Заазер’е (заказьнік)
Заазер’е | |
Плошча | 4172,1 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 53° пн. ш. 29° у. д. / 53° пн. ш. 29° у. д.Каардынаты: 53° пн. ш. 29° у. д. / 53° пн. ш. 29° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Бялыніцкі раён |
Утварэньне | 18 лістапада 1968 (56 гадоў таму) |
Заазер’е |
«Заазе́р’е» — рэспубліканскі водны заказьнік Беларусі, заснаваны ў лістападзе 1968 году на паўночным захадзе Бялыніцкага раёну (Магілёўская вобласьць)[1].
Месьціцца ў Машчаніцкім сельсавеце ў ваколіцах вёскі Эсьмоны. Займае частку міжрэчча Бярэзіны і Друці на Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Улучае вярховыя балоты з уласьцівымі для міжрэчча слаямі тарфянікаў (Заазерскае возера). У сярэдзіннай частцы пераважае хваёва-хмызьняковая расьліннасьць, на поўначы — градава-багнавая, на ўскраінах — хваёва-бярозава-пушыцава-мохавая, на мінэральных дзялянках — бярозава-асінавыя лясы. Расьлінны сьвет налічваў каля 100 відаў, у тым ліку такія ахоўныя як клубняносная зубніца і пустая чубатка[2]. У межах заказьніка знаходзіліся Мохавае балота і балота Шчаглавітаўшчына. Працякалі рэкі Дулебка, Ліпаўка і Малыш. Жывёльны сьвет налічваў 108 відаў птушак, 45 відаў сысуноў, 8 земнаводных відаў і 6 відаў паўзуноў[3]. Увесну 2012 году Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь накіравала ў Сакратарыят Рамсарскай канвэнцыі заяўку на ўлучэньне «Заазер’я» ў сьпіс водна-балотных угодзьдзяў міжнароднай значнасьці[4]. 7 верасьня 2012 году адпаведны статус быў атрыманы.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да XVI стагодзьдзя верхавыя балоты абапал Заазер’я ня мелі мховага покрыва і ўяўлялі сабой адкрытыя крыніцы прэснай вады. У 1863 годзе сябра праверачнай камісіі Санкт-Пецярбурскага геаграфічнага таварыства Л. Сьпігачоў паведаміў пра паўнаводныя рэкі для сплаву лесу ў Эсьмонскай воласьці (Барысаўскі павет). У 1887 годзе выкладнік Беластоцкай рэальнай вучэльні Ф. Шыманоўскі згадаў: «Заазер’е і яго навакольле прадстаўляе суцэльнае балотнае ўтварэньне. З балотаў бяруць пачатак рэкі і 13 азёраў». У 1924 годзе навукова-экспэрымэнтальная камісія Народнага камісарыяту асьветы БССР на чале зь Ісакам Сербавым паведаміла пра вялікія прэснаводныя запасы ў Бялыніцкім раёне. Да 1941 году навуковы супрацоўнік Акадэміі навук БССР Аляксандар Каваленя дасьледаваў вадаёмы Эсьмонскага сельсавету ў Бялыніцкім раёне[5].
У 1968 годзе Дасьледчая камісія з 26 навукоўцаў на чале зь І.І. Арцёмкіным паведаміла, што верхавыя балоты вакол Заазер’я ўяўляюць сабой крыніцы і рэкі прэснай вады. У Заазерскім, Карманоўскім і Чорна-Мёртвым азёрах вада была крынічнай зь вялікім утрыманьнем срэбра. На балотах выявілі каля 50 відаў расьлінаў, а ў азёрах — каля 20 відаў рыбы. 18 лістапада 1968 году Міністэрства водных рэсурсаў і аховы прыроды Беларускай ССР ухваліла Рашэньне «стварыць гідралягічны заказьнік "Заазер’е" ў межах Цэнтральна-Бярэзінскай раўніны, плошчай каля 3,6 тысячы гектараў» дзеля аховы верхавых балотаў у якасьці крыніцаў прэснай вады. У заказьніку спалучылі згуртаваньне азёраў, балотаў, крыніцаў і рэк[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ігар Шаруха. З (Заазер’е, заказьнік) // Геаграфічна-статыстычны слоўнік Магілёўскай вобласьці ў 3 тамах / рэд. Т.М. Шаршнёва, картограф Н.Б. Тупіцына. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2013. — Т. 2: З — О. — С. 6. — 236 с. — 250 ас. — ISBN 978-985-480-852-9
- ^ Заазер’е, заказьнік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 482. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ Міхась Карпечанка. З («Заазер’е») // Бялыніччына: краязн. энцыкл. даведнік. — Менск: Віктар Хурсік, 2011. — С. 56. — 140 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-6888-64-2
- ^ Вольга Хвоін. Торф замест паветра // Газэта «Новы час», 3 лютага 2012 г. Праверана 11 чэрвеня 2021 г.
- ^ а б Гідраграфія і гідрагеалёгія Бялыніцкага раёну // Магілёўская абласная бібліятэка, 2002 г. Праверана 11 чэрвеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Юшкевіч. Заказьнік «Заазер’е» // Партал «Радзіма майго духу», 2011 г. Праверана 11 чэрвеня 2021 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |