Альфрэд Розэнбэрг
Альфрэд Эрнст Розэнбэрг (па-нямецку: Alfred Ernst Rosenberg; 12 студзеня 1893, Рэвэль, Расейская імпэрыя — 16 кастрычніка 1946, Нюрнбэрг, Нямеччына) — дзяржаўны й палітычны дзяяч Нямеччыны, вайсковы злачынца, галоўны ідэоляг Нацыянал-сацыялістычнае нямецкае работніцкае партыі (NSDAP), райхсьміністар па справах усходніх земляў ад 1941.
Жыцьцё ў Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь сям’і прыбалтыйскіх немцаў: бацька — купец з Латвіі, маці — ураджэнка Эстоніі. Дзяцінства правёў у Эстоніі. У 1910 паступіў у Вышэйшую тэхнічную школу ў Рызе, адкуль у 1915 разам са школай быў эвакуяваны ў Маскву, дзе ў 1917 атрымаў дыплём архітэктара (дыплёмная праца — праект крэматору). У кастрычніку 1917 падтрымліваў бальшавікоў, але пасьля перайшоў на скрайнія антыбальшавіцкія пазыцыі. У 1918 уцёк у акупаваную немцамі Прыбалтыку, дзе спрабаваў уступіць у антыбальшавіцкі вайсковы Дабраахвотніцкі корпус.
Дзейнасьць у NSDAP
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1918 пераехаў у Мюнхэн, дзе ўступіў у акультна-нацыяналістычную суполку «Туле», што сталася адной з крыніцаў Нямецкае работніцкае партыі (DAP, надалей — NSDAP), у якую ўступіў у студзені 1919 раней за Адольфа Гітлера. У тым самым годзе пачаў працаваць у партыйнай газэце «Völkischer Beobachter» («Народны аглядальнік»), рэдактарам якое стаў у 1923. У 1923—1924 узначальваў партыю ў сувязі з арыштамі кіраўніцтва пасьля няўдалага «Піўнога путчу». У 1929 заснаваў Вайсковую Лігу за Нямецкую Культуру, а пазьней і Інстытут па вывучэньні нямецкага пытаньня. У 1930 абіраецца ў Райхстаг. У 1933 прызначаны кіраўніком упраўленьня вонкавай палітыкай NSDAP.
Розэнбэрґ лічыцца аўтарам ключавых паняцьцяў нацысцкае ідэалёгіі, як то «расавая тэорыя», «жыцьцёвая прастора» (Lebensraum), «канчатковае вырашэньне жыдоўскага пытаньня», адмовы ад Вэрсальскае дамовы, змаганьня з «дэгенэратыўным мастацтвам» і крытыкай хрысьціянства. У 1920—1930-х пачаў выдаваць кнігі антысэміцкага зьместу (1920 — «Сьлед жыдоў у зьмене сьвету» й «Нізкая мараль у Талмудзе», 1922 — брашура «Прырода, асноўныя мэты й прынцыпы NSDAP», 1930 — «Міт ХХ стагодзьдзя»), што сталіся падмуркам нацыскае ідэалёгіі. Паводле ягонае расавае тэорыі на самым нізе антрапалягічнае лесьвіцы месьціліся мурыны й сэміты, на версе — «арыйцы» (скандынавы, фіны, галяндцы, брытанцы й флямандцы на чале зь немцамі). У адрозьненьне ад іншага кіраўніцтва Райху не лічыў славянаў ніжэйшай расай, а лічыў, што пры спрыяльных умовах яны маглі б быць інтэграваныя ў арыйскую расу й нямецкую культуру. У той самы час японцам, як нямецкім хаўрусьнікам, быў нададзены тытул «ганаровых арыйцаў».
Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]17 ліпеня 1941 ачоліў Райхміністэрства для акупаваных раёнаў Усходу (Reichministerium für die Besetzten Ostgebiete ці Ostministerium). Розэнбэрґ прапанаваў стварыць на захопленых землях СССР 4 Райхскамісарыяты: Остлянд (Ostland), Украіна (Ukraine), Каўказ (Kaukasus) і Масква (Moskau), аднак былі створаныя толькі першыя два. Палітычнай мэтай акупацыі лічыў максымальнае паслабленьне Расеі, шляхам разьяднаньня ейных земляў і перадачы іх новым адміністратыўным утварэньням — Беларусі, Дону, Украіне. Выступаў за стварэньне вакол Расеі санітарнага кардону з буфэрных дзяржаваў — Беларусі, Украіны, Цэнтральнае Азыі, якія б залежылі ад Райху, ды адначасова валодалі пэўным самакіраваньнем. Выступаў за роспускі калгасаў і надзяленьне зямлёй сялянаў, спрыяў росту нацыянальнае сьвядомасьці акупаваных народаў з мэтай мабілізацыі іх на змаганьне з Расеяй. Скардзіўся асабіста Гітлеру й Гімлеру на генацыд славянскага насельніцтва, якое таксама адносіў да арыйцаў.
На сканчэньні вайны быў арыштаваны аліянтамі. На Нюрнбэрскім працэсе 1 кастрычніка 1946 за злачынствы супраць чалавецтва, удзел у распачатку вайны быў асуджаны на сьмерць праз павешаньне.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Быў жанаты двойчы: у першы раз у 1915—1923 з этнічнай эстонкай Гільдай Леезман, і ў другі ад 1925 з Гедвіґай Крамэр, ад якой меў сына, які памёр у дзяцінстве, і дачку Ірэнэ (нарадзілася ў 1930 годзе).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|