Вугорская рэвалюцыя 1956 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вугорская рэвалюцыя 1956 году
Зьнішчаны савецкі танк Т34/85 у Будапэшце, 1956 год
Дата: кастрычнік 1956 — лістапад 1956
Месца: Вугорская Народная Рэспубліка
Вынік: Перамога Савецкага Саюзу, рэвалюцыя падаўлена
Супернікі
СССР
 Упраўленьне дзяржаўнай бясьпекі (ÁVH)
Вугоршчына
Камандуючыя
Іван Конеў Імрэ Надзь
Колькасьць
31 550 чалавек
1130 танкаў
невядома
Страты
722 забіты
1251 ранены
2500 забіты
13 000 ранены

Вуго́рская рэвалю́цыя 1956 го́ду (па-вугорску: 1956-os forradalom) — спантаннае агульнанацыянальнае паўстаньне супраць ураду Вугорскай Народнай Рэспублікі і навязанай яму савецкім рэжымам палітыкі. Пачалася 23 кастрычніка, падаўлена 10 лістапада 1956 году.

Ход падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўстаньне пачалося як студэнцкая дэманстрацыя, якая праходзіла ў цэнтры Будапэшту, да якой далучыліся тысячы людзей. Студэнцкая дэлегацыя была затрымана, калі паспрабавала прайсьці на радыё, каб перадаць свае патрабаваньні. Калі дэманстранты запатрабавалі вызваленьня дэлегатаў, супрацоўнікі Ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі (ÁVH) адкрылі агонь. Навіны аб гэтых падзеях хутка распаўсюдзіліся, і гвалт распачаўся паўсюды ў сталіцы.

Бунт хутка ахапіў усю краіну, і ўрад быў скінуты. Тысячы людзей, арганізаваных у народнае рушаньне, вялі баі супраць Упраўленьня дзяржаўнай бясьпекі (ÁVH) і савецкіх войскаў. Прасавецкіх камуністаў і дзеячаў ÁVH забівалі або саджалі ў турмы, былыя зьняволеныя былі вызвалены і ўзброены. Імправізаваныя рады вырвалі муніцыпальнае кіраўніцтва ў Вугорскай партыі працоўных і патрабавалі палітычных зьменаў. Новы ўрад афіцыйна распусьціў ÁVH, заявіў пра свой намер выйсьці з Варшаўскай дамовы і абавязаўся правесьці вольныя выбары. Па стане на канец кастрычніка барацьба амаль спынілася, і адчуваньне мірнага жыцьця пачало вяртацца.

Спачатку абвясьціўшы пра гатоўнасьць весьці перамовы аб вывадзе савецкіх войскаў, Палітбюро ЦК КПСС зьмяніла свае рашэньне і пачало падаўленьне рэвалюцыі. 4 лістапада савецкія войскі ўварваліся ў Будапэшт і іншыя раёны краіны. Вугорскі супраціў працягваўся да 10 лістапада. Каля 2500 вугорцаў былі забіты, 200 000 апынуліся бежанцамі. Масавыя арышты і абвінавачваньні працягваліся на працягу месяца пасьля гэтага. Да студзеня 1957 году новае, усталяванае савецкім рэжымам кіраўніцтва падавіла ўсю грамадзкую апазыцыю.

Падаўленьне вугорскае рэвалюцыі выявіла цьвёрды намер савецкага кіраўніцтва захоўваць жорсткі палітычны кантроль над краінамі сацыялістычнага блёку, незалежна ад памкненьняў іх народаў, і было адмоўна ўспрынятае прыхільнікамі камуністычнай ідэалёгіі на Захадзе, выклікаючы сярод іх гэтак званы «крызіс сьвядомасьці» і азначаючы, разам з XX зьездам КПСС, пачатак разбурэньня камуністычнай сыстэмы. Разам з бэрлінскімі падзеямі 1953 году вугорскае паўстаньне азначыла паварот сусьветнага ўспрыманьня СССР і Савецкай арміі ад вобразу вызваліцеляў Эўропы да вобразу яе акупантаў.

Выявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]