Перайсьці да зьместу

Калёнія Варбурга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дом у калёніі Варбурга (1923)

Калёнія Ва́рбурга — колішні квартал двухпавярховых драўляных дамоў у Берасьці, архітэктурны ўзор закапанскай архітэктуры першай траціны XX стагодзьдзя.

Дванаццать драўляных двухпавярховых дамоў былі пабудаваныя ў 1925—1927 роках на сродкі жыдоўскай дабрачыннай арганізацыі «Джойнт» (ЗША) для бедных юдэйскіх сем’яў Берасьця-Літоўскага. З гэтай мэтай была набытая тэрыторыя ў Кіеўскай слабадзе між каталіцкімі ды жыдоўскімі могілкамі[1].

Дамы збудаваныя ў рэдкім для Берасьцейшчыны закапанскім стылі драўлянай архітэктуры па двух нязначна адрозных адзін ад аднаго праектах (з адной ці дзьвюмя мансардамі), распрацаваных адмыслова для калёніі. Агульная плошча васьмікватэрнага дому — 250 квадратных мэтраў, кожнай кватэры належала таксама дрывотня і прыбіральня. Калёнія была створаная самадастатковай — акрамя жылых дамоў улучала майстэрні, школу, сталоўку, дзьве пральні з духоўкамі і душам. Пад двума з дамоў былі абсталяваныя проціпажарныя рэзэрвуары з гідрантамі; чатыры студні забясьпечвалі калёнію вадой. Уезд у калёнію ўпрыгожвала драўляная брама з надпісам польскай мовай. Калёнія атрымала назву ў гонар Фэлікса Морыца Варбурга — банкіра, які ўзначальваў у тыя гады «Джойнт» і асабіста быў адным з спонсараў праекту: на ягоныя сродкі быў забрукаваны цэнтральны праезд, які стаў вуліцай імя Фэлікса Варбурга[1] (цяпер Першы Менскі завулак).

З прыходам нямецкіх войскаў у 1941 року жыхары калёніі былі пераселеныя ў гета, а 15 кастрычніка 1942 року — расстраляныя ў ліку трыццаці тысячаў берасьцейскіх жыдоў. Будынкі калёніі былі прыстасаваныя пад лягер для савецкіх палоньнікаў. Пасьля вяртаньня ў Берасьце войскаў Чырвонай арміі ў 1944 року ў лягеры №284 трымалі нямецкіх, італьянскіх і вугорскіх палоньнікаў. У 1950 року дамы былі адрамантаваныя і зноў сталі выкарыстоўвацца як жылыя.

Да канца XX стагодзьдзя дамы значна здрахлелі. Першыя пяць зь іх у пачатку двухтысячных рокаў адсялілі і разбурылі, на іхнім месцы збудавалі інтэрнат Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[2]. У 2009 року быў заплянаваны знос рэшты сямі дамоў, але жыхароў тады адсяліць не пасьпелі. У 2010 року пасьля розгаласу ў грамадзтве і прэсе зьявіўся прапановы стварыць у калёніі этнаграфічны музэй і цэнтар жыдоўскай культуры, аднак мескія ўлады іх не ўхвалілі[3]. Толькі адзін будынак №12 па 1-м Менскім завулку атрымаў статус гісторыка-культурнага помніку[4].

У 2013 року дзеля будоўлі былі зьнесеныя яшчэ 3 дамы. Апошнія збудаваньні канчаткова былі зруйнаваныя ўвосені 2016 року.

  1. 1 2 Субботник в колонии Варбурга провели неравнодушные брестчане Грамадзтва. Брестский курьер (кастрычніка 2014). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
  2. У ансамбля колонии Варбурга есть шанс? (рас.). hata.by (27 сакавіка 2012). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
  3. Умирает „Колония Варбурга“, пока проектируют её реконструкцию Грамадзтва. Брестский курьер (кастрычнік 2012). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.
  4. Останутся ли „в живых“ еврейские домики после реконструкции квартала?. Брестский курьер (жнівень 2012). Праверана 19 кастрычніка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

52°06′11″ пн. ш. 23°42′11″ у. д.HGЯO