Электробус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Электробус АКСМ Е321 у Менску

Электро́бус (электры́чны аўто́бус) — бязрэйкавы пасажырскі транспартны сродак з электрапрывадам. Электраэнэргія, неабходная для работы электробусу, назапашваецца на борце ў акумулятарнай батарэі альбо генэруецца, напрыклад, паліўнымі элемэнтамі.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Электробус шмат у чым падобны да тралейбуса з аўтаномным ходам і ў цэлым на электрамабіль, за выключэньнем памераў, зьмяшчальнасьці і магутнасьці электрапрываду.

Электрычную энэргію электробус можа атрымліваць ад зьнешняй крыніцы забесьпячэньня электрычнай падстанцыі або ад зараднай станцыі для электрамабіляў, а таксама ў аварыйнай сытуацыі ад побытавай электрасеткі 230В зьменнага току. Для зьдзяйсьненьня працэсу зараджаньня акумулятарнай батарэі, як правіла, выкарыстоўваюць кабэлі, якія камутуюцца спэцыяльным раздымам, або спэцыяльны пантограф, які падымаецца ў вызначанай зоне і камутуецца аўтаматычна зь лініяй, або калі электробус знаходзіцца ў прастоі.

Вядучыя колы электробуса прыводзяцца ў рух адным або некалькімі асынхроннымі электрарухавікамі зьменнага току, злучанымі з акумулятарам. Блёк частасьцевага пераўтваральніка напругі ператварае пастаянную (лінейную) напругу ў зьменную. Таксама ў электробусах існуе зваротны працэс рэкупэрацыі электрычнай энэргіі, калі кінэтычная энэргія рухавіка пераўтвараецца ў электрычную зьменнай напругі, а блёк частасьцевага пераўтваральніка выпроствае яго ў пастаянную напругу.

З разьвіцьцём электратэхнічнай прамысловасьці і вынаходніцтвамі ў галіне цягавага электрапрываду крыніцамі электраэнэргіі для электробусаў прапануюцца новыя віды акумулятараў, іяністары (або так званыя супэркандэнсатары), паліўныя элемэнты ды інш. Замест рухавіку прапануецца таксама выкарыстаньне электрычных матор-колаў, якія хоць і маюць важкія недалікі, але дазваляюць выключыць «клясычныя» перадавальныя прылады: кардан, дыфэрэнцыял, паўвосі ды інш.).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню рухомая мадэль электробусу на мэталёвых колах была прадэманстраваная на Сусьветнай выстаўцы 1900 року ў Парыжы.

Першы электрычны маршрутны аўтобус зьявіўся ў Вялікабрытаніі ў 1906 року. 15 ліпеня 1907 року ў Лёндане кампанія «London Electrobus Co.» адкрыла рэгулярны рух аўтобусаў з электрапрывадам на маршруце між чыгуначнымі вакзаламі „Вікторыя“ і „Лівэрпуль-стрыт“.

Пры зборцы брытанскіх электробусаў выкарыстоўвалі францускія кампанэнты і батарэі фірмы «Gould Storage Battery Corporation», якія дазвалялі праходзіць без падзарадкі да 40 міляў, што было дастаткова для чатырох рэйсаў між канцавымі прыпынкамі. Пасьля ранішняй зьмены электробус накіроўваўся ў гараж, дзе батарэі цалкам мяняліся на новыя.

Чыстыя і ціхія электробусы былі папулярныя ў турыстаў і жыхароў Лёндану. На піку свайго посьпеху ў канцы 1908 року кампанія мела каля 20 электробусаў. Неўзабаве быў адкрыты дадатковы маршрут да Кілбэрну. У пачатку 1910 року пасьля скандалу і абвінавачваньняў у махлярстве «London Electrobus Co.» давялося закрыць. Восем электробусаў былі прададзеныя «Brighton, Hove & Preston United», астатнія ж былі разабраныя на запасныя часткі.

У 1916 року новым уласьнікам «Brighton, Hove & Preston United» стаў Томас Тылінг(en). Апошні рэйс ангельскага электробусу адбыўся ў Брайтане ў красавіку 1917 року. Тылінг паведаміў, што недахоп запасных частак змусіў яго спыніць работу электрычных аўтобусаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]