Рэвалюцыя гвазьдзікоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рэвалюцыя гвазьдзікоў
«Мы павінны захаваць Красавік»
«Мы павінны захаваць Красавік»
Дата25 красавіка 1974 (49 гадоў таму)
МесцаПартугалія
Прычынызахаваньне рэжыму Новай дзяржавы
Мэты
  • зьмена палітычнага рэжыму
  • лібэралізація і дэмакратызацыя краіны
Вынік
Удзельнікі канфлікту
Ключавыя асобы
прэм’ер-міністар Марсэлю Каэтану
Сілы бакоў
300 чалавек
Страты
Забітыя3 чалавекі
Параненыянекалькі дзясяткаў
Арыштаваныяпрэзыдэнт, прэм’ер-міністар, чальцы кабінэту міністраў, кіраўнікі спэцслужбаў, некаторыя афіцэры

Рэвалю́цыя гвазьдзіко́ў (па-партугальску: Revolução dos Cravos ці 25 de Abril) — бескрывавы ваенны пераварот 25 красавіка 1974 року ў Партугаліі, зьдзейсьнены падпольнай армейскай арганізацыяй «Рух капітанаў». Прывёў да зрынаньня рэжыму Новай дзяржавы і ўсталяваньню пераходнага вайсковага кіраваньня. У 1976 року, пасьля актыўнай барацьбы наконт далейшага шляху разьвіцьця дзяржавы, на праведзеных вайскоўцамі выбарах улада была перададзеная палітычным партыям, усталяваны лібэральна-дэмакратычны рэжым, абмежаваны артыкуламі канстытуцыі пра будаўніцтва ў краіне сацыялізму.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1973 року Партугалія была найбяднейшай краінай Заходняй Эўропы, займаючы 39 месца паводле ўзроўню жыцьця насельніцтва. Захавальная палітыка рэжымаў Антонію Салязара і Марсэлю Каэтану за паўстагодзьдзі ператварыла краіну ў адну з самых адсталых аграрных эўрапейскіх дзяржаваў. Аднак і ў сельскай гаспадарцы ўзровень мэханізацыі быў мінімальны, вытворчасьць прадукцыі фактычна не расла, а, напрыклад, ураджайнасьць збожжавых была ў 5 разоў ніжэйшая, чымся ў краінах Заходняй Эўропы. Вясковае насельніцтва было амаль цалкам непісьменным і практычна галечным у параўнаньні з фэрмэрствам Францыі ці ФРН[1].

У той жа час краіна імпартавала ў асноўным прамысловую прадукцыю, разьлічваючыся за яе тым, што вырабляла сельская гаспадарка. Гэта не спрыяла разьвіцьцю ўласнай прамысловасьці, хоць Партугалія валодала велізарнымі сыравінавымі рэсурсамі ў сваіх афрыканскіх калёніях. Урад аддаваў перавагу адсылцы сыравіну за мяжу, не ўкладаючы грошай у разьвіцьцё краіны. Нават валодаючы запасамі нафты ў Анголе, кіроўныя колы Партугаліі не паклапаціліся ейнай здабычай ды перапрацоўкай і, калі праз 15 гадоў пасьля яе адкрыцьця арабскія дзяржавы абвясьцілі Захаду нафтавае эмбарга, Партугалія, «седзячы на нафце», засталася без бэнзіну.

Аднак гандаль сыравінай, за кошт якой партугальскі ўрад хацеў забесьпечыць дзяржаве спакой, апынуўся пад ударам, калі ў афрыканскіх калёніях — Анголе, Мазамбіку, Гвінэі й інш. — пачалася партызанская вайна супраць мэтраполіі. Агромністыя ваенныя выдаткі толькі пагоршылі становішча Партугаліі. Апошнімі палітычнымі аргумэнтамі рэжыму Каэтану сталі «барацьба з камунізмам у калёніях» і «атлянтычная салідарнасьць» у межах НАТА, за кошт якіх ён намагаўся прыцягнуць максымальную вайсковую і эканамічную дапамогу.

Аднак у 1973 року адток капіталаў з Партугаліі прыняў вялізны маштаб. Цяпер у эканоміку не ўкладалася ўвогуле нічога, а за мяжу былі перанакіраваныя 1,4 мільярды эскудо. Прэм’ер-міністар Каэтану разьвязаў праблему тым, што забараніў публікаваць гэтую статыстыку[2].

Тым часам нязьменная палітычная сыстэма дзяржавы не адлюстроўвала настрояў грамадзтва, спэктру палітычных поглядаў і рупліва ізалявала насельніцтва ад кіраваньня краінай. У гэткіх умовах у Партугаліі нелегальна ці паўлегальна распаўсюджваліся радыкальныя палітычныя погляды ад нацызму Гітлера да тэорыяў Мао Цзэдуна. Марксізм і сацыялістычныя вучэньні трапілі нават у традыцыйнае апірышча рэжыму — афіцэрскі корпус, значную частку якога ўрад самазабойча прыніжаў сваёй сацыяльнай і кадравай палітыкай.

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка перавароту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка перавароту вялася «Рухам капітанаў», які аб’яднаў незадаволеных рэжымам Марсэлю Каэтану, вайной у Афрыцы і сваім сацыяльным становішчам капітанаў. У студзені 1974 року, пасьля таго, як адзіны апазыцыйны рух краіны — Дэмакратычная выбарчая камісія — адмовіўся ад удзелу ў парлямэнцкіх выбарах 28 кастрычніка 1973 року, «Рух капітанаў» пачаў распрацоўваць палітычную праграму і ваенны плян паўстаньня[3]. Баявая апэрацыя па зрынаньні рэжыму была прызначаная на 25 красавіка 1974[4] і атрымала падтрымку на флёце і ў авіяцыі.

У сваім распараджэньні арганізатары мелі інжынэрны полк, школу вайсковых адміністратараў, батальён егераў, полк лёгкай артылерыі, каманду стралковага палігону, пяхотны полк, навучальны цэнтар артылерыі, 10-ю групу камандас, тры вайсковыя школы рознага профілю пад Лісабонам, кавалерыйскі полк (бронетэхніка) і навучальны цэнтар спэцапэрацыяў.

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва «Рэвалюцыя гвазьдзікоў» паводле легенды зьявілася ад жэсту жыхаркі Лісабону Сэлесты Сэйруш, прадавачкі ўнівэрмагу, якая 25 красавіка 1974 року апусьціла гвазьдзік у рулю вінтоўкі сустрэчанага ёй жаўнера. Паводле ейнага прыкладу грамадзяне пачалі масава раздаваць жаўнерам чырвоныя гвазьдзікі.

24 красавіка а 22:00 была арганізаваная штаб-кватэра Руху ўзброеных сілаў (РУС). А 22:55 дыктар радыёстанцыі «Эмісорэш асасыядуш ды Ліжбоа» перадаў у этэр дамоўленую фразу і песьню Паўлю ды Карвальлю(pt) «А пасьля — разьвітаньне…» (парт. «E depois do adeus»), што азначала пацьверджаньне вайсковай апэрацыі. Другі, канчатковы сыгнал, выйшаў крыху са спазьненьнем, а 01:05 25 красавіка, на хвалі каталіцкай радыёстанцыі «Рэнашэнса». Дыктар радыёстанцыі зачытаў першы радок песьні «Грандула, прыморскае мястэчка» (парт. «Grândola, vila morena») і паставіў яе ў этэры. Пасьля гэтая песьня стане сымбалем і гімнам «Рэвалюцыі гвазьдзікоў».

Каля 4-й гадзіны ночы на Лісабон рушылі калёны бранятэхнікі з Тумару, Вэндаш-Новашу, Сантарену, Фігейры да Фошу, Візэву, Мафры і базы ВМФ Алфэйтэ.

Падзеі ў Лісабоне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Авалодаўшы камэрцыйнай радыёстанцыяй «Радыёклюбэ партугеш» з магутным радыёперадачом, паўстанцы зачыталі паведамленьне для жыхароў Лісабону пра пачатак паўстаньня і заклікам заставацца дома, захоўваючы спакой. Пасьля гэтага радыёстанцыя пачала трансьляваць забароненыя песьні[5].

Нягледзячы на заклік, лісабонцы выйшлі на вуліцы вітаць паўсталыя войскі. Натоўп спыніў танкавую калёну, якая рухалася на абарону ўрадавых установаў. Танкісты адмовіліся выконваць загад брыгаднага генэрала Рэеша адкрыць вагонь па грамадзянах і паўстанцах і далучыліся да іх[6].

Да 10-й гадзіны ранку ўсе часткі Лісабонскай вайсковай акругі перайшлі на бок «Руху капітанаў»; старэйшы афіцэрскі склад, які загадваў выступіць супраць паўстаньня, быў арыштаваны[7]. Да 14:00 былі захопленыя радыёстанцыі і тэлеперадатчыкі, штабы ў Лісабоне і Порту, будынак Міністэрства абароны, аэрапорт, турма і інш. Прэм’ер-міністар і чальцы ўраду былі аточаныя ў казармах Нацыянальнай рэспубліканскай гвардыі на пляцы Карму[8], аднак пасьля прад’яўленага ўльтыматуму пагадзіліся перадаць уладу.

А 18:00 гадзіне Марсэлю Каэтану, міністар унутраных справаў Марэйра Батышта(pt) і міністар замежных справаў Руй Патрышыю(pt) перадалі ўладу генэралу Антонію ды Сьпінолу. Арыштаваных Каэтану, Батышту і Патрышыю адвезьлі ў казармы Пантыльля[9]. Паводле Дэкрэту №1 Антонію ды Сьпінолы прэзыдэнт, ўрад і парлямэнт былі распушчаныя, улада перададзеная Радзе нацыянальнага выратаваньня[10].

26 красавіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апоўначы спынілі супраціў і разьбегліся супрацоўнікі DGS(pt) (таемнай паліцыі), ейны дырэктар Фэрнанду Эдуарду да Сылва Паіша арыштаваны. На сьвітанку была захопленая турма Кашыяс, адкуль выйшаў апошні палітвязень — будаўнік Жазэ Карлуш Альмэйда (пазьней стане дэпутатам Устаноўчага сходу ад Партугальскай камуністычнай партыі).

Удзень Рада нацыянальнага выратаваньня разьмясьцілася ў Бэленскім палацы, штаб РУС — у казармах у Понтыньні.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзеі 25 красавіка 1974 паклалі канец самаму працягламу і стабільнаму дыктатарскаму рэжыму ў Заходняй Эўропе (апошнія два — рэжым «Чорных палкоўнікаў» у Грэцыі і рэжым Франсіска Франка ў Гішпаніі — палі цягам наступных паўтара гадоў). Рэвалюцыя ў Партугаліі стала апошняй рэвалюцыяй і апошнім вайсковым пераваротам у Заходняй Эўропе.

15 траўня 1974 быў сфармаваны часовы ўрад на чале з Адэліну да Палмам Карлушам, у склад кабінэту ўвайшлі прадстаўнікі Сацыялістычнай партыі, Дэмакратычнага руху, Народна-дэмакратычнай і Камуністычнай партыяў, прадстаўнік РУС, а таксама незалежныя спэцыялісты.

Аднак сам Сьпінола пярэчыў плянам РУС прадаставіць калёніям незалежнасьць і правесьці радыкальныя рэформы, і ў верасьні яго зьмяніў генэрал Франсішку да Кошта Гоміш.

У сакавіку 1975 року, пасьля спробы купкі правых афіцэраў зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот, новы ворган РУС, Рэвалюцыйная рада Партугаліі на чале з Вашку Гансалвішам, у якім пераважалі скрайне левыя, нацыяналізаваў шматлікія галіны прамысловасьці і большасьць банкаў краіны.

У красавіку 1975 адбыліся выбары ва Ўстаноўчы сход. Сацыялісты атрымалі 38% галасоў, Народна-дэмакратычная партыя — 26%, камуністы — 12%. У ліпені 1975 сацыялісты выйшлі са складу ўраду Гансалвіша пасьля таго, як ён санкцыянаваў пераход іхняе газэты «Рэпубліка» ў рукі левых. У жніўні 1975, пасьля хвалі антыкамуністычных дэманстрацый на поўначы краіны(pt), прэм’ер-міністар быў зьняты з пасады, быў сфармаваны новы кабінэт зь перавагай сацыялістаў і іхніх хаўрусьнікаў. Пасьля гэтага заходнія краіны прадаставілі Партугаліі крэдыты, у якіх адмаўлялі пракамуністычнай уладзе. У лістападзе 1975 няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту зладзілі цяпер ужо левыя афіцэры. Да канцу 1975 року ўсе калёніі Партугаліі атрымалі незалежнасьць.

У красавіку 1976 року ўвайшла ў дзеяньне новая канстытуцыя. У ёй нацыяналізацыя прадпрыемстваў і экспрапрыяцыя земляў, праведзеныя ў 1974—1975 роках, абвяшчаліся незваротнымі. На выбарах у Асамблею Рэспублікі сацыялісты атрымалі большасьць месцаў. У чэрвені 1976 генэрал Антонію Рамальлю Эаніш быў абраны прэзыдэнтам, а прэм’ер-міністрам стаў лідэр сацыялістаў Марыю Суарыш.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Суханов В. И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории /М. «Мысль», 1983 — С.19
  2. ^ Ермаков В., Поляковский В. «Перекрёстки португальской революции» /М., 1978 — С.85
  3. ^ Ермаков В., Поляковский В. «Перекрёстки португальской революции» /М., 1978 — С.50
  4. ^ Суханов В. И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории /М. «Мысль», 1983 — С.11
  5. ^ Суханов В. И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории /М. «Мысль», 1983 — С. С. 193—194
  6. ^ Ермаков В., Поляковский В. «Перекрёстки португальской революции» /М., 1978 — С. С. 27
  7. ^ Ермаков В., Поляковский В. «Перекрёстки португальской революции» /М., 1978 — С. С. 29
  8. ^ Суханов В. И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории /М. «Мысль», 1983 — С. 6
  9. ^ Ермаков В., Поляковский В. «Перекрёстки португальской революции» /М., 1978 — С. 34
  10. ^ Суханов В. И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории /М. «Мысль», 1983 — С. С. 8-9

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 25 de Abril 1974 — Portugal, Revolução Modelo, Editora Nórdica, João Apolinári, 1974
  • 25 de Abril, Afonso Praça, Albertino Antunes, António Amorim, Cesário Borga e Fernando Cascais, Lisboa, Casa Viva Editora, 1974

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]