Касьцёл Сьвятой Соф’і і кляштар дамініканаў (Берасьце)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Сьвятой Соф’і і кляштар дамініканаў
| |
Касьцёл Сьвятой Соф’і і кляштар дамініканаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Берасьце |
Каардынаты | 52°05′04.82″ пн. ш. 23°39′40.42″ у. д. / 52.0846722° пн. ш. 23.6612278° у. д.Каардынаты: 52°05′04.82″ пн. ш. 23°39′40.42″ у. д. / 52.0846722° пн. ш. 23.6612278° у. д. |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Касьцёл Сьвятой Соф’і і кляштар дамініканаў на мапе Беларусі ![]() ![]() Касьцёл Сьвятой Соф’і і кляштар дамініканаў |
Касьцё́л Сьвято́й Со́ф’і і кля́штар дамініка́наў — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Берасьці. Знаходзіўся ў Замухавецкім прадмесьці, на высьпе пры дарозе на Кобрынь. Твор архітэктуры барока. Пры будаваньні Берасьцейскай фартэцыі ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі і ў 2-й палове XIX ст. зруйнавалі кляштар.
Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса і саду. Магчыма, да нашага часу захаваліся падмуркі.
Зьмест
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1635 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1628 годзе) войская берасьцейская Соф’я Магдалена Бухавецкая[1], дачка каралеўскага сакратара Мар’яна Лакніцкага, заснавала ў Берасьці кляштар дамініканаў. Дзеля гэтага яна зраклася кальвінізму і запісала дамініканам усе маёнткі, якія атрымала ў спадчыну ад бацькоў і 2 мужоў: 5 фальваркаў і вёсках Чамяраў, Дэрло, Дубаве, Велані.
Першыя, відаць, драўляныя будынкі значна пацярпелі за часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. Кляштар нанава адбудавалі на сродкі Соф’і Пражмоўскай, дачкі Гедэона Раецкага, ваяводы менскага. Яна ж перадала дамініканам абраз Маці Божай, які атрымаў вядомасьць цудоўнага.
Мураваны касьцёл асьвяцілі ў 1696 годзе, карпусы кляштару збудавалі значна пазьней, бо ў 1798 годзе ён яшчэ быў незавершаным. Пры кляштары існавалі навіцыят і школа філязофіі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У час будаваньня Берасьцейскай крэпасьці ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар, касьцёл часова пакінулі вернікам як парафіяльны.
Каля 1857 году расейскія ўлады зачынілі і зьнішчылі касьцёл Сьвятой Соф’і.
Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з 2 бакавымі капліцамі, накрытымі купаламі. Нэф пераходзіў у крыху вузейшы за яго прэзьбітэрыюм з прастакутнай апсыдай. З поўдня да яго далучаліся закрысьція і скарбніца. Галоўны фасад падзяляўся пілястрамі і разьвітым антаблемэнтам і завяршаўся фігурным шчытом з валютамі.
Унутраная прастора перакрывалася цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі. Інтэр’ер вызначаўся багатым малярска-разьбярскім аздабленьнем, яго ўпрыгожвалі 7 драўляных пазалочаных алтароў. Пры галоўным алтары знаходзілася надмагільле Соф’і Бухавецкай з партрэтам.
Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кляштарны корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак пад вальмавым дахам, які злучаўся з касьцёлам пераходам. Фасады падзяляліся прастакутнымі аконнымі праёмамі. Плян галерэйны. Памяшчаньні перакрываліся крыжовымі скляпеньнямі[2].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Ярашэвіч А. Берасцейскі кляштар дамініканцаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 320.
- ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 92.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.