Чарэмшыцы (гідралягічны заказьнік)
Гідралягічны заказьнік «Чарэмшыцы» — дзяржаўны заказьнік рэспубліканскага значэньня.
Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Мядзельскага раёну на поўдзень ад возера Мястра, гораду Мядзелу паміж вёскамі Гатавічы — Брусы — Вузла — Чарэмшыцы — Гатавічы, у міжрэччы рэк Нарачанкі і Вузьлянкі. Каля вытоку ракі Нарачанкі прымыкае да возера Нарач.
Агульная плошча заказьніка складае 6,2 тысячы гектараў. На тэрыторыі заказьніка знаходзяцца такія азёры, як Белае, Выдранік, Млынок, Казінае, Градзкае, Падшап’е, Запортава. Заказьнік функцыянуе на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі».
Заказьнік быў створаны ў 1981 годзе на базе тарфянога радовішча «Чарэмшыцы», які меў плошчу 4,8 тысячы гэктараў, і прылеглай да яго лясістай мясцовасьці. Тарфяны масіў на тэрыторыі заказьніка спалучае ўсе тры віды балотаў — верхавое, пераходнае, нізіннае. У геабатанічным сэнсе заказьнік мае значную цікавасьць як адзіная гідралягічная замкнутая тэрыторыя з багатым тыпалягічным наборам разьлінных згуртаваньняў і малой ступеньню антрапагеннай дыгрэсіі.
Флёра заказьніка налічвае 396 відаў, зь іх 5 — плаўнаў, 5 — хвашчоў, 7 — папарацяў, 4 — галанасенных і 375 пакрытанасенных відаў расьлінаў. На тэрыторыі заказьніка знаходзіцца 14 відаў дрэваў, 16 — хмызьнякоў, 250 — травяністых і хмызьняковых відаў.
У заказьніку сустракаюцца рэдкія віды расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх — арніка горная, бяроза карлікавая, курасьлеп лясны, ладзьдзян трохнадрэзаны, першацьвет вясеньні, пералеска высакародная, баранец звычайны, пармелія адагнутая, мэнэгацыя прадзіраўленая, асака заліўная, гарлянка пірамідальная, сон лугавы, гімнакалея ўздутая і іншыя.
Заказьнік разьмешчаны ў непасрэднай блізкасьці ад курортнай зоны. Гэта надае яму асаблівую каштоўнасьць як навукова-пазнавальнага і культурна-асьветніцкага аб’екта.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |