Мэдаль за здушэньне польскага мецяжу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мэдаль «За здушэньне польскага мецяжу»
RUS Medal za stłumienia polskiego buntu 1863-1864.jpg Medal for the suppression of Polish rebellion 1863-1864.JPG
Арыгінальная назва Медаль «За усмирение польского мятежа»
Краіна Расейская імпэрыя Расейская імпэрыя
Тып мэдаль
Статус не ўручаецца
Статыстыка
Парамэтры дыямэтар 28 мм
Дата заснаваньня 13 студзеня 1865
Колькасьць ~ 600 тыс.

Мэдаль «за здушэньне польскага мецяжу» (па-расейску: Медаль «За усмирение польского мятежа») — узнагарода Расейскае імпэрыі, якою адзначалі ўдзельнікаў здушэньня Студзеньскага паўстаньня.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагарода была ўведзеная загадам імпэратара Аляксандра II 13 студзеня [ст. ст. 1 студзеня] 1865 для адзначэньня ўдзельнікаў бітваў супраць паўстанцаў 1863—1864 рокаў.

Мэдаль меў адну ступень, але два варыянты, якія адрозьніваліся колерам: сьветла- ці цёмна-бронзавым, якімі ўзнагароджваліся розныя групы ўдзельнікаў.

Падставы ўзнагароджваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароды сьвятлейшага колеру атрымалі вайскоўцы ўсіх званьняў ад генэралаў да шарагоўцаў; жаўнеры пагранічнай варты; маларасейскіх казацкіх палкоў Чарнігаўскай і Палтаўскай губэрняў; коннай сотні міліцыі Дзьвінскага і Рэжыцкага паветаў; мэдыкі, вайсковыя сьвятары, якія ў 18631864 бралі ўдзел у бітвах з паўстанцамі або знаходзіліся ў войсках. Мэдаль уручаўся таксама адстаўным ніжнім чынам і асобам усіх саслоўяў, у тым ліку й сялянам, якія змагаліся са зброяй у руках. Паводле загаду 29 студзеня 1877 яго таксама ўручылі ўсім вайскоўцам марскога ведамства, якія ў пэрыяд паўстаньня знаходзіліся на суднах ля берагоў Курляндыі.

Цёмна-бронзавыя мэдалі атрымлівалі цывільныя і вайсковыя ўраднікі, якія ў 1863—1864 служылі на тэрыторыі Царства Польскага і Заходняга краю і ня бралі непасрэднага ўдзелу ў бітвах, аднак сваімі дзеяньнямі дапамагалі здушэньню паўстаньня. Уручаўся гэты мэдаль таксама іншым жыхарам, якія супрацоўнічалі з расейскай адміністрацыяй і войскам.

Агулам было выбіта 368 133 штукі мэдалёў сьветла-бронзавага і 231 221 штука цёмна-бронзавага колераў.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдаль акруглы, дыямэтрам 28 мм, выкананы са сьветлай і цёмнай бронзы.

На авэрсе знаходзіцца герб Расеі — дзьвюхгаловы чорны арол, укаранаваны царскаю каронай, які трымае ў капцюрах скіпэтар і дзяржаву. На грудзёх арла герб Маскоўскага княства — шчыт з выявай сьвятога Юрыя, які перамагае цмока.

На рэвэрсе ў цэнтральнай частцы знаходзіцца дата 1863—1864, а ўздоўж рабра надпіс «За здушэньне польскага мецяжу» (рас. За усмирение польскаго мятежа). Між пачаткам і канцом надпісу зьмешчаная маленькая чатырохпялёсткавая разэтка.

Мэдаль выдаваўся на стужцы колераў дзяржаўнага сьцягу (Раманаўскай стужцы) — бела-аранжава-чорнай для нашэньня на грудзёх.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Изотова М. А. Ордена и медали России и СССР. — М.: Владис, 2010. — С. 265—267. — ISBN 978-5-9567-0960-3
  • Александр Кузнецов, Николай Чепурнов. Наградная медаль. — М.: Патриот, 1995. — ISBN 5-7030-0452-7

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]