Перайсьці да зьместу

Мілавідзкая бітва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бітва пад Мілавідамі»)
Мілавідзкая бітва
Дата: 3 чэрвеня [ст. ст. 22 траўня] 1863
Месца: вёска Мілавіды (Слонімскі павет, Гарадзенская губэрня)
Вынік: перамога паўстанцаў
Супернікі
беларускія паўстанцы Расейская імпэрыя
Камандуючыя
падпалкоўнік Аляксандар Лянкевіч
Колькасьць
5 паўстанскіх атрадаў5 рот салдатаў з 4 гарматамі
Страты
18 забітымі і палоннымі50 забітых

Мілавідзкая бітва — бітва паміж беларускімі паўстанцамі і расейскім войскам падчас народна-вызваленчага паўстаньня 1863—1864 гадоў, што адбылася 3 чэрвеня [ст. ст. 22 траўня] 1863 году пад вёскай Мілавіды (Слонімскі павет, Гарадзенская губэрня; цяпер Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь).

У сярэдзіне траўня 1863 году ў лягеры пад Мілавідамі (Слонімскі павет, цяпер Баранавіцкі раён) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў:

Лягер паўстанцаў знаходзіўся ў лесе каля шашы Берасьце — Бабруйск. Камандаваньне аб’яднанымі сіламі ўзяў на сябе былы падпалкоўнік царскага войска Аляксандар Лянкевіч. 21 траўня паўстанскія сілы ў мілавідзкім лягеры інспэктаваў Кастусь Каліноўскі.

На паўстанцаў царскія ўлады кінулі войскі са Слоніму і Нясьвіжу. Першай падышла калёна са Слоніму (3 роты Стараінгерманляндзкага пяхотнага палка з 4 гарматамі і коннай групай) на чале з падпалкоўнікам Булгарыным.

22 траўня (3 чэрвеня) расейскія войскі з розных бакоў атакавалі лягер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі адступілі на зыходныя пазыцыі, страціўшы 50 чалавек забітымі і параненымі. Паўстанцы панесьлі страты ў 18 чалавек. На дапамогу расейцам сьпяшалася калёна зь Нясьвіжу (2 роты Новаінгерманляндзкага палка), і назаўтра атакі аднавіліся, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лягер і адышлі ў розных кірунках.

Так як поле бою засталося за паўстанцамі, яны сталіся на гэтым полі пераможцамі. Забітыя паўстанцы і царскія вайскоўцы паводле загаду Булгарына былі пахаваны на супрацьлеглых баках шашы.

  • На месцы пахаваньня расейскіх жаўнераў у 1913 годзе быў усталяваны чыгунны крыж.
  • У гонар паўстанцаў была пабудаваная капліца-помнік у 1933 годзе.
  • У 1990 годзе ўсталяваны яшчэ адзін памятны знак — камень з мэмарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску.
  • У 1993 годзе Мілавідзкай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назьве вуліцы Паўстанцаў.
  • У Мілавідзкай школе маецца музэй, прысьвечаны паўстаньню Каліноўскага.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]