Арбіта
Арбіта (па-лацінску: orbita — «каляіна», «дарога», «шлях») — траекторыя руху матэрыяльнага пункту ў полі сілаў, якія на яго ўзьдзейнічаюць. У найлягчэйшым выпадку арбіта двух целаў ёсьць кола або эліпс, фокус якога разьмеркаваны ў цэнтры вагі сыстэмы. Арбіта можа мець складанейшую форму ў выпадку, калі на цела ўплываюць іншыя сілавыя палі. Праблема прагназаваньня руху ў выпадку трох важкіх целаў атрымала назву Задача трох цел. Аналітычнага рашэньня гэтай задачы не існуе, частковым рашэньнем ёсьць пункты Лягранжа.
Кеплераўскія арбіты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Некаторы час лічылася, што плянэты Сонечнай сыстэмы рухаюцца вакол Сонца кругавымі арбітамі. Пасьля доўгіх і няўдалых спробаў вылічыць кругавую арбіту для Марсу нямецкі астраном Ёган Кеплер абверг гэтае сьцьвярджэньне й пасьля, выкарыстоўваючы зьвесткі вымярэньняў Тыха Брагэ, усталяваў законы руху плянэт вакол зоркі. Заканамернасьці былі сфармуляваны ў тры асноўныя законы, што маюць цяпер назву законы Кеплера:
- Усе плянэты круцяцца вакол Сонца па арбітах, якія маюць форму эліпсу, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца.
- Радыюс-вэктар плянэты (цела Сонечнай сыстэмы) за роўныя прамежкі часу апісвае роўнавялікія плошчы.
- Квадрат пэрыяду звароту плянэты вакол Сонца проста прапарцыйны кубу вялікай паўвосі эліпсу.
Кеплераўскія элемэнты арбіты:
- вялікая паўвось (або факальны парамэтар)
- эксцэнтрысытэт (e)
- нахіл арбіты (i) у асноўнай каардынатнай плоскасьці
- даўгата ўзыходнага вузла (Ω node)
- аргумэнт перыцэнтру (ω, peri)
- час праходжаньня нябеснага цела праз пэрыцэнтар (T0)
Гэтыя элемэнты адназначна вызначаюць арбіту незалежна ад яе формы (эліптычнай, парабалічнай або гіпэрбалічнай). Асноўнай каардынатнай плоскасьцю можа быць плоскасьць экліптыкі, плоскасьць галяктыкі, плоскасьць зямнога экватару і да т. п. У такім выпадку элемэнты арбіты задаюцца адносна абранай плоскасьці.