Вялікая вайна 1409—1411 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікая вайна
Дата: чэрвень 1409 — люты 1411
Месца: Польшча, Дзяржава Тэўтонскага Ордэну
Вынік: Торунскі мір 1411 году
Супернікі
Тэўтонскі Ордэн Польскае каралеўства
Вялікае Княства Літоўскае
Камандуючыя
Ульрых фон Юнгінгэн
Генрых фон Пляўэн
Уладзіслаў II Ягайла
Вітаўт

Вялікая вайна 1409—1411 гадоў — вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам — з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам — з другога. Назва Вялікая ўпершыню ўжытая польскім храністам Янам Длугашам[1].

Вайна пачалася ў жніўні 1409 року нападам тэўтонскіх войскаў на Польшчу пасьля таго, як паўстаньне ў Жамойці было неафіцыйна падтрыманае Вітаўтам. Паколькі ніводны з бакоў ня быў падрыхтаваны да поўнамаштабнае вайны, пры пасярэдніцтве рымскага караля Венцэслава было заключанае дзевяцімесяцовае замірэньне. Па заканчэньні замірэньня крыжакі былі разьбітыя ў вырашальнай Бітве ля Грунвальду (Танэнбэргу), адной з найвялікшых бітваў сярэднявечнай Эўропы. Большасьць кіраўнікоў Тэўтонскага Ордэну былі забітыя альбо ўзятыя ў палон.

Нягледзячы на паразу, тэўтонцы здолелі вытрымаць аблогу іхняе сталіцы ў Марыенбургу (Мальбарк) і панесьлі толькі нязначныя тэрытарыяльныя страты па заключэньні Торунскага міру (1411). Тэрытарыяльныя спрэчкі доўжыліся да Мельнскага міру 1422 году. Тым ня меней, Тэўтонскі Ордэн так і ня здолеў аднавіць сваю былую моц, а велізарныя ваенныя рэпарацыі, накладзеныя пасьля Вялікай вайны, выклікалі ўнутраныя канфлікты і эканамічны заняпад на ягоных землях. Вайна перамясьціла балянс сілаў ва Ўсходняй Эўропе і зазначыла зьяўленьне новае дамінантнае сілы ў гэтым рэгіёне — літоўска-польскае ўніі. Канчаткова пытаньні памежнага канфлікту Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім Ордэнам вырашаныя цягам Галоднай, Голубскай войнаў, а таксама вайны 1454—1466 гг., дзе ВКЛ фармальнага ўдзелу не брало.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа Каралеўства Польскага (ясна-чырвоны), Вялікага Княства Літоўскага (ружовы) і Тэўтонскага ордэну (зялёны) каля 1386—1447

Канфлікт зьяўляўся працягам палітыкі крыжовых паходаў Ордэну ў прыбалтыйскіх землях яшчэ з часоў Міндоўга. З дапамогай Папы Рымскага і імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі крыжакі каля 1280 году заваявалі і ахрысьцілі прусаў, пасьля чаго скіравалі свае памкненьні ў бок паганскага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.

Амаль сто год тэўтонскія рыцары атакавалі літоўскія землі, з мэтай падпарадкаваць іх каталіцкай царкве.

Канфлікт таксама разгарнуўся вакол зямлі пражываньня жамойтаў, якая аддзяляла паморска-прускія і лівонскія уладаньні Ордэну. Яна неаднаразова ўваходзіла ў склад Лівоніі (1254, 1382, 1388 гады), аднак кожнага разу паўставала супраць немцаў. Упершыню ВКЛ адмовілася ад Жамойці падчас грамадзянскай вайны 1381—1384 гадоў, перадаўшы яе Ордэну крыжакоў паводле Дубіскай дамовы. Гэтак Ягайла і Скіргайла Альгердавіч скарысталі жамойцкую зямлю як козыр для гарантыі тэўтонскай падтрымкі ва ўнутрыдзяржаўнай барацьбе за ўладу з Кейстутам і Вітаўтам.

ВКЛ стала зазнавала нападкі рыцараў, і толькі Крэўская унія і шлюб Ягайлы зь Ядзьвігай палепшылі сытуацыю і далі мажлівасьць Літве і Польшчы падрыхтаваць войскі, каб даць сур’ёзны адпор крыжакам.

Жамойць стала адной з тэрыторыяў, якую ВКЛ у часе Вялікай вайны задумала вярнуць сабе. Польскае каралеўства намагалася вярнуць Памор’е і маркграфства Новую Марку, і пакінуць за сабой Добжынскую зямлю. Абедзьве дзяржавы хацелі разграміць узброеныя сілы Ордэну.

Вайне папярэднічала актыўная дыпляматычная дзейнасьць. ВКЛ 14 верасьня 1408 заключыла мір з Маскоўскім вялікім княствам, чым забясьпечыла сябе тыл. У сьнежні 1408 году ў Наваградку адбылася сустрэча Вітаўта і Ягайлы. Быў складзены плян вайны з ордэнам, які прадугледжваў утойку хаўрусу ВКЛ з Польшчай як можна больш працяглы час. Бакі дамовіліся пра тое, што будуць імітаваць падрыхтоўку да вайны адзін супраць другога[2]. Поруч з гэтым, вайна перакрэсьлівала ранейшыя дыпляматычныя набыткі ў выглядзе Салінскай і Рацёнскай дамоваў.

Адначасова саюзьнікі і крыжакі праводзілі прапагандысцкую кампанію і вэрбавалі наймітаў па ўсёй Эўропе.

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

31 траўня 1409 году ў Жамойці выбухнула паўстаньне супраць Ордэну. Жамойты былі незадаволеныя праз голад 1408 году, выкліканы частымі тэўтонскімі нападамі і вынішчэньнямі палёў і статкаў. Яны захапілі і спалілі Хрыстмэмэль (Christmemel), Фрыдэбург (Friedeburgh), Дабэсынбург (Dobesinburg); толькі Мэмэль здолеў абараніцца. Вялікі князь ВКЛ Вітаўт таемна падтрымаў паўстаньне, але афіцыйна прытрымваўся Рацёнскай дамовы. Толькі калі ўлетку 1409 году тэўтонцы арыштавалі 20 караблёў зь зернем, выпраўленых Ягайлам з Торну, Вітаўт адкрыта выступіў супраць крыжакоў[3].

Ягайла пацьвердзіў, што выканае свае абяцаньні ў выпадку нападку тэўтонцаў на ВКЛ. На гэтай падставе 6 жніўня[4] (паводле іншых зьвестак — 14 жніўня[3]) 1409 году вялікі магістар Ордэну Ульрых фон Юнгінгэн абвясьціў вайну Вялікаму Княству Літоўскаму і Польскаму Каралеўству. Ваенныя дзеяньні пачаліся 16 жніўня 1409, калі войскі Ордэну напалі на польскія гарнізоны ў Добжынскай зямлі і занялі некалькі літоўскіх і польскіх умацаваньняў. У адказ на гэта польскі кароль Ягайла абвясьціў «паспалітае рушаньне» і па дамоўленасьці зь Вітаўтам увосень 1409 году авалодаў цьвердзю Быдгашч. Войскі ВКЛ уступілі ў Жамойць і выгналі адтуль ворага.

Абодва бакі не былі гатовыя да поўнамаштабнай вайны, таму 8 кастрычніка 1409 году Польшча пры пасярэдніцтве караля Вацлава заключыла з ордэнам замірэньне «да заходу сонца» 24 чэрвеня 1410, паводле якога абодва бакі захоўвалі ўладаньні на час падпісаньня пагадненьня, палякі абавязваліся не дапамагаць жмудзінам і іх саюзьнікам. Разьвязаньне тэрытарыяльных спрэчак між Польшчай і Тэўтонскім ордэнам вырашана было перадаць на разгляд чэскага караля Вацлава[2].

Замірэньне ня тычылася ВКЛ. Вітаўт пры падтрымцы жамойцкіх плямёнаў заняў Мэмэль (Клайпеду). Аднак тэўтонцы не пачыналі актыўных дзеяньняў супраць войска Вялікага Княства.

Падрыхтоўка генэральнае бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас замірэньня Тэўтонскі Ордэн, Вялікае Княства і Польшча распачалі грунтоўную падрыхтоўку да працягу ваенных дзеяў. Абодва бакі ў гэты пэрыяд вэрбавалі наймітаў па ўсёй Эўропе і праводзілі прапагандысцкую кампанію, абвінавачваючы адзін аднаго ў розных парушэньнях і пагрозах хрысьціянскаму міру.

Магістар Ордэну Юнгінгэн сплаціў 300 000 дукатаў імпэратару Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі і каралю вугорскаму Сыгізмунду Люксэмбурскаму[5], тым самым заручыўшыся падтрымкай ад заходнеэўрапейскіх фэўдальных дзяржаваў[4]. Пасьля перамогі Сыгізмунду мелі дастацца Падольле, частка Русі і Малдова, а Ордэну — Літва старажытная, Жамойць, Добжынская зямля і Куявы[6]. Сыгізмунд паспрабаваў разваліць літоўска-польскі хаўрус, прапанаваўшы Вітаўту карону; калі б Вітаўт прыняў прапанову, гэта сталася б парушэньнем умоваў Востраўскага пагадненьня і спрычыніла разлад між ВКЛ і Польшчай[7].

Вацлаў, атрымаўшы ад крыжакоў 60 000 флёрынаў, 15 лютага 1410 року ў Празе абвясьціў[2], што Жамойць прыналежыць Тэўтонскаму Ордэну законна, і Польшчы мусіць быць вернутая толькі Добжынская зямля[5].

Польскі кароль Ягайла скіраваў у ордэнскія землі шпіёнаў, каб мець зьвесткі пра вайсковую моц тэўтонцаў. Паслы ў Кіеве заручыліся падтрымкай татараў, якія пагадзіліся прывесьці 1500 коньнікаў не раней траўня 1410 году. Багемцы мелі прыслаць 3000 чалавек, чакалася дапамога таксама з Малдавіі і Русі, якія таксама разумелі грунтоўнасьць бітвы[8]. Вітаўту ўдалося да канца лета 1410 року нэўтралізаваць войскі лівонскай філіі ордэну[9], што значна паўплывала на ход ваенных дзеяньняў (лівонскія войскі зьявіліся на прускім тэатры вайны толькі ў канцы жніўня).

89 сьнежня 1409 году ў Берасьці адбылася кансьпіратыўная нарада літоўска-польскіх камандзіраў, на якой польскі кароль Ягайла, вялікі князь Вітаўт і татарскі хан Джэлал ад-Дзін разгледзелі і ўзгаднілі стратэгічна-тактычныя пытаньні летняй кампаніі 1410. Паводле зацьверджанага на нарадзе пляну неабходна было да лета 1410 году сабраць польскія атрады ў Вольбужы, а вялікалітоўскія адвесьці да ракі Нараў. Затым плянавалася злучыць палкі і весьці іх на Марыенбург — сталіцу Ордэну[10].

Усю зіму 1409-10 гадоў вялася падтрыхтоўка, выраб новай зброі і дасьпехаў, загастрэньне старое. Абодва бакі разумелі значнасьць будучай бітвы. Тэўтонскія рыцары мелі інфармацыю пра падрыхтоўку літоўска-польскага паходу, але чакалі не супольнага ўдару, а вайны на два бакі: уздоўж Віслы ў напрамку Данцыгу (Гданьску) і ўздоўж Нёману ў напрамку Рагніту (Нёману)[11]. Таму Ульрых фон Юнгінгэн разьдзяліў свае войскі: большую частку войску сканцэнтраваў у Швэцы (Schwetz), адкуль яны маглі быць хутка перакінутыя ў абодвух кірунках[12]. Рэшта войска была падзеленыя між замкамі ў Рагніце (Ragnit), Райне (Rhein) каля Лётцэну (Lötzen), і Мэмэлі (Memel)[13].

Каб увесьці ў зман ворага, Вітаўт і Ягайла арганізавалі некалькі паходаў на памежныя тэрыторыі, такім чынам вымушаючы тэўтонскія войскі расьцярушвацца на ахову ў некалькіх месцах[10].

Сілы бакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літва фармавала войскі па тэрытарыяльным прынцыпе, то бок кожнае княства выстаўляла атрад. У складзе вялікалітоўскага войска прысутнічалі рускія, літоўскія, а таксама чэскія харугвы, якімі кіраваў у будучым знакаміты кіраўнік гусітаў Ян Жыжка. Са сваімі атрадамі прыйшоў наўгародзкі і мсьціслаўскі князь Лугвен Альгердавіч, а татарскі хан Джэлал ад-Дзін прывёў з сабой коньніцу. Ядро войска складалі літоўска-рускія харугвы.

Польскае войска складалася з фэўдалаў, якія абавязаныя былі прыбыць на месца збору са зброяй, коньмі і ўласным атрадам; рушаньня; і невялікіх, але добра ўзброеных атрадаў наймітаў. Атрады складалі харугвы, у кожную зь якіх уваходзілі больш за 500 чалавек.

Баявы парадак аб’яднанага войска складаў 3 лініі: авангард, які прымаў першы ўдар і расьцярушваў пастраеньне суперніка; другая лінія наносіла па ворагу асноўны ўдар; рэзэрвовая.

З улікам іншаземных наймітаў да пачатку 1410 году колькасьць ордэнскіх войскаў склала каля 60 тыс. вояў. Іх фармаваньне складалася з 4-х лініяў, уперадзе якіх знаходзіліся найбольш вопытныя і лепш аснашчаныя рыцары.

Вайсковыя дзеяньні 1410 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа ваенных перамяшчэньняў у Грунвальдзкай кампаніі

15 сакавіка 1410 году некалькі крыжацкіх харугваў напалі на Ваўкавыск у Вербную нядзелю, нягледзячы на тое, што ваенныя дзеяньні на велікодныя сьвяты царква забараняла. Крыжакі на чале зь вялікім маршалам Ордэну Фрыдрыхам Валенродам ставілі мэтай забойства Вітаўта, які меўся быць у Ваўкавыску на сьвята[6].

6 красавіка адбылася чарговая спроба забойства вялікага князя. У Кежмарку (на поўначы Славаччыны) пад час сустрэчы Вітаўта з каралём Сыгізмундам тую частку места, дзе разьмясьціўся са сваім почтам Вітаўт, падпалілі з усіх бакоў. У пажары аддзел наймітаў напаў на двор князя, але ахова здолела адбіцца[6].

У траўні 1410 ордэн заключыў замірэньне з ВКЛ да 24 чэрвеня.

Да лета 1410 году вялікалітоўскае войска налічвала 40 харугваў. Польскае войска налічвала 42 польскія харугвы, 7 рускіх и 2 харугвы наймітаў. Агульная колькасьць саюзнай войскаў ацэньваецца ў розных крыніцах па-рознаму. Войскі Ордэну налічвалі 11 тысячаў чалавек, у тым ліку 4 тыс. рыцараў, 3 тыс. парабкаў (збраяносцаў) і 4 тыс. арбалетчыкаў).

30 чэрвеня войска пад кіраўніцтвам караля Ўладзіслава II Ягайлы выступіла з Вольбужу і пераправілася празь Віслу па загадзя падрыхтаваных пантонных мастах[14], што ў тыя часы адбывалася яшчэ досыць рэдка і стала нечаканасьцю для Тэўтонскага Ордэну[15]. 2 ліпеня польскае войска злучылася зь літоўска-рускімі войскамі ля места Чэрвінск, пасьля чаго разам рушылі на Марыенбург.

9 ліпеня хаўрусьнікі перайшлі мяжу Ордэну ў Прусіі і занялі некалькі важных пунктаў. 10 ліпеня яны выйшлі да ракі Дрвэнца, ля Торуню. Ордэнскае войска чакала праціўніка на процілеглым беразе ля вёскі Дрвэнца. Пераправы былі загароджаныя частаколамі, а вакольныя замкі падмацаваныя. Ягайла і Вітаўт вырашылі не атакаваць у месцы, дзе тэўтонцы мелі перавагу, і адвялі войскі да гораду Дзялдова (ням. Зольдаў), каб рушыць у абход тэўтонскіх умацаваньняў. Фон Юнгінген перавёў войска да Танэнбэргу, каб не прапусьціць саюзныя войскі далей ва ўладаньні Ордэну.

13 ліпеня саюзныя войскі падышлі да Дуброўны і празь некалькі гадзінаў захапілі места. Дуброўна была спаленая дашчэнту ў поўнай перакананасьці, што гэта ўбачаць крыжакі, якія былі ўсяго за некалькі кілямэтраў[16]. На наступны дзень літоўска-польскае войска пакінула спаленае места і ўвечары 14 ліпеня падышло да возера Любень. Тут яно ізноў сустрэлася з войскам Тэўтонскага Ордэну.

Грунвальдзкая бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Грунвальдзкая бітва
Карціна бітвы, як яна адлюстраваная ў Бэрнэрскай хроніцы Шылінга Салятурна

Абедзьве арміі разьмясьціліся насупраць на полі плошчай прыкладна 4 км² між вёсак Танэнбэрг, Грунвальд і Ладвігова. На левым флянзе саюзнага войска разьмясьцілася польская цяжкая кавалерыя. Лёгкая літоўская коньніца сфармавала правы флянг, у цэнтры стаялі харугвы наймітаў. Тэўтонская цяжкая коньніца стала насупраць літоўскага боку.

Апоўдні коньніца Вітаўтавага войска распачала атаку на левы флянг тэўтонцаў, ля Танэнбэргу. Пачалася бойка зь цяжкай коньніцай ворага. Прыкладна праз гадзіну літоўскія войскі выканалі заплянаванае адступленьне ў бок балотаў і лесу. Правы флянг саюзнага войска засталіся прыкрываць толькі тры смаленскія харугвы, адна зь іх цалкам загінула на полі бойкі.

Цяжкая коньніца Ордэну, пагнаўшыся ўсьлед уцекачам, разьбіла свае шэрагі і загразла ў балотах, дзе Вітаўт перастройваў свае войскі для працягу бітвы.

У гэты час пачалася бойка на польскім баку. На правым флянзе палякаў у бой рыцараў павёў вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштайн. У адзін момант упаў сьцяг кракаўскай харугвы, аднак тут жа быў узьняты ізноў, і бойка не спынілася. Ягайла ўвёў свой рэзэрв — другую лінію. Перавага пачала хіліцца ў бок хаўрусьнікаў. Цяжкая коньніца тэўтонцаў усё яшчэ перасьледвала літоўскія харугвы, а калі вярнулася на поле бойкі, ужо не змагла пераламіць яе хаду.

Вялікі магістар Ульрых фон Юнгінгэн павёў у бой на правы флянг палякаў 16 рэзэрвовых харугваў, але ў гэты час на поле бою вярнулася вітаўтава войска. Тэўтонскія войскі былі акружаныя ў двух вялізных катлах. У баі загінуў і магістар Ордэну. Убачыўшы сьмерць камандуючага, ацалелыя рыцары адступілі да свайго абозу ля Грунвальду, дзе спрабавалі зладзіць абарону. Аднак барыкады хутка былі прарваныя. Перасьлед тэўтонскага войска працягваўся да заходу сонца.

Нягледзячы на лепшы ўзровень тэхнічнай аснашчанасьці і ўзбраеньня Тэўтонскага Ордэну, перамога літоўска-польскага саюзу была ашаламляльнай.

Аблога Мальбарку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Аблога Марыенбургу 1410 году
Мальбарскі замак, сталіца Тэўтонскага Ордэну

Пасьля Грунвальдзкай бітвы літоўска-польскае войска стаяла на полі бітвы тры дні, пасьля рушыла на сталіцу Ордэну — Марыенбург. Рухаліся войскі вельмі марудна, пераадольваючы ў сярэднім 15 кілямэтраў на дзень[17]. Галоўныя сілы дасягнулі Марыенбургу не раней 26 ліпеня. За гэты час комтур Генрых фон Пляўэн першым дабраўся да сталіцы і арганізаваў яе абарону. Па дарозе Ягайла скіроўваў частку войскаў у іншыя крыжацкія замкі, якія найчасьцей здаваліся бяз бойкі[18]. Так былі заваяваныя Данцыг (Гданьск), Торн (Торунь) і Эльбінг (Эльблёнг)[19]. У руках Тэўтонскага Ордэну засталіся толькі восем замкаў[20].

Аблога Мальбарку (25 ліпеня — 19 верасьня 1410 году) скончылася беспасьпяхова. Войскі саюзьнікаў спадзяваліся на хуткую капітуляцыю і не былі падрыхтаваныя да доўгатэрміновае аблогі. Не ставала ўзбраеньня, баявы дух падаў, да таго ж у войску пачалася эпідэмія дызэнтэрыі[21].

Крыжакі зьвярнуліся па дапамогу да сваіх хаўрусьнікаў. Сыгізмунд Люксэмбурскі, рымскі кароль Вацлаў і Лівонскі ордэн паабяцалі скіраваць фінансавую і вайсковую дапамогу[22]. Аблога Марыенбургу была зьнятая 19 верасьня.

Паводле адной з вэрсіяў, ваяры войскаў літоўскай і польскай дзяржаваў намагаліся хутчэй вярнуцца дахаты, бо пачыналася жніво і трэба было парадкаваць ураджай[1]. Аднак у выпадку здабыцьця Мальбарку кожны з удзельнікаў штурму атрымаў бы частку крыжацкіх багацьцяў, якія шматкроць пераважылі б каштоўнасьць ураджаю. Таму выказваецца меркаваньне, што Вітаўт ці Ягайла не зьбіраліся канчаткова зьнішчаць Тэўтонскі Ордэн. Ягайла, у якога адносіны зь Вітаўтам і так былі напружаныя, мог адмовіцца ад разьвіцьця свайго посьпеху, каб захаваць унію ВКЛ і Кароны. Паводле іншай вэрсіі, Вітаўт не хацеў канчаткова зьнішчаць трэці «цэнтар сілы» ў рэгіёне, каб не застацца сам-насам з палякамі і Ягайлам[1].

Канцавая фаза вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У захопленых крыжацкіх цьвердзях літоўска-польскія войскі пакінулі невялікія атрады для аховы ад нападаў і павярнулі дамоў. Аднак большасьць замкаў неўзабаве была крыжакамі адваяваная. Да канца кастрычніка ў польскіх руках засталіся толькі чатыры тэўтонскія замкі ўздоўж мяжы[23]. Ягайла сабраў новае войска і нанёс яшчэ адну паразу крыжакам ў бітве пад Карановам 14 кастрычніка 1410 году. Неўзабаве бакі згадзіліся правесьці перамовы.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікая вайна скончылася Торунскім мірам 1411 году, паводле якога ўсе гарады і замкі, захопленыя крыжакамі ў час вайны, вярталіся ўладальнікам, Жамойць да сьмерці Вітаўта перадавалася ВКЛ, Добжынская зямля заставалася за Польшчай. Тэўтонскі Ордэн павінен быў сплочваць пераможцам вялізную кантрыбуцыю.

Перамога саюзьнікаў моцна падарвала магутнасьць Тэўтонскага ордэну і спыніла яго агрэсію на ўсходзе. Ад перамогі пад Грунвальдам пачаўся заняпад Ордэну, які цягам многіх дзесяцігодзьдзяў быў галоўнай вайсковай сілай Прыбалтыкі. Аднак у найбліжэйшай пэрспэктыве бітва фактычна не прынесла значнае карысьці для польска-літоўскага боку, бо канчатковае замацаваньне Жамойці за ВКЛ адбылося толькі ў 1422 г., у той час як Польшча, без фармальнага ўдзелу ВКЛ, да 1466 г. правяла з Тэўтонскім Ордэнам тры вайны, якія і аформілі канчатковы заняпад Ордэну і ягоную залежнасьць ад Польшчы. Ва ўнутрыпалітычным дачыненьні ўзмацнілася праблема хросту Жамойці, які спрычыняўся да паўстаньняў у рэгіёне і нават спробаў асобных жамойцкіх баяраў вярнуцца пад уладу тэўтонскіх рыцараў, а таксама да дыпляматычнае спрэчкі зь немцамі ў пытаньнях яе хрышчэньня. Насельніцтва рэгіёну стала амаль поўнасьцю вынішчаным цягам папярэдніх войнаў.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Алесь Пілецкі (15 ліпеня 2010) Грунвальд. Правакацыя Вітаўта Гісторыя. «Наша Ніва». Праверана 25 ліпеня 2010 г.
  2. ^ а б в Сеча под Грюнвальдом (рас.) История Отечества. Газета «Красная звезда» (21 ліпеня 2010). Праверана 30 ліпеня 2010 г.
  3. ^ а б Battle of Grunwald 1410. Part 6. Uprising (анг.) Праверана 24 ліпеня 2010 г.
  4. ^ а б http://www.hrono.ru/sobyt/1400sob/1409tevton.html
  5. ^ а б Stephen Turnbull Танэнбэрг 1410: Катастрофа Тэўтонскага Ордэну = Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights. — Лёндан: Osprey, 2003. — Т. 122. — С. 21. — (Campaign Series). — ISBN 9781841765617
  6. ^ а б в Каляндар-2010 «600 год перамогі пад Грунвальдам» / Аўтар-укладальнік Дудар А. Г.. — УП «Арэх». — 100 ас.
  7. ^ Zigmantas Kiaupa, Jūratė Kiaupienė, Albinas Kuncevičius Гісторыя Літвы да 1795 року = The History of Lithuania Before 1795. — Вільня: Lithuanian Institute of History, 2000. — С. 139. — ISBN 9986-810-13-2
  8. ^ Battle of Grunwald 1410. Part 7. Truce (анг.) Праверана 24 ліпеня 2010 г.
  9. ^ Eric Christiansen Паўночныя крыжовыя паходы = The Northern Crusades. — 2-е выд.. — Penguin Books, 1997. — С. 227. — ISBN 0-14-026653-4
  10. ^ а б Stephen Turnbull Танэнбэрг 1410: Катастрофа Тэўтонскага Ордэну = Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights. — Лёндан: Osprey, 2003. — Т. 122. — С. 30. — (Campaign Series). — ISBN 9781841765617
  11. ^ Mečislovas Jučas Грунвальдзкая бітва = The Battle of Grünwald. — Вільня: National Museum Palace of the Grand Dukes of Lithuania, 2009. — С. 75. — ISBN 9786099507453
  12. ^ Mečislovas Jučas Грунвальдзкая бітва = The Battle of Grünwald. — Вільня: National Museum Palace of the Grand Dukes of Lithuania, 2009. — С. 74. — ISBN 9786099507453
  13. ^ Battle of Grunwald 1410. Part 8. Military preparation (анг.) Праверана 24 ліпеня 2010 г.
  14. ^ Stephen Turnbull Танэнбэрг 1410: Катастрофа Тэўтонскага Ордэну = Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights. — Лёндан: Osprey, 2003. — Т. 122. — С. 33. — (Campaign Series). — ISBN 9781841765617
  15. ^ Battle of Grunwald 1410. Part 9. End of truce (анг.) Праверана 24 ліпеня 2010 г.
  16. ^ Battle of Grunwald 1410. Part 10. Eve of the battle (анг.) Праверана 24 ліпеня 2010 г.
  17. ^ William Urban Танэнбэрг і пасьля: Літва, Польшча і Тэўтонскі Ордэн у пошуках вечнасьці = Tannenberg and After: Lithuania, Poland and the Teutonic Order in Search of Immortality. — Revised. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — С. 162. — ISBN 0-929700-25-2 (анг.)
  18. ^ William Urban Танэнбэрг і пасьля: Літва, Польшча і Тэўтонскі Ордэн у пошуках вечнасьці = Tannenberg and After: Lithuania, Poland and the Teutonic Order in Search of Immortality. — Revised. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — С. 164. — ISBN 0-929700-25-2 (анг.)
  19. ^ Daniel Stone Польска-літоўская дзяржава ў 1386-1795 гадох = The Polish-Lithuanian state, 1386-1795. — University of Washington Press, 2001. — С. 17. — ISBN 9780295980935 (анг.)
  20. ^ Zenonas Ivinskis = Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. — Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija, 1978. — С. 342. (лет.)
  21. ^ Stephen Turnbull Танэнбэрг 1410: Катастрофа Тэўтонскага Ордэну = Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights. — Лёндан: Osprey, 2003. — Т. 122. — С. 75. — (Campaign Series). — ISBN 9781841765617
  22. ^ Stephen Turnbull Танэнбэрг 1410: Катастрофа Тэўтонскага Ордэну = Tannenberg 1410: Disaster for the Teutonic Knights. — Лёндан: Osprey, 2003. — Т. 122. — С. 74. — (Campaign Series). — ISBN 9781841765617
  23. ^ William Urban Танэнбэрг і пасьля: Літва, Польшча і Тэўтонскі Ордэн у пошуках вечнасьці = Tannenberg and After: Lithuania, Poland and the Teutonic Order in Search of Immortality. — Revised. — Chicago: Lithuanian Research and Studies Center, 2003. — С. 166. — ISBN 0-929700-25-2 (анг.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]