Янка Шутовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шутовіч.
Янка Шутовіч
Іван Восіпавіч Шутовіч
Род дзейнасьці выдавец, перакладнік, рэдактар
Дата нараджэньня 24 студзеня 1904
Месца нараджэньня вёска Шутавічы, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 9 сьнежня 1973 (69 гадоў)
Месца сьмерці Вільня, Летувіская ССР, СССР
Грамадзянства СССР
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, культурніцкі дзяяч, журналіст, рэдактар, літаратар
Навуковая сфэра літаратуразнаўства[1], журналістыка[1] і рэдагаваньне[d][1]
Месца працы
Бацька Восіп Шутовіч
Жонка Она Міцютэ

Я́нка Шуто́віч, пс.: Іван Дубневіч; Ян Дубневіч; Я. Сьцяблінскі; крыптанімы: І. Ш.; Я. Ш.; Я.Ш-ч і інш.; (24 студзеня [ст. ст. 11 студзеня] 1904; в. Шутавічы, цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 9 сьнежня 1973; Вільня, цяпер Летува) — беларускі літаратуразнавец, выдавец, грамадзкі і культурны дзяяч.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Па пасьпяховым сканчэньні ў 1915 годзе народнай вучэльні ў суседняй вёсцы Сукневічы атрымаў у падарунак кнігу. Затым навучаўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам ксяндзом Віктарам Шутовічам у в. Бадзенічы (Дзісенскі павет, Віленская губ.), дзе выкладалася француская мова. Скончыў Глыбоцкую гарадзкую вучэльню (Дзісенскі пав.).

Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ую клясу Віленскай беларускай гімназіі. Па яе сканчэньні ў 1924-ым паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, дзе быў чальцом рэвізійнай камісіі Беларускага студэнцкага саюза. З 1928 — рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны і на Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 скончыў ВНУ з дыплёмам магістра права. Сябра партыі хрысьціянскіх дэмакратаў. У 1935—1939 выдавец і рэдактар часопісаў «Калосьсе», «Шлях моладзі».

За актыўную дзейнасьць у справе беларускага нацыянальнага адраджэньня напачатку 1939 году арыштаваны польскімі ўладамі. Зьняволены ў лягеры Бяроза-Картуская. Вызвалены ў верасьні 1939 году савецкімі войскамі. З 1940 выкладаў у Беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

Зь лютага 1941 да лістапада 1944 працаваў загадчыкам Беларускага музэю ў Вільні. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэньнях касьцёлу сьвятога Міхала пад апекай ксяндза Адама Станкевіча[2].

Арыштаваны органамі НКДБ 19 лістапада 1944 году. Рашэньнем Асобай нарады пры НКДБ прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сасланы ў Унжлаг (Горкаўская вобласьць, Расейская СФСР), пасьля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласьць, Казаская ССР). Вызвалены зь лягеру 28 жніўня 1954 году. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобл.).

Пасьля высылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 г. працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музэі. Рэабілітаваны 25 красавіка 1958 году. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменьнікаў БССР «Полымя».

Разам з жонкай, летувіскай паэтэсай Онай Міцютэ, займаўся перакладамі твораў летувіскіх і беларускіх пісьменьнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхала Забэйду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзёньнік Адама Станкевіча, перад сьмерцю зрабіў некалькі копіяў і раздаў розным надзейным людзям[3].

Архіў Шутовіча захоўвае Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа[4].

Могілка Яна Шутовіча ў Павільнісе (Павіленскія могілкі), Вільня, 2021

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Janka Šutovič. Adam Hurynovič. (U 40-ja ŭhodki śmierci). (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, сакавік. — № 3 (63). — С. 5—7.
  • Мастак Пётр Сергіевіч // Беларусь. 1957, № 9
  • Гурыновіч Адам: (Паводле старых і новых архіўных матэрыялаў) // Полымя. 1966, № 11
  • Успаміны пра Віленскую Беларускую Гімназію // Спадчына 1/1995

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]