Аб неіснаваньні Бога

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аб неіснаваньні Бога
De non existentia Dei
Жанр: філязофскі трактат
Аўтар: Казімер Лышчынскі
Мова арыгіналу: лацінская мова
Год напісаньня: 1674
Публікацыя: 1957
Выдавецтва: Euhemer. Przegląd religioznawczy
Колькасьць старонак: 530

«Аб неіснаваньні Бога» (па-лацінску: De non existentia Dei) — трактат берасьцейскага філёзафа Казімера Лышчынскага, напісаны лацінскай мовай, за які ў далейшым ён быў спалены.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трактат быў напісаны пасьля таго, як Казімер пакінуў ордэн езуітаў. Ён складаўся з 530 старонак[1] у 15 сшытках[2]. Трактат быў знойдзены ў доме Казімера Лышчынскага падчас ператрусу па даносе яго суседа Яна Бжоскага. Пасьля знаходкі трактата ён быў спалены. Захавалася ўсяго 5 фрагмэнтаў, выяўленых толькі ў 1957 годзе, сэнс якіх зводзіцца да адмаўленьня існаваньня Бога й абвінавачаньня клерыкалаў у «гашэньні сьвятла розуму». Бог, мяркуючы па трактаце, не існуе, зьяўляючыся хімерай чалавечай сьвядомасьці, якая выкарыстоўваецца царквой і дзяржавай у сваіх мэтах. Біблія напісана людзьмі, якія зь яе дапамогай падтрымліваюць зман. Пасьля знаходкі гэтых 5 фрагмэнтаў, яны былі апублікаваныя польскім філёзафам Анджэем Навіцкім у часопісе «Сьвет»[3].

У 2015 годзе польскі пісьменьнік Ежы Кохан напісаў кнігу пад назвай «De non existentia Dei», дзе першым героем кнігі зьяўляецца Казімер Лышчынскі[4]

Захаваныя фрагмэнты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклад з латыні, апублікаваны ў «З гісторыі філязофскай і грамадзка-палітычнай думкі Беларусі» (перакладзена з расейскай на беларускую мову)[5]:

I. Заклінаем вас, о багасловы, імем вашага бога; хіба вы гэтым не гасіце сьвятло розуму, не адымаеце сонца ў сьвету, не куляеце зь нябёсаў вашага бога, калі вы прыпісваеце богу немагчымае, супярэчлівыя рысы і ўласьцівасьці бога (Лічбы ў дужках абазначаюць старонкі й радкі рукапісу).

II. Чалавек — стваральнік бога, а бог — тварэньне й стварэньне чалавечае. Такім чынам, людзі — творцы й стваральнікі багоў, і бог зьяўляецца не сапраўднай сутнасьцю, а [стварэньнем] розуму й да таго ж хімерычным; таму бог і хімера — адно й тое ж (11 / 32–36).

III. Рэлігія ўсталявана людзьмі нявернікамі, каб ім аддавалі ўшанаваньні… Вера ў бога ўведзена бязбожнікамі. Страх божы выкліканы ня маючымі страху для таго, каб [іх] баяліся. Вера, якую лічаць сьвятой, — гэта чалавечая выдумка. Вучэньне, ці то лягічнае, ці філязофскае, якое хвалюецца тым, што яно вучыць праўдзе пра Бога, ілжывае. І, наадварот, тое, што асуджана як ілжывае, ёсьць праўдзівае (11, 37 і 1–5).

IV. Ілжэмудрацы падманваюць просты народ, аблытваючы яго ілжывай верай у бога й падтрымліваюць яе такім чынам, што нават калі б мудрацы захацелі яго [народ] вызваліць з дапамогай ісьціны ад гэтага прыгнёту, то іх [г. зн. мудрацоў] душаць пры дапамозе [самога ж] народа (12, 6–10).

V. Аднак мы не знаходзім ні ў нас саміх, ні ў іншых гэтага загаду розуму, які ўмацоўвае нас у адкрыцці божым, бо калі б яно ў нас было, то ўсё б пагадзіліся, не сумняваліся й не пярэчылі б супраць пісаньні Майсея й Эвангельля (якое ілжыва) і не было б розных вынаходнікаў розных сэкт і іхных прыхільнікаў — магамэтан і г. д. Аднак аб гэтым ня ведаюць і падвяргаюць гэта сумневу, а таксама выказваюць супярэчлівыя меркаваньні ня толькі нядуманыя, але й мудрацы, якія шляхам правільнай развагі, гэтак жа як і я, даказваюць супрацьлеглае. Такім чынам, бога няма (12, 11–20 і 23).

— Казімер Лышчынскі, «Аб неіснаваньні бога», 1674

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філёзаф-езуіт Ігнаці Францішак Запольскі ў лісьце ад 19 лістапада 1698 году так ахарактарызаваў філязофію Лышчынскага[6]:

«Варта заключыць, што гэты атэіст спадар Лышчынскі ўсё выводзіў з прыроды. Аснова памылкі гэтага атэіста адмоўная й станоўчая. Адмоўная: ён сьцьвярджаў і даказваў у сваіх пісаньнях, якія я чытаў і па загадзе найсьвятлейшага караля Яна III сьцісла выклаў у Гародню — „няма й ня можа быць ніякага доказу існаваньня Бога“; і ён стараўся вырашыць пытаньні, якія звычайна ставяцца ўсімі. Дадатнай асновай было тое, што Бог існуе, што сьцьвярджаецца й намі; яна ўключае складанасьці (заблытанасьці), зьвязаныя з таямніцай сьвятой Тройцы й свабоднымі дзеяньнямі Бога».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Храналёгія. 4 сакавіка 1634. — «Ibrest.com» (рас.)
  2. ^ Гістарычнае й падрабязнае паведамленьне аб зьняволеньні ў турму й сьмерці Казімера Лышчынскага. — «Starbel.narod.ru» (рас.)
  3. ^ Nowicki A. Pięć fragmentów z dzieła «De non existentia Dei» Kazimierza Łyszczyńskiego (według rękopisu Biblioteki kórnickiej, № 443) // Euhemer. Przegląd religioznawczy. Z. 1, № 1, listopad-grudzień. Warszawa, 1957. (пол.)
  4. ^ Kochan, 2015.
  5. ^ Из истории философской и общественно-политической мысли Беларуси: Избранные произведения XVI – нач. XIX в. Мн., 1962. С. 285-286. Пер. с латыни. (рас.)
  6. ^ Ігнаці Францішак Запольскі пра атэізм К. Лышчынскага. Праверана 2016-07-30 г. Архіўная копія ад 2016-07-04 г. (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]