Перайсьці да зьместу

Сьвіцязянскі заказьнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвіцязянскі заказьнік
Скульптура Сьвіцязянкі на возеры (2019 год)
Скульптура Сьвіцязянкі на возеры (2019 год)
Плошча 1193,79 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 53° пн. ш. 25° у. д. / 53° пн. ш. 25° у. д. / 53; 25Каардынаты: 53° пн. ш. 25° у. д. / 53° пн. ш. 25° у. д. / 53; 25
Месцазнаходжаньне Гарадзенская вобласьць
Утварэньне 18 чэрвеня 1970 (54 гады таму)
Сьвіцязянскі заказьнік на мапе Беларусі
Сьвіцязянскі заказьнік
Сьвіцязянскі заказьнік
Сьвіцязянскі заказьнік

Сьвіцязянскі заказьнік[1] — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў чэрвені 1970 году на ўсходзе Гарадзенскай вобласьці[2].

Першапачаткова быў створаны ў Наваградзкім раёне дзеля захаваньня возера Сьвіцязь і ваколічных лясоў. На 1984 год меў плошчу 1034 гектары. Месьціўся пасярод Наваградзкага ўзвышша. Меў узгорысты рэльеф. Расьліннасьць належала да Ваўкавыска-Наваградзкага раёну Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабова-дубова-цёмнахвойных лясоў. У межах заказьніка вылучылі 27 відаў лесу. Каля 36,1% земляў займалі яловыя лясы, 23% — хваёвыя, 22,4% — дубовыя, бярозавыя — 10,7%. Меншае пашырэньне мелі асінавыя, альховыя і грабовыя лясы. Расьлі таксама клён, ліпа і ясень. Расьлінны сьвет налічваў каля 300 відаў найвышэйшых расьлінаў, сярод якіх было 5 рэдкіх відаў: горны купальнік, кучаравая лілея, лябэлія Дортмана, азёрны палушнік і звычайная тлушчанка. У возеры трапляліся 2 рэдкія расьліны — кальчаковая гідрыла і гнуткая наяда, а таксама водарасьць яванскі тэтрадыніюм. Таксама ў возеры знайшлі малюск плянорбіс стэльмахтыкус і старажытныя віды зоаплянктону. На паўночным беразе возера знаходзіліся 2 векавыя дубы, якія былі помнікамі прыроды. На паўднёва-заходнім беразе месьціліся старажытныя курганы, якія былі археалягічнымі помнікамі. Мясцовыя краявіды апяваліся ў беларускіх народных паданьнях і творах Адама Міцкевіча[3]. На 2002 год экзатычнымі пародамі дрэваў былі чырвоны дуб, сібірская лістоўніца і лаўралістая таполя[4].

У 2013 годзе заказьнік атрымаў 37 млн рублёў (4100 даляраў ЗША) прыбытку за кошт разьмешчанай у ім платнай аўтастаянкі[5]. У красавіку 2016 году заказьнік аснасьцілі электробусам на 23 месцы за сродкі Эўразьвязу для дастаўкі падарожнікаў да возера Сьвіцязь. Пры гэтым стварылі інфармацыйна-экалягічны цэнтар «Прыгоды каля возера» з 6-ю пляцоўкамі: «Чароўны лес» і «Сьвіцязянка», «Пляцоўка павука» і «Прыпынак каля дрэва жаданьняў», «Горад майстроў» і «Паляна абрадаў»[6]. У 2018 годзе ў сярэдняй школе Валеўкі, дзе месьціцца кіраўніцтва Сьвіцязянскага заказьніка, стварылі Клюб захавальнікаў прыродных краявідаў з удзелам вучняў 7—10 клясаў. У красавіку 2019 году да Дня птушак удзельнікі Клюбу стварылі мноства сінічнікаў і шпакоўняў для заказьніка[7].

Камень зь вершам Адама Міцкевіча на беразе Сьвіцязі (2018 год)

На верасень 2020 году Сьвіцязянскі заказьнік меў плошчу 1193,8 га і налічваў 515 відаў расьлінаў, сярод якіх было 22 рэдкія віды дзікарослых расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Таксама вадзілася 5 рэдкіх відаў дзікіх жывёлаў. Інфацэнтар «Прыгоды ля возера» месьціўся на ягоным беразе каля аддзяленьня «Магістральнай» здраўніцы. Плошча возера Сьвіцязь складала 2,2 кв.км, а яго глыбіня дасягала 15 мэтраў. Пры гэтым, на дне быў ясна бачны белы пясок. Возера месьцілася на 242-х мэтрах над узроўнем мора. Каля здраўніцы ў вадзе каля берага возера ўсталявалі скульптуру легендарнай Сьвіцязянкі, пра якую напісаў паэму Адам Міцкевіч[8]. На 2021 год пасаду кіраўніцы заказьніка займала Кацярына Літвін[9]. 19 лістапада 2021 году Ўправа Нацыянальнага банку Беларусі ўхваліла Пастанову № 346 аб зацьверджаньні Пераліку памятных манэтаў, якія заплянавалі выпусьціць у 2022 годзе. Згодна з Пастановай у рамках сэрыі «Заказьнікі Беларусі» вызначылі выпусьціць манэту пра Сьвіцязянскі заказьнік[10].

На 2022 году жывёльны сьвет налічваў 144 віды. У межах заказьніка адным з помнікаў прыроды быў Сьвіцязянскі дуб-трайнік векам звыш 300 гадоў[11]. Заказьнік месьціўся на поўдні Карэліцкага і Наваградзкага раёнаў Гарадзенскай вобласьці Беларусі. На поўнач ад возера знаходзілася здраўніца «Сьвіцязь». З поўначы на поўдзень заказьнік перасякала аўдатарога Р5, якая злучала Наваградак і Баранавічы. На захадзе возера быў пляж, праз дарогу ад якога знаходзілася кавярня з аўтастаянкай. На поўдзень ад заказьніка месьцілася Парэчча, а на ўсход — дзіцячы летнік «Вясёлка» і вёска Яцьвезь (Карэліцкі раён), у бок якой з возера выцякала рака Сваротва. На поўнач ад заказьніка знаходзіліся Мірацічы (Карэліцкі раён), летнік «Сьвіцязь», Навасады і Валеўка.

  1. ^ П.І. Лабанок, М.І. Кудрашова. Прыродныя заказьнікі рэспубліканскага значэньня // Рэспубліка Беларусь. Аглядна-тапаграфічная карта з данымі аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб'ектах / рэд. Мікалай Віняцкі. — Менск: Белгеадэзія, 1996. — 10 000 ас. — ISBN 985-6311-04-7
  2. ^ Ігар Шаруха, Александрына Сарока. Тэма 18. Прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі // Фізычная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. = Фізічная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. / рэд. А.Л. Пазьнякоў. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2017. — Т. 1. Фізычная геаграфія Беларусі. — С. 57. — 76 с. — 51 ас. — ISBN 978-985-568-335-4
  3. ^ Віктар Бялькоў. Сьвіцязянскі ляндшафтны заказьнік // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1985. — Т. 4. Недалька — Стаўраліт. — С. 472. — 599 с. — 10 000 ас.
  4. ^ Сьвіцязянскі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 268. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  5. ^ Тацьцяна Кандрацьева. Флёра і фаўна // Рэспубліка : газэта. — 19 сьнежня 2013. — № 5899. — ISSN 1991-5322.
  6. ^ Барыс Пракопчык. Жамчужыны Айчыны // Зьвязда : газэта. — 30 красавіка 2016. — № 81 (28191). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Кацярына Шапель, Ганна Хоміч. Побач са Сьвіцязьзю // «Настаўніцкая газэта», 2 ліпеня 2020 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  8. ^ Анастасія Пятрова. Валеўскі край запрашае // Газэта «Новае жыцьцё» (Наваградак), 5 верасьня 2020 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  9. ^ Кацярына Шапель. Вучні Валеўскай школы рэалізуюць праект па абароне возера Сьвіцязь // Газэта «Новае жыцьцё», 8 ліпеня 2021 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  10. ^ Нацыянальны банк у 2022 годзе выпусьціць у абарачэньне 21 найменьне памятных манэтаў // Нацыянальны банк Беларусі, 22 лістапада 2021 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.
  11. ^ Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Сьвіцязянскі» // Партал «Ветліва», 2022 г. Праверана 9 ліпеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]