Чырвоны Бор (заказьнік)
Чырвоны Бор | |
2016 год | |
Плошча | 35 023,3 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 55° пн. ш. 28° у. д. / 55° пн. ш. 28° у. д.Каардынаты: 55° пн. ш. 28° у. д. / 55° пн. ш. 28° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Віцебская вобласьць |
Утварэньне | 29 ліпеня 1997 (27 гадоў таму) |
Чырвоны Бор |
Чырвоны Бор — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў ліпені 1997 году на паўночным захадзе Віцебскай вобласьці.
Быў найбольшым заказьнікам у Віцебскай вобласьці і займаў звыш 350 кв.км у Дрысенскім і Расонскім раёнах. Краявід меў рысы апошняга Паазерскага зьледзяненьня. Моцна расчлянёнвы рэльеф зьмяшчаў шмат азёраў, забалочаных нізінаў і западзінаў, вярховых балотаў, марэнных узгоркаў і градаў. У расьліннасьці панавалі імшыстыя і верасова-брусьнічныя хвойнікі, ельнікі і вытворчыя бярэзьнікі, кісьліцавыя асіньнікі. Таксама сустракаліся бязьлесныя, вярховыя мховыя балоты. У Чырвонай кнізе Беларусі было 13 відаў, у тым ліку азёрны палушнік, лябэлія Дортмана, прытуплены нітэлёпсіс, карлікавая бяроза, чарапіцавы шпажнік, паўночная лінея і прысадзістая марошка[1], звычайны баранец, цёмна-чырвоны гайнік, сібірскі касач, жоўты малы гарлачык, сэрцападобны і яйкападобны тайнік[2]. Найбольш поўна былі прадстаўленыя дэндрафільныя і балотныя віды жывёлаў. У Чырвонай кнізе было 20 відаў жывёлаў, у тым ліку 17 відаў птушак. Такімі відамі жывёлаў былі буры мядзьведзь, эўрапейская рысь і барсук. Найбольш рэдкімі былі 4 відамі птушак пад пагрозай сусьветнага зьнікненьня, як то беркут, арлан-белахвост, скапа і чорны бусел. Іншымі рэдкімі птушкамі былі пардва, даўгахвостая кугакаўка[3], касманогі сыч, сярэдні кулон, залацісты сявец і чорнавальлёвы гагач[1], а таксама вялікі савук, кулік-селянец, сокал-дрымлюк, арол-вужаед, шэры журавель, жоўтагаловы дзяцел і каршачок[2]. На 2020 год у заказьніку сярод іншых жывёлаў пражываў статак зуброў[4]. Агулам расьлінны сьвет налічваў 643 віды судзінкавых расьлінаў, а жывёльны — 34 віды зьвяроў, 9 відаў земнаводных і 5 відаў паўзуноў. Па балотамі знаходзілася 14 % земляў[5].
Лесабалотныя землі заказьніка належалі да Беларускага Паазер’я і прызнаваліся ў якасьці водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднай значнасьці паводле Рамсарскай канвэнцыі 1971 году. На захадзе да «Чырвонага Бору» прымыкаў Асьвейскі заказьнік, а з поўначы ў Пскоўскай вобласьці Расеі — Себескі нацыянальны парк. Рэльеф ледавіковага паходжаньня ўлучаў озавыя грады, камы, карставыя лагчыны і дзюны. Лясы пакрывалі каля 80 % земляў. Найбольшым верхавым балотам быў Вялікі Мох. Разам з густой сеткай рэк налічвалася каля 40 азёраў агульнай плошчай звыш 30 кв.км, сярод якіх найбольшымі былі Белае і Ізубрыца. Кіраўніцтва заказьніка месьцілася ў Расонах[2]. У межах заказьніка ў Расонскім раёне знаходзіліся крыніца Серабранка і Лазарава крыніца, якая была водным помнікам прыроды. Праз «Чырвоны Бор» працякала рака Нішча[6].
Гаспадараньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На захадзе заказьніка каля Белага возера месьцілася гасьцініца «Чырвоны Бор» (Дабраплёсы, Дрысенскі раён). На 2013 год наваполацкі прадпрымальнік Мікалай Варабей праз ТАА «Інтэрсэрвіс», якое гандлявала нафтапрадуктамі, арандаваў заказьнік, каб ладзіць паляваньне на глушца, дзіка, лася і цецерука[7]. На 2015 год прадпрымальнікі Аляксандар Шакуцін і Мікалай Варабей у роўных долях валодалі прадпрыемствам «Інтэрсэрвіс», якое арандавала 586 кв.км у Дрысенскім і Расонскім раёнах, у тым ліку на землях заказьніка[8].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2006 годзе на землях заказьніка ў Расонскім раёне нямецкая тэлекампанія «Сіняя лапа» (Рэгенсбург, зямля Баварыя) зьняла дакумэнтальны фільм «Мядзведзі адны дома», які прызначаўся для «1-га нямецкага каналу» і «Нацыянальнага геаграфічнага каналу» (ЗША)[9].
24 жніўня 2006 году Рада дырэктароў Нацыянальнага банку Беларусі ўхваліла Пастанову № 212 «Аб выпуску ў абарачэньне памятных манэтаў НБРБ «Чырвоны бор» сэрыі «Заказьнікі Беларусі». Паводле Пастановы, 12 верасьня 2006 году выпусьцілі 5000 срэбраных манэтаў якасьцю «пруф», наміналам 20 рублёў і пробай стопка 925, якія важылі 33,63 грамы і мелі 38,61 мм у прамеры[10]. Сьпераду манэты была намаляваная эўрапейская норка, а на адвароце — чарапіцавы шпажнік[11].
Увесну 2010 году рэжысэр ангельскага сэрыялу «Дзікая прырода» Найджэл Марвін наведаў заказьнік, дзе ўвесну 2011 году «Брытанская вяшчальная карпарацыя» прызначыла правядзеньне здымак фільму аб прыродзе Беларусі[12].
У траўні 2019 году ў заказьніку правялі 21-е Эўрапейскае першынство вабільнікаў аленя. Яго ўдзельнікамі сталі 39 вабільнікаў з 13 краінаў, у тым ліку Латвіі, Летувы і Польшчы, а таксама Аўстрыі, Бэльгіі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Славаччыны, Славеніі, Францыі, Чэхіі і Эстоні. Паляваньне на вабу або рову было традыцыйным спосабам здабычы высакароднага аленя ў Эўропе пры дапамозе кліканьня зьвера ягоным голасам. Спаборніцтва прайшло ў 3-х галінах перайманьня голасу: маладога аленя, аленя-важака з самкамі і аленя-пераможцы пасьля сутычкі. У спаборніцтве 1-е месца заняла дружына Вугоршчыны, 2-е — Славеніі і 3-е — Славаччыны. Дружына Беларусі заняла 4-е месца. Беларусь стала гаспадыняй першынства ў 2-і раз. Спаборніцтва ладзілі Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў і ТАА «Інтэрсэрвіс» з Наваполацку, якому належала паляўнічая гаспадарка «Чырвоны бор»[13].
17 верасьня 2020 году «Белпошта» выпусьціла 20 000 мастацкіх канвэртаў «Чырвоны Бор» сэрыі «Заказьнікі Беларусі». Дызайн выканала Марына Віткоўская, а мастаком выступіў Аляксандар Міцянін. На канвэрце быў намаляваны высакародны алень і маленькая фізычная мапа заказьніка[14].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б П.І. Лабанок. Чырвоны Бор // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 316—317. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ а б в Чырвоны Бор, заказьнік ляндшафтны. Расонскі раён // Віцебская абласная бібліятэка, 31 сакавіка 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь // Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
- ^ Кацярына Кавалеўская. На землях Вушацкага раёну прагульваецца зубар // Газэта «Патрыёт» (Ушачы), 28 ліпеня 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ С.В. Левы. Чырвоны Бор // Партал «Дзікая прырода побач», 2022 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Прыроднае багацьце // Расонскі раённы выканаўчы камітэт, 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Ланскую спансуе нафтавы магнат з Наваполацка // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 21 сакавіка 2013 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Возера Машэнскага, бор Шакуціна, курорт Чыжа // Газэта «Наша ніва», 19 ліпеня 2015 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Яна Ільліна. Беларускія мішкі зьняліся ў нямецкім фільме // Партал «Народныя навіны Віцебска», 6 студзеня 2007 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Пастанова Рады дырэктароў Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2006 г. № 212 «Аб выпуску ў абарачэньне памятных манэтаў НБРБ «Чырвоны бор» сэрыі «Заказьнікі Беларусі» (рас.) // Партал «Эталён-Анлайн», 24 жніўня 2006 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Сьвятлана Някрасава. Сэрыя памятных манэтаў «Заказьнікі Беларусі» (рас.) // Банкаўскі весьнік : часопіс. — Сакавік 2008. — С. 7—11. — ISSN 2071-8896.
- ^ Аўтар серыялу БВК «Прагулкі з дыназаўрамі» здыме фільм аб прыродзе Беларусі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 18 чэрвеня 2010 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
- ^ Вольга Пралюк. Шоў «Голас» // Зьвязда : газэта. — 5 чэрвеня 2019. — № 103 (28970). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Мастацкі маркіяваны канвэрт з сэрыі «Заказьнікі Беларусі» (рас.) // УП «Белпошта», 17 верасьня 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |