Перайсьці да зьместу

Мазырскія яры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мазырскія яры
2013 год
2013 год
Плошча 1019,77 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 52° пн. ш. 29° у. д. / 52° пн. ш. 29° у. д. / 52; 29Каардынаты: 52° пн. ш. 29° у. д. / 52° пн. ш. 29° у. д. / 52; 29
Месцазнаходжаньне Сьцяг Гомельскае вобласьці Гомельская вобласьць, Мазырскі раён
Утварэньне 21 лютага 1986 (38 гадоў таму)
Мазырскія яры на мапе Беларусі
Мазырскія яры
Мазырскія яры
Мазырскія яры

«Мазы́рскія яры́» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў лютым 1986 году ў Мазырскім раёне.

Месьціцца ў Козенскім сельсавеце на паўднёвы ўсход ад Мазыра за Інтэрнацыянальнай вуліцай. На паўночным усходзе заказьніка знаходзілася старажытнае гарадзішча Кімбараўка, а далей за вуліцай Гогаля працякала Прыпяць. Зь іншых бакоў яго акалялі 3 вёскі: Булаўкі — на захадзе, Бабраняты — на поўдні й Навікі — на паўднёвым усходзе. Зьмяшчае лагчынна-яравыя ўтварэньні на ўзвышанай і расчлянёнай частцы Мазырскай грады на вышыні 150—200 мэтраў над узроўнем мора. Шчыльнасьць яроў складала да 30 на кв.км. Града складалася зь пяскоў, пяшчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Пераважалі бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя й кляновыя лясы. Таксама сустракаліся бук і піхта. Расьлінны сьвет налічваў звыш 500 відаў судзінкавых расьлінаў. Сярод іх у Чырвонай кнізе Беларусі былі: сапраўдны вэнэрын чаравічак, пакрывальцавая гусіная цыбуля, сыбірскі званочак, эўрапейскі клапагон, лясны курасьлеп, кучаравая лілея й шматножка. Сустракалася шмат карысных у гаспадарцы расьлінаў, у тым ліку ажыны, барбарыс, маліны, каліна й шыпшына. Таксама пашырэньне мелі драпежныя птушкі[1].

У 2007 годзе са складу заказьніка выключылі частку яроў, якія месьціліся ў Мазыры. Такая расьліна, як клапагон, была настолькі рэдкай у Беларусі, што акрамя «Мазырскіх яроў» сустракалася толькі ў Белавескай пушчы. Крутасьць схілаў часта складала звыш 30 градусаў. Глыбіня яроў дасягала 60 мэтраў[2]. Вышыня яроў над Прыпяцьцю дасягала 90 мэтраў, а над узроўнем мора — 230 мэтраў. Праз заказьнік пралягала экалягічная сьцяжына працягласьцю звыш 6 км. Кіраўнік «Мазырскай лясной гаспадаркі» Рыгор Бондар умацаваў яры спосабам тэрасаваньня й высадзіў у іх бук, граб і крымскі вінаград[3]. Сярод занесеных ім відаў сустракаліся архідэі з Паўднёвай Амэрыкі, альпійскія эдэльвэйсы, папараці й хвашчы з Каўказу. У выніку «Мазырскія яры» сталі налічваць каля 980 відаў расьлінаў, у тым ліку 106 відаў лекавых зёлак. У заказьніку можна сустрэць блізу 20 % відаў расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі[4]. Частка равоў і яроў, празь якія цяклі ручаі з крыніцаў у Прыпяць, месьціліся на Падоле Мазыра. Сярод іх былі Кісьляроўскі роў, Казьлякоўскі яр, Рамашоў роў і Расамахінскі яр. У прыватнасьці, Рамашоў роў месьціўся ў раёне вуліцаў Кірава, Пушкіна, Саета й Студэнцкай[5].

  1. ^ П.І. Лабанок. Мазырскія яры // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 518. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
  2. ^ Беларускія каньёны: ляндшафтны заказьнік «Мазырскія яры» // Партал «Ветліва» («Цэнтаркурорт»), 2021 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
  3. ^ Ігар Грэчка. Жамчужына Палесься // «Настаўніцкая газэта», 27 жніўня 2015 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
  4. ^ Мікола Бянько. Заказьнік «Мазырскія яры» завалены сьмецьцем // Радыё «Рацыя», 8 кастрычніка 2015 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.
  5. ^ Ганна Булаш. Мазырскі Падол // Газэта «Жыцьцё Палесься», 8 сьнежня 2020 г. Праверана 20 ліпеня 2021 г.