньні. З 19 гадзін — выкананьне дамашніх заданьняў і падрыхтоўка да заўтрашніх заняткаў. А 21-й гадзіне вячэра, а 22-й — агульная малітва і адыход да сну. Перад кожным прыёмам ежы і пасьля яго — малітва нарасьпеў. Напярэдадні сьвятаў і ў сьвяты — абавязковае багаслужэньне ў дамавой сэмінарскай царкве. Гэтая царква абслугоўвалася сэмінарскім папом, у дапамогу якому прызначаліся дзяк, царкоўны стараста і званар зь ліку сэмінарыстаў. Кожны рок на Вялікі пост (на канікулах) — гавеньне, гэта значыць, споведзь з абавязковым прадастаўленьнем даведкі пра гэта. Сэмінарыя мела ўласную амбуляторыю з доктарам.

У сэмінарыі выкладаліся наступныя прадметы: арыфметыка — поўны курс; алгебра — да квадратных ураўненьняў — уведзеная з 1909 р.; геамэтрыя; фізыка; агульная гісторыя — старажытная, сярэдняя і новая; руская мова і літаратура; чарчэньне; маляваньне; чыстапісаньне; музыка і сьпевы; пэдагогіка; псыхалёгія; лёгіка; дыдактыка; методыка выкладаньня асобных дысцыплін; асновы царкоўна-славянскай мовы з граматыкай.

Акрамя гэтага, выхаванцаў навучалі сталярнай справе ў майстэрні, а таксама выкладалі тэорыю садоўніцтва і агародніцтва. Практыку праходзілі ў садзе і на гародзе. Гэты гарод поўнасьцю пакрываў патрэбы сэмінарскай арцельнай гаспадаркі ў гародніне, якая значна дапамагала пры невялікай стыпэндыі. Быў вялікі хмельнік. Хмель зьяўляўся для Маладэчна новай тэхнічнай культурай.

Калі агульнаадукацыйныя й пэдагагічныя, а таксама прыкладныя прадметы вывучаліся з ахвотай, дык ад царкоўных навук вучні усяляк адварочваліся і адведзеныя на іх вывучэньне гадзіны прысьвячалі чытаньню кніг зь сэмінарскай бібліятэкі, дзе былі творы рускіх клясыкаў, а таксама Майн Рыда, Жуля Верна, Фенімора Купера, Луі Бусенара, Бічэра Стоўна і іншых.

Сэмінарыя мела свой сымфанічны аркестар з 30-40 удзельнікамі, але ён распаўся ў 1906—1907 р. у сувязі са сьмерцю капельмайстра і немагчымасьцю знайсці яму замену. Пад яго музыку сэмінарыстаў у асабліва ўрачыстых выпадках вадзілі ў местачковую царкву, дзе сэмінарскі хор у колькасьці чалавек 40 страсаў зводы сваімі магутнымі галасамі. Пад музыку праводзіліся вясновыя і асеньнія сьвяты дрэў і іншых раслін. Сэмінарысты ставілі самадзейныя пастаноўкі, а паколькі стасункі зь месцічамі забараняліся, то жаночыя ролі вымушаныя былі выконваць навучэнцы сэмінарыі.

Дырэктар і выкладчыкі сэмінарыі ў асноўным былі з духоўнай акадэміі, але былі і з унівэрсытэцкай адукацыяй і тыя, хто скончыў настаўніцкія інстытуты і нават духоўныя сэмінарыі (поп).

Пэдагагічны пэрсанал насіў форменныя сюртукі са знакамі ў пятліцах, якія ўказвалі на прыналежнасьць да класа табеля…

…Сэмінарысты апошняга класа па чарзе выкладалі розныя прадметы ў пачатковым вучылішчы пры сэмінарыі, якое лічылася ўзорным. Выпускнікамі складаўся звычайна разгорнуты канспэкт урока ў форме пытаньняў і адказаў. Канспэкт зацьвярджаўся выкладчыкам адпаведнага прадмета і дырэктарам. На гэтых уроках прысутнічалі па чарзе выхаванцы трэцяга року навучаньня. Яны глядзелі, як вядуць урокі старэйшыя сэмінарысты. Па кожным уроку рабілася канфэрэнцыя, на якой спачатку выступаў сам практыкант, які аналізаваў свае памылкі, затым яго таварышы-сэмінарысты, пасьля настаўнік узорнага пачатковага вучылішча, пасьля — сэмінарскі выкладчык і дырэктар, пасьля чаго практыкант атрымліваў адзнаку.

У асноўным сэмінарыя таксама зьяўлялася мужыцкім унівэрсытэтам, доступ у вышэйшыя навучальныя ўстановы быў абмежаваны па прычынах класавага характару і з-за заніжанага аб‘ёму сэмінарскай праграмы, асабліва па матэматыцы, мовах, фізыцы і іншых навуках. І толькі выпадкова некаторыя сэмінарысты з мужыкоў скончылі ўнівэрсытэт (напрыклад, Іван Новаш). Асноўная маса папаўняла шэрагі народных настаўнікаў. Іншыя паступалі ў настаўніцкія інстытуты і працавалі настаўнікамі ў гарадзкіх вучэльнях. Іншыя ж адхіляліся ад пэдагагічнага шляху і шлі ў юнкерскія вучылішчы ці ў папы.»

Вядомыя выпускнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]