Перайсьці да зьместу

Стары Жадзен (заказьнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Стары Жадзен»
Плошча 17 048,39 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 51° пн. ш. 27° у. д. / 51° пн. ш. 27° у. д. / 51; 27Каардынаты: 51° пн. ш. 27° у. д. / 51° пн. ш. 27° у. д. / 51; 27
Месцазнаходжаньне Гомельская вобласьць
Утварэньне 4 лютага 2015 (9 гадоў таму)
«Стары Жадзен» на мапе Беларусі
«Стары Жадзен»
«Стары Жадзен»
«Стары Жадзен»

«Стары Жадзен» — рэспубліканскі водна-балотны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў лютым 2015 году на поўдні Гомельскай вобласьці.

4 лютага 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 71 «Аб рэспубліканскіх заказьніках», паводле якой абвясьціў 9 заказьнікаў, у тым ліку «Стары Жадзен». Папярэдне Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аднесла гэтыя землі да ядра экалягічнай сеткі міжнароднай значнасьці[1]. 13 лютага 2015 году кіраўніца ўправы біялягічнай і краявіднай разнастайнасьці Мінпрыроды Беларусі Натальля Мінчанка адзначыла: «Многія аб’яўленыя заказьнікі маюць міжнародны статус аховы, хаця дагэтуль ня мелі нацыянальнага»[2]. Паводле Пастановы № 71, заказьнік «Стары Жадзен» утварылі на поўдні Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў дзеля захаваньня леса-балотных экасыстэмаў і ўнесеных у Чырвоную кнігу Беларусі відаў дзікіх жывёлаў ды дзікарослых расьлінаў, якія ахоўваліся ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дамовамі Беларусі. Заказьнік абвясьцілі на плошчы 17 048,39 гектараў. Землі заказьніка перадалі пад кіраваньне Жыткавіцкага і Лельчыцкага раённых выканаўчых камітэтаў пры фінансаваньні зь мясцовых бюджэтаў. Месьціўся ў:

Жывёльны і расьлінны сьвет

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заказьнік «Стары Жадзен» быў важнай для птушак тэрыторыяй міжнароднай значнасьці і ўлучаў балота Стары Жадзен і Вялікае балота, падзеленыя пакатай градой. Лясы пераходзілі ад лішайнікавых хвойнікаў на старажытных эолавых выдмах да чарнічных бярэзьнікаў на іх падножжах і касачовых ольсаў на міжградавых паніжэньнях. На мінэральных выспах захаваліся дрэвы векам да 120 гадоў. Большасьць рэдкіх відаў расьлінаў сустракалася на мінэральных градах і ўскраінах балотаў. На пераходных балотах расьлі валасістаплодная і прамая асокі. На пакатых схілах мінэральных выспаў рос жоўты рададэндран, які знаходзіўся пад міжнароднай аховай. Сярод іншых рэдкіх расьлінаў, сустракаліся складчаты маньнік, малы плюшч і вялікі танканог. Сярод балотаў пераважалі верхавыя водападзельнага віду. На іх ускрайках і ў міжградавых паніжэньнях знаходзіліся залітыя вадой пераходныя і нізінныя балоты. Уздоўж зарослых мэліярацыйных каналаў пераважаў трысьнёг. З пракапаных пры канцы ХІХ стагодзьдзя мэліярацыйных каналаў вада сьцякала ў раку Сьцьвіга і канал Бычок. Гэтыя каналы месцамі былі перакрытыя сплавінамі. Бабровыя плаціны затрымлівалі сьцёк вады з балотаў[4].

Землі заказьніка месьціліся побач з Прыпяцкім нацыянальным паркам і Палескім вайсковым палігонам. Іх выкарыстоўвалі для паляваньня і высечкі лесу на ўскраінных дзялянках. Жыхары ваколіцаў зьбіралі ў лясах грыбы і ягады, а на балотах нарыхтоўвалі журавіны і пасьвілі жывёлу. Верхавыя і пераходныя балоты займалі 60% земляў, а рэшта прыпадала на лясы. Налічвалася 12 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку: вялікі арлец, вялікі грыцук і вялікі кулён. На паплавах Сьцьвігі сустракалася эўрапейская норка. Сярод іншага, у заказьніку пражывалі рачны бабёр і выдра, лясная соня і рысь, грабеньчаты трытон, балотная чарапаха і мядзянка. Урэшце, рэдкімі відамі расьлінаў былі ляпляндзкая і чарнічная вярба, малы і прамежкавы плывунец, балоталюбівая асака і лугавы сон, багнавая фіялка і дробнаплодныя журавіны[4].

  1. ^ У Беларусі ствараюцца 9 новых рэспубліканскіх заказьнікаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 лютага 2021 г. Архіўная копія ад 9 лютага 2021 г. Праверана 26 чэрвеня 2022 г.
  2. ^ Кацярына Радзюк. Заказьнікаў стала больш // Зьвязда : газэта. — 14 лютага 2015. — № 29 (27887). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2015 г. № 71 «Аб рэспубліканскіх заказьніках» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 14 лютага 2015 г. Праверана 26 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ а б В.Ч. Дамброўскі. Стары Жадзен // Партал «Дзікая прырода побач», 2015 г. Праверана 26 чэрвеня 2022 г.