Антон Баранцэвіч
Антон Казіміравіч Баранцэвіч (30 студзеня 1837, в. Кірклішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня — 26 студзеня 1918, Львоў, Украіна) — адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863—1864 гадоў у Гарадзенскай губэрні [1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бацька — Казімер Баранцэвіч, арандатар, маці — Вікторыя Рымкевічоўна.
З 1857 году — у расейскім войску, служыў у званьні падпаручніка ў Лібаўскім пяхотным палку ў Беластоку.
Пасьля пачатку паўстаньня ўвайшоў у сфармаваны атрад з 300 чалавек на чале з палкоўнікам Ануфрыям Душынскім, які аб’явіў аб сваім падпарадкаваньні Валерыю Ўрублеўскаму. У бітве пад Валіламі Антоні Баранцэвіч камандаваў Другой стралецкай ротай левага флангу.
Неўзабаве згодна з загадам Нацыянальнага Ўраду пад кіраўніцтва Баранцэвіча перайшоў паўстанцкі атрад, які злучыўся з атрадам братоў Багуслава і Юльяна Эйтміновічаў. Аб’яднаны атрад далучыўся да галоўных фармаваньняў Караля Крысінскага і Валерыя Ўрублеўскага.
22 жніўня 1863 году Баранцэвіч атрымаў званьне паўстанцкага капітана і пачаў дзейнічаць пад непасрэдным кіраўніцтвам Урублеўскага, а пазьней станаў яго даверанай асобай. А. Бранцэвіч прымаў удзел у бітвах пад Цеханоўцам, Зязюліным, Расошшу, Калянам, Гарбовам, Малай Буковай, Лубкамі і іншымі.
Нягледзячы на няроўнасьць сілаў, паўстанцы працягвалі змаганьне. 19 студзеня 1864 году ў бітве пад Карыбутавай Руткай аддзелы Валерыя Ўрублеўскага былі разгромленыя расейцамі. Разам зь некалькімі іншымі ацалелымі паўстанцамі Баранцэвіч перайшоў дзяржаўную мяжу і трапіў у Галіцыю.
У хуткім часе Баранцэвіч пераехаў ў Парыж, дзе працаваў ў чыгуначным бюро. У 1869 годзе ён вярнуўся ў Галіцыю і ўладкаваўся на будове чыгункі. У 1913 годзе выйшаў на пэнсію і пераехаў ў Львоў.
У 1903 годзе ў Львове выдаў кнігу ўспамінаў «Апошнія дні коннага літоўскага атраду» (па-польску: Ostatnie dnie konnego Litewskiego oddziału).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Баранцевич Антон Казимирович // Биографический справочник — Мінск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 40. — 737 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ostatnie dnie konnego litewskiego oddziału // W 40-stą rocznicę powstania styczniowego. Lwów, 1903.
- Księga Pamiątkowa w czterdziestą rocznicę powstania r.1863—1864. Lwów, 1904
- Polski Słownik Biograficzny. Tom I. Polska Akademja Umiejętności. Kraków, 1935. S. 269-270
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 1. «Беларуская энцыклапедыя». Мінск, 1993. С. 303