Валеры Антоні Ўрублеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Валеры Ўрублеўскі»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Валеры Антоні Ўрублеўскі
Walery Antoni Wróblewski.png
Slepowron.svg
Герб Сьлепаворан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 сьнежня 1836
Жалудок, Лідзкі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 5 жніўня 1908
Уарвіль, Францыя
Пахаваны Пэр-Ляшэз
Род Урублеўскія
Бацькі Антон Урублеўскі
Разалія зь Юроўскіх
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць рэвалюцыянэр, палітык, вайсковец, камунар, ліхтарнік і друкар

Валеры Антоні Ўрублеўскі (15 сьнежня 1836 — 5 жніўня 1908) — дзяяч польскага, беларускага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідзкага павету (цяпер гарадзкі пасёлак у Шчучынскім раёне Беларусі) у сям’і польскага па паходжаньні безмаянтковага шляхціца Антона Ўрублеўскага і Разаліі з роду Юроўскіх. Бацька яго працаваў лесьніком, потым скарбнікам у графа Тызэнгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбурскі лясны інстытут. У час вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў чальцом нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі польскія рэвалюцыянэры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. У 1861 годзе Ўрублеўскі накіраваны інспэктарам лясной школы ў вёску Саколка Гарадзенскай губэрні (цяпер Польшча). У 18611862 гадах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэньні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газэту «Мужыцкая праўда».

У час паўстаньня 1863—1864 гадоў Урублеўскі кіраваў паўстанцкімі атрадамі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» — найбольш актыўных барацьбітоў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, — апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладаньня, роўных правоў усіх народаў краю. У час бою з казакамі 7 жніўня 1864 году Ўрублеўскі быў пасечаны шаблямі.

Крыху падлячыўшыся, ён эмігрыраваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 у Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва рабочы ўрад Парыская камуна, Урублеўскі, як і многія іншыя яго суайчыньнікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненьні парыжан. У гэтым выступленьні ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры посьпеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Эўропе...». У званьні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстаньня) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і плян ваенных дзеяў. Неўзабаве яму было прысвоена званьне генэрала і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існаваньня Парыскай камуны. Вэрсальцы завочна прыгаварылі яго да пакараньня сьмерцю. З фальшывым пашпартам Урублеўскі пераехаў у Вялікую Брытанію, дзе блізка пазнаёміўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. У гэты ж час здароўе яго ў выніку шматлікіх раненьняў моцна пахіснулася, яму зь цяжкасьцю ўдалося пазьбегнуць ампутацыі рукі.

Падлячыўшыся ў бальніцы Лёнданскага ўнівэрсытэту, Урублеўскі ўступіў у I Інтэрнацыянал. У кастрычніку 1871 году яго абралі чальцом Генэральнай рады I Інтэрнацыянала, сакратаром-карэспандэнтам для Польшчы. Ідэі Інтэрнацыянала Ўрублеўскі прапаведаваў у эмігранцкай арганізацыі «Люд польскі», створанай у Лёндане па яго ініцыятыве. У 18711872 гадах Урублеўскі быў старшынём судовай («трацейскай») камісіі, якая разьбірала канфлікты паміж чальцамі I Інтэрнацыянала. Пасьля распаду I Інтэрнацыянала і арганізацыі «Люд польскі» (1876) Урублеўскі перабраўся ў Жэнэву. У 1878 годзе ён нелегальна прыяжджаў у Расею (Адэса, Пецярбург), сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. Калі францускі ўрад абвясьціў амністыю ўдзельнікам Парыскай камуны, у 1885 годзе Ўрублеўскі пераехаў у Францыю і пасяліўся ў горадзе Ніцца. У 1901 годзе францускі ўрад нават прызначыў яму пэнсію. Апошнія гады жыцьця ён правёў ва Ўарвілі (каля Парыжу) у хаце былога камунара земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз, ля сьцяны Камунараў.

Памяць ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Горадні імем Урублеўскага названа вуліца.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Чырвінскі В., Генерал Урублеўскі: каліновец, камунар, інтэрнацыяналіст // Наша гісторыя, №2, 2018, с. 16-17. ISBN 2617-2305
  • ^ Find a Grave — 1995. — ed. size: 165000000