Аляксандар Міхал Сапега
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аляксандар Сапега.
Аляксандар Міхал Сапега | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 верасьня 1730 Высокае, Вялікае Княства Літоўскае |
Памёр | 28 траўня 1793 Варшава, Каралеўства Польскае |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Казімер Лявон Сапега Караліна Тэрэза з Радзівілаў |
Жонка | Магдалена Агнешка зь Любамірскіх |
Дзеці | Казімер, Ганна Тэафілія, Караліна, Мар’яна Кацярына, Эмілія, Францішак |
Дзейнасьць | дыплямат |
Аляксандар Міхал Сапега (12 верасьня 1730, места Высокае Берасьцейскага ваяводзтва — 28 траўня 1793, Варшава) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Абозны вялікі літоўскі (1748—1750), генэрал-маёр (1750), падскарбі дворны літоўскі (1750—1754), ваявода полацкі (1754—1775), гетман польны літоўскі (1762—1775), канцлер вялікі літоўскі (з 1775)[1].
Валодаў Высокім, Друяй, Зэльвай, Старым і Новым Быхавам, Дзярэчынам, Луннам і інш. Кавалер ордэнаў Белага арла (1753)[2] і Сьвятога Станіслава (1765)[3], а таксама расейскага Аляксандра Неўскага (1776)[4].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Казімера Лявона, ваяводы берасьцейскага, і Караліны Тэрэзы з Радзівілаў. Меў брата Міхала Ксавэрыя, крайчага вялікага літоўскага і сястру Ганну. Быў пляменьнікам Юзэфа Станіслава, біскупа і Міхала Антонія, падканцлера вялікага літоўскага.
Па сьмерці бацькі знаходзіўся пад апекай дзядзькі Юзэфа Станіслава. Навучаўся ў езуіцкім калегіюме ў Любартаве.
3 1746 году неаднаразова абіраўся ў сойм. У 1748 годзе стаў абозным вялікім літоўскім. У 1750 годзе атрымаў званьне генэрал-маёра і урад падскарбія дворнага літоўскага, у 1754 годзе — урад ваяводы полацкага.
У 1762 годзе атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага. У 1763—1764 гадох падтрымліваў Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», выступаў супраць кандыдатуры Станіслава Аўгуста Панятоўскага на сталец. Па абраньне апошняга перайшоў на бок Фаміліі. У 1775 годзе атрымаў урад канцлера вялікага літоўскага. Таемна падтрымліваў Барскую канфэдэрацыю, хоць быў ляяльным да караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Расейскай імпэрыі. У 1789 годзе быў маршалкам Вярхоўнага Трыбуналу.
Непрыхільна сустрэў Канстытуцыю 3 траўня 1791 году. У 1792 годзе на прапанову караля далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі і быў ейным маршалкам у Вялікім Княстве Літоўскім, па чым засядаў з кіраўніцтвам канфэдэрацыі ў Горадні.
Зьбіраў кнігі, рукапісы[5]. Захапляўся музыкай і малярствам.
27 сьнежня 1756 году ажаніўся з Магдаленай Агнешкай (1739—1780), дачкой мечніка вялікага кароннага князя Антонія Бэнэдыкта Любамірскага і Ганны Соф’і Ажароўскай. У шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Казімер (1757—1758)
- Ганна Тэафілія (1758—1813), 1-ы муж з 1774 году князь Геранім Януш Сангушка (1743—1812), 2-гі муж з 1786 году Севярын Патоцкі (1762—1829)
- Караліна (1759—1814), 1-ы муж з 1775 году Тэадор Патоцкі (пам. 1812), 2-гі муж падстолі вялікі каронны Станіслаў Солтык
- Мар’яна Кацярына (нар. 1760), 1-ы муж Ян Салагуб, 2-гі муж князь Ігнаці Пузына
- Эмілія (1762—1835), жонка падкаморага старадубскага Францішка Ельскага
- Францішак (1772—1829), генэрал літоўскай артылерыі (1793)
Спачыў ў кляштары картузаў у Бярозе Картускай[6].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Я. Х. Лямпі, да 1793 г.
-
Копія з партрэта пэндзля Я. Х. Лямпі
-
Копія з партрэта пэндзля Я. Х. Лямпі
-
Копія з партрэта пэндзля Я. Х. Лямпі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 550.
- ^ Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008. — Warszawa, 2008. S. 216.
- ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Św. Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 177.
- ^ Бантыш-Каменский Н. Н. Списки кавалерам российских императорских орденов Св. Андрея Первозванного, Св. Екатерины, Св. Александра Невского и Св. Анны с учреждения до установления в 1797 году орденского капитула. — М., 2005. С. 154.
- ^ Грыцкевіч А, Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
- ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 95.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аляксандар Міхал Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў