Стронга (заказьнік)
«Стронга» | |
Плошча | 12 015 га |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Геаграфічныя каардынаты | 53° пн. ш. 25° у. д. / 53° пн. ш. 25° у. д.Каардынаты: 53° пн. ш. 25° у. д. / 53° пн. ш. 25° у. д. |
Месцазнаходжаньне | Баранавіцкі раён |
Утварэньне | 26 кастрычніка 1998 (26 гадоў таму)[1] |
«Стронга» |
«Стронга» — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, абвешчаны ў кастрычніку 1998 году на захадзе Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці[2].
Быў заснаваны дзеля аховы рэдкіх відаў дзікіх жывёлаў і дзікарослых расьлінаў. Плошча складала 12 015 гектараў. Месьціўся на стыку Наваградзкага ўзвышша і Баранавіцкай раўніны. Улучаў даліны рэк Лахазва, Дзеравянка і Іса, а таксама іх прытокі і штучныя вадаёмы. Пад лясамі знаходзілася 94 % земляў. Пераважалі верасовыя, брусьнічныя і імшыстыя, чарнічныя і арляковыя хвойнікі. Таксама расьлі бяроза, чорная вольха і елка, дуб і граб. Расьлінны сьвет налічваў 16 рэдкіх відаў, улучаных у Чырвоную кнігу Беларусі, сярод якіх былі: звычайны баранец і пірамідальная гарлянка, званочак рапунцэль і сібірскі касач, горны купальнік і майскі пальчатакарэньнік, лугавы сон і звычайная тлушчанка. Жывёльны сьвет улучаў 202 віды, зь якіх 24 было у Чырвонай кнізе: арлан-белахвост, барсук, вялікі і малы бугай, чорны бусел, чорнавальлёвая гагара, малая паганка, шыракапальцы рак, чаротная рапуха, скапа, арэшнікавая соня, ручаёвая стронга, касматаногі сыч і вялікі ўліт. Прадметам паляваньня і промыслу былі 22 віды сысуноў[3].
Паўночную частку заказьніка ад паўднёвай аддзяляў Абуз-Лясноўскі палігон. На захад ад «Стронгі» месьціліся Слонімскі заказьнік і вёска Вяршок. На поўнач ад заказьніка былі вёскі Малая Блошна, Лотвічы і Сьвіраны. На поўначы самога заказьніка месьцілася вёска Ёлава. На ўсходзе ад заказьніка знаходзіліся Пераносіны і Палонка, Дзекалы і Дзеткавічы, Цівунцы і Жарабілавічы. Паўночную частку «Стронгі» з усходу на захад перасякалі аўтадарога і чыгунка Баранавічы — Слонім. На поўдні паўночнай часткі заказьніка месьцілася возера Хаткі. Паўднёвую частку «Стронгі» з усходу ад Тартакоў на захад перасякала аўтадарога Р99. На паўночным захадзе паўднёвай часткі заказьніка месьцілася лесанасенная плянтацыя, на захадзе — возера Басіна, а на паўднёвым усходзе — турбаза «Лясное возера» і 3 дзіцячыя аздараўленчыя летнікі: «Зорачка», «Мара» і «Электрон». На поўдзень ад заказьніка былі вёскі Гавінавічы і Яжона, а таксама вадасховішча Гаць.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Стронга» // Баранавіцкая гарадзкая бібліятэка імя Валянціна Таўлая, 2022 г. Праверана 15 ліпеня 2022 г.
- ^ Ігар Шаруха, Александрына Сарока. Тэма 18. Прыродаахоўныя тэрыторыі Беларусі // Фізычная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. = Фізічная, эканамічная і сацыяльная геаграфія Беларусі : у 2 ч. / рэд. А.Л. Пазьнякоў. — Магілёў: Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2017. — Т. 1. Фізычная геаграфія Беларусі. — С. 57. — 76 с. — 51 ас. — ISBN 978-985-568-335-4
- ^ П.І. Лабанок. Стронга // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Сьледавікі — Трыё. — С. 206. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |