Перайсьці да зьместу

Гісторыя Берасьця

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Берасьце (часам насіў дадатковае азначэньне — Берасьць Літоўскі[a]) — старажытнае места, якое атрымала Магдэбурскае права другім у Вялікім Княстве Літоўскім (пасьля Вільні), цэнтар гістарычнага рэгіёну. Месца правядзеньня нарады дзеля падрыхтоўкі да пераможнай Грунвальдзкай бітвы. У 1553 годзе староста берасьцейскі Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў тут першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню. У 1596 годзе ў катэдральнай царкве Сьвятога Мікалая праваслаўныя Рэчы Паспалітай аднавілі еднасьць з каталікамі. Пры будаваньні крэпасьці ў першай палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі зьнішчылі архітэктурны ансамбль гістарычнага цэнтру (старажытны замак, 10 сакральных будынкаў, мураваны комплекс Рынку з ратушай і палац князёў Чартарыйскіх[2], помнікі архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагодзьдзяў), а само места перанесьлі на ўсход. Да нашага часу захаваліся толькі руіны комплексу кляштару бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., які патрабуе неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі, а таксама падмуркі калегіюму езуітаў і базылянскай царквы Сьвятых Пятра і Паўла. За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе тут склалі мірную дамову, згодна зь якой бальшавікі перадалі Нямецкай імпэрыі практычна ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. За часамі Другой сусьветнай вайны ў Берасьцейскай крэпасьці абараняліся сьпярша польскія, потым савецкія войскі. Адзінае места Беларусі, якое ў 1939 годзе сьпярша захапілі войскі Трэцяга Райху, аднак згодна з пактам Молатава — Рыбэнтропа ўрачыста перадалі СССР, вынікам чаго стаў супольны нацысцка-савецкі вайсковы парад.

Партрэт Вітаўта Вялікага з кляштару аўгустынаў
Меркаваны выгляд Берасьцейскага гораду (замка) у ХІІ—ХІІІ стагодзьдзях

Паселішча на месцы сучаснага Берасьця існавала значна раней за першы вядомы ўпамін гораду ў пісьмовых крыніцах. Яно належала старажытнаму германскаму племені готаў. У III—IV стагодзьдзях насельніцтва беларускага Пабужжа ўтварала адзінства з носьбітамі вельбарскай культуры. На землі Пабужжа насельніцтва гэтай культуры пранікла каля 160—180-х гадоў і захоўвалася да 350—375 гадоў улучна. У 1960-я гады ў час будаўнічых працаў на тэрыторыі сучаснага Берасьця, на правым беразе Мухаўца, археолягі знайшлі некалькі могільнікаў вельбарскай культуры, якая атаясамляецца з гоцкімі плямёнамі. Найбольш поўна з гэтых гоцкіх могільнікаў дасьледавалі могільнік Берасьце-Трышын. Археоляг Юры Кухарэнка выявіў і дасьледаваў тут 70 пахаваньняў[3]. У 2015 годзе ў Берасьці ў мікрараёне Кавалёве, пры будаваньні дарогі на Луцкай вуліцы, выпадкова выявілі яшчэ адзін грунтовы могільнік першай паловы першага тысячагодзьдзя нашай эры, які займаў плошчу каля 2 га. Паводле археоляга Аляксандра Башкова, які дасьледаваў 8 ацалелых пахаваньняў на плошчы 100 м², гэты археалягічны помнік жалезнага веку мае шмат агульнага з помнікам вельбарской культуры Берасьцем-Трышынам[4]. Пазьней гэтая тэрыторыя стала месцам інтэнсіўных кантактаў славянскага і балтыйскага (яцьвягі) насельніцтва.

Першыя гістарычныя зьвесткі пра Берасьце зьмяшчаюцца ў «Аповесьці мінулых гадоў» і датуюцца 1019 (1017) годам. Старажытнае гарадзішча знаходзілася на невялікім мысе, які ўтварыўся на сутоцы Мухаўца з Бугам. Места ўзьнікла як гандлёвы цэнтар і фартэцыя. Ягонаму росту спрыяла вельмі зручнае геаграфічнае становішча на шляху паміж Усходам і Захадам. У ХІ—ХІІІ стагодзьдзях Берасьце было ў валоданьні тураўскіх, кіеўскіх і галіцка-валынскіх князёў, шматразова захоплівалася польскімі князямі. Адно зь нешматлікіх беларускіх местаў, якое захапілі і зьнішчылі войскі татара-манголаў (у апошні час частка беларускіх навукоўцаў гэта аспрэчвае).

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аблога Берасьця, 1657 г.

У 1319 годзе за вялікім князем Гедымінам Берасьце далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Па сьмерці вялікага князя Кейстута, местам авалодаў кароль польскі Ягайла. У 1380-я гады Вітаўт пры дапамозе тэўтонскіх рыцараў і наёмнікаў адбіў Берасьце ў Ягайлы. Рыцарамі камандаваў князь Ланкастэрскі — у будучым ангельскі кароль Генрых IV[5].

Мескі герб, 1840-я гг.

15 жніўня 1390 году Берасьце першым зь местаў сучаснай Беларусі атрымала Магдэбурскае права. Пазьней прывілеі неаднаразова пацьвярджаліся і пашыраліся вялікімі князямі, а з ХVІ ст. пачаў ужывацца мескі герб «у блакітным полі срэбны лук са стралой, накіраванай джалам угору»[6]. Паводле прывілею вялікага князя Ягайлы Берасьцю надавалася 60 ланаў (1500 га) ворнай зямлі, улучна зь вёскай Казловічамі. Пры вымярэньні места ўжылі тую ж сыстэму, што ў Памор’і[7].

Мікольская царква, у якой праваслаўныя аднавілі еднасьць з каталікамі

Берасьце мела вялікае геапалітычнае значэньне. Празь места праходзіў важны старажытны камунікацыйны і гандлёвы шлях з усходу на захад Эўропы (Via Regia — Каралеўская дарога) і адна зь яго дзьвюх частак з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад зь Вільні ў Кракаў (Via Jagellonica — Ягелонскі шлях), якая атрымала назву Вялікая (Берасьцейская) дарога. Гэта стала адной з падставаў таго, што 8—9 сьнежня 1409 году ў Берасьці адбылася таемная нарада паміж каралём польскім Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам, на якой яны пастанавілі супольна выступіць супраць рыцараў Тэўтонскага ордэну. Сярод запрошаных на нарадзе быў і кыпчацкі султан Саладзін (Джэлал ад-Дзін), які таксама абяцаў падтрымку. На нарадзе ў Берасьці ўладары разглядзелі і ўзгаднілі стратэгічна-тактычныя пытаньні будучай летняй кампаніі 1410 году. Вынікам Берасьцейскай нарады 1409 году і распрацаванага на ёй пляну стала перамога пад Грунвальдам (1410 год), у якой брала ўдзел і Берасьцейская харугва.

Аблога Берасьця, 1657 г.

У 1413 годзе Берасьце стала цэнтрам староства ў складзе Троцкага ваяводзтва[8] і паводле прывілея належала да галоўных местаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1500 годзе Берасьце разрабавалі крымскія татары. У 1507 годзе вялікі князь выдаў прывілей берасьцейскім жыдам[9]. З 1520 году Берасьце стала цэнтрам павету, а з 1555—1566 гадоў — ваяводзтва.

Кляштар бэрнардынак на Замухавеччы, XVII ст.

У ХVІ ст. Берасьце — адно з найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час дасягаюць значнага росквіту рамесныя цэхі. У першай палове ХVІІ ст. у месьце існавала 16 рамесных цэхаў — ганчарскі, злотніцкі, гарбарскі, кавальскі і інш. У 1553 годзе староста берасьцейскі Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню, якая ў 1563 годзе выдала Берасьцейскую, альбо Радзівілаўскую (кальвінскую) Біблію (на польскай мове). На той час гэта было адно з найлепшых, па-мастацку аздобленых друкаваных выданьняў у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім. Агулам у Берасьцейскай друкарні было выдадзена каля 40 кніг. У 1558 годзе ў Берасьце выдалі канцыянал «Песьні хвал боскіх» (друкар Ян Зарэмба), з чым зьвязваюць пачатак нотадрукаваньня на тэрыторыі сучаснай Беларусі[10]. У 1569 годзе ў месьце адкрылася першая аптэка[11]. Аднак аптэкар значыўся ў попісе места ўжо ў 1566 годзе. 1 сьнежня 1588 году канцлер Леў Сапега скончыў у Берасьці сваю працу над трэцяй рэдакцыяй Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, які завяршыў кадыфікацыю права ў дзяржаве. У прадмове-звароце да новаабранага караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы і ўсіх станаў Вялікага Княства Літоўскага стаіць уласнаручны подпіс канцлера з дакладна пазначанымі месцам і датай зьяўленьня дакумэнту: «Писан у Берестью лета от нароженья сына Божьего 1588 месяца декабря, 1 дня»[12]. Падрыхтаваны Л. Сапегам і зацьверджаны каралём Статут 1588 году юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў рамках хаўруснай дзяржавы Рэчы Паспалітай, нягледзячы на супраціў гэтаму палякаў па падпісаньні акту Люблінскай уніі. Гэты Статут дзеяў да 1840 году.

Герб Берасьцейскага ваяводзтва з Пагоняй

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Берасьця і ваколіцаў ліцьвінамі: паводле асабовага каталёгу езуітаў, Мікалай Грэбянеўскі (уступіў у ордэн у 1572 годзе) азначаецца як Lithuanus, ex Brzestae districtu[13], а паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Ісыдор Ляшчынскі азначаецца як Lithuanus, ex Palatinatu Brestensi (1714 год)[14]. У матрыкуле Базэльскага ўнівэрсытэту пад 1599/1600 годам значыцца Nicolaus Zenowitz, Palatinides Brestensis Lituanus[15]. У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Serapion Lozowsky Lithuanus Brestensis (1711—1714 гады), Sylvester Arteczky Lituanus ex Palatinatu Brestensi (1738—1742 гады)[16]. Паводле каталёгу ордэну трынітарыяў у Рэчы Паспалітай (1785 год), Maria de Mercede Grabowski… Lithuanus, in palatinatu Brestensi natus… Omnibus Sanctis Zadarnowski… Lithuanus, in palatinatu Brestensi natus[17].

У 1591 годзе з ініцыятывы кашталяна берасьцейскага Адама Пацея (пазьней — біскупа і ўніяцкага Кіеўскага мітрапаліта) пры катэдральнай царкве Сьвятога Мікалая ўтварылася брацтва, пры якім існавала школа, дзе выкладаньне вялося на беларускай мове. У 1592—1595 гадох у ёй працаваў настаўнікам выдатны пэдагог і царкоўны дзяяч, гуманіст-асьветнік Лаўрэнці Зізаній.

Панарама Пясецкай вуліцы, 1823 г.

8 кастрычніка паводле старога стылю (18 — паводле новага стылю, на які перайшла Рэч Паспалітая) 1596 году на царкоўным саборы, што праходзіў у катэдральнай царкве Сьвятога Мікалая, адбылося абвяшчэньне Берасьцейскай уніі, у выніку якой Праваслаўная Царква на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (Кіеўская мітраполія) аднавіла еднасьць з Апостальскім Пасадам у Рыме. Адным з галоўных яе ініцыятараў быў колішні кашталян берасьцейскага замку, а потым біскуп уладзімерскі і берасьцейскі Іпаці Пацей — выдатны грамадзкі і рэлігійны дзяяч, багаслоў і пісьменьнік-палеміст. Дзеля падтрымкі і пашырэньня ідэяў Уніі ў Берасьце з Папскай Грэцкай калегіі ў Рыме быў запрошаны знакаміты ў той час багаслоў грэк Пётар Аркудзі.

У ХІV—ХVIII стагодзьдзях у Берасьці існавалі касьцёлы і кляштары аўгустынаў, бэрнардынаў, брыгітак, дамініканаў, трынітарыяў, цэрквы і манастыры. Ад 1615 году ў Берасьці зьявілася езуіцкая місія, пры якой з 1633 году дзеяў езуіцкі калегіюм. У ХVІІ ст. у калегіюме навучаўся, а потым быў намесьнікам рэктара філёзаф Казімер Лышчынскі, які за свой недапісаны трактат «Аб неіснаваньні Бога» (у другой, недапісанай частцы якога меў зьняпраўдзіць свае папярэднія тэзы) быў пакараны сьмерцю і спалены ў 1689 годзе на пляцы Старога Места ў Варшаве.

У 1648 годзе Берасьце разбурылі казакі Б. Хмяльніцкага[18], у гэты ж час адбыліся паўстаньні месьцічаў. У 1653 годзе ў Берасьці засядаў Сойм Рэчы Паспалітай. За часамі Паўночнай вайны ў 1657 годзе места захапілі і спалілі швэды. 13 студзеня 1660 году Берасьцем авалодалі маскоўскія войскі пад камандаю Хаванскага, якія выразалі ў захопленым замку каля 1,7 тыс. чал.[19], а само места цалкам зьнішчылі[20]. У 1661 годзе Берасьце вызвалілі войскі Вялікага Княства Літоўскага. У 1665—1666 гадох у месьце працавала мынца, якая за год выпусьціла медных шэлегаў (гэтак званых барацінак) на суму больш чым 2,5 мільёну злотых.

Берасьце зьведала значныя спусташэньні ў часы Вялікай Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў, зруйнаванае места вызвалілі на чатыры гады амаль ад усіх дзяржаўных павіннасьцяў. З ХVIII ст. існавала асобная Берасьцейская грэка-каталіцкая япархія, а ў 1726 годзе ўтварылася Берасьцейская рымска-каталіцкая дыяцэзія[18]. У эканамічных адносінах места было галоўным рачным портам на Бугу, а ў канцы ХVIII ст. падскарбі А. Тызэнгаўз заснаваў тут суконную мануфактуру. У 1792 годзе Берасьце на некаторы час стала апорным пунктам Таргавіцкай канфэдэрацыі. За часамі паўстаньня 1794 году расейскія акупацыйныя войскі на чале з А. Суворавым разьбілі аддзелы паўстанцаў пад камандай Ю. Серакоўскага і захапілі места.

Выгляд цэнтру Берасьця ў XVII ст. (фрагмэнт гравюры Э. Дальбэрга) Умоўныя пазначэньні: A. Castellum — Замак; B. Templum Iesuilarum — Касьцёл езуітаў; C. Templum Parochiale — Фарны касьцёл; D. Templ. Graco-rum — Грэцка-каталіцкая царква; E. Templ. Dominicanorum — Дамініканскі касьцёл; F. Coenob. Bernhardinorum — Кляштар бэрнардынаў; G. Synagogux Iudcorum — Сынагога.
Выгляд цэнтру Берасьця ў XVII ст. (фрагмэнт гравюры Э. Дальбэрга)
Умоўныя пазначэньні: A. CastellumЗамак; B. Templum IesuilarumКасьцёл езуітаў; C. Templum ParochialeФарны касьцёл; D. Templ. Graco-rumГрэцка-каталіцкая царква; E. Templ. DominicanorumДамініканскі касьцёл; F. Coenob. BernhardinorumКляштар бэрнардынаў; G. Synagogux Iudcorum — Сынагога.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зьнішчэньне Берасьця, 1846 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Берасьце апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. Расейскія ўлады скасавалі Магдэбурскае права, а само места, ранейшую сталіцу ваяводзтва, ператварылі ў цэнтар павету. З 1799 году Берасьце ўваходзіла ў склад Літоўскай губэрні, а з 1801 году — у Гарадзенскую губэрню. У 1817 годзе ў Берасьці было 17 мураваных і 446 драўляных будынкаў. У 1822 годзе, паводле зьвестак вайскова-тапаграфічнага Дэпо, у месьце было «10 мураваных цэркваў і 3 драўляныя, 550 дамоў, у тым ліку 17 мураваных, жыхароў абодвух плоцяў да 7800 чалавек, зь іх жыдоў мужчынскай плоці 3392, жаночай 3525»[21]. Асноўнай крыніцай даходу месьцічаў былі гандаль і рыбная лоўля.

Першыя пляны і праекты будаваньня крэпасьці на месцы старажытнага Берасьця зьявіліся ўжо адразу па падзелах Рэчы Паспалітай, што аднак захоўвалася ў таямніцы ад саміх месьцічаў. З 1830-х гадоў улады Расейскай імпэрыі пачалі будаваць умацаваньні на месцы старога места. Калі плян пабудовы крэпасьці афіцыйна зацьвердзілі, у Берасьці пачаліся частыя пажары: такім спосабам расейскія ўлады ачысьцілі тэрыторыю пад пабудову крэпасьці. Прытым кампэнсацыі за зруйнаваную дзеля пабудовы крэпасьці маёмасьць жыхарам Берасьця максымальна заніжалі і доўгі час адмаўляліся выплачваць, што супярэчыла законам самой Расейскай імпэрыі. Людзі мусілі доўгія гады весьці судовыя працэсы і пры гэтым многія атрымалі толькі частку ад ужо заніжаных сумаў або не атрымлівалі грошай, увогуле. Само места перанесьлі на дзьве з паловай вярсты на ўсход. Тых, хто праз заніжаныя або, увогуле, нявыплачаныя кампэнсацыі ня змог пераехаць да прызначанага тэрміну, высялялі прымусова з дапамогай паліцыі. Месьцічы мусілі прадаваць радзінныя рэліквіі і ўпрыгожваньні, каб выжыць. Захаваліся дакумэнтальныя сьведчаньні, што першы час людзі ў новым месьце жылі ў зямлянках[22].

На 1860 год у Берасьці было 55 мураваных і 757 драўляных будынкаў. З 1870-х гадоў места стала значным чыгуначным вузлом. Апроч чыгункі, важную ролю ў жыцьці Берасьця адыгрываў рачны порт, толькі ў 1857 годзе гандлёвы абарот яго дасягаў амаль 1 млн рублёў. На загад віленскага генэрал-губэрнатара ад 19 жніўня 1866 году на падставе ўказу расейскага Сэнату ад 15 красавіка таго ж году ў Берасьці, а таксама ў Горадні, Кобрыні, Пружанах і Слоніме з мэтай больш жорсткага кантролю над мясцовым самакіраваньнем замест магістрату ўтваралася гарадзкая дума (рас. городская дума)[23].

Падзеі Крывавай нядзелі 9 студзеня 1905 году знайшлі свой водгук і ў Берасьці. Пратэстамі тут кіравалі мясцовыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ППС у Літве і Бунда. Сацыял-дэмакраты з берасьцейскіх арганізацыяў Бунда, ППС у Літве ды іншыя прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадзкасьці места спрабавалі супрацьстаяць чарнасоценнай прапагандзе, імі прыкладаліся намаганьні дзеля арганізацыі змаганьня працоўных супраць габрэйскіх пагромаў. У красавіку 1905 году берасьцейскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунду правёў 16 сходаў (у кожным брала ўдзел каля 100 чал.), на якіх разглядалася пытаньне пра стварэньне аддзелаў самаабароны ад грамілаў. 29 траўня (11 чэрвеня) 1905 году чарнасоценцы з ніжніх запасных чыноў і крымінальнікаў учынілі ў Берасьці габрэйскі пагром. Некалькі чалавек былі забітыя, дзясяткі параненыя. Страты дасягнулі вялікіх памераў. Пачаўшыся ў гасьціным двары, пагром пашырыўся на вуліцах Мясной, Крывой ды іншых. Рабавалі крамы, ламалі мэблю, усюды было разьбітае шкло, а пух ад парваных пярынаў лётаў на вуліцах. Габрэйская самаабарона спрабавала абараняцца і страляла ў адказ, але ў яе самой былі ахвяры. Выкліканы зь берасьцейскай фартэцыі аддзел вайскоўцаў спыніў бясчынствы грамілаў-чарнасоценцаў[24]. 30 чэрвеня 1905 году ў Берасьці адбыўся ўсеагульны страйк працоўных, у якім брала ўдзел каля 5 тысячаў чалавек. На вуліцы Паліцэйскай (цяпер Савецкая) адбыўся масавы палітычны мітынг, на якім было каля 3 тысячаў чалавек[25]. Пры падрыхтоўцы чарнасоценцамі новага пагрому ў кастрычніку — лістападзе 1905 году мясцовыя камітэты Бунду, ППС у Літве і сыяністаў-сацыялістаў рашуча заявілі паліцыі, што створаць аддзелы самаабароны дзеля змаганьня супраць чарнасоценных грамілаў. Пагром быў папярэджаны[24]. 19 кастрычніка 1905 году ў Берасьці былі арганізаваныя палітычная дэманстрацыя і мітынг у зьвязку з абвяшчэньнем царскага маніфесту 17 кастрычніка, па чым места абвясьцілі на ваенным становішчы. Рэвалюцыйны рух ахапіў таксама і салдат гарнізону. 24 лістапада 1905 году рота артылерыі гарнізона крэпасьці на чале з А. Аляксандравым арганізавала мітынг, да яго далучыліся салдаты 7-й, 11-й, 12-й, 15-й і 16-й рот. Удзельнікі мітынгу патрабавалі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх рэвалюцыйных матросаў, якія знаходзіліся ў зьняволеньні, палепшыць умовы службы ды іншае. Па гэтым галоўныя завадатары пісары А. Аляксандраў і П. Гарохаў былі арыштаваныя і асуджаныя на катаргу[25]. 11 сьнежня 1905 году ў Берасьці адбыўся агульнамескі мітынг, які праходзіў легальна. Прагучалі прапановы падтрымаць узброенае паўстаньне ў Маскве агульным палітычным страйкам, многа гаварылася пра свабоду сходаў, слова, сумленьня. Мітынг закончыўся сьпевамі «Марсэльезы». 8 ліпеня 1906 году пачалося найбуйнейшае выступленьне ў Берасьці — хваляваньне сярод салдат крэпасьці. Паўстанцы былі акружаныя і ізаляваныя ад іншых вайсковых частак, 700 чалавек было арыштавана. Пад суд трапілі 32 салдаты, з якіх 5 былі апраўданыя, а астатнія прысуджаныя да катаржных работ на розныя тэрміны[25].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў ноч з 25 на 26 жніўня (паводле новага стылю, 12/13 жніўня — паводле старога стылю) 1915 году Берасьце занялі войскі Нямецкае імпэрыі. Калі да пачатку вайны жыхароў было каля 57 тысячаў, то на момант здачы места засталося толькі некалькі дзясяткаў чалавек. Усё насельніцтва Берасьця — хто пад узьдзеяньнем расейскай антынямецкай прапаганды, хто пад прымусам казакаў — мусіла было пакінуць места і падацца ў глыб Расейскай імпэрыі. Чыгуначных вагонаў для эвакуацыі хапіла толькі на невялікую колькасьць мяшчанаў. Большасьці ж берасьцейскіх сем’яў, якія мусілі былі пакінуць свае дамы і нажытую гадамі маёмасьць, давялося дабірацца ў цэнтральныя раёны імпэрыі на ўласных падводах і пехатою, многія на гэтым шляху загінулі ад голаду і хваробаў. Расейскае войска пры адступленьні мела загад падарваць фарты Берасьцейскай крэпасьці і масты, а само места — спаліць. Многія будынкі ў Берасьці былі зруйнаваныя і спаленыя спэцыяльнымі камандамі расейскай арміі, тым часам у цытадэлі крэпасьці яны збольшага засталіся цэлыя. З 3670 мескіх будынкаў цалкам або ў значнай ступені пацярпела 2500[26].

З 9 (22) сьнежня 1917 да 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці ў будынках на тэрыторыі крэпасьці праходзілі мірныя перамовы паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, у выніку чаго адбылося падпісаньне Берасьцейскага міру, які ня ўлічваў інтарэсаў беларусаў. 4 сакавіка 1918 году ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясьціў Берасьце сваёй часткай.

Беларуская Народная Рэспубліка. Міжваенны пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Берасьце абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары ваколіцаў (вёска Горкі Берасьцейскага павету) атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[27]. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам спрэчкі і перамоваў паміж БНР і УНР[28]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Берасьце ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе яно стала цэнтрам раёну[29]. Аднак дэ-факта ўвесь гэты час, да лютага 1919 году, Берасьце і ваколіцы знаходзіліся пад акупацыяй і поўным кантролем арміі Нямецкай імпэрыі. 9 лютага 1919 году Берасьце заняў польскі аддзел дабраахвотнікаў зь Віленскай самаабароны (Самаабароны Літвы і Беларусі). 1 жніўня 1920 году места занялі бальшавікі[30], але адступілі перад палякамі ў канцы таго ж месяцу.

26 лютага 1920 году ў Берасьце з Эстоніі пастанавілі перадысьлякаваць Асобны атрад БНР пад камандаю генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Ад 5 сакавіка цягнікамі зь Дзьвінску ў Берасьце генэрал С. Булак-Балаховіч змог перавезьці толькі частку жаўнераў свайго аддзелу, якія адмовіліся раззбройвацца. Аддзел генэрала С. Булак-Балаховіча зь некалькіх сотняў жаўнераў быў разьмешчаны ў Берасьцейскую крэпасьць для падмацаваньня і перафармаваньня. У вайсковым пляне вайсковыя фармаваньні генэрала С. Булак-Балаховіча былі падпарадкаваныя беспасярэдне начальніку Польскай дзяржавы Юзафу Пілсудзкаму. З чэрвеня 1920 году аддзел генэрала С. Булак-Балаховіча браў удзел у баях на польска-бальшавіцкім фронце на абшарах Палесься, а пазьней у абароне Варшавы. У час гэтых баёў армія генэрала С. Булак-Балаховіча значна вырасла за кошт дызэртыраў і палонных чырвонаармейцаў.

1 жніўня 1920 году Берасьце і Берасьцейскую крэпасьць захапілі войскі бальшавіцкай Расеі, якім пэўны час спрабавалі супрацьстаяць аддзелы генэрала Сікорскага. Згодна з Рыскай мірнай дамовай у 1921 годзе Берасьце фармальна ўвайшло ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам Палескага ваяводзтва. За польскім часам у месьце працавалі чыгуначныя, швацкія, зброевая і мэханічныя майстэрні, тытунёвая фабрыка, гарэлкавы завод акцыянэрнага таварыства «Познань», бровар «Карона», лесапільня, млын. Тут утварыўся Берасьцейскі акруговы камітэт Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), а ў 1925 годзе працоўныя Берасьця на мескім мітынгу скандавалі «Няхай жыве аб’яднаная Савецкая Беларусь!»[31]. У студзені 1927 году ў месьце адбыўся суд над групай дзеячоў КПЗБ, а ў 1930 годзе пачаўся працэс над польскай апазыцыяй, якая выступала супраць маршала Юзэфа Пілсудзкага. 21 чэрвеня 1929 году да Берасьця далучылі частку гміны Косічаў, 29 лістапада 1933 году — частку гміны Камяніцы Жыравецкай[32][33], 1 сьнежня 1933 году — частку гміны Кабылянаў[34]. На 1936 год у Берасьці было 18 школаў, 5 гімназіяў, 3 кінатэатры, бібліятэка. У 1938 годзе намаганьнямі маладога кампазытара і дырыгента Сыльвэстра Часноўскага ўтварылася музычная школа імя Караля Шыманоўскага, дырэктарам якой стаў заснавальнік. Таксама ён арганізаваў у месьце хор і сымфанічны аркестар.

Другая сусьветная вайна

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя авіяўдары па Берасьці былі зьдзейсьненыя войскамі нацысцкай Нямеччыны ўжо 2 верасьня 1939 году. Тады было скінута 10 бомбаў, якія пашкодзілі Белы палац у крэпасьці. 9 верасьня 1939 году ў Берасьце прыехала калёна аўтамабіляў з Варшавы з польскімі ўраднікамі. У гэты ж дзень места зноў бамбардавалі нацысты. Неўзабаве гітлераўцы падыйшлі да Берасьця. 14 верасьня 1939 году пачалася абарона крэпасьці польскім войскам, у ходзе якой былі адбітыя 7 нямецкіх атак, пры гэтым людзкія страты з боку абаронцаў склалі каля 40%. У гэтых баях бралі ўдзел шмат мясцовых рэзэрвістаў. 17 верасьня польскія войскі адступілі на поўдзень у бок Тэрэспалю, у Берасьцейскай крэпасьці засталіся дабраахвотнікі.

Нягледзячы на тое, што Берасьцем авалодалі немцы, згодна з пактам Молатава-Рыбентропа — сакрэтным пагадненьнем паміж нацысцкай Нямеччынай і камуністычным СССР аб разьмежаваньні сфэраў уплыву — 22 верасьня 1939 году места перайшло пад кіраваньне Чырвонай арміі. У гэты ж дзень у Берасьці адбыўся супольны савецка-нацысцкі парад, які прымалі нямецкі генэрал Гудэрыян і савецкі вайскавод Крывашэін. У час параду нямецкія і савецкія вайсковыя начальнікі абмяняліся сьцягамі.

Па далучэньні да БССР 4 сьнежня 1939 году Берасьце стала адміністрацыйным цэнтрам вобласьці. 22 чэрвеня 1941 году колішнія хаўрусьнікі напалі на СССР, першы ўдар прыйшоўся на Берасьце. Да 30 чэрвеня цягнулася арганізаваная абарона Берасьцейскай крэпасьці, па чым засталіся ізаляваныя агмені супраціву (большасьць зь якіх ліквідавалі на працягу наступнага тыдня) і адзінкавыя байцы. Апошні абаронца крэпасьці П. Гаўрылаў трапіў у палон 23 ліпеня.

З пачаткам нямецкай акупацыі Берасьце некалькі разоў мяняла сваю адміністрацыйную прыналежнасьць. На пачатку акупацыі 1 жніўня 1941 году места і ўся тагачасная Берасьцейская вобласьць БССР, як і Беластоцкая вобласьць, былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі і ўваходзілі ў склад Беластоцкай акругі[35]. Але ўжо 1 верасьня 1941 году тэрыторыю Беларускага Палесься (Берасьцейская, Пінская і Палеская вобласьці) разам зь Берасьцем далучылі да Райхскамісарыяту «Ўкраіна». Генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ лічыў памылкай улучэньне поўдня Беларусі ў склад Райхскамісарыяту «Ўкраіна» і на нарадзе гебітскамісараў у Менску ў красавіку 1943 году выказваў сваю нязгоду зь перадачай апошняму «значнай часткі тэрыторыі Паўднёвай Беларусі», а таму прапаноўваў райхскамісару Ўкраіны Эрыху Коху перанесьці лінію падзелу да «пінскіх балот». Аднак гэтае пытаньне разьвязвала кіраўніцтва іншых установаў Трэцяга Райху, у першую чаргу Галоўнае камандаваньне сухапутных войскаў і кіраўніцтва міністэрства па занятых усходніх тэрыторыях. Менавіта райхсміністар Альфрэд Розэнбэрг вызначыў мяжу паміж Украінай і Беларусьсю на поўнач ад Прыпяці, бо такі падзел, хоць і не адпавядаў інтарэсам ваеннага кіраўніцтва, але забясьпечваў Райхскамісарыят «Украіна» лесам і дрэваматэрыяламі, а таксама ствараліся ўмовы для выкарыстаньня сыстэмы каналаў Прыпяці і чыгункі Берасьце — Гомель.

1 верасьня 1941 году а 12-й гадзіне дня была афіцыйна створана Генэральная акруга «Берасьце Літоўскае» (ням. Generalbezirk Brest-Litowsk)[36]. Месцам знаходжаньня генэральнага камісарыяту было Берасьце Літоўскае. Увосень 1941 году тут утварыліся кіроўныя органы новай грамадзянскай адміністрацыі — гебітскамісарыяту (акругі) ў Берасьці Літоўскім. 1 студзеня 1942 адбылося перайменаваньне Генэральнай акругі «Берасьце Літоўскае» на Генэральную акругу «Валынь-Падольле». Аднак да 19 чэрвеня 1942 адміністрацыйны цэнтар акругі яшчэ знаходзіўся ў Берасьці Літоўскім, па чым яго перанесьлі ў Луцак. 8 верасьня 1942 году Берасьцейскі мескі (ням. Kreisgebiet Brest-Litowsk-Stadt) і Берасьцейскі сельскі гебіт (ням. Kreisgebiet Brest-Litowsk-Land) аб’ядналі ў адзін новы Берасьцейскі гебіт (ням. Kreisgebiet Brest Litowsk). У лютым 1944 году тэрыторыю Берасьцейскага гебіта (а таксама Кобрынскага і Пінскага гебітаў) з улікам этнічнага і гістарычнага аспэктаў перадалі ў склад Генэральнай акругі Беларусь[37].

У час нацыстоўскай акупацыі Берасьця ў месьце дзеялі групы камуністычнага, камсамольскага, антыфашысцкага падпольляў, а таксама Палескай акругі Арміі Краёвай. У сьнежні 1941 году нямецкія акупанты зьмясьцілі жыдоў у гета, дзе абсалютную большасьць забілі за 1942 год[38] (на 1941 год жыды складалі 72% насельніцтва места). Пад нямецкай акупацыяй Берасьце знаходзілася па 28 ліпеня 1944 году.

8 траўня 1965 году савецкія ўлады надалі Берасьцейскай крэпасьці ганаровае званьне крэпасьць-герой, з уручэньнем ордэна Леніна і мэдаля «Залатая Зорка». У 1969—1971 гадох на тэрыторыі крэпасьці ўтварыўся мэмарыяльны комплекс.

У паваенны пэрыяд у межы Берасьця ўвайшлі навакольныя вёскі: Адамкова, Бярозаўка 1-я, Бярозаўка-2-я (усе 1958 год), Бярозаўка (1968 год), Валынка, Вулька Падгародзкая, Гузьні (абедзьве ў 1968 годзе), Дуброўка (1979 год), Кавалёва (1958 год), Кацельня Падгародзкая (1968 год), Кацінбор (1979 год), Крушына (1968 год), Лысая Гара (1958 год), Пугачова (1979 год), Рэчыца, Трышын (абедзьве ў 1968 годзе); Паўднёвы гарадок (у канцы 1930-х гадоў меў назву Траўгутава)(1958 год)[39].

Рэспубліка Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1990 году Берасьце — адзін з шасьці абласных цэнтраў незалежнай Беларусі. Тут разьмясьціліся Генэральныя кансуляты Рэспублікі Польшча, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны. З 1991 году працуе мытня «Заходні Буг». У 1996 годзе ўтварылася свабодная эканамічная зона «Берасьце».

Берасьце стала адным з цэнтраў пратэстаў 2020—2021 гадоў[40]. 10 жніўня тут праходзілі сутыкненьні супрацоўнікаў АМАП з пратэстоўцамі, у час якіх карнікі ўжывалі сьветлашумавыя шашкі. 11 жніўня ў Берасьці быў паранены ўдзельнік пратэстаў Генадзь Шутаў. Яго ў крытычным стане перавялі ў шпіталь Міністэрства абароны, дзе 19 жніўня ён памёр[41]. 16 жніўня 2020 году ў Берасьці прайшоў Марш за свабоду.

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 17.
  2. ^ Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 378.
  3. ^ Кухаренко Ю. В. Полесье и его место в процессе этногенеза славян (По материалам археологических исследований) // Полесье (Лингвистика. Археология. Топонимика). — М., 1968.
  4. ^ Археологический памятник начала нашей эры обнаружен в Бресте, БЕЛТА, 16 кастрычніка 2015 г.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 125.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 127.
  7. ^ Ławrowska I. Analysis of the Territorial Layout of Brest Litovski (XIV—XVI century). Structural Analysis of Historical Constructions / ed. Jerzy Jasieńko. — Wrocław, 2012. S. 1220—1230.
  8. ^ Грынявецкі В. Берасце // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 313.
  9. ^ Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 32.
  10. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 286.
  11. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  12. ^ Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 : Тэксты. Давед. Камент. / Беларус. Сав. Энцыкл.: І. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск : БелСЭ, 1989. С. 10.
  13. ^ Шевченко Т. Етнохороніми українців, білорусів і литовців в єзуїтських джерелах ранньомодерної доби // Славістична збірка. Вип. 1. — К., 2015. С. 28.
  14. ^ Надсан А. Беларусы ў Грэцкай калегіі // Запісы БІНіМ. Т. 30. — New York — Miensk, 2006. С. 173.
  15. ^ Die Matrikel der Universität Basel. Bd. 2. — Basel, 1956. S. 491.
  16. ^ Blažejovskyj D. Ukrainian and Armenian pontifical seminaries of Lviv (1665—1784) (Analecta OSBM. Vol. 29). — Rom, 1975. P. 59.
  17. ^ Asuncion A. Diccionario de escritores Trinitarios de Espana y Portugal. T. 2. — Roma, 1899. P. 545, 553.
  18. ^ а б Грынявецкі В. Берасце // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 314.
  19. ^ Курукин И. В., Булычев А. А. Повседневная жизнь опричников Ивана Грозного. — Москва: Молодая гвардия, 2010. С. 336.
  20. ^ Гладыщук А. А. Никитчик А. Д. Инвентари Берестейского замка и города после 1660 года // Вестник Брестского государственного технического университета. — №6. — 2013. С. 42. [1]
  21. ^ Орлов В. Крепость Брест-Литовск и её жители(недаступная спасылка), База данных Наследие Брестской крепости, 16.05.2018 г.
  22. ^ Коршунов С. «Денег нет, но вы держитесь». Как жители старого Бреста выбивали компенсации за снесенные под крепость дома, TUT.BY, 20.02.2020 г.
  23. ^ Токць С. Дзейнасць гарадзенскіх выбарных гарадскіх устаноў перыяду Расійскай імперыі ў матэрыялах НГАБ у Горадні / Гарадзенскі палімпсест — 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XVI—XX ст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7 лістапада 2009 г.) / Пад рэдакцыяй А. Смаленчука, Н. Сліж. — Беласток, 2009. С. 333—334.
  24. ^ а б Иоффе Э. История еврейских общин Беларуси. Брест // Прошлое и настоящее евреев Беларуси. Сборник статей. — М., 1998. — 64 с.
  25. ^ а б в Сухапар У. 2020 г. — 115 гадоў з часу стварэння Брэсцкай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі РСДРП (1905)
  26. ^ Рубашевский Ю. Сто лет назад Брест был сдан австрийцам // Вечерний Брест. 21 августа 2015 г.
  27. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  28. ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne. Nr. 15.
  29. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  30. ^ Kronika powstań polskich 1794—1944. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. ISBN 83-86079-02-9. — S. 360.
  31. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 20.
  32. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 31 maja 1929 r. o rozszerzeniu granic miasta Brześcia n/Bugiem w powiecie brzeskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 43, poz. 354 (пол.)
  33. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 15 listopada 1933 r. o rozszerzeniu granic miasta Brześcia n/Bugiem w powiecie brzeskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 93, poz. 716 (пол.)
  34. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 28 listopada 1933 r. o zmianie granic województw lubelskiego i poleskiego (Dz. U. Nr 94 poz. 719) (пол.)
  35. ^ Золотарев В., Кульков Е. Генеральный план «Ост» // Международная жизнь. — МИД РФ, 2011. — № 6.
  36. ^ Territoriale Veränderungen in Deutschland und deutsch verwalteten Gebieten 1874—1945.  (ням.)
  37. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 384.
  38. ^ Яскевіч С. Нобэлеўскі ляўрэат родам зь Берасьця // Зьвязда : газэта. — 2 лістапада 2013. — № 208 (27573). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  39. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 17.
  40. ^ Кого и за что судят в Бресте после протестов, Deutsche Welle, 28.08.2020 г.
  41. ^ Сьледчы камітэт апісаў абставіны забойства берасьцейца падчас акцыі пратэсту (бел.). Свабода (2020-08-19). Праверана 2020-09-10 г. Архіўная копія ад 2020-09-10 г.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Ганцэр К. «Рэвалюцыя» ў Берасьцейскім краязнаўчым музэі // ARCHE Пачатак. № 2, 2013. С. 60—68. [2]
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
  • Дайлід П. Берасце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам, Брэст… // Газета для вас. № 712, 20 жніўня 2009 г.
  • 3абела Т. Места Берасьцейскае ў XVI сталецьці. Сацыяльна-эканамічны нарыс // Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. Інстытут Беларускае Культуры. Кніга 8. Працы клясы гісторыі. Т. ІІІ. — Менск, 1929. С. 81—126.
  • Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
  • Ганцер К. (руководитель группы авторов-составителей), Еленская И., Пашкович Е. [и др.]: Брест. Лето 1941 года. Документы, материалы, фотографии. — Смоленск: Инбелкульт, 2016. ISBN 978-5-00076-030-7 [3].
  • Зоненберг X. История города Брест-Литовска, 1016—1907: По достоверным источникам и правдоподобным умозаключенням. — Варшава, 1908.
  • Лысенко П. Ф. Открытие Берестья. — Мн., 1989.
  • Науменко В. Я. Брест: Ист.-экон. очерк. 2 изд. — Мн., 1977.