Перайсьці да зьместу

Прыбускае Палесьсе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Прыбускае Палесьсе»
Эмблема заказьніка
Эмблема заказьніка
Плошча 17 230,6 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 51° пн. ш. 23° у. д. / 51° пн. ш. 23° у. д. / 51; 23Каардынаты: 51° пн. ш. 23° у. д. / 51° пн. ш. 23° у. д. / 51; 23
Месцазнаходжаньне Берасьцейскі раён
Утварэньне 30 траўня 2003 (21 год таму)
«Прыбускае Палесьсе» на мапе Беларусі
«Прыбускае Палесьсе»
«Прыбускае Палесьсе»
«Прыбускае Палесьсе»

«Прыбускае Палесьсе» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў траўні 2003 году на поўдні Берасьцейскага раёну.

Быў створаны для захаваньня краявідаў з рэдкімі відамі жывёлаў і расьлінаў. Пры заснаваньні меў плошчу 79,5 кв.км. Пераважным краявідам была пласкахвалістая водна-ледавіковая раўніна зь дзярнова-падзолістымі пясчанымі і забалочанымі тарфяна-балотнымі глебамі. Пад лясамі было 93 % земляў. Былі прадстаўленыя ўсе віды лясоў Беларусі, за выняткам шэравольхавых. Пераважалі хваёвыя лясы. Сустракаліся непаўторныя лясныя садружнасьці: плюшчавы і чыставуставы хвойнікі, лугавая садружнасьць сярэднеэўрапейскага райграйсу, брызглінавыя і ядлоўцавыя лясы з дрэвападобнымі вышынёй да 10 мэтраў, а таксама чарэшневыя лясы. Расьлінны сьвет налічваў звыш 500 відаў судзінкавых расьлінаў, у тым ліку занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі: цёмна-чырвоны гайнік, картузіянскі гвазьдзік, сармацкае кадзіла, сібірскі касач, пясчаны каласьняк, лясны ўвярэднік і каралеўскі чыставуст. Жывёльны сьвет улучаў 166 відаў птушак і 58 відаў сысуноў, 32 віды рыбы і ўсе пашыраныя ў Беларусі віды земнаводных і паўзуноў. У Чырвонай кнізе было 75 відаў жывёлаў, у тым ліку: арлан-белахвост і барсук, малая вячэрніца і чорнавальлёвая гагара, паўночны кажанок і начніца Натэрэра, сажалкавая начніца, скапа, арэшнікавая соня і эўрапейская шыракавушка[1].

Белае возера ў заказьніку (2013 год)

У 2003 годзе Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэт абвясьціў на аснове заказьніка біясфэрны запаведнік плошчай 480 кв.км, які ахопліваў частку земляў Маларыцкага раёну. У 2004 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (Францыя) прызнала запаведны стан «Прыбускага Палесься». Асноўнай ракой заказьніка служыць Буг з прытокам Копаюўка. Таксама ў заказьніку месьцяцца возера Селяхі і сажалкі каля Камароўкі (Тамашоўскі сельсавет). Іншымі буйнымі азёрамі былі Рагазьнянскае, Белае, Таемнае, Чорнае, Мяднянскае і Страдзецкае. Таксама ў заказьніку знаходзіліся вадасховішча Орхава і сажалкі рыбнай гаспадаркі «Страдач» (Дурыцкі сельсавет), найбольшай зь якіх была Таварная сажалка. Забалочанасьць заказьніка складала каля 28 %, таму «Прыбускае Палесьсе» ўваходзіла ў сьпіс водна-балотных угодзьдзяў Беларусі міжнароднай значнасьці. На землях заказьніка ў Камароўцы на радзіме беларускага касманаўта Пятра Клімука месьціўся адзіны ў Беларусі Музэй касманаўтыкі[2]. У вёсках заказьніка было 4 царквы XVII стагодзьдзя[3]. На поўдні заказьніка ў Тамашоўцы месьцілася птушкафабрыка «Дубраўскі бройлер» на 5,7 млн куранятаў за год (15 000 тонаў мяса), пры якой працаваў камбікормавы завод[4]. У Ляплёўцы (Дамачаўскі сельсавет) працаваў інфармацыйна-экалягічны асяродак заказьніка, дзе ладзілі пракат байдарак, каноэ, намётаў і ровараў[5]. Сярод іншага, у заказьніку ладзілі фэстываль «Таямніцы Прыбускага Палесься»[6].

  1. ^ П.І. Лабанок. Прыбугскае Палессе // БЭ. — Мн.: 2004 Т. 18. Кн. 1. — С. 440.
  2. ^ Біясфэрны рэзэрват «Прыбускае Палесьсе» // Партал «Адпачынак у Беларусі», 2022 г. Праверана 15 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Заказьнік «Прыбускае Палесьсе» // Партал «Ветліва», 2022 г. Праверана 15 чэрвеня 2022 г.
  4. ^ Птушкафабрыка «Дубраўскі бройлер» // ААТ «Будаўнічы трэст №8» (Берасьце), 2022 г. Праверана 15 чэрвеня 2022 г.
  5. ^ Пункт пракату (рас.) // Заказьнік «Прыбускае Палесьсе», 2022 г. Праверана 15 чэрвеня 2022 г.
  6. ^ «Таямніцы Прыбускага Палесься» // Тэлерадыёкампанія «Берасьце», 14 сьнежня 2017 г. Праверана 15 чэрвеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]