Перайсьці да зьместу

Плякат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Гаўрыленка. «Бязьлітасна зьнішчым захопнікаў!», 1942. Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Плякат VII Алімпійскіх гульняў у Антвэрпэне (1920)

Пляка́т (па-нямецку: Plakat ад па-француску: placard — аб’ява, афіша, ад plaquer — наляпіць, прыляпляць) — кідкая, як правіла буйнафарматная выява, якая суправаджаецца кароткім тэкстам, створаная ў агітацыйных, рэклямных, інфармацыйных ці навучальных мэтах. (У іншым значэньні — разнавіднасьць графікі). У сучасным дызайне плякат успрымаецца як «зьведзенае ў выразную візуальную формулу паведамленьне, прызначанае сучасніку для высноваў і пэўных дзеяньняў». Гэтая формула адлюстроўвае пэўны ўзровень графічнага дызайну і інфармуе пра прадмет паведамленьня[1].

Да асаблівасьцяў жанру можна аднесьці наступнае:

  • плякат павінен быць бачны на адлегласьці,
  • быць зразумелым і добра ўспрымацца гледачом.

У плякаце часта выкарыстоўваецца мастацкая мэтафара, рознамаштабныя фігуры, паказ падзеяў, якія адбываюцца ў розны час і ў розных месцах, контурнае пазначэньне прадметаў. Для тэксту важным зьяўляецца шрыфт, размяшчэньне, колер. У плякатах выкарыстоўваецца таксама фатаграфія ў спалучэньні з рысункам і з жывапісам.

Уласьцівасьць мастацкай мовы — падкрэсьленая кідкасьць, абагульненасьць формаў, краткасьць, спалучэньне шрыфту і выявы, выяўленчыя мэтафары, супастаўленьне вобразаў, памераў і ступеняў умоўнасьці, якія ўспрымаюцца на вялікай адлегласьці. Вылучаюць 3 жанры: відовішчны (афіша, кінаплякат, тэатральны і цыркавы), грамадзкі (палітычны і прапагандысцкі) і рэклямны. Можа быць намаляваны, гравіраваны (літаграфія), выкананы спосабам серыграфіі, з дапамогай каляжа, фатаграфіі і на кампутары. Размножваюць паліграфічным спосабам[2].

У 1880-я гады адбылося пашырэньня мастацкага пляката. Яго пластычная мова ўтваралася пад уплывам панегірычнай гравюры, гравюры-тэзісу з тэкстам пра навуковую спрэчку і жывапісу клясыцызму. Іх стваралі францускія мастакі Эдуард Манэ і Жан Гранвіль, а таксама аўстрыец Густаў Клімт. У 2-й палове ХІХ стагодзьдзя ў Францыі зьявілася каляровая літаграфія, што дазволіла ствараць кідкія шматнакладныя рэклямныя плякаты (Жуль Шэрэ і Тэафіль Стэйнлен). Мастацкае іх афармленьне дасягнула росквіту ў творчасьці Анры дэ Тулюз-Лятрэка. У 1900-я гады пашырыліся ўзорна-аздабленчыя плякаты ў мадэрновым духу (Альфонс Муха ў Чэхіі і Обры Бэрдсьлі ў Ангельшчыне). Краткі плякат з простым абазначэньнем стварылі Люцыян Бэрнгард у Нямеччыне, Адольф Касандр у Францыі і Аляксандар Бенуа ў Расеі. У 1930-я гады ўтварыліся кінаплякат і палітычны плякат. Адпаведнымі буйнейшымі плякатыстамі былі Кетэ Кольвіц і Дж. Гартфілд (Нямеччына), Л. Мендэс (Мэксыка), А. Дайнека, Лазар Лісіцкі, Дз. Маор і трыё Кукрыніксы (Расея), І. Таідзэ (Грузія). Агітацыйным летапісам былі «Вокны РОСТА» (Уладзімер Маякоўскі і Міхаіл Чарамных). Вобразнай выразнасьцю вылучаліся плякаты Аляксандра Родчанкі, братоў Уладзімера і Георгія Стэнбэргаў, Я. Цьвіка (Расея). На плякатнае мастацтва паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгаўз», што выявілася ў краткасьці мастацкай мовы праз памяншэньне ліку графічных складнікаў. У 2-й палове ХХ стагодзьдзя набылі вядомасьць школы плякату Польшчы (Генрык Тамашэўскі, Стас Эйдрыгевіч, В. Сьвежы і М. Васілеўскі), Чэхіі (Карэл Мішак і В. Растока) і Японіі (К. Нагаі, Сігэо Фукуда, І. Танака і М. Тода)[2].

У XVI стагодзьдзі папярэднікамі плякатнага мастацтва Беларусі былі панегірычныя гравюры з тэкстам пра навуковыя спрэчкі. У 1604 годзе Тамаш Макоўскі стварыў такую гравюру-плякат да працы Францішка Скарыны «Панегірык братоў Скарульскіх». У ХІХ стагодзьдзі зьявіліся друкаваныя тэатральныя афішы. У 1913 годзе Фэрдынанд Рушчыц выдаў першы друкаваны плякат па-беларуску пад назвай «Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні». Іншымі пачынальнікамі беларускага плякату былі Карусь Каганец, Язэп Драздовіч і Павал Гуткоўскі, а таксама Аляксандар Быхоўскі і Генадзь Змудзінскі. Аб'яднаньне «Сьцьвярджальнікі новага мастацтва» (Лісіцкі і М. Суэцін) паспрыяла разьвіцьцю плякатнага мастацтва. Плякаты друкавалі ў Гомелі, Віцебску, Магілёве і Менску. Падчас Нямецка-савецкай вайны выходзілі газэты-плякаты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка»[2]. У 1948 годзе правялі «І Рэспубліканскі конкурс пляката». У 2-й палове ХХ стагодзьдзя ў жанры пляката працавалі Заір Азгур, Іван Ахрэмчык, Яўген Зайцаў, Мікалай Гуціеў і Анатоль Воўкаў, а таксама Ліпа Кроль і Яфім Тарас. У 1961 годзе стварылі сэкцыю пляката пры творчым саюзе. У 1966 годзе пачало выходзіць пэрыядычнае выданьне «Агітплакат» Саюзу мастакоў БССР. У 1970—1990-я гады назіраўся росквіт беларускага пляката. У гэтым жанры працавалі Леанід Замах, Арлен Кашкурэвіч, Трафім Ігнаценка, Ізраіль Радунскі, Уладзімер Крукоўскі, Віктар Філімонаў, Мікалай Стома, Людміла Кальмаева, Уладзімер Васюк, Віктар Смаляк, Юры Дзееў, Уладзімер Цэсьлер, Сяргей Воўчанка, Андрэй Шалюта, Уладзімер Шчарбін і Анатоль Отчык[3]. Таксама такой творчасьцю займаліся Міхал Анемпадыстаў, С. Яўлампіеў, У. Жук, Алена Кітаева, Генадзь Мацур, А. Наважылаў, В. Смаляк, Зьміцер Сурскі і Канстанцін Хацяноўскі[2].

  1. ^ Эллекция плакатов Музея дизайна в Цюрихе // Журнал «Как». 2001, № 2 (16)
  2. ^ а б в г Міхась Баразна. Плакат // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 403-404. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  3. ^ Вольга Чайкоўская. Поўны плякат // Зьвязда : газэта. — 10 сьнежня 2013. — № 232 (27597). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плякатсховішча мультымэдыйных матэрыялаў