Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусі | |
Nacyjanalny histaryčny muzej Respubliki Biełarusi | |
Будынак музэю. Галоўны ўваход | |
Месцазнаходжаньне | Менск, Беларусь |
---|---|
Адрас | вул. Карла Маркса, 12 |
Створаны | 1908 г. |
Адкрыты | 1957 |
Геаграфічныя каардынаты | 53°53′48.44″ пн. ш. 27°33′19.86″ у. д. / 53.8967889° пн. ш. 27.5555167° у. д.Каардынаты: 53°53′48.44″ пн. ш. 27°33′19.86″ у. д. / 53.8967889° пн. ш. 27.5555167° у. д. |
± Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусі | |
histmuseum.by/by/ |
Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусі (да 15 верасьня 2009 — Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі[1]) — музэй, які месьціцца ў Менску на вуліцы Карла Маркса.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Музэй Менскага царкоўна-археалягічнага камітэту
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1908 годзе ў Менску намаганьнямі гарадзкой інтэлігенцыі пры фінансавай падтрымцы праваслаўнай царквы быў адкрыты музэй Менскага царкоўна-археалягічнага камітэту, накшталт аналягічных музэяў у Магілёве й Віцебску. З 1909 году было выпушчана 4 зборнікі работаў царкоўна-археалягічнага камітэту, прысьвечаных розным гістарычным падзеям, якія адбыліся на тэрыторыі Менскай губэрні.
Для экспазыцыі былі выдзеленыя два пакоі архірэйскага дома. Музэй прымаў наведвальнікаў па панядзелках. Чальцы камітэту дзяжурылі ў музэі, давалі камэнтары да экспазыцыяў падчас агляду, а таксама чыталі наведвальнікам лекцыі па гісторыі.
Падчас Першай сусьветнай вайны музэй быў эвакуяваны ў Разань.
Менскі гарадзкі музэй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1912 годзе пры актыўным садзейнічаньні Менскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі й археалёгіі й фінансавай падтрымцы Менскай гарадзкой думы, якая вылучыла 2 тыс. рублёў і асобнае памяшканьне, быў створаны Менскі гарадзкі музэй. Ён складаўся з 5 аддзелаў:
- археалягічны
- прыродазнаўчанавуковы
- гістарычны
- мастацка-прамысловы
- этнаграфічны
Фонды музэю актыўна папаўняліся добраахвотнымі ахвяраваньнямі гараджанаў і чальцоў грамадзтва аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі й археалёгіі. У 1913 адкрылася першая выстаўка. У музэі зьявіліся калекцыі мінэралаў і глебы. Выстаўляліся таксама чучалы жывёлаў (пераважна тых, што насялялі тэрыторыю Менскай губэрні), археалягічныя знаходкі (уключаючы асобную нумізматычную калекцыю) і ўзоры народнай творчасьці. У 1916 годзе на базе музэю адкрылася выстаўка жывапісу й дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Беларускі дзяржаўны музэй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1920 годзе быў адкрыты створаны на базе фондаў Менскага гарадзкога музэю і вернутых з Разані фондаў музэю Менскага царкоўна-археалягічнага камітэту Менскі абласны музэй.
У 1923 годзе на базе Менскага абласнога музэю быў створаны Беларускі дзяржаўны музэй. У яго складзе былі створаныя наступныя аддзелы:
- археалягічны
- старажытнабеларускіх войскаў
- жыдоўскі
- нумізматычны
- палеаграфічны
- «стары Менск»
- мастацкі
- царкоўны
- этнаграфічны
Пры музэі была створаная бібліятэка.
У 1924 годзе былі створаныя філіі Беларускага дзяржаўнага музэю ў Віцебску й Магілёве, а ў 1926 — у Гомелі.
Падчас Другой сусьветнай вайны музэй не функцыянаваў, большасьць яго калекцыяў была разрабаваная або зьнішчаная падчас акупацыі.
Пасьля Другой сусьветнай вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1957 годзе быў створаны Беларускі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музэй, у 1964 — у Дзяржаўны музэй БССР. 17 сьнежня 1992 музэй атрымаў назву — Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі.
15 верасьня 2009 музэй перайменаваны ў Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь[2].
Нацыянальнаму гістарычнаму музэю Рэспублікі Беларусь належаць цяпер 3 будынкі. Усе яны ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.
Асноўны будынак па вул. К. Маркса, 12 узьведзены ў 1903—1905 гг. Спачатку ў ім месьцілася аддзяленьне Дзяржаўнага банку Расеі. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі тут месьціліся ў розныя гады ЦК КП (б) Б і ЦК ЛКСМБ, народны камісарыят фінансаў БССР, рэдакцыя часопісу «Работніца і сялянка», выканаўчы камітэт гарсавету й іншыя дзяржаўныя ўстановы. Падчас рэканструкцыі ў 1934 г. быў дабудаваны 3-ці паверх. Дзяржаўны музэй БССР месьціўся ў гэтым будынку з 1967 году.
Будынак філіі «Дом-музэй І зьезду РСДРП» пабудаваны ў 1923 г., разбураны падчас Другой сусьветнай вайны. Адбудаваны ў адпаведнасьці з макетам, якія знаходзіўся ў Музэі рэвалюцыі ў Маскве ў 1948 годзе.
У 2009 годзе музэю перададзены будынак па адрасе вул. Фрунзэ, 19. Ён пабудаваны ў пачатку ХІХ ст. паводле праекту губэрнскага архітэктара К. Хршчановіча. У ім месьціўся шпіталь, потым — штаб тылу Беларускай ваеннай акругі — Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Часткова рэканструяваны паводле праекту архітэктара У. Гусева.
Сучасны стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цяперашні час у музэі месьціцца каля 370 тысячаў адзінак захоўваньня, пры гэтым іх колькасьць пастаянна расьце. У сувязі з гэтым у апошні час зьявілася праблема перапаўненьня падвальных памяшканьняў будынка музэю, прызначаных для захоўваньня экспанатаў. Акрамя таго, абмежаваньні экспазыцыйнай плошчы не дазваляюць распрацаваць новыя экспазыцыі з увядзеньнем у абарот шматлікіх незапатрабаваных экспанатаў з музэйных фондаў.
У фондах музэю захоўваюцца наступныя калекцыі:
- археалягічная
- выяўленчага мастацтва
- іканапісу
- керамікі
- кнігадрукаваньня
- народнага мастацтва
- народнага адзеньня
- нумізматычная
- зброі
- пісьмовых крыніцаў
- сфрагістыка
- фарфору й шкла
- фотадакумэнтальных крыніцаў
- этнаграфіі
У музэі на пастаяннай аснове працуюць 10 экспазыцыйных і выставачных заляў. Ужо некалькі гадоў адкрытыя экспазыцыі «Старажытная Беларусь (першабытная эпоха й Сярэднявечча)», «Старадаўняя геральдыка Беларусі», «З гісторыі зброі», «Стары гарадзкі побыт (XIX — пачатак XX стст.)». Рэгулярна праводзяцца розныя выстаўкі, у тым ліку й сумесна з замежнымі музэямі. Таксама вядзецца актыўная навуковая праца.
Крыніцы й заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гужалоўскі, А. А. — Нараджэнне беларускага музея. — Менск, 2001.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 713Г000116 |
- Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь. Афіцыйны сайт
- Гістарычны музэй прадставіў манэту эпохі князя Вітаўта(недаступная спасылка)