Паляваньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Лістапад», Ёахім фон Сандрарт, алей, 1643

Палява́ньне — пошук і перасьлед дзікіх зьвяроў ды птушак з мэтаю іх здабычы, дзеля футра, мяса й г. д.

Мае доўгую гісторыю разьвіцьця й пераўтварэньня з асноўнага занятку першабытнага чалавека ў яго прамысловыя, аматарскія й спартыўныя формы ў сучасны пэрыяд.

Першабытны чалавек выкарыстоўваў для паляваньня тыя ж прылады, што служылі яму для самааховы й здабываньня каранёў (камяні, палкі, драўляныя дубіны, завостраныя на агні ствалы маладых дрэўцаў, крамянёвыя секачы, пазьней — дроцікі, дзіды, рагаціны, нажы). 3 такой зброяй паляваньне было магчымым пры непасрэдным сутыкненьні са зьверам і патрабавала калектыўных формаў і розных спосабаў паляваньня, заснаваных на веданьні нораву, звычак, паводзінаў зьвяроў, паляваньне вызначалася сукупнасьцю традыцыйных прыёмаў высочваньня й здабываньня дзічыны й залежала ад сродкаў паляўніцтва. Спосабы паляваньня сфармаваліся на працягу каменнага веку. Менавіта адтуль вядуць пачатак такія спосабы паляваньня, як высочваньне, трапленьне, падыход, пад’езд, подпуск (сежа), аблава з нагонкай. На эпоху палеаліту прыпадае й вынаходніцтва самалоўных прыстасаваньняў.

Найбольш пашыранай і эфэктыўнай была аблава з нагонкай, якая існуе й у наш час пры паляваньні на ласёў, дзікоў ды ваўкоў. У адрозьненьне ад далёкага мінулага гучкі (клікуны, загоншчыкі) гоняць цяпер зьвяроў не ў дрыгвя й глыбокія яры са стромкімі схіламі, а на лінію расстаўленых пэўным чынам стралкоў. Жыцьцяздольнай аказалася аблога, ці аблава са сьцяжкамі (чырвонымі стужкамі, у мінулым — пучкамі разнаколерных пёраў, прывязаных на адлегласьці ня больш за мэтар да шматкілямэтровага шнура, якім ашнуроўвалі дзялянку лесу з загадзя высачанымі ваўкамі або лісамі). Аблога бывае разамкнутай, калі гучкі з шумам гоняць зьвяроў на стралкоў, і самкнутай, калі паляўнічыя разьмяшчаюцца па ўсім перымэтры аблогі, уздоўж шнура. Апошні варыянт паляваньня называецца катлом. На дробных зьвяроў, пераважна зайцоў, палявалі катлом і без папярэдняга ашнуроўваньня — паляўнічыя абкружалі пэўную дзялянку поля й, пакрысе звужаючы круг, стралялі ўспуджаных зьвяроў.

Са зьяўленьнем дзіды, дроціка ды лука (9 тысячагодзьдзе да н. э.) побач з калектыўнымі склаліся й пашырыліся індывідуальныя спосабы паляваньня. Падыход (паляваньне з падыходу, скрад, скрадваньне) — падкрадваньне крокам або паўзком да зьвера на адлегласьць выстралу. Трапленьне — пошук і выяўленьне па сьлядах (тропах) месца знаходжаньня зьвера. Добры вынік ад яго зімой, асабліва па першым сьнезе, і летам па вільготнай зямлі, на якой даўжэй захоўваюцца сьляды. Эфэктыўнасьць трапленьня значна ўзрасла пасьля прыручэньня сабакі (9—8 тысячагодзьдзі да н. э.). Пад’езд (паляваньне на пад’езд) — набліжэньне да зьвера на санях або лодцы на адлегласьць дакладнага стрэлу. Аб’езд — павольны аб’езд на санях зьвера ў полі, з паступовым звужэньнем круга. Подпуск (засада, сежа) — паляваньне, калі зьвера падпускаюць на выстрал са сховішча — загадзя пабудаванага будана або з палатак на дрэве. Подпуск часта спалучалі з вабай, асабліва ў час гону ласёў. 3 лукам, а пазьней са стрэльбай палявалі на баравую й балотную дзічыну. Цецерукоў стралялі на такавішчах раньняй вясной, зімой іх прываблівалі балванам (чучалам), якога саджалі на жэрдку крыху ніжэй за верхавіны дрэў. Качак білі ў падход і на манькуту (надсадную качку). На бакасаў, слонак, гаршнэпаў, дупеляў, турухтанаў (батальёнаў) палявалі раньняй вясной. Паляваньне са стрэльбай на дробных птушак мела пераважна спартыўны характар і карысталася папулярнасьцю галоўным чынам сярод гарадзкіх паляўнічых. Сяляне лічылі за празьмерную раскошу траціць набой на птушку ў чвэртку фунта вагай і лавілі іх пераважна сіламі.

Здаўна вядомыя таксама й неактыўныя спосабы паляваньня, заснаваныя на выкарыстаньні самалоўных прыладаў і прыстасаваньняў: лоўчых ям, петляў са скураных паскаў і сухажыльля ды інш. Асноўнай старажытнай зброяй паляваньня быў лук, з 12 стагодзьдзя пашырыўся ўдасканалены лук — куша (арбалет) з кольбай, ложай і мэханічным напінаньнем цецівы, што спрашчала актыўнае паляваньне. У 1014 стагодзьдзях паляваньне ў Беларусі належала значная роля. На Полаччыне, Віцебшчыне і Тураўшчыне асноўным аб’ектам паляваньня былі тур і зубр, ля Ваўкавыска — дзік, у Пагарыньні — бабёр, у ваколіцах Клецка — эўрапейская казуля. Для паляваньня выкарыстоўваліся ўсе віды наступальнай і абарончай зброі: лукі, кушы, дзіды, дроцікі, рагаціны, сякеры, чаканы, шаблі, нажы, кісцяні. Дзіды й дроцікі кідалі наводмаш зь бегу ці нагнаўшы зьвера верхам, дзіды й рагаціны выкарыстоўвалі пры паляваньні на буйных зьвяроў, асабліва мядзведзя. Пашыраным было паляваньне разнастайнымі самаловамі, пасткамі (ступіца, ступа, торгала, ашчэп, ваўкоўня, трызубец), сеткамі (лятуха, звон, шацёр, плат, стажок, разьезд), петлямі, сіламі (пружок, панажы, кола), з 18 стагодзьдзя — капканамі саматужнай і фабрычнай вытворчасьці. У сярэднявеччы папулярным было паляваньне з сабакамі ці сокаламі. У 15 — 17 стагодзьдзях для паляваньня выкарыстоўвалі сабак-хартоў, якія даганялі й душылі зьвера, гончых, якія гналі зьвера з брэхам, выжлаў, якія нюхам адшуквалі птушак і ўзьнімалі іх, а потым знаходзілі й прыносілі здабычу, ямнікаў (таксаў), зь якімі палявалі на норнага зьвера. Сакалінае паляваньне з «белазорамі» й «балабанамі» было выключнай прэрагатывай караля й магнатаў. З канца 15 — пачатку 16 стагодзьдзя пашырылася паляваньне з агнястрэльнай зброяй (напачатку сярод прадстаўнікоў пануючых класаў, зь сярэдзіны 16 стагодзьдзя — і сярод сялянаў). Да канца 19 стагодзьдзя карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: ручніцамі, губчастымі («зьвярынымі» і «птушынымі»), крамянёвымі («крамзелямі» й «сакалоўкамі»), аднаствольнымі, пазьней двух-ствольнымі дубальтоўкамі («пістонаўкамі»), у канцы 19 — пачатку 20 стагодзьдзя, «бярданкай» — стрэльбай з зарадамі патроннага тыпу. Паляваньне з агнястрэльнай зброяй і адсутнасьць дзейснага кантролю прывялі да масавага зьнішчэньня многіх відаў жывёл, асобныя зь якіх зьвяліся канчаткова (тур, зубар, тарпан ды інш.). Паляваньне насіла характар варварскай забавы прывілеяваных асобаў і стала амаль недаступным для астатніх. Напрыклад, у 1860 годзе цар Аляксандар II і яго сьвіта за два дні зьнішчылі ў Белавескай пушчы 28 зуброў, 23 дзікі, 36 казуляў ды шмат іншых зьвяроў. Для загону зьвяроў, акрамя егераў і аб’ездчыкаў, было мабілізавана больш за 2 тысячы сялянаў, якія 3 тыдні заганялі зьвяроў у загарадзь. Падчас паляваньня цара Мікалая II за 2 тыдні забіта 40 зуброў, 53 алені, 26 рысяў, 36 ланяў, 325 казуляў, 138 дзікоў, 51 ліс ды інш.

Сучаснае паляваньне на Беларусі істотна адрозьніваецца ад старажытнага, маючы спартова-аматарскі характар. Паляваньне дазволенае толькі сябрам таварыстваў паляўнічых і рыбаловаў у паляўнічы сэзон па пуцёўках або ліцэнзіях, у вызначаных для паляваньня паляўнічых угодзьдзях.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Cяргей Цярохін, праект «Наша Ежа»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Паляваньнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў