Антон Яленскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Антон Яленскі
Antoni Jelenski 300.jpg
POL COA Korczak.svg
Герб «Корчак»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 5 ліпеня 1818
Капаткевічы, Мазырскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 1874
Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Род Яленскія
Бацькі Павал Яленскі
Барбара Яленская
Жонка Сабіна Яленская
Дзеці Браніслаў, Вітальд, Павал, Марыян, Эдвард, Адам, Рамуальд, Эмілія, Казіміра

Антон Яленскі (5 ліпеня 1818, Капаткевічы, Мазырскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя1874, Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя) — грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Паходжаньне і сям'я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Наваградзкім ваяводзтве і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе займалі высокія земскія пасады.

Нарадзіўся ў сям’і буйнога землеўласьніка Мазырскага павета Менскай губэрні Паўла Яленскага (1776—1842) і Барбары Лянкевіч, якая таксама як і Яленскія паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Мазырскага павету ВКЛ.

Родным братам Антона быў Ян Яленскі (1809—пасьля 1848), які прымаў удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў.

Антон Яленскі ажаніўся з Сабінай Дыбоўскай (1820—1912), дачкой сярэднезаможнага шляхціца Менскага павету Леапольда Дыбоўскага і Ганны Янаўны зь Яленскіх, і меў дзевяць дзяцей (Браніслава, Вітальда, Паўла, Марыяна, Эдварда, Адама, Рамуальда, Эмілію і Казіміру).

Стрыечны брат — Напалеон Яленскі (1810—1883), удзельнік паўстаньня 1830—1831 гадоў і паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Сабіна Яленская (з роду Дыбоўскіх)

Удзел у паўстаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У падрыхтоўчы пэрыяд перад паўстаннем на таемным зьезьдзе, які адбыўся ў верасьні 1862 году ў Вільні з удзелам прадстаўнікоў «моладзі» (так групоўка «белых» празвала безмаёнткавых членаў) быў выбраны таемны віленскі камітэт з «дарослых» (так празвалі членаў-маянткоўцаў) кіраўнікоў групоўкі «белых», куды разам з Антонам Яленскім увайшлі Якуб Гейштар (1827—1897), Аляксандар Аскерка (1830—1911), граф Віктар Старжынскі (1826—1882), граф Станіслаў Плятэр (нар. 1823), Францішак Далеўскі (1825—1904). Ад імя камітэту Яленскі езьдзіў у лютым 1863 году ў Варшаву для ўзгадненьня з варшаўскімі кіраўнікамі стасункаў адносна паўстаньня.

Пасьля далучэньня «белых» да паўстаньня 1863—1864 гадоў зь лютага 1863 году ўвайшоў у склад Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў касай, непасрэдна кіраваў паўстанцкай арганізацыяй Менскай губэрні, арганізоўваў распаўсюджаньне падпольных выданьняў. Браты яго жонкі Сабіны — Павал Дыбоўскі (1826—1885), вядомы партызан-паўстанец (псэўданім «Зарэмба»), і Эміль Дыбоўскі — таксама прынялі актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях у ходзе паўстаньня.

Адмовіўся падпісаць адрас вернападданства цару Аляксандру ІІ, які падпісвала мясцовае дваранства ў 1863 годзе і быў арыштаваны 1 чэрвеня 1863 году. У часе сьледзтва на Яленскага далі паказаньні некаторыя зь яго падначаленых, таму Яленскі вырашыў прызнаць сваё членства ў Аддзеле кіраўніцтва правінцыямі Літвы, каб сваёй хлусьнёй на сьледзтве прыкрыць іншых вязьненых сваіх таварышаў. Сваім прыкладам пацягнуў за сабой да прызнаньня ва ўдзеле ў таемнай арганізацыі «белых» арыштаванага старшыню Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы Якуба Гейштара.

Высылка ў Сібір і вяртаньне на радзіму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1865 годзе быў асуджаны да 15 гадоў катаргі на цяжкія капальныя работы ў Сібір — ва Ўсоль, куды за хворым Антонам Яленскім паехала яго жонка Сабіна. Былі канфіскаваны ўсе яго маёнткі. Канфіскаваны ўладамі родавы маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце набыў з таргоў старэйшы сын Антона Яленскага Павал, якому ўлады дазволілі прымаць удзел у аўкцыёне: калі сабраныя на аўкцыён дваране даведаліся, што будзе ўдзельнічаць і сын паўстанца, ухіліліся ад таргоў, каб даць мажлівасьць Паўлу набыць канфіскаваны родавы маёнтак па найніжэйшым кошце.

Ва Ўсолі Яленскі меў вострыя звады з Якубам Гейштарам, якога вінаваціў у здрадзе таемнай арганізацыі ў ходзе паўстаньня, а Сабіна Яленская дапамагала хворым катаржнікам, атрымаўшы ад іх найменьне «анёла».

Пасьля вызваленьня цяжка хворы Яленскі жыў у Кракаве, памёр у Вільні. Жонка Сабіна памерла ў маёнтку Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губэрні.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor ; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. “Kurjer Litewski”, 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor ; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. “Kurjer Litewski”, 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Kieniewicz, S. Jeleński Antoni / S. Kieniewicz // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc.: Ossolineum, 1964. — T. XI/1. Zesz. 48: Jarosław — Jelowicki Aleksander. — S. 139—140.
  • Памяць. Петрыкаўскі раён. — Менск, 1995
  • Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
  • Деревни и люди Мозырщины. — Мазыр, 2001
  • Швед, В.В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVIII — першая чвэрць XIX ст.) : біябібліягр. слоўн. / В.В. Швед. — Горадня: ГрДУ, 2007. — 275 с.
  • Луговцова, С.Л. «Заговор Канарского»: Мозырское демократическое общество и его участники / С.Л. Луговцова // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навук. зб. Вып. 5 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Менск : БДУ, 2010. — С. 297—315.