Рафал Каліноўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Каліноўскі.
Рафал Каліноўскі | |
Айцец Рафал ад сьв. Язэпа Каліноўскі | |
Рафал Каліноўскі | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Юзаф Каліноўскі / Józef Kalinowski |
Манаскае імя | Рафал |
Нарадзіўся | 1 верасьня 1835, Вільня |
Памёр | 15 лістапада 1907 (72 гады), Вадавіцы |
Шануецца | Каталіцкая Царква |
Бэатыфікаваны | 22 чэрвеня 1983 году ў Кракаве папам Янам Паўлам ІІ |
Кананізаваны | 17 лістапада 1991 году ў Рыме папам Янам Паўлам ІІ |
Галоўная сьвятыня | кляштары кармэлітаў у Вадавіцах і ў Чэрнай (Польшча), катэдральны касьцёл у Іркуцку, касьцёл сьв. Язэпа Абручніка ў Цюмені, Расея |
Дзень памяці | 20 лістапада |
Патрон | афіцэраў і жаўнераў, заступнік у цяжкіх і безнадзейных справах, сьвяты заступнік каталікоў Сыбіры |
Рафал Каліноўскі (сапр. імя — Юзаф Каліноўскі; 1 верасьня 1835 — 15 лістапада 1907) — інжынэр, настаўнік, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, манах-кармэліт, каталіцкі сьвяты.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юзаф Каліноўскі нарадзіўся ў Вільні 1 верасьня 1835 году ў шляхецкай сям’і гэрбу Калінова. Праз восем дзён пасьля нараджэньня Юзаф быў ахрышчаны ў былым унівэрсітэцкім, а на той час ужо парафіяльным касьцёле сьв. Яна ў Вільні, сакрамант хросту ўдзяліў кс. Францішак Бітоўт, хроснымі бацькамі былі Юзаф Палонскі і Дарота Цымерман.[1]
Бацька Юзафа Андрэй Каліноўскі паходзіў з Горадні.[2] Пасьля заканчэньня фізыка-матэматычнага факультэту Віленскага ўнівэрсітэту ён пасяліўся ў Вільні і працаваў настаўнікам матэматыкі ў ІІ Віленскай гімназіі і з 1841 году ў Шляхецкім інстытуце. Маючы 27 гадоў, Андрэй Каліноўскі ў 1832 годзе ўзяў шлюб зь Юзэфай Палонскай, старэйшай дачкой Юзафа Палонскага, уладальніка маёнткаў Каралін і Новікі ў Менскім павеце. Андрэй Каліноўскі і Юзэфа Палонская мелі яшчэ сына Віктара, які нарадзіўся ў 1833 годзе. Маці Юзафа Каліноўскага памерла ад сухотаў ужо празь некалькі дзён пасьля народзінаў сына Юзафа. Праз тры гады пасьля яе сьмерці, у 1838, бацька ажаніўся на Вікторыі Палонскай, сястры спачылай Юзэфы, якая пачала апекавацца дзецьмі і домам.
Вёска Мусічы на Случчыне, дзе пасяліўся дзед Юзаф Палонскі, была месцам летняга адпачынку дзяцей Каліноўскіх. Наогул Юзаф Каліноўскі меў яшчэ 7 зводных братоў і сёстраў. Дзеці Эмілія, Караль і Габрыель былі народжаны ад шлюбу бацькі зь Вікторыяй Палонскай, а пасьля яе сьмерці Андрэй Каліноўскі ажаніўся ў трэці раз — з 19-гадовай дачкой графа Лаўрэна Путкамера і Марылі зь Верашчакаў Соф’яй, ад якой у яго нарадзілася яшчэ чацьвёра дзяцей: Марыя, Аляксандар, Моніка і Юры.
Соф’я стала для ўсіх дзяцей сапраўднай маці. У сваіх лістах дадому Юзаф Каліноўскі, малодшы за яе толькі на восем гадоў, цалкам шчыра зьвяртаўся да яе словамі: «Любая мама».[2] Яна была вельмі рэлігійнай асобай: штодзённа ўдзельнічала ў сьвятой Імшы, часта спавядалася і прымала сьв. Прычасьце, а вечаровыя малітвы чытала да поўначы і даўжэй. Падобны стыль жыцьця вёў таксама і бацька Юзафа, які, як чалавек цьвёрдага характару, вучыў дзяцей сумленнай працы, у тым ліку і над сабою, праўдзівасьці, любові да бліжняга і ўвогуле хрысьціянскаму жыцьцю. Усё гэта паўплывала на рэлігійнае станаўленьне Юзафа Каліноўскага.
Адукацыя і працоўная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да васьмі гадоў жыцьця Юзаф навучаўся дома, а ў 1843 годзе разам з сваім родным братам Віктарам ён распачаў навучаньне ў Шляхецкім інстытуце ў Вільні.[1] Гэта была закрытая навучальная ўстанова для дзяцей шляхецкага паходжаньня, якая рыхтавала моладзь да працы ў дзяржаўнай і ваеннай адміністрацыі, а таксама да вышэйшай адукацыі. Сярод настаўнікаў было шмат выпускнікоў зачыненага расейскімі ўладамі ў 1832 годзе Віленскага ўнівэрсытэту. Мовай выкладаньня там была расейская і француская. Дбалі таксама і пра рэлігійнае выхаваньне. У Шляхецкім інстытуце Юзаф Каліноўскі навучаўся ў 1843—1850 гадах, скончыў яго з адзнакай. У якасьці ўзнагароды ягонае імя было выбіта на мармуровай дошцы навучальнай установы.
Затым з 1850 году два гады разам з братам Віктарам ён студыяваў у Горы-Горацкім земляробчым інстытуце, аднак ня скончыў яго, бо зразумеў, што памыліўся ў выбары. Пазьней, апісваючы сваё жыцьцё, ён прызнаваўся, што перад паступленьнем доўга вагаўся, бо большыя здольнасьці меў да дакладных навук, а яшчэ тады меў у душы жаданьне паступіць у духоўную сэмінарыю ў Вільні. Падчас навучаньня ў Горках у Юзафа Каліноўскага распачаўся духоўны крызіс, які, паводле яго словаў, зацягнуўся на дзесяць гадоў. Ён перастаў спавядацца і ўжо нерэгулярна прыходзіў на сьвятую Імшу.
У 1852 годзе Юзаф распачынае новы этап у сваім жыцьці: стараецца паступіць у школу дарог і мастоў у Пецярбургу. Аднак яго не прынялі туды з прычыны адсутнасьці месцаў. Таму, хацеў ён ці не, але вырашыў ісьці вучыцца ў Мікалаеўскую ваенна-інжынэрную акадэмію ў Пецярбургу.[2] Вучыўся ён вельмі добра, быў дысцыплінаваны, амаль ня меў спагнаньняў. Падчас навучаньня ў акадэміі шмат чытаў, перадусім кнігі на францускай мове, а таксама рэлігійныя. Добра арыентаваўся ў культурным жыцьці, наведваў тэатры і оперу. Мікалаеўскую ваенна-інжынэрную акадэмію скончыў у 1855 годзе і атрымаў дыплём інжынэра-мэханіка будаўнічых прац. Адразу распачаў навучаньне ў афіцэрскіх школьных класах. У пачатку ліпеня 1856 году Юзаф Каліноўскі атрымаў чын падпаручніка расейскай арміі, а праз год, у чэрвені 1857, скончыўшы навучаньне, чын лейтэнанта. Вырашыў застацца ў Пецярбургу, дзе працаваў ад’юнктам матэматыкі ў Мікалаеўскай ваенна-інжынэрнай акадэміі. Далучыўся ў тыя часы да падпольнага польскага рэвалюцыйнага гуртка Дамброўскага-Серакоўскага.
У пачатку красавіка 1859 Юзаф Каліноўскі адмовіўся ад выкладчыцкай працы ў Пецярбургу і паехаў у Курск, дзе наняўся на на будоўлю чыгуначнай лініі Курск-Адэса-Кіеў. Там яму ў якасьці тапографа даручылі распрацоўку трасы на адрэзку Курск-Канатоп. У гэты пэрыяд, як ён пісаў у лісьце да брата Віктара, няспынная праца над сабой, далёка ад людзей, зьдзейсьніла вялікую перамену ў ім, ён «распазнаў велізарную патрэбу ўсталяваных рэлігійных паняцьцяў і канчаткова да іх зьвярнуўся». Унутраную перамену Юзаф Каліноўскі прыпісваў уплыву «Споведзі» сьв. Аўгустына, якую шматразоў перачытваў. Восеньню 1859-га, пасьля заканчэньня працаў, Юзаф Каліноўскі вярнуўся ў Пецярбург. Летам 1860 году ён бярэ адпачынак: спачатку быў у Студзёнках каля Нясьвіжу, дзе жыў ягоны брат Віктар у маёнтку сваёй жонкі Марыі (Масі) з Грушэцкіх, а потым быў у Вільні.
З прычыны адсутнасьці фінансаваньня працы па будаўніцтве чыгуначнай лініі Курск-Адэса-Кіеў былі спыненыя. Юзаф Каліноўскі папрасіў перавесьці яго ў фартэцыю ў Берасьце, куды ён прыбыў у пачатку лістапада 1860. У 1860—1863 гг. Юзаф Каліноўскі служыў інжынэр-капітанам у Берасьцейскай фартэцыі. Тут спачатку яму даручылі кіраваць капаньнем фундаманту пад парахавы склад.
Жывучы ў Берасьці, ён працягваў духоўныя разважаньні над «Споведзьдзю» сьв. Аўгустына, якія прывялі Юзафа да перакананьня, што ён павінен прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню людзям. Тут ён сьвядома адмаўляецца ад сужэнства. У Берасьці Юзаф Каліноўскі заўважыў вельмі шмат пакінутай моладзі, без належнага выхаваньня і апекі. Ён пачаў апекавацца хлопцам Людвікам, якому было трохі больш за дзесяць гадоў, і стаў для яго амаль бацькам. У 1861 Юзаф Каліноўскі адкрыў у Берасьці нядзельную школу для рамесьнікаў.[2]
Удзел у паўстаньні і ссылка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 1863 ён пакінуў царскую службу і далучыўся да паўстаньня. Ён ня мог далей заставацца ў царскім войску, бо ягоныя браты далучыліся да паўстаньня. Дэмабілізаваўся з войска ён па прычыне здароўя. Вярнуўся ў Вільню і распачаў працу настаўніка геамэтрыі ў гімназіі.
Важным днём у жыцьці Юзафа Каліноўскага была ўрачыстасьць Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня 1863 году, калі ў касьцёле місіянэраў ён укленчыў перад краткамі спавядальні. Тады ён пераадолеў апошнія ўнутраныя ваганьні ды канчаткова навярнуўся да Бога.
У гэты час Юзаф Каліноўскі падтрымліваў кантакты з многімі кіраўнікамі паўстаньня, лічыў, аднак, што паўстаньне ня мае шанцаў на перамогу, выступаў супраць непатрэбнага кровапраліцьця. Тым ня менш, ён ня змог заставацца ў баку, калі народ змагаўся, і ўвайшоў у склад Нацыянальнага ўраду паўстаньня.[3] Узначальваў ваенную сэкцыю Выканаўчага аддзела Літвы.
Пасьля падаўленьня паўстаньня Юзаф Каліноўскі вярнуўся ў Вільню і, як многія кіраўнікі паўстаўньня, быў арыштаваны. Арышт адбыўся на другі дзень пасьля выкананьня прысуду адносна Кастуся Каліноўскага, 24 сакавіка 1863.[3] Яго пасадзілі ў былы дамініканскі кляштар, перароблены ў турму. Дагэтуль за ўдзел у паўстаньні ўжо былі пакараныя браты Юзафа: Віктар, Караль і Габрыель.
Зь вязьніцы ён напісаў свайму бацьку ліст з просьбай прабачыць яго за ўсё, што пашкодзіла сям’і. У лісьце ён просіць Бога аб суцяшэньні для блізкіх і вытрымцы для сябе. 2 чэрвеня 1864 году Юзафу Каліноўскаму абвясьцілі прысуд: сьмяротнае пакараньне праз расстрэл. Гэтую вестку ён прыняў спакойна. Рыхтуючыся да сьмерці, ён паспавядаўся і прыняў сьвятое Прычасьце. Аднак сям’я выкарыстала ўсе магчымасьці, каб дабіцца адмены сьмяротнага пакараньня. Камэндант Вільні, генэрал Аляксандар Вяткін, прасіў пра гэта Мураўёва, і ў выніку Юзафа Каліноўскага асудзілі на 10 гадоў ссылкі ў Сыбір.[2]
11 ліпеня 1864 году ў жыцьці Юзафа Каліноўскага распачынаецца новы этап — доўгія духоўныя рэкалекцыі, спалучаныя зь фізычнай працай і духоўнай працай над сабой. Пазбаўлены шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў, з сабой у дарогу ён узяў адно крыж, Новы Запавет, кніжачку Тамаша Кэмпійскага «Сьледам за Хрыстом» і фатаздымкі блізкіх яму людзей. На арыштанцкай дарозе ва Ўсольле-Сыбірскае (каля Іркуцку), якая заняла восем месяцаў, падчас прыпынкаў, дзе толькі гэта было магчыма, Юзаф удзельнічаў у набажэнствах, спавядаўся і прычашчаўся.
Ва Ўсольлі-Сыбірскім знаходзіліся саляныя крыніцы і варніцы, дзе працавалі ссыльныя. Там Каліноўскі сустрэў шмат знаёмых зь Літвы, у тым ліку Якуба Гейштара, Аляксандра Аскерку і Фэлікса Зянковіча. Жыў у бараку, у якім месьцілася каля ста вязьняў. Тады ўжо думаў пра ўступленьне ў манаскі ордэн, і новая жыцьцёвая сытуацыя была для яго таксама магчымасьцю для навучаньня. Ён чытаў розныя філязофскія і тэалягічныя кнігі, удзельнічаў у дыскусіях з ссыльнай інтэлігенцыяй, размаўляў з ссыльнымі сьвятарамі, наведваў касьцёл, шмат асабіста маліўся. У гэты ж час выкладаў матэматыку, фізыку і іншыя дакладныя прадметы. Удасканаліў свае веды ў лацінскай, ангельскай, францускай мовах.
У лягеры Юзаф Каліноўскі быў абраны адным з судзьдзяў. Стараўся дапамагаць іншым ня толькі маральна, але і фізычна: займаўся ўборкаю, вырошчваньнем зеляніны ў мясцовым гародчыку і г. д. Сіла волі і моц духу Каліноўскага былі для яго таварышаў па нядолі палёгкаю і апораю. Ён дапамагаў ссыльным вырашаць розныя праблемы, для дзяцей і моладзі арганізоўваў нядзельныя школы. У ім бачылі ўвасабленьне справядлівасьці, стойкасьці і вернасьці. Стыль яго жыцьця быў аскетычным, і гэта выклікала пашану сыбіракоў, хоць былі і такія, хто высьмейваў яго. Калі царскія ўлады за тайныя рэлігійныя практыкі забралі з Усольля-Сыбірскага каталіцкіх сьвятароў, духоўнай апорай ссыльных стаў Юзаф Каліноўскі разам з старцам кс. Стулгінскім, якому ён дапамагаў у падпольных набажэнствах.
У ліпені 1868 царская амністыя дазволіла яму разам зь іншымі ссыльнымі перасяляцца ў розныя мясцовасьці Сыбіры. Юзаф Каліноўскі выбраў Іркуцк, бо там была каталіцкая парафія, у якой працаваў кс. Шварніцкі, які, прыязджаючы таемна ва Ўсольле, умацаваў Юзафа ў пастанове прысьвяціць сябе Богу. У Іркуцку Юзаф Каліноўскі прабыў чатыры гады. У гэты час ён працаваў у парафіяльнай школе, займаўся выхаваньнем у прыватных дамах, а кс. Шварніцкі дазволіў яму нейкі час жыць на плябаніі. Жывучы тут, ён штодзённа раніцай удзельнічаў у сьвятой Імшы, доўга маліўся ў касьцёле, штодзённа прычашчаўся.
У Іркуцку Юзаф Каліноўскі быў заўважаны Сыбірскім аддзелам Геаграфічнага таварыства, якое праводзіла прыродазнаўчыя дасьледаваньні ў раёне Байкалу. Тады ён пазнаёміўся і пасябраваў з славутым прыродазнаўцам, заолягам і ўрачом Бэнэдыктам Дыбоўскім, ураджэнцам Беларусі (з-пад Маладэчна).[2] Пад канец 1870 Ю. Каліноўскі ўключыўся ў мэтэаралягічныя назіраньні, а лета наступнага году разам з Дыбоўскім правёў на дасьледніцкай станцыі ў Култуку, вёсцы на беразе Байкалу. Каліноўскі вельмі перажываў з-за адсутнасьці касьцёлу і сакрамэнтаў і таму адмовіўся ад прапановы Дыбоўскага накіравацца ў далейшыя дасьледчыя экспэдыцыі.
Пасьля вяртаньня ў Іркуцк ён працаваў у парафіяльнай школе і ў прыватных дамах.
У 1872 Юзаф Каліноўскі атрымаў дазвол уладаў на выезд у іншую частку Расеі і ў жніўні ён выехаў у Перм, дзе школьны інспэктар Аляксандар Арлоў, яго знаёмы матэматык з Іркуцку, знайшоў яму працу хатняга настаўніка. Тут ён пражыў каля году.
У чэрвені 1873, атрымаўшы ад уладаў дазвол на двухмесячны адпачынак, ён накіраваўся ў родныя мясьціны. Юзаф спачатку наведаў свайго роднага брата Віктара Каліноўскага, які жыў зь сям’ёй у Студзёнках, каля Гарадзеі, а пазьней ужо накіраваўся да бацькоў. Юзаф паехаў у Грозаў, недалёка ад Капыля, куды яго брат Караль Каліноўскі, які ажаніўся з Мартынай Межэеўскай, дачкой уладальніка маёнтка, перавёз сваіх бацькоў.[2] У Грозаве найвялікшым болем Юзафа быў заменены на царкву касьцёл і тое, што з гэтага вынікала, — паслабленьне рэлігійных практык яго блізкіх, якіх ён вельмі любіў.
З дазволу ўладаў ён прабыў у Грозаве чатыры месяцы, пасьля чаго накіраваўся ў Смаленск, каб чакаць канчатковага заканчэньня сваёй ссылкі. Празь дзесяць гадоў ссылкі гэты дзень надышоў, але ён ня змог жыць на радзіме. Яму дазволілі жыць толькі ў Польскім Каралеўстве, за межамі Літвы і Беларусі.
Манаскае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У красавіку 1874 Юзаф Каліноўскі прыехаў у Варшаву і затрымаўся ў свайго брата Габрыеля. Зь верасьня тры гады Юзаф Каліноўскі займаўся выхаваньнем князя Аўгуста, сына Ўладзіслава Чартарыйскага і княгіні Марыі Ампаро, дачкі каралевы Гішпаніі Марыі Крыстыны Бурбон. Напэўна, яго выхаваньне мела ўплыў на будучыню Аўгуста, які, захоплены постацьцю а. Яна Боска, у 1887 годзе паступіў да салезіянаў і памёр як сьвятар гэтай кангрэгацыі ў 1893 годзе. 25 красавіка 2004 году Папа Ян Павал II залічыў яго да ліку блаславёных.[2]
Падчас знаходжаньня ў Чартарыйскіх Юзаф Каліноўскі шукаў манаскі ордэн, дзе ён мог бы рэалізаваць свае намеры. У 1874 ён адчуў жаданьне паступіць да кармэлітаў босых. Магчыма, што на ягоны выбар паўплывала цётка Аўгуста, сястра Ксавэра Чартарыйская, кармэлітка босая з Кракава.
15 ліпеня 1877 году, у вігілію патранальнага сьвята кармэлітаў Маці Божай Шкаплернай, Юзаф Каліноўскі прыбыў у дом навіцыяту айцоў-кармэлітаў у Грацы (Аўстрыя), дзе ўступіў у Ордэн кармэлітаў босых і 26 лістапада 1877 прыняў манаскае імя брат Рафал ад сьвятога Юзафа. 26 лістапада 1878 году Рафал Каліноўскі склаў першыя манаскія зарокі, пасьля чаго студыяваў філязофію і тэалёгію ў г. Д’ёр у Вугоршчыне.[1] 27 лістапада 1881 году ён склаў вечныя зарокі і на наступны дзень выехаў у Кармэль у Чэрнай. Празь месяц, 8 студзеня 1882 году, у прыватнай капліцы архібіскупа Альбіна Дунаеўскага, ён атрымаў дыяканскія сьвячаньні, а праз тыдзень, 15 студзеня, у кармэліцкім кляштары ў Чэрнай каля Кракава быў рукапакладзены ў прасьвітары.[4]
Быў прыёрам кляштару ў Чэрнай каля Кракава, візытатарам кармэлітак босых, спаведнікам, пасьля — прыёрам кляштару кармэлітаў у Вадавіцах. З 1899 — генэральны вікары кармэлітаў босых у Галіцыі. Праславіўся сьвятасьцю і асаблівым дарам спаведніка. Напісаў успаміны пра паўстаньне 1863—64 гг.
Памёр 15 лістапада 1907 у кляштары ў Вадавіцах, дзе быў прыёрам, ад сухотаў.[4]
Папа Ян Павал II бэатыфікаваў яго 22 чэрвеня 1983 году ў Кракаве і 17 лістапада 1991 году ў Рыме абвясьціў сьвятым.[4]
Малітоўны ўспамін сьв. Рафала Каліноўскага ў Рыма-Каталіцкай Царкве ў Беларусі 20 лістапада.[5]
Зьяўляецца патронам афіцэраў і жаўнераў, заступнікам у цяжкіх і безнадзейных справах. Таксама сьвяты Рафал Каліноўскі — заступнік каталікоў Сыбіры.[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в а. Аляксандр Мешчановіч, OCD. Сьвяты Рафал Каліноўскі: у стагоддзе сьмерці 1907—2007 «Царква», № 4 (55), 2007. С.16
- ^ а б в г д е ё ж Аркадзь Куляха, OCD. Жыццё святога Рафала Каліноўскага
- ^ а б в Święty Rafał Kalinowski, prezbiter
- ^ а б в Raffaele Kalinowski, O.C.D. (1835—1907)
- ^ Святы Рафал Каліноўскі, святар