Перайсьці да зьместу

Паўстаньне 1863—1864 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Студзеньскае паўстаньне»)
Паўстаньне 1863—1864 гадоў
Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў
Дата: 22 студзеня 1863 — восень 1864
Месца: Царства Польскае, Беларусь (Літва), Летува, Латвія, Правабярэжная Ўкраіна
Вынік: Параза паўстанцаў
Супернікі
Паўстанцы Расейская імпэрыя
Прусія (з 8 лютага 1863)
Герб Рэчы Паспалітай у часы паўстаньня 1863—1864 гадоў

Паўста́ньне 1863—1864 гадо́ў — паўстаньне нацыянальна-рэвалюцыйных сілаў на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай (сучасныя Польшча, Беларусь, Летува, Латвія й частка Ўкраіны) супраць расейскага панаваньня й за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Пачалося абвяшчэньнем Маніфэсту Часовага нацыянальнага ўраду 10 (22) студзеня 1863 году. Гісторыяграфічная навука дае розныя ацэнкі паўстаньню ў цэлым, асабліва ў пляне нацыянальнай матывацыі кіраўнікоў і сацыяльнай базы ўдзельнікаў: ад «польскай шляхецка-клерыкальнай смуты» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага» або «сялянска-рэвалюцыйнага руху»[1].

Асобна разглядаецца паўстаньне на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага, да якога ўжываецца назва паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Яно характарызуецца ўтварэньнем Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, які патрабаваў роўнасьці ў дачыненьнях паміж Вільняй і Варшавай. Удзельнікі паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім, найперш Кастусь Каліноўскі і яго блізкае кола, карысталіся паролем «Каго любіш — Люблю Беларусь — То ўзаемна», вярнулі беларускую мову ва ўрадавае справаводзтва, а таксама выдавалі па-беларуску газэту «Мужыцкая праўда», праклямацыі і ўлёткі. Гэта прымусіла Нацыянальны ўрад у Варшаве прызнаць гістарычную суб’ектнасьць беларусаў 3 траўня 1863 году ў форме прыняцьця адозвы «Да братоў-беларусаў»[2].

На тэрыторыі Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) з пачаткам паўстаньня быў рэарганізаваны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы й Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім. Першым маніфэстам гэтага ўраду быў пераказ варшаўскага маніфэсту (20 студзеня (1 лютага) 1863). Аднак у «Паўстанцкую інструкцыю» быў уключаны адметны пункт пра права камандзіраў аддзелаў паводле пастановы ваеннага суду караць сьмерцю «найбольш злосных прыгнятальнікаў сялянаў».

Варшаўскі ўрад адхіліў ад улады Часовы ўрад Літвы й Беларусі (27 лютага (11 сакавіка) 1863), перадаўшы ўладу віленскаму камітэту «белых», які стаў называцца «Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Гэты Аддзел распаўсюдзіў дэкрэт, якім касаваліся ўсе паўнамоцтвы і мандаты ЛПК. Каліноўскі ад імя ЛПК выказаў пратэст супраць перадачы ўлады «ў рукі контррэвалюцыянэраў» й зьняў зь сябе адказнасьць за ўсе будучыя памылкі й страты, але падпарадкаваўся.

Тады, калі Каліноўскі разгортваў шырокую дзейнасьць у Гарадзеншчыне, выступаючы пад рознымі мянушкамі, як Яська Гаспадар з-пад Вільні, Васіль Сьвітка, Макарэвіч і Чарнэцкі, у Вільні тварыліся ўжо паўстанцкія арганізацыі. На чале іх стаялі: Старжынскі, Зьвірждоўскі, Агрызка, Пшыбыльскі, Длускі, Аскерка, Далеўскі, Малахоўскі" Вярыга і др.

Усе яны ведалі пра Кастуся Каліноўскага, у паглядах зь ім ня ўсе, аднак, згаджаліся. Бальшыня гэных людзей была за тое, каб віленскія паўстанцкія арганізацыі мелі цесную лучнасьць з Варшавай і схіляліся на бок «белых», а Каліноўскі заяўляў, што «сякера паўстанца не павінна спыняцца нават над калыскаю шляхоцкага дзіцяці» і што «такой бесталковай галаве, як Варшава, ня можна даверыць долю Беларусі». Таму сярод віленскіх правадыроў паўстаньня, калі зьявіўся туды Каліноўскі, настаў разлом. Да Каліноўскага далучыліся: капітан Зьвірждоўскі, інжынэр-паручнік Малахоўскі, Вярыга і лекар Длускі. Наколькі палякі думалі ўвесь паўстанцкі рух абапёрці на шляхце і на абшарніках, нагэтулькі Каліноўскі і ягоныя сябры ўважалі, што паўстаньне ўдасца тады толькі, калі за ім пойдзе сялянства, якому трэба аддаць усю зямлю бяз выкупу і зь якога трэба было выбраць паўстанцкі апарат. Адначасна Каліноўскі пашыраў думку вуніі на рэлігійным груньце на Беларусі, хочучы з вуніі зрабіць нацыянальную беларускую рэлігію, веру, дзе была б беларуская мова і дзе не было б уплыву ані польскага, ані расейскага.

Палякі ўсьцяж стараліся падпарадкаваць Каліноўскага варшаўскаму камітэту, а ён заяўляў, што беларусы самі сябе могуць кіраваць. Тады «белыя» загразілі, што калі ён з сваім Камітэтам не падпарадкуецца Варшаве, дык іхныя імёны будуць апублікаваныя ў газэтах і такім парадкам яны будуць раскрытыя ды панясуць адказнасьць перад урадам і перад Польшчай. Каліноўскі, запратэставаўшы супроць гэтага, змушаны быў выехаць зь Вільні ў Гарадзеншчыну, дзе далей праводзіў сваю дзейнасьць. Зьвірждоўскі выехаў на ўсход і праводзіў рэвалюцыйную акцыю сярод студэнтаў Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту. У Вільні застаўся Малахоўскі, і ён у лучнасьці з Каліноўскім патаемна праводзіў самастойную беларускую лінію. Яны далей пашыралі сваю акцыю і заклікалі змагацца з царскім урадам, а таксама думку пра тое, што трэба стварыць мужыцкую Беларусь, незалежную і ад польскага пана, і ад расейскага самаўладзтва, што разам эксплюатавалі беларускага селяніна[3].

У кастрычніку 1862 году паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт зьяўляецца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[4][5]:

« Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <...> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. »
Першая старонка нявыдадзенай Мужыцкай праўды

Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс. чал. Паўстанцкія аддзелы здолелі правесьці на Беларусі й Летуве 237 баёў з царскімі карнікамі[6]. Падчас паўстаньня на кароткі час інсургентамі быў захоплены горад Горкі. У красавіку 1863 г. атрад Людвіка Зьвяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытуту захапіў павятовы горад, але быў разьбіты царскім войскам.

На Меншчыне ваенныя дзеяньні пачаліся 19 красавіка 1863. Найбольш вялікія баі адбыліся:

  • 21 красавіка пад Азярцамі (Слуцкі раён) быў разьбіты аддзел паўстанцаў Уладзімера Машэўскага;
  • пад Тараканаўкай (Лагойскі раён) 27 красавіка 1863;
  • пад Пятровічамі (Смалявіцкі раён) 28 красавіка 1863, пацярпелі паразу інсургенты Антона Трусава;
  • пад Лядамі (Старадароскі раён) 30 красавіка 1863;
  • пад Падбярэзьзем (Барысаўскі раён) 7 траўня 1863;
  • адбыўся жорсткі бой пад Юравічамі (Чэрвеньскі раён) 9 траўня 1863;
  • пад Уладыкамі 16 (ці 28) траўня 1863 аддзел Вінцэнта Козела быў пераможаны, тут загінула каля 100 паўстанцаў.
  • пад Іжай (Вялейскі раён) 24 траўня 1863.

На Гарадзеншчыне ваенныя дзеяньні былі адметныя значна большым, чым у іншых мясьцінах, удзелам сялянаў, што тлумачыцца ўмелай прапагандай рэвалюцыйных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага[7], а таксама значна большым адсоткам каталікоў. 11 красавіка 1863 году каля вёскі Новы Двор (Шчучынскі павет) атрад Людвіка Нарбута вытрымаў бітву з жаўнерамі палкоўніка Цімафеева. 3 чэрвеня адбылася знакамітая бітва пад Мілавідамі. 13 чэрвеня атрады Ф. Уладака і Я. Ваньковіча трымалі бой каля вёскі Новыя Пяскі (Бярозаўскі павет). Праз два дні атрады Валерыя Урублеўскага перамаглі на Пружаншчыне. У чэрвені — ліпені 1863 у выніку рэпрэсіяў Мураўёва ад падтрымкі паўстаньня адышлі памешчыкі Беларусі й Летувы. Тады ў склад Віленскага камітэту быў вернуты Каліноўскі, а 31 ліпеня 1863 узначаліў яго. 22 жніўня Каліноўскаму былі перададзеныя паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Вільні. Такім чынам, у руках Каліноўскага была сканцэнтраваная ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арганізацыі на землях Беларусі й Летувы. На важнейшыя пасады Каліноўскі паставіў сваіх аднадумцаў — так, В. Урублеўскі стаў ваенным начальнікам Гарадзенскага ваяводзтва, І. Ямант — камісарам у Менску, А. Мацкевіч — ваенным арганізатарам узброеных сілаў Ковенскага ваяводзтва. Аднак і новаму складу кіраўніцтва не ўдалося дамагчыся пералому ў ваенных дзеяньнях. Пад пачатак верасьню 1863 паўстаньне ў літоўска-беларускіх губэрнях было практычна задушанае. 16 сьнежня ў Коўне расейскія ўлады павесілі Антона Мацкевіча[8].

Каліноўскі і ягоныя сябры былі людзьмі высокаасьвечанымі, поўныя энэргіі і любасьці да свайго краю і народу, і свае акцыі ня спынілі нават тады, калі палякі ў 1863 годзе праігралі паўстаньне. Наадварот, Каліноўскі, абвесьціўшы сябе дыктатарам Беларусі, яшчэ больш узмацніў і найдаўжэй праводзіў сваю рэвалюцыйную працу. Калі-ж польскія паны, спалохаўшыся пагромшчыка паўстанцаў віленскага генэрал-губэрнатара Мураўёва, пачалі падпісваць лісты з «верноподданническим» адрысам да цара, дык па загадзе Каліноўскага паўстанцы зрабілі замах на арганізатара гэнага падпісваньня абшарніка Дамэйку і моцна яго парэзалі. Гэты факт страшэнна ўзбурыў расейцаў. Мураўёў асабіста пачаў кіраваць асочваньнем Каліноўскага і ягоных найбліжэйшых супрацоўнікаў. Круг дзейнасьці паўстанцаў звужаўся і ў канцы 1863 году па даносе паліцыі ўдалося арыштаваць памоцніка Каліноўскага Далеўскага, загадчыка гаспадарска-грашовае часткі паўстаньня на Беларусі Здановіча і паўстанцкага камісара Віленшчыны Дарміноўскага. Паліцыя, ведаючы, што яны былі найбліжэйшымі супрацоўнікамі Каліноўскага, старалася рознымі спосабамі вымусіць ад іх паказаньні аб месцы прабываньня Каліноўскага, але ніхто зь іх свайго правадыра ня зрадзіў, хоць усім прышлося згінуць на эшафоце. Здановіча і Дарміноўскага павесілі ў сьнежні 1863 г., а Далеўскага — у студзені 1864 году.

Пасьля паліцыя натрапіла на сьляды Малахоўскага, і ён мусіў выехаць за межы. Францішак Багушэвіч, які браў таксама ўдзел у паўстаньні, быў ранены ў нагу і, каб заблытаць сьляды, выехаў на Ўкраіну ў Нежын, дзе паступіў у Юрыдычны ліцэй. Каліноўскі застаўся блізу што адзін, але дарма, ён і далей сьмела, энэргічна працаваў, спадзяючыся падняць працоўныя беларускія масы проці польскіх паноў і расейскага цара. Аднак расстаўленыя агенты Мураўёва дзеілі. Яны шукалі Каліноўскага ня толькі ў Вільні, але і ў Менску, і там, натрапіўшы на сьляды падпольнае беларускае арганізацыі, злавілі шляхцюка Парфіновіча. Парфіновіч ведаў, дзе знаходзіцца дыктатар і, калі паліцыя дакляравала яму падараваць жыцьцё, дык ён паказаў памешканьне Каліноўскага ў Вільні, у сьвятаянскіх мурох, дзе Каліноўскі жыў пад прозьвішчам Вітаўта Вітожэнца. Арышт Каліноўскага адбыўся 29.1.1864 г., і пасьля яго паўстаньне было канчальна зьліквідавана, а сам Каліноўскі 22.III. 1864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні. Перад сьмерцяй сваёй Каліноўскі, будучы ў вастрозе, напісаў яшчэ ліст да беларускага народу наступнага зьместу [3]:

«Мужыкі, браты мае родныя!

З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, да шчырасьці мае слова перадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі ў радзе жыць у дастатках, і тады толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзівая ня ідзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна у нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякае навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».

Пасьля паразы ў ваенных дзеяньнях у 1863 паўстанцы перайшлі да партызанскай барацьбы. У далейшым барацьба перайшла ў сфэру грамадзкага непадпарадкаваньня й адміністрацыйных рэпрэсіяў, яна працягвалася й пасьля сканчэньня паўстаньня.

Вытрымка з пратакола допыту В. Парфіяновіча, у якім упамінаецца пароль паўстанцаў: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь».

Расейскія ўлады ўчынілі бязьлітасныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў паўстаньня, канфіскоўвалі іх маёмасьць. Маёнткі датычных да паўстаньня забіраліся ў скарб Расейскай імпэрыі і на льготных умовах прадаваліся выхадцам з цэнтральных расейскіх губэрняў. За падтрымку паўстаньня студэнтамі расейскія ўлады закрылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасьць сярэдніх навучальных установаў. Настаўнікаў і іншыя катэгорыі мясцовай інтэлігенцыі (мэдычных работнікаў, землямераў) пераводзілі на службу ў цэнтральную Расею і замянялі выхадцамі адтуль. Згодна з афіцыйнай статыстыкай расейскіх уладаў (зь ліку тых, каго ўзялі ў палон або арыштавалі), за датычнасьць да паўстаньня 128 чалавек пакаралі сьмерцю, 853 чалавекі выраклі да катаргі, каля 12,5 тысячаў чалавек выраклі на службу ў арыштацкіх ротах або выслалі ў іншыя мясцовасьці[9], у тым ліку — на пасяленьне ў Сыбір (частка зь іх у 1866 годзе падняла Кругабайкальскае паўстаньне).

Улады Расейскай імпэрыі вырабілі мэдаль «За здушэньне польскага мяцяжу» (рас. «За усмирение польскага мятежа»), наклад якога склаў 368 тысячаў 133 асобнікі, што сьведчыла як пра велізарныя сілы, кінутыя супраць паўстанцаў, так і пра маштаб змаганьня з расейскімі калянізатарамі[10].

Вядомыя ўдзельнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Фірыновіч А. Э. «Жаночы фактар» у Паўстаньні 1863—1864 гг.: Інфармацыйны патэнцыял беларускіх архівасховішчаў // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 2011. — № 2. — С. 59—65.
  2. ^ Абламейка С. Каліноўскі быў беларусам. Даказаць адваротнае немагчыма, Радыё Свабода, 22 сакавіка 2021 г.
  3. ^ а б Беларусь учора і сяньня. Касяк Іван, Найдзюк Язэп.- Менск: Навука і тэхніка, 1993
  4. ^ Герасімчык В. Ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды» // «Народная Воля», 19 чэрвеня 2018 г.
  5. ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.
  6. ^ Гісторыя Беларусі. Ад старажытнасці да XXI стагоддзя. Кароткі нарыс. — Мн.: Лекцыя, 2000.
  7. ^ М. Біч…
  8. ^ Змагацца і памерці, каб стаць легендай: «Бітва за Каліноўскага» // Наша ніва
  9. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 336.
  10. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 335.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]