Стратэгічная абарончая ініцыятыва
Стратэгі́чная абаро́нчая ініцыяты́ва (САІ, па-ангельску: Strategic Defense Initiative, SDI) — абвешчаная прэзыдэнтам ЗША Роналдам Рэйганам 23 сакавіка 1983 року доўгатэрміновая праграма навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх працаў. Асноўнай мэтаю СОІ зьяўлялася стварэньне навукова-тэхнічнага зачыну дзеля распрацоўкі шырокамаштабнай сыстэмы проціракетнай абароны (ПРА) з элемэнтамі касьмічнага базаваньня, якая выключае ці абмяжоўвае магчымае паражэньне наземных і марскіх цэляў з космасу. Размоўная назва, пашыраная ў СМІ — «зорныя войны» — паходзіць ад найменьня вядомай кінасагі, што мусіла характарызаваць фантастычнасьць праграмы сваімі цэлямі і спосабамі іхняга дасягненьня.
Канчатковымі мэтамі САІ плянаваліся заваёва панаваньня ў космасе, стварэньне проціракетнага «шыхту» ЗША для надзейнага прыкрыцьця ўсёй тэрыторыі Паўночнай Амэрыкі на ўсіх этапах палёту балістычных ракетаў ды іхніх баявых блёкаў. Асноўныя элемэнты сыстэмы плянавалася разьмяшчаць у космасе, каб мінімізаваць час ідэнтыфікацыі і зьнішчэньня варожых аб’ектаў; сярод іх, напрыклад, устаноўкі зь лязэрнымі гарматамі. На наземных пляцоўках мелі разьмясьціцца г. зв. «антыракеты», якія маглі зьнішчаць ракеты праціўніка з дальняй адлегласьці па-за зямной атмасфэрай, а ў выпадку масавай атакі з пранікненьнем атамных боегаловак за першую лінію абароны таксама і ў стратасфэры з дапамогай так званай «сьцяны агню» (анг. firewall), створанай сэрыяй выбухаў ядзерных боегаловак уласных ракетаў.
Рэалізацыя праекту была расплянаваная да 2000 року і мела каштаваць 125 мільярдаў даляраў. Аналіз магчымасьцяў САІ паказаў, што такая ПРА не вырашыла ў поўным аб’ёме заданьне абароны тэрыторыі ЗША ад балістычных ракетаў і выявілася стратэгічна нямэтазгоднаю і эканамічна марнатраўнай. З-за таго, што амэрыканскія ўлады не апублікавалі падрабязнасьцяў дзейнасьці сыстэмы, у краіне паўстала атмасфэра страху перад «касьмічным злом». Акрамя таго, само па сабе разгортваньне ПРА па праграме САІ, безумоўна, спыніла перамовы па раззбраеньні і ініцыявала гонку стратэгічных наступальных узбраеньняў з СССР.
У 1991 року з развалам СССР і фактычным сканчэньнем халоднай вайны загадам прэзыдэнта Джорджа Гэрбэрта Буша праграма САІ была замененая на «Глябальную абарону супраць абмежаваных удараў». За часам кіраваньня прэзыдэнта Біла Клінтана ў 1993 САІ была перайменаваная ў «Арганізацыю абароны ад балістычных ракетаў». Былі зьмененыя задачы арганізацыі: пераход ад глябальнай абароны да рэгіянальнай, пераарыентацыя з нацыянальнай ПРА на ПРА тэатру баявых дзеяньняў. У 2002 року за адміністрацыяй Джорджа Буша арганізацыя перайменаваная ў «Агенцыю па проціракетнай абароне».
Тым ня меней, шматмільярднае фінансаваньне праграмы дазволіла пазьней разьвіваць тэхналёгіі антыбалістычных ракетаў, якія выкарыстоўваюцца цяпер.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стратэгічная абарончая ініцыятыва — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў