Перайсьці да зьместу

Сымон Шыдлоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сымон Шыдлоўскі
Сымон Шыдлоўскі, 1863 г.
Сымон Шыдлоўскі, 1863 г.
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся XIX стагодзьдзе
Памёр 10 сакавіка 1906(1906-03-10)
Пахаваны
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Шыдлоўскі.

Сымон Шыдлоўскі (? — 10 сакавіка 1906, Львоў, Аўстра-Вугоршчына) — удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, віцебскі харунжы.

Удзельнікі паўстаньня: Сымон Шыдлоўскі трымае харугву Віцебшчыны з Пагоняй

Нарадзіўся ў маёнтку пад Віцебскам і быў выхадцам зь беларускай шляхецкай сям’і. Атрымаўшы першасную адукацыю ў Віцебску, паехаў далей навучацца ў Маскву, дзе здабыў дыплём вайскоўца і чын афіцэра. Аднак нягледзячы на кар’ерныя перспэктывы, абраў шлях змаганьня за волю Айчыны. Яго ідэалам быў вольны грамадзянін-патрыёт, а ня раб-жаўнер на службе дэспатычнага тырана.

У 1861 годзе ў Тыліжу, пад Віцебскам, узяў удзел з штандарам з сураскага касьцёла ў сьвяткаваньні гадавіны Гарадзельскай уніі.

Даведаўшыся ад земляка пра заплянаванае нацыянальна-вызвольнае паўстаньне, накіраваўся на родную Віцебшчыну, дзе адразу прыступіў да фармаваньня паўстанцкага падпольля. Паўстанцкай сеткай была пакрытая амаль ўся Віцебская губэрня і нават частка суседняй Смаленшчыны. На яго заказ, быў пашыты баявы штандар паўстанцаў з Пагоняй.

Па выступленьнях у Варшаве і Вільні, узяў актыўны ўдзел у разгортваньні паўстаньня на Віцебшчыне. Аддзелы паўстанцаў на чале з харунжым Шыдлоўскім атакавалі расейскую адміністрацыю і расквартаваных салдатаў, вялі пасьпяховыя баі з акупацыйнымі сіламі, чынілі рэйды на ўсход, спрабуючы перакінуць паўстанцкае полымя на суседнія рэгіёны. Але заўчасны пачатак паўстаньня, на што наракаў і яго кіраўнік на Беларусі Кастусь Каліноўскі, не дазволіў разгарнуцца напоўніцу. Не хапала зброі і мэдыкамэнтаў, бракавала камунікацыі з цэнтральнымі штабамі.

Надмагільле Сымона Шыдлоўскага на Лычакаўскіх могілках у Львове

Расейскія ўлады ўчынілі бязьлітасныя рэпрэсіі над удзельнікі паўстаньня, зруйнавалі іх сядзібы і канфіскавалі маёмасьць. Маёнткі ўдзельнікаў паўстаньня забіраліся ў скарб Расейскай імпэрыі і на льготных умовах прадаваліся выхадцам з цэнтральных расейскіх губэрняў. За падтрымку паўстаньня студэнтамі ўлады закрылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасьць сярэдніх навучальных установаў. Настаўнікі і іншыя катэгорыі мясцовай інтэлігенцыі (мэдычныя работнікі, землямеры) былі пераведзены на службу ў цэнтральныя губэрні і заменены новымі. 128 паўстанцаў былі пакараныя сьмерцю, больш за 850 чалавек высланыя на катаргу, каля 12,5 тыс. чалавек выселеныя, у тым ліку 500 — на пасяленьне ў Сыбір.

Па здушэньні паўстаньня на Віцебшчыне, Сымон Шыдлоўскі разам са сваімі землякамі з баямі прабіўся на захад, дзе зноў далучыўся да збройнага змаганьня паўстанцкіх аддзелаў на Падляшшы. Браў удзел у баях пад Берасьцем і Ласіцамі, а ў баі пад Чырвонкай (каля Саколкі) атрымаў раненьне правай рукі, што прывяло да калецтва. І толькі па поўнай капітуляцыі Варшавы, ён разам зь нескаронымі паплечнікамі, праз Кракаў, перабраўся ў Аўстра-Вугоршчыну, дзе і асеў у Львове.

Аднак і на чужыне паўстанцы Шыдлоўскага не згубіліся ды не растварыліся ў мясцовым людзе, наадварот, сваім зямляцтвам заўжды трымаліся разам, падтрымлівалі адзін аднога. Паводле ўспамінаў, у памятныя даты, зьвязаныя з гісторыяй свайго краю, яны заўсёды выходзілі пад змагарным штандарам з Пагоняй у цэнтар места, дзе служылі імшу ў памяць палеглых паплечнікаў. І на пахаваньне сваіх баявых сяброў Сымон Шыдлоўскі нязьменна прыходзіў з баявым штандарам у руках.

Памёр нескароны герой з думкай пра вольную Айчыну, яго просьбай-запаветам было выбіць на яго надмагільным каменьні словы, якія красуюцца там і сёньня: «На нашым праху — паўстануць мсьціўцы». Пахаваны ў Львове на Лычакаўскіх могілках. Пазьней, нашчадкі на яго магіле ўсталявалі сымбалічны помнік у форме паўстанца з штандарам Пагоні ў руцэ. Усе іншыя паўстанцы-ліцьвіны паводле ўласнага жаданьня пахаваныя каля свайго камандзіра.

  1. ^ (нявызначаны загаловак) (пол.)Wrocław: 2016. — 322 с.
  • Nicieja S. Cmentarz Łyczakowski we Lwowie w latach 1786—1986. — Wrocław: Ossolineum, 1988. ISBN 83-04-02817-4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымон Шыдлоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў