Самалійска-этыёпская вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Самалійска-этыёпская вайна
Файл:Tiglachin monument (Addis Ababa).jpg
Помнік змаганьню (Адыс-Абэба, 2016 г.)
Дата: 13 ліпеня 1977 — 15 сакавіка 1978
Месца: усход Этыёпіі
Вынік: адбіцьцё самалійскага ўварваньня
Супернікі
СамаліЭтыёпія
Камандуючыя
Махамэд Сіяд БарэМэнгісту Хайлі Марыям
Колькасьць
70 тыс.67 тыс.
Страты
6453 вайскоўцы забітымі, 2409 параненымі, 275 палоннымі і зьніклымі6133 вайскоўцы забітымі, 10 563 параненымі, 2505 палоннымі і зьніклымі, 1362 дэзэртыры
Агульныя страты
1000 забітых цывільных

Самалійска-этыёпская вайна (амх. የኢትዮጵያ ሶማሊያ ጦርነት, Агадэнская вайна) — вайсковае ўварваньне Самалі 1978—1979 гадоў у Этыёпію. Пасярэднікам у спыненьні агню выступіў урад ЗША, які пасьля вайны стаў пастаўляць зброю Самалі замест Этыёпіі ў абмен на выкарыстаньне вайсковых базаў. СССР наадварот у ходзе вайны замест Самалі пачаў пастаўляць зброю Этыёпіі, што прадухіліла паразу апошняй.

Ход уварваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 ліпеня 1977 году ў 3:00 войскі Самалі пачалі ўварваньне на ўсход Этыёпіі. Войска Самалі налічвала 70 тыс. жаўнераў, 40 зьнішчальнікаў, 250 танкаў, 350 бронетранспартэраў і 600 гарматаў[1]. Да 31 ліпеня самалійскія войскі разьбілі 3-ю і 4-ю пяхотныя дывізіі Этыёпіі і захапілі 60% земляў Балійскай і Харэрскай вобласьцяў, у тым ліку горад Годэй[2]. Цягам жніўня на поўначы Харэрскай вобласьці, пад Дырэ-Даўай і Джыджыгай, войскі Этыёпіі здолелі нанесьці самалійскім нападнікам дастатковыя страты, каб спыніць іх далейшае прасоўваньне. Паветраныя войскі Этыёпіі, узброеныя амэрыканскімі зьнішчальнікамі «Нортроп Ф-5» дамагліся панаваньня ў паветры насуперак колькаснай перавазе самалійцаў, якія выкарыстоўвалі савецкія зьнішчальнікі «МіГ-21». 17 жніўня 1977 г. самалійскія войскі дайшлі да Дырэ-Даўы, дзе знаходзілася 2-е па велічыні вайсковае лётнішча Этыёпіі. Таксама праз горад праходзіла чыгунка, якая вяла да Чырвонага мора, празь якое ажыцьцяўляўся вываз зерня і завоз зброі. Самалійскае войска ўлучала 2 матарызаваныя брыгады, танкавы батальён і артылерыйскую батарэю. За 2 дні баёў этыёпам удалося адбіць напад сіламі 2-й дывізіі апалчэньня, 2 батальёнаў, мэханізаванай роты і 2 танкаў[1].

Усходнія землі Этыёпіі, захопленыя Самалі ў 1977 годзе (блакітным)

На пачатку верасьня 1977 г. старшыня Часовага вайсковага ўраду Этыёпіі Мэнгісту Марыям зьвярнуўся да ўраду СССР па вайсковую дапамогу. У адказ СССР спыніў вайсковую дапамогу ўраду Самалі і даслаў ураду Этыёпіі 700 тыс. тонаў нафты, зброю і 1500 вайсковых дарадцаў на чале з генэралам Васілём Пятровым. Урад Кубы даслаў 15 тыс. жаўнераў у складзе 6 брыгадаў, якія на чале з генэралам Арнальда Ачора вызначылі перамогу Этыёпіі ў вайне[3]. Яшчэ 2000 жаўнераў даслаў Паўднёвы Емэн. 12 верасьня 1977 г. самалійскія войскі захапілі Джыджыгу, пасьля чаго авалодалі 90% земляў Харэрскай вобласьці Этыёпіі. Тым часам у кастрычніку ўрад Этыёпіі сабраў паспалітае рушэньне са 100 тыс. чалавек. Да лістапада 1977 г. самалійскае войска колькасьцю ў 20 тыс. чалавек пачало бітву пад Харэрам. 22 студзеня 1978 г. этыёпы адбілі напад на горад сіламі ўласнага 40-тысячнага войска з дапамогай 11 тыс. кубінскіх жаўнераў і 1500 савецкіх вайсковых дарадцаў. На пачатку лютага 1978 г. войскі Этыёпіі абышлі з паўночнага ўсходу Джыджыгу і перавал Марда, якія занялі самалійцы. Тым часам, савецкімі верталётамі «Мі-6» кубінскіх жаўнераў закінулі ў тыл самалійцам на вусеневых машынах «БМД-1» і «АСУ-57». У выніку наступ ажыцьцяўляўся з 2 бакоў. 5 сакавіка 1978 г. войскі Этыёпіі вызвалілі Джыджыгу. Пры адступленьні з гораду забілі больш за 2000 самалійскіх вайскоўцаў.

9 сакавіка 1978 г. прэзыдэнт Самалі Сіяд Барэ загадаў самалійскаму войску адступаць у Самалі. 15 сакавіка апошняе падразьдзяленьне войска Самалі пакінула Этыёпію.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку ўварваньня паўмільёну жыхароў Этыёпіі сталі вымушанымі перасяленцамі і ўцекачамі. Зь ліку тэхнікі, войска Самалі страціла 28 самалётаў (палова), 72 танкі, 30 бронетранспартэраў і 90 аўтамабіляў. Войска Этыёпіі страціла 23 самалёты, 139 танкаў, 108 бронетранспартэраў і 1399 аўтамабіляў. Таксама забілі 400 кубінцаў і 100 емэнцаў, якія ваявалі на баку Этыёпіі[1]. 33 савецкія дарадцы загінулі і зьніклі бязь вестак.

Пры канцы 1978 г. вайсковыя афіцэры стварылі на поўначы Самалі апазыцыйны «Фронт самалійскага вызваленьня» (Гаровэ, Пунтлэнд). З 1979 году ўрад Самалі дазволіў ураду ЗША выкарыстоўваць свае вайсковыя базы ў абмен на пастаўкі зброі. Да 1981 г. на ўсходзе Этыёпіі цягнулася паўстаньне пад кіраўніцтвам «Фронту вызваленьня заходняга Самалі».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Гэбру Тарэкэ. Ізноў пра этыёпіска-самалійскую вайну 1977 году  (анг.) = The Ethiopia-Somalia War of 1977 Revisited // Міжнародны часопіс афрыканскіх гістарычных дасьледаваньняў. — Бостан: Бостанскі ўнівэрсытэт, Студзень 2000. — Т. 33. — № 3. — С. 635-667. — ISSN 0361-7882.
  2. ^ Марк Урбан. Савецкае ўмяшаньне і Агадэнскі контарнаступ 1978 году  (анг.) = Soviet intervention and the Ogaden counter-offensive of 1978 // Часопіс Каралеўскай агульнавайсковай установы : часопіс. — Ўэстмінстэр: Чэрвень 1983. — Т. 128. — № 2. — С. 42-46. — ISSN 1744-0378.
  3. ^ Мікола Дзябёла. Мікалай Іванчанка: «Вельмі цяжка было растлумачыць этыёпам, што такое сацыялізм» // Зьвязда : газэта. — 15 сакавіка 2003. — № 65-66 (24749-24750). — С. 5. — ISSN 1990-763x.