Верас
Верас | |
![]() Верас звычайны Calluna vulgaris | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Расьліны |
Аддзел | Пакрытанасенныя |
Кляса | Двухдольныя |
Атрад | Верасакветныя |
Сямейства | Верасавыя |
Род | Вечназялёныя кустовыя |
Падрод | Кусьцікавыя |
Від | Верас звычайны |
Бінамінальная намэнклятура | |
Calluna | |
Ве́рас (Calluna) — род вечназялёных кустовых і кусьцікавых расьлін сямейства верасовых.
Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вядомы 1 від — Верас звычайны (Calluna vulgaris), пашыраны ў Эўразіі, Паўднёвай Афрыцы, Амэрыцы. У Беларусі трапляецца часта па ўсёй тэррыторыі. Расьце на пяшчаных мясьцінах у хваёвых барах, на выгарынах і мохавых балотах, утварае вялікія зараснікі — верасоўнікі.
Вызнае тып лесу — хвойнік верасовы. Квітнее ў ліпені-верасьні. Лекавая расьліна (мачагонны, вяжучы, зьлёгку снатворны й супакойны сродак). Мае ў сябе дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал. Выкарыстоўваюць верхавінкі галінак зь лісьцем і кветкамі (зьбіраюць у канцы ліпеня-жніўні). Летне-восеньскі меданос, дае багаты нэктар, мёд зь яго цёмны, даўкі й гаркаваты. Таксама зьяўляецца дэкаратыўнай расьлінай — ідзе на стварэньне зімовых букетаў.[1]
Вонкавае апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Куст галінасты з моцных пахам. Сьцяблы з чырнавата-бурай карой, вышынёй 30—100 см. Лісьце дробнае, сядзячае, кароткарыса-ланцэтнае, амаль трохграннае, зьверху тупаватае, каля асновы трэлкападобнае, разьмешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады; новыя парасткі выходзяць з пазухі больш буйнога ліста, які сядзіць на месцы леташняга парастка. Кветкі дробныя, дзьвюхполыя, правільныя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя на кароткіх адхіленых пазушных кветаножках, у аднабокіх гронкападобных суквецьцях. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. На смак расьліна горкая, вяжучая.[1]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б І. М. Ляховіч. Верас // Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл. — С. 434
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Верас — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў