Перайсьці да зьместу

Аляксандар Акінчыц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Акінчыц
Род дзейнасьці лекар, мэмуарыст
Дата нараджэньня 9 лютага 1839
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Сялец Пружанскага павету
Дата сьмерці 18 сакавіка 1886
Месца сьмерці Сьцяг Францыі Вільпрэ
Месца вучобы
Занятак публіцыст, лекар
Бацька Восіп Акінчыц
Маці Паўліна з Галіёфаў
Жонка Жазэфіна Залеская
Ганна Кракавецкая
Дзеці
з Жазэфінай Залескай:
  • Жазэфіна Багдана Сафія Паўліна

з Ганнай Кракавецкай:

  • Юзэф Тэадор
  • Уладзімер Павал
  • Браніслаў Мар’ян
  • Бэрнард Севярын Багдан

Алякса́ндар Во́сіпавіч Акі́нчыц гербу Аксак[1] (9 лютага [ст. ст. 28 студзеня] 1839, в. Сялец Пружанскага павету, Расейская імпэрыя — 18 сакавіка 1886, Вільпрэ, Сена-і-Ўаза, Францыя) — мэдык, публіцыст, мэмуарыст. Удзельнік паўстаньня 1863 году.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Пружане, у 1856 паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (скончыў 10 чэрвеня 1861), доктар мэдыцыны. У верасьні 1862 прызначаны звышштатным акруговым урачом Слонімскага павету, пасьля акруговым урачом Пружанскага і Слонімскага паветаў. Пражываў у Шарашове. На кані і пешкі наведваў хворых у Пружане, Стараволі, Белавежы, хутка заваяваўшы аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў.

У красавіку 1863 атрымаў прадпісаньне ад Варшаўскага рэвалюцыйнага камітэту і далучыўся да стваранага аддзелу пружанскага шляхціча Фэлікса Влодэка, разам зь якім накіраваўся ў Міхалінскі лес. Тут да іх далучыліся рэшткі разгромленай групы Самульскага, пакінутага Рагінскім для кіраўніцтва паўстаньнем у Пружане. У Міхаліне паўстанцы аб’ядналіся з аддзелам «Млотка» Стравінскага. Аляксандар Акінчыц найбольш займаўся аказаньнем мэдычнай дапамогі параненым.

Увосень 1863 з прычыны захворваньня ног і нырак Аляксандар замешкаў у сваякоў Замойскіх ля Кабылаўкі, пасьля вярнуўся ў матчыны маёнтак Нямковічы Пружанскага павету.

14 лістапада арыштаваны «за бытность в мятежной шайке и не явку к властям по возвращении из оной»[2] і кінуты ў пружанскую вязьніцу. Нават знаходзячыся ў турме, атрымліваў запрашэньні да хворых шляхцічаў, куды яго суправаджалі пад канвоем. Удзячныя пацыенты напісалі таксама некалькі прашэньняў да ўладаў на вызваленьне лекара, аднак яны засталіся без адказу[3].

13 красавіка 1864 ваенным судом у Горадні прыгавораны да пазбаўленьня ўсіх правоў стану і 15 гадоў катаргі. На этапе між Табольскам і Томскам разам зь яшчэ двума вязьнямі здолеў схавацца пад імёнамі памерлых ад тыфу. Акінчыц застаўся ў Томску пад імем Мечыслаў Мілеўскі. На конях і пешшу дабраўся да цэнтральных раёнаў Расеі. З дапамогаю расейскіх рэвалюцыйных групаў з фальшывым пашпартам у жніўні 1865 разам з Зыгмунтам Мінейкам даехаў да Парыжу.

Ягоны дыплём не прызнаваўся ў Францыі, таму мусіў прайсьці адпаведныя курсы і ў ліпені 1867 пасьпяхова здаў іспыт на званьне доктара мэдыцыны. Займаўся лекарскай практыкай у Вільпрэ непадалёк ад Вэрсалю.

11 лютага 1882 атрымаў францускае грамадзянства[4].

Памёр 18 сакавіка 1886, заразіўшыся на грып ад уласных пацыентаў[5]. На помніку выбіты надпіс «Раб абавязку, ахвяра сваёй адданасьці»[6].

Браў актыўны ўдзел у дзейнасьці эмігранцкіх арганізацыяў уцекачоў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Магіла Аляксандра Акінчыца ў францускім Вільпрэ

Выступаў з публікацыямі ў прэсе. Для свайго цесьця Юзэфа-Багдана Залескага(pl) па памяці запісаў сьпіс знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе», які на дадзены момант зьяўляецца самым раньнім вядомым яе варыянтам[7].

Напісаў па-польску мэмуары «Ўспаміны пра побыт у Расеі ў 1863 г.», якія былі перакладзеныя на францускую мову Жазэфінай Богдан (па-француску: Joséphine Bohdan). Арыгінал на польскай мове не апублікаваны і захоўваўся ў архіве сям’і. Цяпер яго месцазнаходжаньне невядомае.

Меў 4 братоў і 4 сясьцёр.

28 красавіка 1871 ажаніўся з Жазэфінай (Юзэфай) Ганнай Залескай, дачкой паэта-эмігранта Багдана Залескага. Пражывалі ў Фантэнблё па вуліцы дэ Франс, 88[8]. У шлюбе мелі дачку Жазэфіну Багдану Сафію Паўліну (19.03.1872 — 1942)[9].

2 сакавіка 1878 узяў другі шлюб з Ганнай Кракавецкай, зь якой мелі чатырох дзяцей: Юзэфа Тэадора (24.02.1879 — 29.09.1954)[10], Уладзімера Паўла (22.12.1879 — 19.01.1880)[11], Браніслава Мар’яна (24.01.1881 — 8.12.1942)[12] і Марыю Бэрнарда Севярына Багдана (23.10.1882 — 25.05.1915)[13].

У францускім месьце Вільпрэ (за 30 км на захад ад Парыжу) дзейнічае невялікі музэй «доктара Аляксандра», ягоным імем названая адна з вуліцаў гэтага гораду[14].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Aleksander Okińczyc h. Aksak (пол.). Genealogija potomków Sejmu Wielkiego. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
  2. Алег Карповіч (24 студзеня 2010) Акінчыцы: Імкненне да свабоды. Рэха Берасьцейшчыны. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
  3. Натальля Пракаповіч. Паўстанцкі лекар // Раённыя будні. — 13 лютага 2013. — № 12 (9557). — С. 5.
  4. Décret de naturalisation(недаступная спасылка)
  5. https://web.archive.org/web/20110723024231/http://babouchka.net/album/samsung/2009/100SSCAM/SNC00022.jpg
  6. Suzanne Okinczyc se recueille sur la tombe de son grand-père
  7. Александр Ильин. Влодки и Окинчицы — повстанцы с Берёзовщины // Гістарычная брама. — 2008. — № 1 (23).
  8. Aleksander Okinczyc a Villepreux (1867-1886) Blogspot. Teczka-Paris (6 траўня 2009). Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
  9. Joséphine Bohdan Sophie Pauline Okinczyc (анг.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
  10. Joseph Théodore Okinczyc (фр.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
  11. Wladimir Paul Okinczyc (фр.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
  12. Bronislas Marie Okinczyc (анг.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
  13. Marie Bernard Séverin Bohdan Okinczyc (анг.) MyHeritage Праверана 19 лютага 2013 г.
  14. Rue du Docteur Alexandre (фр.). Google Maps. Праверана 27 кастрычніка 2011 г.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Аляксандар Акінчыцсховішча мультымэдыйных матэрыялаў